Беларускі on-line часопіс
юрыстаў і палітолягаў
Агульная тэорыя, гiсторыя й фiлязофiя права
Міжнароднае права
Эўрапейскае права
Параўнальнае права
Канстытуцыйнае, выбарчае й адміністрацыйнае права
Крымінальнае права й працэс. Крыміналёгія
Цывільнае права й працэс. Гаспадарчае права й працэс
Працоўнае права
Іншыя галіны права й юрыдычная праблематыка
Праўныя акты па-беларуску
Беларуская юрыдычная тэрміналёгія
Паліталёгія й сумежныя дысцыпліны
Інтэрвію
   пошук
   каляндар
Пн Аў Ср Чц Пт Сб Нд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
   новае на форуме
21 Снж 12.23  "Ваша честь!" (You honour! , Wysoki Sądzi

02 Лют 21.58  візыт старшыні ПАРЭ ў Беларусь

12 Снж 15.45  Юрыдычная тэрміналёгія - Стварайма разам!

07 Снж 20.28  Віншую ўсіх з Днём юрыста!

09 Ліс 11.42  Шукаю працу

   юрыдычная кансультацыя
02 Кас 13.12  Працоўная кніга и навучэнне/праца за мяжой

17 Снж 18.00  Аўтарскія правы

03 Снж 01.54  змена прозвішча

19 Ліс 05.16  Замежныя ПІФы

09 Ліс 15.27  Акцыянерныя таварыствы

бел eng
Галоўная Навіны Слоўнік Тымчасам... Гасьцёўня Форум Спасылкі Рэдакцыя Кантакты
Эўрапейскае права
Беларусь і Еўрапол: перспектывы кааперацыі супраць арганізаваных злачынстваў. | Аляксандра Рагажынская | 24.12.2005

Не будзе перабольшаннем сказаць, што на сённяшні дзень арганізаваныя злачынствы не маюць межаў. Праз выкарыстанне сучасных тэхналогій і велізарных фінансавых рэсурсаў такія групоўкі ўжо распаўсюдзілі і працягваюць распаўсюджваць свае нелегальныя дзеянні па ўсім свеце. Такім чынам, арганізаваныя злачынствы ўяўляюць сабой непасрэдную пагрозу структуры і асноўным каштоўнасцям грамадскіх сістэмаў, небяспеку асноўным правам і свабодам чалавека і функцыянаванню грамадзянскай супольнасці. Сучасны дыяпазон міжнародных злачынстваў і злачынстваў міжнароднага характару, як і беспрэцэдэнтны размах міжнародна-арганізаванага злачынства, абумоўлівае патрабаванне ўдасканальвання міжнароднага крымінальнага права і развіцця ўзаемнай супрацы краінаў сусвету ў гэтым напрамку. Дзеля ажыццяўлення гэтай мэты ўпаўнаважанымі прадстаўнікамі краінаў ствараюцца міжнародныя арганізацыі па барацьбе з міжнароднымі злачынствамі і падпісваюцца канвенцыі і пагадненні дзеля надання гэтым арганізацыям усіх паўнамоцтваў, патрэбных для выканання іх функцыяў і задачаў.

Еўрапейскае паліцэйскае ведамства (Еўрапол), створанае ў 1999 годзе на падставе Брусэльскай Канвенцыі ад 26 ліпеня 1995 году, ёсць адной з менавіта гэткіх арганізацый. Упершыню ідэя аб неабходнасці існавання Еўрапола была ўзнята на саміце ЕЗ у Люксембургу ў чэрвені 1991 году. У межах Маастрыхцкай Дамовы аб стварэнні Еўрапейскага Звязу ад 7 лютага 1992 году было прынята рашэнне аб стварэнні Еўрапейскага паліцэйскага ведамства, якое было зацверджана рашэннем Рады ЕЗ ад 29 кастрычніка 1993 году. [1] Праз стварэнне шэрагу нацыянальных заканадаўчых актаў краінамі ЕЗ Еўрапол цвёрда запачаткаваў сваю дзейнасць 1 ліпеня 1999 году. Канвенцыя аб стварэнні Еўраполу адчынена для ратыфікацыі ўсімі іншымі краінамі, якія далучаюцца да Еўрапейскага Звязу.

У адрозненне ад Інтэрполу, нацыянальныя цэнтральныя бюро якога працуюць на тэрыторыі шматлікіх краінаў свету, Еўрапол як рэгіянальная арганізацыя ажыццяўляе свае дзеянні толькі ў межах Еўрапейскага Звязу. Прадстаўнікі Еўрапейскага паліцэйскага ведамства разумеюць, што міжнародныя арганізаваныя злачынствы не спыняюцца на нацыянальных межах, і таму ўсталёўваюць трывалыя стасункі не толькі з краінамі-нечальцамі Еўрапейскага Звязу, але і з міжнароднымі арганізацыямі. На бягучы момант шляхам заключэння двухбаковых аперацыйных ці стратэгічных пагадненняў Еўрапол пашырае супрацоўніцтва ў сферы барацьбы з арганізаваным злачынствам з такімі краінамі і арганізацыямі, як Цэнтральны Еўрапейскі Банк, Еўрапейскі Кантрольны цэнтр па наркотыках, Ісландыя, Інтэрпол, Нарвегія, Злучаныя Штаты Амерыкі, Румынія, Еўраюст, Расейская Федэрацыя і Калумбія.[2]

Супраца паміж Еўраполам і краінамі, якія не ўваходзяць у Еўрапейскі Звяз, ажыццяўляецца на падставе пагаднення паміж Еўраполам і зацікаўленай краінай. Прыкладам такіх пагадненняў можа служыць Пагадненне аб супрацы паміж Расейскай Федэрацыяй і Еўрапейскім паліцэйскім ведамствам, якое было заключана ў Рыме (Італія) 6 лістапада 2003 году.[4]

Усталяванне стасункаў паміж Еўрапейскім паліцэйскім ведамствам і Рэспублікай Беларусь на бягучы момант знаходзіцца толькі на стадыі распрацоўкі. Аднак, паколькі неабходнасць сумеснай працы па барацьбе з міжнароднымі злачынствамі ў еўрапейскім рэгіёне працягвае існаваць, Еўрапол робіць усё магчымае дзеля юрыдычнага афармлення гэтых стасункаў.

Канвенцыя аб стварэнні Еўраполу дазваляе ажыццяўляць узаемадзеянне з краінамі, якія не ўваходзяць ў Еўрапейскі Звяз і таму не падпісалі саму Канвенцыю, а гэта значыць – не ёсць удзельніцамі Еўрапейскага паліцэйскага ведамства.[3,арт.42] Адзначанае ўзаемадзеянне ажыццяўляецца ў наступных формах:

1. абмен стратэгічнай і тэхнічнай інфармацыяй, якая прадстаўляе ўзаемную цікавасць (напрыклад, аб формах, метадах і сродках учынення злачынстваў, аб новых формах супрацьдзеяння арганізаванаму злачынству, аб метадах апрацоўкі і аналіза інфармацыі і г.д.);

2. абмен досведам працы ў праваахоўнай сферы, у тым ліку правядзенне навукова-практычных канферэнцый, стажыровак, кансультацый і семінараў;

3. абмен нарматыўна-прававымі актамі, метадычнай і навукова-тэхнічнай літаратурай і іншымі матэрыяламі, якія датычаць праваахоўнай дзейнасці;

4. падрыхтоўка кадраў [3, арт.5].

У такім садзейнічанні можа быць адмоўлена часткова ці цалкам толькі калі ёсць сур’ёзныя падставы меркаваць, што садзейнічанне можа прычыніць шкоду суверэнітэту краіны, грамадскаму парадку ці іншым істотным дзяржаўным інтарэсам ці не супадае з нацыянальным заканадаўствам ці міжнародным абавязкам.[3, арт.8] Еўрапол таксама мае права адмовіць у садзейнічанні, калі выкананне запыту не дазваляе арганізацыі выконваць яе функцыі і абавязкі.

Варта толькі адзначыць сферу кампетэнцыі Еўрапейскага паліцэйскага ведамства, каб адразу зразумець, наколькі карысна была б для Беларусі кааперацыя з гэтай арганізацыяй, нават толькі з гледзішча абмену інфармацыяй. Згодна з Канвенцыяй 1995 году, Еўрапол ажыццяўляе барацьбу з наступнымі відамі злачынстваў:

1. наркатрафік;

2. нелегальная міграцыя;

3. тэрарызм;

4. крадзеж аўтамабіляў (маецца на ўвазе крадзеж ці незаконнае валоданне ці набыццё транспартных сродкаў перасоўвання, а таксама крадзеж ці незаконнае набыццё іх частак);

5. нелегальная транспартоўка радыёактыўных і ядравых рэчываў;

6. гандаль людзьмі, улучна з дзіцячай парнаграфіяй;

7. падробка грошаў (Еўра) і іншых сродкаў плацяжу (увайшлі ў кампетэнцыю Еўраполу згодна з рашэннем Рады ЕЗ ад 29 красавіка 1999 году);

8. адмыванне грошаў (увайшло ў кампетэнцыю Еўраполу згодна з рашэннем Рады ЕЗ ад 30 лістапада 2000 году);

9. злачынствы супраць жыцця, здароў’я, асабістай свабоды і маёмасці (забойствы, цяжкія целавыя пашкоджанні, нелегальны гандаль чалавечымі органамі і тканкамі, захоп закладнікаў, расізм і ксенафобія);

10. фінансавыя злачынствы;

11. кіберзлачынствы;

12. нелегальны гандаль зброяй, амуніцыяй і выбуховымі рэчывамі, а таксама нелегальны ганаль відамі жывёл і раслін, якія знаходзяцца на мяжы знікнення, нелегальны гандаль гарманальнымі рэчывамі;

13. злачынствы супраць прыроднага асяроддзя. [3, арт.9]

Бачна, што паўнамоцтвы арганізацыі па супрацьдзеянню арганізаванай злачыннасці толькі пашыраюцца.

Да найбольш актуальных для Беларусі транснацыянальных і трансмежных праблемаў з адзначаных вышэй можна аднесці нелегальную міграцыю, нелегальны зварот наркотыкаў і радыёактыўных матэрыялаў, гандаль людзьмі і звязаныя з імі арганізаваныя злачынствы і тэрарызм.

У апошні час, пасля далучэння да ЕЗ новых чальцоў, гэтыя пытанні атрымалі новую трактоўку, бо відавочна, што наркотыкі, нелегальная міграцыя, зброя і радыёактыўныя матэрыялы і іншая кантрабанда – не толькі праблема Беларусі, але і ўсяго Еўрапейскага Звязу. Варта адзначыць, што, нягледзячы на сур’ёзныя палітычныя непаразуменні ў стасунках паміж ЕЗ і нашай краінай, Еўрапейская камісія давала помач і надалей збіраецца ажыццяўляць гэта ў нашай краіне. У 1997–2003 гадах, напрыклад, акрамя іншых праграмаў, толькі па лініі TACIS фінансаваліся праекты, звязаныя з аховай навакольнага асяроддзя, уладкаваннем пунктаў памежнага кантролю, дэмаркацыяй, а таксама іншыя малыя праекты. Нацыянальная індыкатыўная праграма для РБ, зацверджаная Еўракамісіяй 28 травеня 2004 году, прадугледжвае выдзяленне сродкаў на мадэрнізацыю памежных пераходаў на беларуска-польскай мяжы, перападрыхтоўку беларускіх памежнікаў, стварэнне інтэграванай базы дадзеных і супрацу па ахове межаў, дапамогу па пытаннях міграцыі і барацьбы з арганізаванымі злачынствамі і міжнародным тэрарызмам, улучна з наркатрафікам, гандлем людзьмі, адмываннем грошай і нелегальным зваротам радыёактыўных матэрыялаў. Дадзеныя меры прадугледжваюць шчыльную кааперацыю нацыянальных органаў Рэспублікі Беларусь з адпаведнымі органамі Еўрапейскага Звязу і з Еўрапейскім паліцэйскім ведамствам у прыватнасці.

Беларусь ужо зрабіла шмат значных крокаў наперад у гэтым накірунку. Напрыклад, толькі ў 2003 годзе праз кааперацыю беларускіх структураў бяспекі з замежнымі партнёрамі былі зачынены 124 каналы наркатрафіку ў Беларусь з заходняга напрамку. Аднак, відавочна, што пакуль не існуе заканадаўча аформленай супрацы, не могуць існаваць і сумесныя пазіцыі, рашэнні і дзеянні, не можа існаваць і адпаведны канчатковы вынік гэтай працы.

Магчыма, Беларусі і не патрэбна асабістае пагадненне з Еўрапейскім паліцэйскім ведамствам, магчыма, наша краіна здолела б і далей супрацоўнічаць з ЕЗ праз Расейскую Федэрацыю ў межах праграмы па фармаванню “зоны свабоды, бяспекі і правасуддзя” ЕЗ і Расеі, якая накіравана на ўзмацненне кааперацыі ў сферы юстыцыі, унутраных справаў, памежнага кантролю і міграцыі на падставе агульных каштоўнасцяў, вяршэнства закона і правоў чалавека. Тым не менш, асноўны цяжар намаганняў па барацьбе з гэтымі новымі выклікамі кладзецца ў першую чаргу на саму Беларусь, а не на Расейскую Федэрацыю. Ад нашай краіны патрабуецца прывядзенне нацыянальнага заканадаўства ў адпаведнасць з міжнароднымі абавязкамі нашай краіны, рэарганізацыя і стварэнне адпаведных новых дзяржаўных структураў і падраздзяленняў, забеспячэнне іх неабходнай інфраструктурай, падрыхтоўка кадраў, што звязана з істотнымі бюджэтнымі асігнаваннямі. Гэтыя факты нельга ігнараваць.

Такім чынам, навідавоку неабходнасць для нашай краіны асабістай супрацы з Еўрапейскім Звязам і Еўраполам, асабістага афармлення гэтай кааперацыі на заканадаўчым узроўні. Праца ў гэтым напрамку была распачата ў 2004 годзе, калі паміж кіраўніком Нацыянальнага цэнтральнага бюро (НЦБ) Інтэрполу ў Рэспубліцы Беларусь і Дырэктарам Еўрапейскага паліцэйскага ведамства была дасягнута дамоўленасць аб падпісанні пагаднення аб супрацы паміж НЦБ і Еўраполам.[5]

Гэтае пагадненне будзе складзена па прыкладзе аналагічнай дамовы з Расейскай Федэрацыяй. У першую чаргу маецца на ўвазе стварэнне прававой базы для абмену інфармацыяй у мэтах раскрыцця злачынстваў і пошукаў асобаў, што іх учынілі. У хуткім часе гэткія ж дамовы будуць заключаны і з нацыянальнымі цэнтральнымі бюро Ўкраіны і Малдовы. На думку прадстаўнікоў Еўраполу, гэтыя пагадненні павінны быць заключаны ў хуткім часе, каб як мага больш паскорыць стварэнне “зоны супрацы” на Ўсходзе ад Антарктычнага Акіяну да Чорнага мора. Пры гэтым падкрэсліваецца, што супраца павінна працягвацца, нягледзячы на супярэчнасці паміж краінамі і ЕЗ у іншых пытаннях.[6, ст.112]

Выбранне Рэспублікі Беларусь летам 2004 году ў Еўрапейскі камітэт Інтэрполу, якое адбылося на 33-й Еўрапейскай канферэнцыі гэтай арганізацыі ў Кіеве, павінна паскорыць заключэнне гэтага пагаднення.[5]

Пашырэнне сувязяў Еўрапейскага паліцэйскага ведамства па-за межамі Еўрапейскага Звязу прадугледжвае не толькі партнёрства ў галіне правасуддзя і ўнутраных справаў па праваахоўных, мытных і памежных пытаннях, але і паступовае збліжэнне адпаведнага заканадаўства краін з унутраным заканадаўствам Еўрапейскага Звязу, а таксама паэтапнае ўлучэнне суседніх дзяржаваў у працэс фармавання “зоны свабоды, бяспекі і правасуддзя” Еўрапейскага Звязу. Такім чынам, кааперацыя з Еўраполам у галіне перадачы інфармацыі, а таксама выкарыстанне Рэспублікай Беларусь найноўшых метадаў і тэхналогіяў, прапанаваных Еўрапейскім паліцэйскім ведамствам, дазволіць Беларусі зрабіць свой унёсак у справу барацьбы з міжнародна-арганізаванымі злачынствамі.

_________________________

1. Дамова аб стварэнні Еўрапейскага Звязу ад 7 лютага 1992 году. www.europa.eu.int

2. Афіцыйная старонка Еўрапейскага паліцэйскага ведамства. www.europol.eu.int

3. Канвенцыя аб стварэнні Еўрапейскага паліцэйскага ведамства ад 26 ліпеня 1995 году. www.europa.eu.int

4. Дамова аб супрацоўніцтве паміж Расейскай Федэрацыяй і Еўрапейскім паліцэйскім ведамствам ад 6 лістапада 2003 году. www.ln.mid.ru

5. Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь www.ncpi.gov.by

6. Tupman B. Policing in Europe, Uniform in Diversity. – Exeter: Intellect, 2002. – 210 p.

________________________

Аляксандра Рагажынская (нар. у 1983 г. у Менску) – навучаецца на IV курсе аддзяленьня “міжнароднае права” факультэту міжнародных стасункаў БДУ. Спэцыялізуецца на вывучэньні эўрапейскага права. Галіна юрыдычных інтарэсаў — праўныя сыстэмы гішпанскамоўных краінаў, пытаньні міжнароднае правасуб’ектнасьці, міжнародныя арганізацыі, эўрапейская інтэграцыя.



   
© 2004-2007, Праўнік. Беларускі on-line часопіс юрыстаў і палітолягаў

Усе правы абароненыя. Пры цытаваньні ўрыўкаў матэр'ялаў актыўная спасылка на часопіс praunik.org і аўтара ёсьць абавязковымі!