30 верасьня 1946 г. - ў Заходняй Нямеччыне адбылася ІІІ канфэрэнцыя БНП. На ёй была дадзена ацэнка міжнароднага палітычнага становішча, прааналізаваная дзейнасьць партыі на Бацькаўшчыне і на эміграцыі. Адзначаўся «сталы рост БНП на Бацькаўшчыне» і вялікі яе ўплыў на партызанку й падпольле.
Нагадаем, што Беларуская Незалежніцкая Партыя – гэта палітычная арганізацыя беларускіх нацыяналістаў, якая ў 1940-50-х гг. “нелегальна” дзейнічала ў Беларусі. Па адной з вэрсіяў, БНП была заснаваная яшчэ напрыканцы 1939 г. у Вільні (па іншай - у 1942 г. у Менску). У 1940 г. у Варшаве яе ідэёляг а. Вінцэнт Гадлеўскі піша праграму й статут партыі, якія аднаўляліся ў 1942 г. пасьля рэарганізацыі БНП. У статуце БНП мэтай партыі пазначалася «здабыцьцё і забясьпечаньне на будучыню Незалежнасьці Беларусі» і да яе яна ішла «праз баёвы зрыў народных масаў да збройнага змаганьня». Найвышэйшым органам БНП быў Цэнтральны Камітэт, які ствараўся агульным зьездам акруговых кіраўнікоў партыі. Падставовай партыйнай адзінкай БНП было зьвяно зь ягоным кіраўніком на чале. Існавалі таксама раённыя, акруговыя й краёвыя камітэты партыі. Раз на два гады зьбіраўся партыйны зьезд, а таксама партыйныя канфэрэнцыі. Друкаваным выданьнем БНП быў «Бюлетэнь Беларускай Незалежніцкай Партыі», які выдаваўся ў 1942-46 гг. (выйшла 6 нумароў).
Падчас нямецкай акупацыі сябры БНП кіравалі вайсковымі й паліцыйнымі аддзеламі, узначальвалі нацыянальныя партызанскія атрады. Напрыканцы чэрвеня 1944 г. ЦК БНП рыхтаваў у Менску антынямецкае паўстаньне з мэтай абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі, якое не адбылося з прычыны імклівага наступу Чырвонай Арміі. Улетку 1944 г. кіраўніцтва партыі выехала ў Нямеччыну, пакінуўшы ў Беларусі падпольныя й партызанскія групы. У 1944-45 гг. у Беларусь зь Нямеччыны перапраўляліся дэсантныя групы, складзеныя з сябраў БНП, якія мусілі арганізоўваць антысавецкі супраціў у шэрагах Беларускага Краёвага Войска. Частка кіраўнікоў і актывістаў партыі, у тым ліку й старшыня ЦК БНП Ус.Родзька, былі арыштаваныя савецкай дзяржбясьпекай. Аднак ацалеўшыя падпольныя структуры здолеў аб'яднаць генэрал Міхал Вітушка, які кіраваў БНП у Беларусі. На эміграцыі быў утвораны Замежны сэктар БНП на чале з Дз.Касмовічам, які падтрымліваў сувязь з партыяй на Бацькаўшчыне праз сваіх кур'ераў. Па некаторых зьвестках, БНП актыўна змагалася супраць савецкіх уладаў да канца 1956 г. Партыйныя структуры на эміграцыі ў 1955 г. уліліся ў Беларускі Вызвольны Фронт.