Перадгісторыя
Ахмад Рашыд прапанаваў апісваць геапалітычныя мэтамарфозы Сярэдняй Азіі пасьля распаду СССР у катэгорыях “Вялікай гульні” – як сымбалічна называлася змаганьне, якое вялі міжсобку ў ХІХ ст. Брытанская і Расейская Імпэрыя ў Сярэдняй Азіі і яе навакольлі за дамінаваньне ў Эўразіі[1]. Сутнасьць яе палягала ў сутыкненьні вялікіх дзяржаваў на тле тубыльнага навакольля, прычым мясцовым акторам у гэтай канфрантацыі адводзілася другасная роля, дарма, што ў іх паводзінах не было строгае пeрадвызначанасьці.
Наконадні І сусьветнае вайны імпэрыі далі рады збольшага ўпарадкаваць свае дачыненьні і далейшае змаганьне паміж Расейскай імпэрыяй/СССР і Брытанскай імпэрыяй ды іншымі спаборнымі дзяржавамі адбывалaся па зусім іншых узорах, а з 1920-х гадоў Масква здолела перанесьці беспасярэднее поле бітвы за межы рэгіёну – Савецкай Сярэдняй Азіі.
Але пачынаючы з канца 1980-х расейскае панаваньне пачало слабець і адкатвацца з раней падкантрольных ці прыязных тэрыторыяў, а пасьля 1991 г. пазыцыі Расейскай Фэдэрацыі ў Сярэдняй Азіі пачалі нагадваць пазыцыі Расейскай імпэрыі ў першай палове ХІХ ст. Пачалася новая “Вялікая гульня” з Захадам, у якой ішлося перадусім пра радовішчы нафты і газу. Заходнія нафтагазавыя кампаніі спачатку засяродзілі сваю ўвагу ў 1993–1994 гадах на Казахстане, у 1995–1997 – на Азэрбайджане, а ў 1997–1999 гадах – на Туркмэністане. Сёньняшняя геапалітычная раскладка Сярэдняй Азіі ніяк не абмежаваная былымі савецкімі рэспублікамі, але ўлучае Кітай, аўганскія партыі, Індыю, Пакістан, Іран, Турэччыну і, зразумела, заходнія краіны, перадусім ЗША. Аляксей Малашэнка кажа пра “квадрат”, у якім адбываецца “Вялікая гульня” паміж ЗША, КНР і РФ ды рэгіянальнымі краінамі, якія ўтвараюць чацьвертую “пункцірную” старану гэтага квадрата[16].
2005 год стаў яшчэ адным годам Вялікай гульні, пазначаным рэвалюцыяй у Кыргыстане, паўстаньнем ва Ўзбэкістане і ўздымам Шанхайскай арганізацыі супрацы (ШАС). Самым значным геапалітычным зрухам сталі зьмены ў вонкавай палітыцы Ўзбэкістана. На думку Дэніэла Кіміджа, Цэнтральная Азія «ўсё больш губляе сваю ўзаемазьвязанасьць (coherence) як геапалітычная адзінка а асобныя краіны кіруюцца сваімі шляхамі разьвіцьця, дастаткова адрознымі дзеля таго, каб зрабіць глыбока праблематычным размовы пра «рэгіянальную пэрспэктыву». Больш за тое, унутрынацыянальныя імпэратывы гэтых пяці шляхоў разьвіцьця сёньня ёсьць рухальнай сілай, калі не адзінай сілай у дачыненьнях гэтых краінаў з вонкавым сьветам і вялікімі дзяржавамі»[4].
Пагодзімся, але адзначым, што геапалітычныя адзінкі вызначаюцца ўзаемазьвязанасьцю адно ў ідэалягічных схемах. Вядома, краіны рэгіёну вызначаліся зусім пэўным геапалітычным адзінствам у складзе Савецкай Сярэдняй Азіі на старонках саветалягічных часапісаў. Безумоўна, геапалітычная адзінка «Савецкая Сярэдняя Азія» пасьля 1991 г. пачала траціць тое сваё ранейшае адзінства, якое вызначалася дыктатам Масквы. Цяпер яго адзінства вызначаецца іншымі чыньнікамі – напрыклад, постсавецкім аўтарытарызмам альбо сацыяльнай спадчынай СССР.
Адступленьне ЗША і часовая расейская рэканкіста
Агульную для рэгіёну тэндэнцыю разьвіцьця ў 2005 г. можна сфармуляваць як «Свабоды – менш, Расеі – больш». Расея працягвала сваю «рэканкісту» ў Сярэдняй Азіі, дзе – адкрыта палітычным шляхам (Узбэкістан), а дзе – незаўважна, эканамічнымі мэтадамі пры дапамозе расейскіх кампаніяў (Таджыкістан, Туркмэністан). Адступленьняў не было, бо нават каляровая рэвалюцыя ў Кыргыстане прывяла да ўлады ўрад, выразна прыхільны да Расеі. Значных перамогаў Масква не дасягнула толькі ў Казахстане, які мае добры патэнцыял, каб стаць рэгіянальным цэнтрам сілы, а яго кіраўнік Назарбаеў у часе інаўгурацыі ў студзені 2006 году абвесьціў пра свой намер вывесьці краіну ў лік 50 найбольш разьвітых краінаў сьвету.
Злучаныя Штаты мусілі адступіць з рэгіёну, інтарэс да якога ў іх, праўдападобна, зьніжаецца ў зьвязку з згортваньнем амэрыканскіх сілаў у Аўганістане. Іх мара «перафарматаваць» палітыку на абшарах СССР і спрыяць засваеньню новых заходніх стандартаў у краінах Сярэдняй Азіі пасьля пэўнага посьпеху ў першай палове 1990-х зараз церпіць паразу за паразай, а заходнія агенцыі і арганізацыі пазбаўляюцца права дзейнічаць у краінах рэгіёну.
Увесь мінулы год мы назіралі далейшае згортваньне грамадзянскіх правоў і свабодаў амаль ва ўсіх краінах рэгіёну. Самым выразным прыкладам стаў Таджыкістан, дзе прэзыдэнт Рахмонаў прыбраў з палітычнай сцэны ўсіх сур'ёзных супернікаў і замацаваў свой варыянт «кіраванай дэмакратыі». Сёньня «некіраваная» дэмакратыя існуе толькі ў Кыргыстане, дзе рэвалюцыя зьнесла дыктатуру Акаева. Але кардынальных зьменаў новы кыргыскі ўрад не ажыцьцявіў, таму, зважаючы на савецка-намэнклятурную мінуўшчыну новых кыргыскіх кіраўнікоў і маларазьвітасьць краіны, цяжка спадзявацца на ўсталяваньне ў Кыргыстане стабільнай дэмакратыі.
Заходнія стандарты ў рэгіёне не прыняліся. Затое мясцовыя ўладары плённа разьвіваюць супрацу з КНР, якая пасьпяхова пашырае па сьвеце свае паняткі і стандарты, у тым ліку ў галіне дзяржаўнага кіраваньня ў рэжыме кіраванай дэмакратыі. Кітай будуе свой «кітайскі» сьвет, у тым ліку ў Сярэдняй Азіі. Ён пакуль яшчэ можа знайсьці паразуменьне з Расеяй па пытаньнях «кіраванай дэмакратыі». Але акурат Кітаю наканавана ў будучым выціснуць Расею зь Сярэдняй Азіі, проста сапраўдная кітайская экспансія яшчэ не пачалася. Глябальная экспансія ЗША ідзе ва ўсіх сфэрах, у тым ліку зьвязаная з пашырэньнем у краінах Pax Americana пэўных палітычных стандартаў. Глябальная экспансія любой краіны заўжды характарызавалася тым жа, бо такі маштабны працэс вымагае ахопу ўсіх сфэраў. Экспансія Кітаю ня будзе выняткам, і ўжо сёньня мы бачым яе ў зьменшаным выглядзе ў рэгіёне Сярэдняй Азіі.
Якімі ж былі асаблівасьці разьвіцьця асобных краінаў за мінулы год?
Казахстан
4 сьнежня 2005 г. казаскі прэзыдэнт Нурсултан Назарбаеў быў пераабраны на новы сямігадовы тэрмін больш чым 91% галасоў. Такі вынік выбараў і раней выяўленыя парушэньні ў перадвыбарнай кампаніі выклікалі нямала вэрбальнай крытыкі. «Нягледзячы на спробы паляпшэньня працэсу выбараў, улады не праявілі дастатковай палітычнай волі, каб правесьці сапраўды добрыя выбары», – заявіў Брус Джордж, каардынатар дзейнасьці назіральнікаў АБСЭ, Рады Эўропы і Эўрапарлямэнту. “Выбары не адпавядалі міжнародным стандартам”, – заявіў прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Адам Эрэлі, таксама зазначаючы пэўныя паляпшэньні ў выбарчым працэсе[12]. Праўдападобна, што Назарбаеў выйграў бы і без фальшаваньняў, бо, паводле апытаньняў, праведзеных Інстытутам Гэлапа і Міжнародным рэспубліканскім інстытутам ЗША, за яго былі гатовыя галасаваць каля 83% выбарцаў[13].
Крытыка міжнароднай супольнасьці на адрас Казахстана вызначалася мяккасьцю – з прычыны геапалітычнага статусу Казахстана як дзяржавы, чые стасункі з вонкавым сьветам зьвязаныя зь яе значнасьцю, як пастаўшчыка энэргіі, а таксама ў надзеі на працяг Назарбаеўскай «шматвэктарнай» вонкавай палітыкі.
Нагадаем, што Казахстан займае прынамсі 13-е месца па запасах нафты ў сьвеце. Сёньня ў краіне здабываецца прыблізна 60 млн тонаў нафты, да 2010–2012 гг. Казахстан мяркуе выйсьці на адзнаку ў 100 млн тонаў, а ў 2015-м дасягнуць 150 млн тонаў[16]. Дзеля гэтага міжнародная супольнасьць гатовая цярпець і існаваньне ў Казахстане палітычнай сыстэмы, што мае ўсе адзнакі постсавецкай «кіраванай дэмакратыі». Шэраг эўрапейскіх палітыкаў нават выказалі асьцярожную падтрымку намеру Казахстана ачоліць у 2009 г. АБСЭ[4].
Шматвэктарнасьць казаскай вонкавай палітыкі выявіла сябе ў далейшых намаганьнях дывэрсыфікаваць транспартныя шляхі экспарту нафты, зьменшыўшы залежнасьць ад Расеі, а таксама ў допуску кітайскіх інвэстараў у энэргетычны сэктар краіны. Яшчэ да адкрыцьця 25 траўня экспартнага трубаправоду Баку—Тбілісі—Джэйган (БТД) Назарбаеў сустрэўся 1 сакавіка 2005 г. з азэрбайджанскім прэзыдэнтам Ільгамам Аліевым, калі той наведаў Казахстан, дзе абвесьціў пра прынцыповую гатовасьць Азэрбайджана прапанаваць патэнцыял трубаправоду БТД дзеля транзыту неазэрбайджанскай нафты. «Я перакананы, што казахстанская нафта пойдзе па гэтым трубаправодзе», – адказаў Назарбаеў. «У далейшым можна падумаць і пра падлучэньне Казахстана да газавага праекту Баку—Эрзурум». Казаскі бок казаў таксама пра намер правесьці падводны трубаправод ад казаскага порту Актаў да Баку, каб «Казахстан атрымаў праз Каўказ альтэрнатыўны выхад на міжнародныя рынкі»[15].
15 сьнежня 2005 г. быў уведзены ў дзеяньне трубаправод Атасу—Алашанкоў, што злучыў Казахстан з Кітаем, а першыя паставы казаскай нафты ў Кітай маюць адбыцца ў сярэдзіне 2006 г.[4]. У кастрычніку леташняга году Кітайская нацыянальная нафтавая карпарацыя (China National Petroleum Corporation) заплаціла 4,2 мільярды даляраў ЗША за дзьве траціны актываў адной з буйнейшых нафтавых кампаніяў Казахстана PetroKazakhstan. Згаданая кампанія зарэгістраваная ў Канадзе, але ўсе яе вытворчыя апэрацыі маюць месца на тэрыторыі Казахстана[17 і 18]. Набыць PetroKazakhstan спрабавала таксама індыйская кампанія Oil and Natural Gas Corp., але перамагла кітайская карпарацыя, якая з 1997 г. уклала ў Казахстан блізу 10 млрд. даляраў[16].
Усё гэта адбывалася на тле гучных дэклярацыяў аб тым, што ўмацаваньне сяброўскіх казаска-расейскіх стасункаў ёсьць прыярытэтнай задачай вонкавай палітыкі Казахстана[19]. Сымбалічнасьць сяброўства з Расеяй дапаўнялася сымбалічнасьцю хаўрусаваньня з Амэрыкай – Казахстан працягваў утрымліваць у Іраку вайсковы кантынгент з трох дзясяткаў мінёраў[4].
У рэгіянальным пляне Казахстан заняў праграматычную пазыцыю ў супрацоўніцтве з суседнімі Кыргыстанам і Ўзбэкістанам. Параўнальны дынамізм казаскай эканомікі ў 2005 г. па-ранейшаму прыцягваў сотні тысячаў работнікаў-мігрантаў з абедзьвюх краінаў, што дазваляла Астане фармаваць свае стасункі з суседзямі з пазыцыі сілы[4]. Тут таксама заўважны шматвэктарны падыход – збліжэньне і разыходжаньні з кожнай з краінаў. Так, напрыклад, у ліпені Казахстан адмовіўся выдаць Узбэкістану ўзбэцкага правааабаронцу з Андыжану Лутфулу Шамсідзінава – сьведку гвалту ў Андыжане[14]; але ў лістападзе казаскія ўлады, праўдападобна, пагадзіліся на выкраданьне і вываз ва Ўзбэкістан некалькіх узбэкаў з паўднёвых раёнаў Казахстана[4].
Для стасункаў з Кыргыстанам была характэрная падобная дынаміка. Нягледзячы на тое, што ўрадавыя казаскія СМІ асьвятлялі падзеі кыргыскай рэвалюцыі 24 сакавіка як хвалю хаосу, а некаторыя былыя чальцы кыргыскай эліты часоў зрынутага прэзыдэнта Акаева ўцяклі рыхтык у Казахстан, але казаскае кіраўніцтва разьвівала блізкія стасункі з новым кіраўніцтвам у Бішкеку. Казахстан абавязаўся дапамагчы закрыць дэфіцыт у забесьпячэньні Кыргыстана прыродным газам, калі ўзьніклі адпаведныя цяжкасьці з паставамі ўзбэцкага газу, зьвязаныя з ускладненьнем кыргыска-ўзбэцкіх стасункаў у жніўні, а таксама пазьбегнуў канфрантацыі з Кыргыстанам з-за запазычанасьці таго ў аплаце за паставы газу, якая дасягнула 18 млн даляраў ЗША[19 і 46].
Кыргыстан
У 1990-я гады Кыргыстан лічыўся выспай дэмакратыі ў Цэнтральнай Азіі, але за апошняе дзесяцігодзьдзе стаў падобным да іншых аўтарытарных рэжымаў. Цягам дзесяцігодзьдзя ў краіне з найбольшай колькасьцю палітычных партыяў і самымі свабоднымі СМІ ў рэгіёне паступова абмяжоўваліся дэмакратыя і свабоды. Сымбалем трансфармацыі краіны стала зьняволеньне ў 2001 г. лідэра апазыцыі Фэлікса Кулава па абвінавачаньні, якое многія праваабарончыя групы палічылі палітычна матываваным.
Але ў 2005 г. Кыргыстан аднавіў сваю рэпутацыю найбольш дэмакратычнай краіны рэгіёну. Вынікам парлямэнцкіх выбараў у лютым і сакавіку стала зьяўленьне вельмі ляяльнага да прэзыдэнта Акаева парлямэнту. Аднак выбары выклікалі хвалю абурэньня ў зьвязку з махлярствам падчас іх, і 24 сакавіка кыргыскі ўрад быў скінуты, а Акаеў уцёк у Расею. У выніку паўстаньня да ўлады прыйшоў лідэр апазыцыі Курманбэк Бакіеў, які ўжо ў ліпені быў абраны прэзыдэнтам краіны на выбарах, якія былі прызнаныя самымі вольнымі і празрыстымі за ўсю гісторыю Сярэдняй Азіі[4].
Падзеньне шматгадовага рэжыму Акаева ў выніку вулічных пратэстаў і прыход да ўлады прэзыдэнта Бакіева і прэм'ер-міністра Кулава мала адбіліся на вонкавых стасунках Кыргыстана. За выняткам канфлікту з Узбэкістанам, зьвязанага з андыжанскімі ўцекачамі, у астатнім новае кіраўніцтва Кыргыстана займалася ўнутрыпалітычнымі пытаньнямі.
Напружаньне ў стасунках з Узбэкістанам узьнікла пасьля таго, як сотні ўцекачоў перайшлі на тэрыторыю Кыргыстана пасьля андыжанскіх падзеяў 12–13 траўня. Узбэкістан абвесьціў, што сярод уцекачоў ёсьць тэрарысты і запатрабаваў іх выданьня, тады як заходнія краіны прапанавалі эвакуаваць іх у трэцюю краіну. Пры канцы ліпеня 439 узбэцкіх уцекачоў былі перакінутыя летакамі ў Румынію. Узбэкістан абурыўся, але на эскаляцыю не пайшоў.
Бакі нават змаглі дамовіцца аб паставах з пачатку 2006 г. узбэцкага газу ў Кыргыстан. Кыргыстан мае запазычанасьць за газ перад Казахстанам, але з Узбэкістанам гэтага пытаньня няма[46].
Новае кіраўніцтва дэкляравала намер праводзіць шматвэктарную вонкавую палітыку[20], хаця, на думку Андрэя Бабіцкага, «зьнешнепалітычныя крокі новага кіраўніцтва паказваюць, што справа хутчэй ідзе да саюзу з Расеяй»[21]. І сапраўды, на сустрэчы з расейскім міністрам абароны Бакіеў прадракае: «Кыргыстан заўжды будзе з Расеяй, Расея – прыярытэт № 1»[44]. Кулаў таксама не хавае сваіх сымпатыяў да Расеі і адкрыта абараняе расейскамоўнасьць у краіне[46].
На ліпеньскім саміце ШАС у Астане Бакіеў заявіў: «Зараз можна пераходзіць да разгляду пытаньня аб мэтазгоднасьці знаходжаньня вайсковых сілаў Злучаных Штатаў». Палітоляг Эміль Джураеў мяркуе, што Кыргыстан сам па сабе не ўздымаў бы пытаньня аб амэрыканскіх базах і «гэта – стратэгічны, геапалітычны крок з боку Расеі і Кітая»[21]. Такі захад кіраўніцтва Кыргыстана асабліва адметны таму, што амэрыканцы за сваю базу плацілі (хаця невядома, якая частка грошай заставалася ў руках уладальнікаў прыватнага аэрапорту «Манас»), а расейцы за сваю скандальна вядомую фактамі кантрабанды базу ў Канце[48] – не, прычым кыргызы аплочвалі нават камунальныя выдаткі расейскай базы[47]. Апрача таго, ускоснай формай аплаты за амэрыканскую базу трэба лічыць эканамічную дапамогу ЗША Кыргыстану і падрыхтоўку амэрыканцамі кыргыскіх вайскоўцаў, а таксама перадачу ім некаторых відаў узбраеньня[23].
Пры канцы ліпеня, падчас візыту ў краіну Доналда Рамсфэльда, кыргыскі міністар абароны заявіў, што «пакуль сытуацыя ў Аўганістане не нармалізуецца, амэрыканская авіябаза будзе знаходзіцца ў Кыргыстане», а Рамсфэльд даў зразумець, што ЗША пакуль не зьбіраюцца выводзіць свае сілы[22]. У рэшце рэшт у Кыргыстане засталіся абедзьве замежныя вайсковыя базы – амэрыканская (у Манасе) і расейская (у Канце).
Пасьля таго, як Узбэкістан пры канцы ліпеня загадаў ЗША зачыніць іх паветраную базу ў Ханабадзе, а расейскія афіцыйныя асобы выказалі намер пашырыць базу ў Канце, зрабіць пэўныя інвэстыцыі ў інфраструктуру і павялічыць памеры свайго тамтэйшага вайсковага кантынгенту[44], падчас сустрэчаў з Рамсфэльдам і Райс Бакіеў даў зразумець, што хацеў бы павялічыць для ЗША арэндную плату за іх базу ля Бішкеку: «Эканоміка Кыргыстана надта слабая. Мае патрэбу ў падтрымцы. Цяпер трэба пераглядзець умовы, павялічыць плату»[45]. Але ішлося, па словах прэм'ера Кулава, выключна пра грошы, а не пра самое пытаньне знаходжаньня базы ў краіне[46]. Колькі разоў цягам 2005 г. кыргыскія афіцыйныя асобы падкрэсьлена абвяргалі паведамленьні аб магчымасьці стварэньня кітайскай вайсковай базы[4].
Таджыкістан
Таджыкістан заўжды адрозьніваўся ад сваіх суседзяў актыўным палітычным жыцьцём, што распачалося яшчэ на пачатку 1990-х з масавых дэманстрацыяў, якія прывялі да адстаўкі першага постсавецкага лідэра краіны Рахмона Набіева. Пасьля была грамадзянская вайна 1992–1997 гадоў, у часе якой прыхільнікі ісламскай дзяржавы (Аб'яднанай таджыцкай апазыцыі – АТА) змагаліся зь сіламі Народнага фронту (Народна-дэмакратычная партыя) на чале з Імам-алі Рахмонавым.
У адрозьненьне ад «нафтавага» Казахстана, «рэвалюцыйнага» Кыргыстана, «ізаляванага» Туркмэністана і «неспакойнага» Ўзбэкістана разьвіцьцё падзеяў у Таджыкістане пасьля заканчэньня ў 1997 г. грамадзянскай вайны апісаць складана. Адзначым тэндэнцыю да ўмацаваньня аўтарытарызму і пазыцыяў прэзыдэнта Рахмонава, перад якім зараз стаіць задача выйграць у лістападзе г.г. чарговыя прэзыдэнцкія выбары. Рахмонаў працягвае кансалідацыю свайго рэжыму, распачатую ў чэрвені 2003 г. правядзеньнем сумнеўнага рэфэрэндуму, на якім 93% выбарцаў прагаласавалі за папраўкі да Канстытуцыі, якія дазваляюць Рахмонаву балятавацца яшчэ на два тэрміны – да 2020 г.[7]
Таджыцкі ўрад зь меншай талеранцыяй пачаў ставіцца да апазыцыі, і ў вязьніцы апынуліся некалькі апазыцыянэраў, хаця і сёньня Таджыкістан ёсьць адзінай краінай Сярэдняй Азіі, дзе дазволена дзейнасьць ісламскай апазыцыі. Як зазначыла «Независимая газета», «у Таджыкістане ідзе зачыстка палітычнага поля». Яна таксама пачалася ў папярэднія гады. Яшчэ ў жніўні 2004 г. быў арыштаваны ўплывовы генэрал Гафар Мірзоеў, раней адзін за адным трапілі ў турмы альбо загінулі многія вядомыя і магутныя прыхільнікі Народнага фронту, які некалі перамог у вайне і фактычна прывёў Рахмонава да ўлады.
Ад улады адсоўваліся і прыхільнікі АТА. Паводле мірнага пагадненьня 1997 г., АТА была абяцаная 30-адсоткавая квота ў органах выканаўчай улады, але за апошнія гады прыхільнікі апазыцыі паступова выціскаліся зь дзяржапарату, і ў 2005 г. ва ўрадзе з прадстаўнікоў АТА застаўся толькі міністар па надзвычайных сытуацыях[2]. Махмадрузі Іскандараў, кіраўнік апазыцыйнай Дэмакратычнай партыі і вядомы дзяяч узброенай апазыцыі за часы грамадзянскай вайны, быў асуджаны ў кастрычніку на 23 гады зьняволеньня па абвінавачаньнях у тэрарызьме і карупцыі[3].
Апанэнты Рахмонава вызначаліся няўпэўненасьцю. Пасьля лютаўскіх парлямэнцкіх выбараў, тры чвэрці галасоў на якіх атрымалі прыхільнікі прэзыдэнта, некаторыя апазыцыйныя партыі заклікалі да абвяшчэньня вынікаў выбараў несапраўднымі. Але калі іх патрабаваньні былі праігнараваныя, на вуліцу гэтыя партыі ня выйшлі[8]. Магчыма, іх стрымаў перад тым прывід грамадзянскай вайны. Падобна, што як урад, так і апазыцыя былі зацікаўленыя ў захаваньні ўнутрыпалітычнага статус-кво.
Дзяржаўная ўлада мацнее, хаця характар будаванай дзяржавы выклікае сумневы ў яе дэмакратычнасьці і адпаведнасьці сучаснаму панятку дзяржавы. Адказваючы на крытыку міжнародных арганізацыяў наконт несумленнасьці выбараў, Рахмонаў сказаў: «Дэмакратыя і дэмакратычныя працэсы — гэта не шахматная гульня... Трэба ўлічваць, што мы – азіяты. Больш за 90% — мусульмане. Ня трэба прысьпешваць падзеі»[8].
Вонкавыя сувязі краю ў 2005 г. не вызначаліся радыкальнымі зьмяненьнямі. Асноўнай геапалітычнай тэндэнцыяй у Таджыкістане ў 2005 г. было ажыцьцяўленьне пагадненьняў, дасягнутых таджыцкім прэзыдэнтам Рахмонавым і расейскім прэзыдэнтам Пуціным у кастрычніку 2004 г. Паводле дамоўленасьцяў, Расея дэкляравала ўкласьці ў Таджыкістан у бліжэйшыя 2—4 гады два мільярды даляраў, ператварала сваю 201-ю матастралковую дывізію, што аддаўна знаходзіцца ў Таджыкістане, у пастаянную вайсковую базу з колькасьцю войскаў у 6000 чалавек[19], а «Русский Алюминий» (РУСАЛ) браўся інвэставаць больш за мільярд даляраў у рэканструкцыю дзейнага алюмінавага заводу і пабудову яшчэ аднаго, а таксама дзьвюх новых ГЭС у Таджыкістане[9 і 10].
Улічваючы надзвычай важную ролю алюмінавай прамысловасьці (экспартныя даходы ад яе перавышаюць нават грошы за бавоўну) і зьвязанай з вытворчасьцю электраэнэргіі для таджыцкай дзяржавы, перадача яе пад кантроль Расеі цягне за сабой сур'ёзныя наступствы дзеля будучыні краіны. На гэтым тле блякне нават той факт, што 14 чэрвеня 2005 г. Расея закончыла перадаваць таджыцкім памежнікам кантроль на ўсім працягу таджыцка-аўганскай мяжы[5].
Цесная супраца з Расеяй праяўляла сябе і ў іншых галінах. Махмадрузі Іскандараў, кіраўнік Дэмакратычнай партыі, быў выкрадзены ў красавіку ў Маскве і празь месяц таямніча апынуўся ў душанбінскай турме. Расея і раней выдавала Рахмонаву ягоных апанэнтаў, напрыклад, у лютым 2004 г. быў выдадзены колішні міністар унутраных справаў Якуб Салімаў[2].
Што датычыць стасункаў з Захадам, дык Рахмонаў абвесьціў, што ягоная краіна ніколі не дазволіць узброеным сілам ЗША разьмясьціць у Таджыкістане сваю вайсковую базу[19]. Францыя скараціла свой ужо раней зьменшаны вайсковы кантынгент у Таджыкістане[4]. Фінансавыя стасункі Таджыкістана з Захадам зводзіліся да міжнародных фінансавых установаў. Пры канцы сьнежня Міжнародны валютны фонд, паводле зьвестак якога Таджыкістан трымае 93 млн даляраў у выглядзе пазыкаў ад МВФ, улучыў Таджыкістан у пералік 19 краінаў сьвету, чыя запазычанасьць будзе скасаваная цалкам.
«Таджыкістан найлепшым чынам з усіх краінаў зь нізкім узроўнем даходаў ажыцьцяўляе эканамічныя рэформы», – абвесьціў віцэ-прэзыдэнт Сусьветнага банку Франсуа Бургіньён падчас візыту ў Душанбэ ў студзені 2006 г. Ён таксама распавёў пра намер Сусьветнага банку скасаваць пазыку Таджыкістана перад СБ, які па стане на 1 студзеня 2006 г. склаў 307 млн даляраў ЗША[6].
Паводле ацэнак Міжнароднага валютнага фонду, «Таджыкістан у апошні час марудна, але ўпэўнена рухаецца ў напрамку да рынкавай эканомікі». Паводле зьвестак МВФ, у Таджыкістане ў апошнія гады адбываецца паскарэньне тэмпаў эканамічнага ўздыму. Так, ВУП з 2000 да 2004 г. вырас на 10%, а ўзровень інфляцыі зьнізіўся з 40% у 2001 г. да 5,6% у 2004 г.[11]
Туркмэністан
Амаль усе зносіны Туркмэністана з вонкавым сьветам зьвязаныя з экспартам прыроднага газу і ў адрозьненьне ад іншых краінаў рэгіёну ня так выразна залежаць ад унутрыпалітычнай каньюнктуры (бо яе ў гэтай краіне як такой няма). Дзейснае пагадненьне 2003 г. паміж Туркмэністанам і Расеяй прадугледжвае доўгачасовыя паставы туркмэнскага газу да 2028 г., якія паступова павінны вырасьці з 7 млрд куб.м/год у 2004 г. да 80 млрд куб.м/год пачынаючы з 2007 г. – пераломнага году ў разьвіцьці краіны. Апроч таго Ашгабат даўно спрабуе збудаваць газаправод для экспарту свайго газу ў Пакістан і Індыю праз Аўганістан і прапрацоўвае магчымасьць працягнуць трубаправоды ва Ўкраіну і Кітай.
Туркмэністану шкодзіць ягоная адрэзанасьць ад вонкавых рынкаў, бо створаная ў савецкі час сыстэма трубаправодаў арыентаваная перадусім на поўнач, і праз тое, што асноўная яе частка праходзіць праз Узбэкістан і Казахстан, для туркмэнскіх вуглевадародаў месца ў іх застаецца вельмі мала. Дзеля падачы газу і нафты на захад у сыстэму азэрбайджанскіх ці расейскіх трубаправодаў трэба пакласьці новыя дарагія магістралі па дне Касьпійскага мора, на што не пагодзіцца большасьць прыкасьпійскіх дзяржаў, альбо вакол мора, што будзе даражэй. Больш-менш вольнымі застаюцца іранскі напрамак і напрамак праз Аўганістан і Пакістан на ўзьбярэжжа Арабійскага мора. Але рэалізацыя іранскіх праектаў блякуецца ЗША. Аўганскі напрамак застаецца зьвязаным з сытуацыяй у Аўганістане[29].
Асноўнай задачай летась было падвысіць цану за газ для Расеі і Ўкраіны. Ніязаў спрабуе не аддаваць перавагі ні адной з гэтых краінаў і скарыстаць зь іх канкурэнцыі дзеля падвышэньня цэнаў. У сярэдзіне лістапада 2005 г. кіраўнік Туркмэністана абвесьціў пра падвышэньне кошту газу з 44 да 60 даляраў за 1000 куб.м пачынаючы з 2006 г. Імкнучыся дабіцца прарыву ў разьвіцьці газавай галіны і эканомікі ў цэлым туркмэнскі ўрад упершыню дазволіў замежным інвэстарам самім экспартаваць здабыты ў краіне газ і шукаць пакупніка. Тым самым мяркуецца прыцягнуць як мага больш інвэстыцыяў дзеля выведкі і эксплёатацыі новых радовішчаў[30].
Праўда, некаторыя аналітыкі з сумневам ставяцца да гэткіх амбіцыяў Ніязава, нагадваючы пра няпэўнасьць што да велічыні запасаў туркмэнскага газу і вытворчых магчымасьцяў. У верасьні адзін з аналітыкаў Азіяцкага банку разьвіцьця абвесьціў, што прагнозы наконт вытворчай магутнасьці туркмэнскага газавага радовішча Даўлятабат дазваляюць засумнявацца ў мэтазгоднасьці пабудовы трубаправоду праз Аўганістан да Пакістана[4]. У чэрвені ўголас выказаў сваю занепакоенасьць што да велічыні туркмэнскіх запасаў «Газпром», зазначыўшы, што Ашгабат не сьпяшаецца праводзіць абяцаны раней аўдыт. Гэтае пытаньне надта важнае для «Газпрому», які плянуе павялічыць імпарт газу з Туркмэністана да 60—70 млрд м3 у год да 2007 г., дарма што цяперашні ўзровень вытворчасьці блізкі да 45 млрд[41].
Аднак “Газпром” пасьля зьмяненьня ўмоваў паставаў расейскага газу ва Ўкраіну змог спыніць спробы гэтай краіны цалкам адмовіцца ад расейскага газу і задавольваць свае патрэбы туркмэнскімі паставамі. «Газпром» закантрактаваў да 2010 г. усе магутнасьці газатранспартнай сыстэмы Ўзбэкістана, што застануцца свабоднымі пасьля яе загрузкі экспартным аб’ёмам узбэцкага газу. Але нават калі б украінскі ўрад вырашыў пытаньне транспартоўкі, дык і тады наўрад ці ў Туркмэністане знайшоўся б газ для Ўкраіны, бо ўсе свабодныя рэсурсы краіны ўжо колькі гадоў як закантрактаваныя «Газпромам»[31]. Таму можна канстатаваць перамогу Масквы ў гэтым пытаньні і пэўную залежнасьць Туркмэністана ў экспарце газу ад “Газпрому” (і Масквы, што амаль адное і тое). Аналітыкі зазначаюць, што апошнім часам “Газпром” мала распрацоўвае радовішчы на тэрыторыі Расеі, намагаючыся скупляць больш газу ў суседзяў у Сярэдняй Азіі.
У студзені Ніязаў і Пуцін абвесьцілі пра намер паглыбляць супрацу ў энэргетычнай сфэры. Але Туркмэністан, адчуваючы пэўную залежнасьць ад Масквы, зусім не пасіўны ў гэтай якасьці, і цягам апошніх двух гадоў Ніязаў умела гандляваўся з Расеяй, паступова падвысіўшы цану туркмэнскага газу, прадаванага “Газпрому”, удвая. У якасьці эфэктыўнага рычага выкарыстоўваўся “ўсходні вэктар” – Кітай. На пачатку сьнежня намесьнік прэм'ер-міністра Атамырат Бердыеў наведаў Кітай, заявіўшы па выніках візыту, што Кітай зацікаўлены ў імпарце туркмэнскага газу. Чакаецца, што ў красавіку 2006 г. туркмэнскі прэзыдэнт Сапармурат Ніязаў наведае з рэдкім замежным візытам КНР, дзе мае падпісаць пагадненьне аб пабудове газаправоду на 30 млрд кубамэтраў газу ў год[32]. Нагадаем ізноў, што рэальны аб'ём газавых радовішчаў Туркмэністана – невядомы.
Яшчэ адной асаблівасьцю міжнароднай актыўнасьці Туркмэністана была палітыка «пазытыўнага нэўтралітэту», празь якую краіна дыстанцыявалася, а часам цалкам ізалявала сябе ад астатняга сьвету. Ніязаў упершыню заявіў пра намер зрабіць Туркмэністан нэўтральнай краінай у сакавіку 1995 г. на канфэрэнцыі Арганізацыі эканамічнае супрацы (ECO), што віталі ўсе яе ўдзельнікі. 12 сьнежня 1995 г. Генэральная Асамблея ААН прыняла адмысловую дэклярацыю, у якой заклікала краінаў-сяброў ААН прызнаць нэўтральны статус Туркмэністана[35].
За мінулы год Туркмэністан трымаўся гэтага статусу. Так, нягледзячы на ўсе спэкуляцыі пра ўзбэцка-туркмэнскі хаўрус-блёк, якія разгарнуліся пасьля візыту Ніязава ў Бухару з-за сустрэчы з узбэцкім прэзыдэнтам пры канцы 2004 г., далей за тую сустрэчу справа не пасунулася[36]. Гэтаксама не пацьвердзіліся і выпусканыя Масквой “качкі” аб перадысьлякацыі “выгнаных” з узбэцкага Ханабаду амэрыканскіх вайскоўцаў у Туркмэністан[37]. У рамках канцэпцыі нэўтралітэту туркмэнскімі ўладамі тлумачыцца пераход Туркмэністана да скарочанага ўдзелу ў СНД на правах асацыяванага чальца арганізацыі – пытаньне, якое пачало адкрыта абмяркоўвацца ў студзені 2006 г. у Выканаўчым камітэце СНД[38].
Як ужо зазначалася, цяжка зьвязаць крокі ў вонкавай палітыцы Туркмэністана з унутрыпалітычнай сытуацыяй. Перадусім таму, што вядома пра яе з прычыны закрытасьці краіны няшмат. А таксама таму, што грамадзтва ў Туркмэністане на палітыку, у тым ліку вонкавую, можа паўплываць у мінімальнай ступені з прычыны жорсткасьці палітычнага рэжыму. 19 сьнежня ў сваім штогадовым глябальным дасьледаваньні Freedom House паставіла Туркмэністан у шэраг васьмі самых рэпрэсіўных краінаў сьвету[40]. Апошні раз парлямэнцкія выбары прайшлі ў краіне 19 сьнежня 2004 г., але былі чыстай фармальнасьцю[33].
Зьвесткі па ўнутранай сытуацыі звычайна датычаць рэпрэсіяў. Большасьць аналізаў палітычнага жыцьця Туркмэністана нагадваюць колішняе «крэмлязнаўства» і саветалёгію, як прыклад[34]. Сыстэма ўлады Ніязава, відаць, у найменшай ступені з усіх дзяржаваў рэгіёну нагадвае сучасную дзяржаву. Пачынаючы з 1985 г. Ніязаў быў Старшынём Савету міністраў і ачольваў Кампартыю Туркмэнскай ССР, пазьней стаў старшынём Вярхоўнага Савету, а ў 1990 г. быў абраны першым прэзыдэнтам Туркмэністана.
З 1 студзеня 2006 г. уступіла ў сілу новая Канстытуцыя краіны, пэўныя палажэньні якой можна ахарактарызаваць як больш лібэральныя і дэмакратычныя (у прыватнасьці, скасаванае права прэзыдэнта прызначаць кіраўнікоў мясцовых органаў выканаўчай улады і г.д.)[41]. Ніязаў апошнім часам зноў пачаў дэкляраваць намер правядзеньня выбараў і казаць пра пэўныя атрыбуты палітычнага жыцьця (прыкладам, партыі).
На першым у 2006 г. паседжаньні Кабінэту міністраў 9 студзеня прэзыдэнт Ніязаў казаў пра заплянаваныя на сёлета выбары ў мясцовыя рады дзеля ўдасканаленьня мэханізму «ісьціннай дэмакратыі», як паведаміла туркмэнскае ТБ 9 студзеня[39]. 12 студзеня 2006 г. на цырымоніі Дня памяці, туркмэнскі прэзыдэнт абвесьціў, што ў 2009–2010 гадах у Туркмэністане адбудуцца прэзыдэнцкія выбары. Пры тым ён зазначыў, што «адзін і той самы чалавек ня можа заўжды быць кіраўніком», пастулюючы тым самым свой сыход (38).
Узбэкістан
Пасьля 11 верасьня 2001 г. Узбэкістан пазыцыянаваў сябе як стратэгічнага партнэра ЗША ў новай глябальнай вайне з тэрарызмам дый першы з краінаў рэгіёну дазволіў амэрыканцам стварыць вайскова-паветраную базу – у Каршы-Ханабадзе[24]. Партнэрства не было пазбаўленым пэўных цяжкасьцяў, бо дарма што ўзбэцкі прэзыдэнт відавочна хацеў атрымаць паўнавартаснае міжнароднае прызнаньне, але ён ня быў гатовы зьмяніць сваю ўнутраную палітыку і слухаць крытыку на свой адрас.
Узбэкістан стаў адзінай цэнтральнаазіяцкай краінай, што значна зьмяніла сваю геапалітычную арыентацыю ў 2005 г. Зрэшты, вытокі гэтага павароту трэба аднесьці яшчэ да 2002 г., калі Ташкент фактычна замарозіў сваё сяброўства ў антырасейскім і празаходнім блёку ГУУАМ (канчаткова ён выйдзе зь яго толькі ў траўні 2005-га) [28]. Прычыны, што змусілі Ташкент аддаліцца ад Захаду – перадусім ЗША і зблізіцца з Расеяй і Кітаем, былі зьвязаныя з усё большай унутранай нестабільнасьцю. На тле каляровых рэвалюцыяў у 2003–2005 г. Карымаў згарнуў супрацу з Захадам, перакананы, што каляровыя рэвалюцыі былі вынікам падбухторваньня і ўмяшаньня звонкі.
Занепакоены магчымасьцю рэвалюцыі ў траўні ўзбэцкі прэзыдэнт 13 траўня загадаў сваім войскам расстраляць дэманстрацыі ў Андыжане, трактуючы гэта як барацьбу з ісламістамі. Па афіцыйных зьвестках, у бойні загінулі 178 чалавек, але праваабончыя групы і відавочцы кажуць пра сама мала 500 загінулых[25]. Захад заклікаў правесьці незалежнае міжнароднае расьследаваньне вінаватасьці ўрадавых сілаў у бойні, але Карымаў адмовіўся і абвінаваціў ва ўсім рэлігійных экстрэмістаў, тады як дзяржаўныя СМІ асьвятлялі падзеі ў Андыжане як арганізаваную з-за мяжы спробу зьмяніць уладу.
29 ліпеня Ўзбэкістан даў ЗША 180 дзён на закрыцьцё іх паветранай базы ў Каршы-Ханабадзе. Гэта адбылося акурат напярэдадні візыту памочніка дзяржсакратара Р. Нікаляса Бэрнза (R. Nicholas Burns), які зьбіраўся дабіцца ад Ташкенту дазволу на правядзеньне міжнароднага расьследаваньня падзеяў у Андыжане ды папярэдзіць, што калі краіна ня стане больш адкрытай палітычна, дык ёй можа пагражаць каляровая рэвалюцыя[25].
Выгнаньне ЗША з Ханабаду стала выразнай дэманстрацыяй новых намераў Карымава. У адказ Вашынгтон пазбавіў Ташкент 22 мільёнаў даляраў дапамогі, якую ЗША абяцалі аказаць Узбэкістану ў 2005 г., калі той выканае абавязаньні па ажыцьцяўленьні палітычных і эканамічных рэформаў, якія ён узяў на сябе паводле пагадненьня аб стратэгічным партнэрстве паміж ЗША і Ўзбэкістанам 2002 г. Гэта не было навіной, бо летась Вашынгтон таксама ўстрымаўся ад перадачы Ташкенту амаль 11 мільёнаў даляраў з прычыны аўтарытарных схільнасьцяў Ташкенту[25]
Адначасова Ўзбэкістан збліжаўся з Расеяй ды Кітаем – краінамі, што безагаворачна пагадзіліся з афіцыйнай вэрсіяй падзеяў у Андыжане. Адразу пасьля андыжанскіх падзеяў з 25 па 27 траўня Карымаў наведаў Кітай, дзе Ўзбэкістан і Кітай падпісалі пагадненьне аб стварэньні супольнай нафтавай кампаніі вартасьцю 600 млн даляраў[26]. У верасьні міністар абароны Расеі Сяргей Іваноў наведаў Узбэкістан, каб паназіраць за першымі ў гісторыі супольнымі расейска-ўзбэцкімі вучэньнямі.
А 14 лістапада 2005 г. Карымаў і Пуцін падпісалі беспрэцэдэнтную Дамову аб саюзьніцкіх стасунках, трэці і чацьверты артыкулы якой фактычна дапускаюць расейскае ўмяшаньне пры ўзьнікненьні ўнутранага канфлікту ў справы Ўзбэкістана. (16) Па словах «Независимой газеты», «Падпісаньне расейска-ўзбэцкай Дамовы аб саюзьніцкіх стасунках мяняе сытуацыю ў Цэнтральнай Азіі, бо Ўзбэкістан стаў галоўным хаўрусьнікам Расеі, прычым ня толькі ў Цэнтральна-Азіяцкім рэгіёне, але і на ўсім абшары СНД»[43]. Зазначым, што раней асноўным хаўрусьнікам Масквы ў Сярэдняй Азіі быў Казахстан, таму падпісаньне Дамовы абазначыла зьмену прыярытэтаў Расеі ў рэгіёне. Неўзабаве па тым 21 лістапада 2005 г. закончыўся вывад амэрыканскіх войскаў з базы Ханабаду[42], што Масква расцаніла як сваю буйную перамогу.
Умацаваньню стасункаў спрыяе намер “Газпрому” і “Лукойлу” інвэставаць каля 2 млрд даляраў ЗША ў энэргетычны сэктар Узбэкістана, зрэшты, на працягу немалога адрэзку часу. У прыватнасьці, “Газпром” будуе супрацу на аснове пагадненьня аб падзеле прадукцыі, якое перадае ў рукі расейскай кампаніі распрацоўку трох буйнейшых радовішчаў газу ва Ўзбэкістане. І калі пагадненьне аб падзеле прадукцыі запрацуе, дык з 2007 г. «Газпром» фактычна манапалізуе экспарт газу з Узбэкістана. Газавае збліжэньне Расеі і Ўзбэкістана было дапоўненае далучэньнем 25 студзеня 2006 г. Узбэкістана да дамовы аб заснаваньні ЭўрАзЭСу.
На думку Міхаіла Зыгара, «ЭўрАзЭС ёсьць толькі пробным камянём. Сапраўднай мэтай Масквы ёсьць чым хутчэйшае далучэньне Ўзбэкістана да Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы – структуры, якую Крэмль мерыцца неўзабаве ператварыць у вайскова-палітычны блёк кшталту НАТО»[27]. Вядома, далучэньне Карымава да “прарасейскага НАТО” ня ёсьць нейкім ідэйным перакананьнем, але апартунізмам і імкненьнем захаваць сваю ўладу, бо яшчэ колькі гадоў таму ён спрабаваў гуляць ролю лідэра ў аб’яднаньні ГУУМ, якое лічылася альтэрнатывай расейскаму ўплыву на постсавецкай прасторы.
Высновы
Агульныя геапалітычныя тэндэнцыі ў Цэнтральнай Азіі ў 2005 г. адлюстраваныя ў эвалюцыі Шанхайскай арганізацыі супрацы (ШАС), куды ўваходзяць КНР, Казахстан, Кыргыстан, Расейская Фэдэрацыя, Таджыкістан і Ўзбэкістан у якасьці чальцоў ды Індыя, Іран, Манголія і Пакістан як назіральнікі (Беларусь таксама мае намер далучыцца як назіральнік). Актыўнасьць ШАС цягам 2005 г. павялічвалася, што сьведчыць пра паўстаньне патэнцыйна магутнай рэгіянальнай групоўкі, арыентаванай на інтарэсы найбольш моцных чальцоў – КНР і РФ.
Важным этапам быў саміт лідэраў ШАС у Казахстане на пачатку ліпеня, удзельнікі якога заявілі: «Зважаючы на заканчэньне актыўнай ваеннай фазы антытэрарыстычнай апэрацыі ў Аўганістане, дзяржавы-чальцы ШАС лічаць неабходным, каб адпаведныя ўдзельнікі антытэрарыстычнай кааліцыі вызначыліся з канчатковымі тэрмінамі часовага выкарыстаньня аб’ектаў інфраструктуры і знаходжаньня вайсковых кантынгентаў (маюцца на ўвазе амэрыканскія базы ў Кыргыстане і Ўзбэкістане) на тэрыторыях краінаў-чальцоў ШАС (з Дэклярацыі саміту ШАС, 5.07.2005).
Узбэкістан неўзабаве пайшоў у сваіх дзеяньнях далей за рамкі гэтай дэклярацыі і запатрабаваў неадкладнай ліквідацыі амэрыканскай базы на сваёй тэрыторыі. Гэты крок адпавядаў падозраньням узбэцкага прэзыдэнта Карымава наконт таго, што Захад, і ў прыватнасьці ЗША, спрыяюць дэстабілізацыі рэгіёну і ягонага рэжыму. Кыргыскае ж кіраўніцтва проста вырашыла выгандляваць сабе больш выгодныя ўмовы для разьмяшчэньня амэрыканскай базы на сваёй тэрыторыі і ня згадвала пра нейкія пэўныя часавыя рамкі для яе ліквідацыі.
Урады краінаў ШАС, перадусім КНР і РФ, аб'ядноўвае іх перакананасьць у тым, што дзейныя ўрады краінаў рэгіёну лепш за ўсіх ведаюць, як ім кіраваць сваімі краінамі, і ня маюць патрэбы ў нейкіх дэмакратычных рэформах. Урады большасьці краінаў рэгіёну, КНР і РФ аб'ядноўвае прыхільнасьць ідэям «кіраванай дэмакратыі». Гэта выразна кантрастуе з дэкляраваным імкненьнем Захаду забясьпечыць пераход постсавецкіх краінаў ня толькі да рынкавай эканомікі, але і да дэмакратыі ды гарантаванага захаваньня правоў чалавека.
Аляксей Малашэнка зазначае, што ў ШАС «вядома, маюць месца супярэчнасьці. Кітай вымагае асаблівых правоў на дамінуючыя пазыцыі ў ШАС. І Расея вымушаная гэта прызнаваць. Ёй вельмі няпроста знайсьці сябе ў рамках ШАС, тым больш пагадзіцца з доляй малодшага, дакладней, сярэдняга брата пры кітайскім старшынстве. Калі ў кастрычніку 2005 г. Пэкін прапанаваў вылучыць на крэдытаваньне цэнтральнаазіяцкіх чальцоў ШАС на ільготных умовах 900 млн даляраў, дык Расея, натуральна, не магла вітаць такое шчодрасьці, уважаючы гэта за далейшае падвышэньне нефармальнага статусу Кітая. Масква выступіла супраць кітайскай прапановы аб увядзеньні ў Цэнтральнай Азіі рэжыму вольнага гандлю (бо тады на шляху кітайскіх тавараў зьнікнуць апошнія перашкоды). Экспансія Кітая, якая яшчэ, па сутнасьці, нават не пачалася, будзе рухацца наперад, пакуль бушуе вулкан кітайскай эканамічнай рэформы. Па суседзтву з такім выключным адзіным этнакультурным масівам кожны адчувае сваю непаўнавартасьць. Гэта ўласьціва Расеі»[16].
Адначасова мінулы год паказаў праблематычнасьць разгляду Цэнтральнай Азіі як адной геапалітычнай адзінкі. Ініцыятывы ў галіне рэгіянальнай інтэграцыі вызначаліся ня большай дынамічнасьцю, чым у папярэднія гады, і кожны край разьвіваўся сваім шляхам. Чыста цэнтральнаазіяцкай інтэграцыі практычна няма. Кожная краіна жыве сама па сабе. Дзеяздольныя толькі надрэгіянальныя міжнародныя арганізацыі – ШАС, ЭўрАзЭс, АДКБ, дзякуючы прысутнасьці ў іх вонкавай, несярэднеазіяцкай сілы. Пакуль што інтэграцыя ў Сярэдняй Азіі ідзе толькі пад вонкавым ціскам. Ці гэтая інтэграцыя ўжо ёсьць пачаткам уваходжаньня ў той новы «кітайскі сьвет» зь ягонымі стандартамі кіраванай дэмакратыі?
Зрэшты, Цэнтральная Азія ня ёсьць рэгіёнам дзяржаў-кліентаў. Тамтэйшымі краінамі кіруюць эліты, здольныя атрымліваць для сябе карысьць, прымаючы да ўвагі пажаданьні вонкавых сілаў, але кіруючыся ў сваіх дзеяньнях не інтарэсамі гэтых сілаў, а задачай захаваньня сваёй улады. Як паказваюць прыклады Кыргыстана і Ўзбэкістана, іх кіраўніцтва падпісала дэклярацыю ШАС аб неабходнасьці захаваньня статус-кво і выдаленьня амэрыканскіх базаў, а пасьля пачало прымаць рашэньні кіруючыся сваімі меркаваньнямі. Ташкент, адчуўшы пагрозу, аддаліўся ад Захаду, Бішкек працягнуў няўпэўнена праводзіць шматвэктарную палітыку. У выпадку з Узбэкістанам пераход Ташкенту ад Вашынгтону да Масквы ня значыць, што Расея сама аднавіла свой уплыў ва Ўзбэкістане. Проста гэта выгодна для Карымава з унутрыпалітычных меркаваньняў. Тое самае датычыць і іншых кіруючых элітаў ва ўсіх краінах рэгіёну.
Але гэтыя эліты падзяляюць пэўныя супольныя погляды на палітыку, якія даволі далёкія ад дэмакратыі. Ім сапраўды блізкія кітайская ды пуцінская мадэлі. Расея можа пасьпяхова «адваёўваць» у амэрыканцаў Сярэднюю Азію, бо мясцовыя эліты, выхаваныя яшчэ за савецкім часам, бачаць у яе магутнасьці магчымасьць атрымаць гарантыі захаваньня сваёй улады і бачаць сумяшчальнасьць сваіх поглядаў і поглядаў расейскага кіраўніцтва.
Сярэдняя Азія трансфармоўвалася і мадэрнізоўвалася з улікам інтарэсаў Масквы. Таму і сёньня эканамічныя, палітычныя і сацыяльныя структуры і стасункі застаюцца да пэўнай меры дэфармаванымі на карысьць Масквы (згадаем пра тую ж сыстэму трубаправодаў). Масква мае больш досьведу ў сярэднеазіяцкіх справах, чым суседнія рэгіёны (у тым ліку Кітай), што дзесяцігодзьдзямі былі адгароджаныя ад Савецкай Сярэдняй Азіі. Да таго ж супольная спадчына СССР і людзкая памяць пра тое пакуль што гуляе на карысьць Масквы, дазваляючы ёй «вяртацца» ў свае былыя калёніі. Гэтага пакуль бракуе Кітаю. Але ШАС дае Пэкіну шанец атрымаць мэханізм дзеля павелічэньня свайго ўплыву ў рэгіёне і яго легітымізацыі.
ШАС стаіць на дзьвюх апорах – Маскве і Пэкіне, ды ўзаемных інтарэсах. Расея хоча вярнуцца ў свае былыя калёніі, КНР – пашырыць свой уплыў, РФ і КНР разам хочуць прыбраць з рэгіёну ЗША і Захад (пераймаючыся ў прыватнасьці ягоным уплывам на ўласныя грамадзтвы), сярэднеазіяцкія рэжымы проста хочуць выстаяць. Сыстэма будзе разьвівацца – КНР узмацніцца, а Расея неўзабаве сыйдзе з рэгіёну. У пэрспэктыве Пэкін можа трансфармаваць яе ў элемэнт «кітайскага сьвету». Зрэшты, усе раскладкі могуць быць разбураныя такімі чыньнікамі, як дэмакратызацыя, ісламізм ці крах кітайскай мадэлі. Пакуль жа будуецца хаўрус кіраваных дэмакратыяў, альбо груба кажучы рэжымаў, што аддаюць перавагу кітайскай мадэлі – мадэлі, якая мае ня менш шанцаў стаць будучыняй для вялікай часткі сьвету, чымся мадэль лібэральнай дэмакратыі, прапанаваная ЗША. Таму ставіцца да гепалітычных зрухаў у Сярэдняй Азіі ў 2005 г. трэба сур'ёзна.
Крыніцы
(1) Rashid Ahmed. The New Great Game – The Battle for Central Asia’s Oil // Far Eastern Economic Review. 1997. – 10 April. Паводле Rashid Ahmed. Taleban: zanan, tejarat-e mafya wa proje-ye a’azim-e naft dar asya-ye markazi. Tehran: Nashr-e boghe, 1382. C.296. (па-пэрсыдзку)
(2) http://www.ng.ru/cis/2005-04-29/5_tadjikistan.html (па-таджыцку)
(3) http://www.bbc.co.uk/persian/tajikistan/story/2006/01/060118_so_iskandarov_appeal_cyr.shtml (па-таджыцку)
(4) RFE/RL Central Asia Report// Vol. 5, No. 49, 30 December 2005.
(5) Охрана таджикско-афганской границы перешла к военнослужащим Комитета по охране государственной границы Таджикистана (http://www.svoboda.org/ll/polit/0605/ll.061405-7.asp)
(6) Всемирный банк намерен списать внешний долг Таджикистана
(http://www.tajikistan.tajnet.com/index.cgi?id=2862)
(7)