24 верасьня Прэзыдыўм Вярхоўнага Савету БССР выдаў Указ “Аб дзяржаўным гімне Беларускай ССР”, які зацьвердзіў тэкст гімна (верш М. Клімковіча) і ягоную мэлёдыю (музыка Н. Сакалоўскага). Пасьля распаду Савецкага Зьвязу ў якасьці гімна выкарыстоўвалася толькі ягоная музыка, але пасьля правядзеньня нацыянальнага конкурсу на стварэньне новага гімна, 2 ліпеня 2002 г. Прэзыдэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўказам №350 зацьвердзіў у якасьці Дзяржаўнага гімна твор са старой музыкай і часткова зьмененым тэкстам. Адначасова на статус дзяржаўнага гімна прэтэндавалі такія творы, як верш “Пагоня” М. Багдановіча, “Магутны Божа” на словы Натальлі Арсеневай, “Мы выйдзем шчыльнымі радамі…”, але, так як і ў сытуацыі зь іншымі нацыянальнымі сымбалямі – сьцягам ды гербам, – беларускі гімн застаецца ўзорам “заўсёднай прыхільнасьці беларускага народу” савецкай спадчыне. Ніжэй падамо вышэйзгаданыя вершы:
Мы выйдзем шчыльнымі радамі
На вольны родны наш прастор.
Хай воля вечна будзе з намі,
А гвалту мы дамо адпор!
Хай аджыве закамянелы
Наш беларускі вольны дух;
Штандар наш бел-чырвона-белы,
Пакрыў сабой народны рух!
На бой! За шчасьце і за волю
Народу слаўнага свайго!
Браты, цярпелі мы даволі.
На бой! — усе да аднаго!
Імя і сілу беларуса
Няхай пачуе й бачыць той,
Хто сьмее нам нясьці прымусы
I першы выкліча на бой.
Браты, да шчасьця мы падходзім:
Хай гром грыміць яшчэ мацней!
У крывавых муках мы народзім
Жыцьцё Рэспублікі сваёй!
(Музыка Уладзімера Тэраўскага. Словы Макара Краўцова, Нацыянальны гімн Беларускай Народнай Рэспублікі).
Магутны Божа! Уладар сусьветаў,
Вялікіх сонцаў і сэрц малых,
Над Беларусяй, ціхай і ветлай
Рассып праменьні свае хвалы.
Дай спор у працы, штодзённай, шэрай.
На лусту хлеба, на родны край.
Павагу сілу і веліч веры
У нашу праўду, у прышласьць дай.
Дай урадлівасьць жытнёвым нівам,
Учынкам нашым пайшлі ўмалот.
Зрабі свабоднай, зрабі шчасьлівай
Краіну нашу і наш народ.
(Словы Натальлі Арсеневай, музыка Мікалая Равенскага)
ПАГОНЯ
Толькі ў сэрцы трывожным пачую
За Краіну радзімую жах,
Ўспомню Вострую Браму святую
І ваякаў на грозных канях.
Ў белай пене праносяцца коні,
Рвуцца, мкнуцца і цяжка хрыпяць:
Старадаўняй Літоўскай Пагоні
Не разбіць, не спыніць, не стрымаць.
У бязмерную даль вы ляціце,
А за вамі, прад вамі - гады.
Вы за кім у пагоню спяшыце?
Дзе шляхі вашы йдуць і куды?
Мо яны, Беларусь, панясліся
За Тваімі дзяцьмі уздагон,
Што забылі Цябе, адракліся,
Прадалі і аддалі ў палон?
Бійце ў сэрцы іх, - бійце мячамі,
Не давайце чужынцамі быць!
Хай пачуюць, як сэрца начамі
Аб радзімай старонцы баліць...
Маці родная, Маці-Краіна,
Не усцішыцца гэтакі боль!..
Ты прабач, Ты прымі свайго сына,
За Цябе яму ўмерці дазволь.
Ўсё лятуць і лятуць тыя коні,
Срэбнай збруяй далёка грымяць...
Старадаўняй Літоўскай Пагоні
Не разбіць, не спыніць, не стрымаць.
(Словы М. Багдановіча, музыка М. Равенскага).
Урывак з сучаснага Дзяржаўнага гімна:
Мы, беларусы — мірныя людзі,
Сэрцам адданыя роднай зямлі,
Шчыра сябруем, сілы гартуем
Мы ў працавітай, вольнай сям'і.
Слаўся, зямлі нашай сьветлае імя,
Слаўся, народаў братэрскі саюз!
Наша любімая маці-Радзіма,
Вечна жыві і квітней, Беларусь!
Параўн. з старым гімнам:
Мы, беларусы, з братняю Русьсю
Разам шукалі к шчасьцю дарог.
У бітвах за волю, у бітвах за долю
Зь ёй здабылi мы сьцяг перамог!
Нас аб'яднала Леніна імя,
Партыя к шчасьцю вядзе нас у паход.
Партыі слава! Слава Радзіме!
Слава табе беларускі народ!
Можа недарма гімн афіцыйна завецца Дзяржаўным, а не Нацыянальным?
