Бяспрэчна, што адным з найвялікшых дасягненняў ХХ стагоддзя ў сферы правоў чалавека сталіся поспехі фемінісцкага руху і юрыдычнае замацаванне роўнасці палоў. Аднак калі такія аспекты полавай роўнасці, як патрабаванне аднолькавага заробку за аднолькавую працу ці маёмасныя правы жанчыны ў выпадку разводу, больш не не стаюцца прадметам палемікі, кантраверсійным застаецца цэнтральнае пытанне міжполавых стасункаў – хто і пры якіх умовах мае права вырашаць лёс яшчэ ненароджанага дзіцяці. Дакладней, хто і на якой падставе мусіць валодаць правам прымаць рашэнне рабіць аборт?
На сённяшні дзень ва ўсіх без выключэння краінах Еўрапейскага Саюза канчатковае рашэнне што ад здзяйснення аборту належыць выключна жанчыне. Нягледзячы на існаванне пэўных праўных абмежаванняў што да перыядаў цяжарнасці або неабходнасці згоды бацькоў у выпадку непаўнагадовых дзяўчын, заканадаўства аніводнай дзяржавы ЕС не патрабуе нават афіцыйнага ўведамлення супруга пра намер жанчыны перарваць цяжарнасць. Аналагічная сітуацыя склалася і ў краінах Усходняй Еўропы – Беларусі, Украіне, Расіі і Малдове.
Агульнавядома, што заканадаўства еўрапейскіх краін ў сферы правоў жанчын ёсць найліберальнейшым у свеце. Але ці не маем мы сёння сітуацыю, калі у выпадку абортаў абмежаванымі выяўляюцца правы мужа – біялагічнага бацькі дзіцяці? Ці не стаецца тое, што мы назіраем у сферы заканадаўчага рэгулявання абортаў, формай адваротнай дыскрымінацыі, своеасаблівым праўным “перагібам” на карысць жанчыны і платай за стагоддзі няроўнасці і ўціску з боку мужчын?
Галоўнымі аргументамі тых, хто ўважае непатрэбным улічваць погляд мужа ў выпадку перарывання цяжарнасці, стаюцца тое, што 1) менавіта жанчына мусіць выношваць зародак цягам 9 месяцаў і трываць звязаныя з гэтым рызыкі і магчымыя негатыўныя наступствы для здароў’я; 2) зародак знаходзіцца ў жаночым целе і не можа быць ад яе аддзелены, таму да пэўнага тэрміну стаецца фактычна часткай жанчыны, якой яна можа распараджацца паводле свайго жадання.
Бессумнеўна, што на долю жанчыны выпадае непрапарцыйна вялікі цяжар у перыяд ад заснітку да нараджэння дзіцяці. Менавіта жанчына ў гэты перыяд ахвяруе сваім здароў’ем і мусіць трываць вымушаныя абмежаванні – як біялагічнага, гэтак і сацыяльнага кшталту. Але, з іншага боку, навукова даведзеным стаецца й негатыўны, а часам і непапраўны ўплыў аборту на жаночую фізіялогію, у прыватнасці, яе рэпрадуктыўныю сістэму. Ці не стаецца небяспека ўскладненняў падчас аборту і выкліканых імі парушэнняў дзетароднай функцыі жанчыны дастатковай падставай, каб, прынамсі, паведаміць супругу пра намер жонкі зрабіць аборт? Акрамя таго, нельга забывацца, што мужчына застаецца побач з цяжарнай жонкай цягам усіх 9 месяцаў, і, праз гэта, у пэўнай ступені падзяляе і нават змяншае цяжкасці яе стану.
Абсурднасць другога, механістычна-уласніцкага, аргумента стаецца відавочнай, калі згадаць, што мужчына мае аднолькавае права на зародак, бо апошні складаецца як з жаночага, гэтак і з мужчынскага кампанентаў. Больш за тое, следуючы логіцы гэтага падыходу, да азначанага моманту муж жанчыны ды грамадства (sic!) мусіць быць пазбаўленыя ўсялякіх фінансавых і маралёвых абавязальніцтваў перад ёй як будучай маці, а самая жанчына ўвогуле не мае лічыцца цяжарнай. Хочацца спадзявацца, што падобнае задаволіць толькі купку мужчын-жонаненавіснікаў і аднолькава нешматлікіх радыкальных прадстаўнічак феміністычнага руху. У якасці прыкладу апошняга можна прывесці выказванне вядомай пісьменніцы і праваабаронцы Марыі Арбатавай, якая параўнала ініцыятыву надання роўнага права мужчыне вырашаць лёс зародка з заканадаўчым замацаваннем таго, што “кастрыраваць мужчын можна толькі са згоды жонкі.” Падобнае параўненне, безумоўна, стаецца моцным рытарычным прыёмам, але нічога не дадае да сутнасці дыскусіі.
Акрамя таго, часам можна пачуць думку, што права на ананімны аборт дае жанчыне магчымасць прыхаваць “непажаданы вынік” шлюбнай нявернасці. Відавочна, што падобны аргумент ідзе ў разрэз з грамадскай мараллю любой краіны, дзе дбаюць пра падтрыманне аўтарытэту інстытута сям’і і шлюба, бо тым самым вызнаецца натуральнасць шлюбнай нявернасці і адсутнасць якой-колечы адказнасці супругаў адно перад адным.
У сучаснай сітуацыі з бацькоўскімі правамі ў краінах Еўропы і ЗША закладзены фундаментальна двудушны прынцып, адзначаны аўтарам мноства кніг па бацькоўству амерыканцам Армінам Броттам: “Жанчына можа легальна пазбавіць мужчыну права стаць бацькам ці прымусіць яго стаць ім супраць яго волі.” Сапраўды, калі прааналізаваць існы стан рэчаў, выяўляецца, што мужчына ў заходніх грамадствах з праўнага гледзішча мусіць не толькі падпарадкавацца жаданню жонкі пакінуць яго без сына ці дачкі (у выпадку аборта), але й забавязаны апякаць дзіця, народжанае супраць яго волі! Аднак калі скасаванне права жанчыны на атрыманне дапамогі ад мужа, які не хоча браць на сябе цяжар бацькоўства, безумоўна, роўнае скотванню грамадства да жывёльнага стану, неабходнасць забяспечыць правы мужчыны ў выпадку з жонкай, якая не хоча браць на сябе цяжар мацярынства, у заходніх грамадствах нават не абмяркоўваецца.
Зусім іншай стаецца сітуацыя, напрыклад, у Японіі, дзе мужу нададзенае аднолькавае з жонкай права што да прыняцця рашэння датычна аборту. Безумоўна, што, каб давесці непасрэдную сувязь паміж нізкай колькасцю абортаў і высокай трываласцю шлюбаў з аднаго боку, і правам голаса мужа ў пытанні скасавання цяжарнасці з іншай, патрэбны адмысловы грунтоўны дослед, але паспяховасць палітыцы японскай дзяржавы у сферы сям’і і брака (неад’емнай часткай якой стаецца вызнанне адказнасці мужа ў пытаннях дзетанараджэння) стаецца відавочнай. Аналагічныя нормы ўгрунтаваныя ў заканадаўства яшчэ тузіна краін, сярод якіх Паўночная Карэя, Турцыя, Егіпет ды Марокка. Неабходна заўважыць, што нават у найбольш кансерватыўных ісламскіх краінах, такіх, як Саудаўская Аравія ці Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, дзе для правядзенне аборта патрабуецца афіцыйная згода мужа, права мужчыны абмежаванае ў выпадках пагрозы для жыцця і здароў’я жанчыны.
На вялікі жаль, на сённяшні дзень не існуе аніводнага рашэння еўрапейскіх або амерыканскіх судоў што да вызнання права мужа, прынамсі, ведаць пра намер жонкі здзейсніць аборт, якое магло б стацца прэцэдэнтам у барацьбе за правы бацькі што да дзетанараджэння. Тым не менш, моцным натхняльным прыкладам для актывістаў “бацькоўскага” руху ёсць судовая справа 1987 году “С супраць S”, якая стала адной з найхутчэй разглянутых у праўнай гісторыі Вялікабрытаніі. Так, 24-гадовы студэнт Оксфардскага ўніверсітэта падаў пазоў супраць сваёй былой дзяўчыны, 21-гадовай студэнткі Оксфарду, патрабуючы, на правах біялагічнага бацькі, забараніць ёй здзейсніць аборт. Нягледзячы на тое, што цягам 36 гадзін справа была разгледжаная ў Высокім Апеляцыйным судзе (рашэнне на карысць маці) і адрынутая для разгляду ў Палаце Лордаў, рашучасць мужчыны і судовы працэс нагэтулькі моцна ўразілі жанчыну, што яна прыняла рашэнне нарадзіць дзіця і пазней аддала яго на апякунства бацьку.
Вельмі хочацца спадзявацца, што заходнія мужчыны ўсвядомяць сваю адказнасць у сферы планавання сям’і і, паводле прыкладу фарэрцаў ды ў дусе сапраўднай роўнасці полаў, запатрабуюць заканадаўча замацаваць правы і абавязкі мужа на выпадак, калі жанчына пажадае пазбавіць яго шчасця бацькоўства.