У большасьці краінаў сьвету ўсё больш востра паўстае праблема павелічэньня выдаткаў на судаводзтва і колькасьці судовых справаў, зарэгістраваных да разгляду. У Злучаных Штатах Амэрыкі і іншых краінах разьвіваюцца розныя спосабы вырашэньня такой сытуацыі. Адным з найбольш распаўсюджаных мэтадаў выступае пасярэдніцтва, якое дапасуецца да альтэрнатыўных мэтадаў разьвязаньня спрэчак. Існуюць розныя формы пасярэдніцтва: дасудовае, судовае і г.д.
Урэгуляваньне спрэчкі шляхам пасярэдніцтва дазваляе бакам мінімізаваць выдаткі часу і грашовых сродкаў на разьвязаньне канфлікту, што ўзьнік.
Праблема павелічэньня выдаткаў на судаводзтва і колькасьці справаў, разгляданых у гаспадарчых судох, закранула і Рэспубліку Беларусь. Дзеля вырашэньня праблемы, якaя пaўстaлa, беларускі заканадаўца вырашыў скарыстацца сусьветым досьведам праз увядзеньне пасярэдніцтва, якое яшчэ мае назву мэдыяцыі.
Пaдстaвовыя палажэньні па ўрэгуляваньні спрэчкаў шляхам пасярэдніцтва зьмяшчаюцца ў главе 17 Гаспадарча-працэсуальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (далей - ГсПК).
Панятак і асноўныя рысы ўрэгуляваньня спрэчкі шляхам пасярэдніцтва.
Урэгуляваньне спрэчкі шляхам пасярэдніцтва ёсьць навэлай нашага заканадаўства, таму аналіз асноўных палажэньняў дапаможа найлепш зразумець само пасярэдніцтва і ў далейшым слушна выкарыстоўваць яго ў вырашэньні гаспадарчых спрэчкаў.
Заканадаўства Рэспублікі Беларусь выкарыстоўвае судовую мэдыяцыю, т.б. пасярэдніцтва ў судзе. Разгледзім асноўныя рысы “беларускага варыянту” судовай мэдыяцыі.
Урэгуляваньне спрэчкі шляхам пасярэдніцтва – стадыя разгляду справы, т.б. адзін з этапаў разьвіцьця парадку разгляду справы, які мае свае мэты.
Мэты пасярэдніцтва вызначаныя арт. 153 ГсПК: ажыцьцяўленьне дапамогі бакам ва ўстанаўленьні фактычных акалічнасьцяў канфлікту, што ўзьнік паміж імі; дасягненьне разуменьня рэчаіснасьці і юрыдычнай абгрунтаванасьці іх пазыцыі ў канфлікце, патрабаваньняў, якія прад’яўляюццa, і супярэчаньняў, што вылучaюццa імі; высьвятленьне, супастаўленьне і набліжэньне поглядаў дзеля вырашэньня спрэчкаў; пошук і рэкамэндацыі парадку разьвязаньня канфлікту, які задавальняе абодва бакі.
Урэгуляваньне спрэчкі шляхам пасярэдніцтва магчыма толькі ў судзе першай інстанцыі. Дадзенае палажэньне вынікае з таго, што глава 17 ГсПК разьмешчаная ў разьдзеле ІІ “вытворчасьць у судзе першай інстанцыі”. Такім чынам, як стадыя разгляду справы ў гаспадарчым судзе Рэспублікі Беларусь пасярэдніцтва можна разглядаць як адзін з этапаў разгляду справы толькі ў судзе першай інстанцыі. Пры гэтым неабходна памятаць, што мэдыяцыя зьяўляецца другім этапам разгляду спрэчкі пасьля ўзбуджэньня справы. У тым выпадку, калі справа не была ўзбуджаная, нельга казаць пра судовую мэдыяцыю ў гаспадарчым судзе першай інстанцыі.
Заканадаўства Рэспублікі Беларусь імпэратыўна ўстанаўлівае, што ўрэгуляваньне спрэчкі шляхам пасярэдніцтва можа быць зьдзейсьнена па любым пытаньні, якое ўзьнікла з цывільных правастасункаў (ч.2 арт. 156 ГсПК). Пасярэдніцтва з адміністрацыйных правастасункаў, асаблівае судаводзтва і іншыя віды судаводзтва немагчымыя, бо яны ня маюць цывільна-праўнай прыроды.
Зыходзячы з адзначаных рысаў судовай мэдыяцыі можна наступным чынам вызначыць панятак урэгуляваньня спрэчкаў шляхам пасярэдніцтва: урэгуляваньне спрэчкі шляхам пасярэдніцтва – стадыя рагляду справы ў гаспадарчым судзе першай інстанцыі, якая вынікае з цывільна-праўных правастасункаў.
Парадак урэгуляваньня спрэчкі шляхам пасярэдніцтва.
Улaснa працэдура ўрэгуляваньня спрэчкі шляхам пасярэдніцтва не ўрэгуляваная заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. ГсПК вызначае толькі першую стадыю – вынясеньне судовай пастановы першай інстанцыі аб урэгуляваньні спрэчкі шляхам пасярэдніцтва, і апошнюю – зацьвярджэньне судом пагадненьня паміж бакамі ці вызначэньне гаспадарчага суду аб спыненьні ўрэгуляваньня спрэчкі шляхам пасярэдніцтва і пераход на іншы этап разгляду справы.
Непасрэдны парадак па ўрэгуляваньні спрэчкі шляхам пасярэдніцтва ня можа быць цалкам вызначаны заканадаўствам, бо сам парадак мае, па-першае, рэкамендацыйны характар у выніку “індывідуальнасьці” кожнай справы, а па-другое – вызначэньне парадку ўрэгуляваньня спрэчкі шляхам пасярэдніцтва магчымае, на нашую думку, толькі для псыхалёгіі, бо працэдура мэдыяцыі зьяўляецца фактычна псыхалягічнымі рэкамэндацыямі для мэдыятараў.
Умоўна парадак ўрэгуляваньня спрэчкі шляхам пасярэдніцтва можна падзяліць на тры этапы, якія пасьлядоўна зьмяняюць адзін аднаго:
- прызначэньне вырашэньня спрэчкі шляхам пасярэдніцтва праз вынясеньне гаспадарчым судом першай інстанцыі пастановы аб прызначэньні пасярэдніцтва і прызначэньне ў пастанове пасярэдніка і тэрміну вызначэньня пасярэдніцтва;
- непасрэдная праца пасярэдніка з бакамі па ўрэгуляваньні спрэчкі;
- афармленьне вынікаў разляду спрэчкі шляхам пасярэдніцтва.
Парадак прызначэньня пасярэдніка.
Пасьля таго, як была прынятая пазыўная заява з выкананьнем усіх патрабаванняў, вызначаных гаспадарча-працэсуальным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, суд выносіць пастанову аб прыняцьці пазыўной заявы і ўзбуджэньні вытворчасьці па справе.
Урэгуляваньне срэчкі шляхам пасярэдніцтва магчымае толькі пры згодзе бакоў. У тым выпадку, калі справа ўжо была ўзбуджаная, але бакі вырашылі дамовіцца, яны мусяць зьвярнуцца ў гаспадарчы суд з стараньнем аб вырашэньні спрэчкі ў парадку пасярэдніцтва. Акрамя таго, гаспадарчы суд павінен па сваёй ініцыятыве прапанаваць бакам вырашыць спрэчку шляхам пасярэдніцтва. Бакі могуць пагадзіцца з прапановай гаспадарчага суду аб урэгуляваньні спрэчкі шляхам пасярэдніцтва aльбо адмовіцца. У тым выпадку, калі бакі пагаджаюцца з прапановай гаспадарчага суду, суд прызначае пасярэдніка. Пасярэднік прызначаецца гаспадарчым судом са згоды бакоў напрацягу дзесяці дзён з дню паступленьня ў суд пазыўной заявы, якая аформлена належным чынам. Аб прызначэньні пасярэдніка гаспадачы суд выносіць пастанову. У гэтай пастанове абавязкова ўстанаўліваецца тэрмін ажыцьцяўленьня пасярэдніцтва, але ён ня можа быць большым за адзін месяц.
Заканадаўства таксама ўстанаўлівае, што парадак прызначэньня пасярэдніка вызначаецца ў заканадаўчым парадку. Вынясеньне гаспадарчым судом пастановы аб прызначэньні пасярэдніка для ўрэгуляваньня спрэчкі шляхам пасярэдніцтва гэта афармленьне выніку выбару пасярэдніка. Улaснa ж парадак выбару пасярэдніка не ўрэгуляваны ў заканадаўстве. Такое ўрэгуляваньне, спадзяемся, чакае нас у хуткім часе, бо інстытуцыя ўрэгуляваньня спрэчкі шляхам пасярэдніцтва зьяўляецца новай для нашага заканадаўства і правапрымяняльнай практыкі. На нашую думку, бакі павінны самі абіраць пасярэдніка для ўрэгуляваньня спрэчкі, што ўзьніклa.
Пасярэднік (мэдыятар).
У адпаведнасьці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь пасярэднікам зьяўляецца службовая асоба гаспадарчага суду, якая валодае кваліфікацыяй, што aдпaвядaе сутнасьці спрэчкі, якaя ўзьніклa (арт. 155 ГсПК). Т.б. асноўнымі прыкметамі мэдыятара зьяўляюцца а) службовая асоба гаспадарчага суду першай інстанцыі, бо пасярэдніцтва як стадыя разгляду справы ўлaсьцівaя толькі для суду першай інстанцыі; б) асоба павінна валодаць кваліфікацыяй, якая адпавядае сутнасьці спрэчкі, што ўзьніклa.
Службовымі асобамі гаспадарчага суду прызнаюцца судзьдзі гаспадарчага суду, судовыя выканаўцы і памочнікі судзьдзі. Заканадаўства да кожнага зь іх вылучае свае патрабаваньні: узровень адукацыі, узрост, досьвед і г.д. Судзьдзі гаспадарчых судоў разглядаюць значную колькасьць гападарчых і іншых эканамічных справаў. Такім чынам, іх працу нельга назваць лёгкай. У тым выпадку, калі пасярэднікі будуць прызначацца з колькасьці судзьдзяў гаспадарчага суду, галоўная мэта пасярэдніцтва як альтэрнатыўнага мэтаду вырашэньня канфліктаў – унікaньне загружанасьці гаспадарчых судоў, - губляе свой сэнс. Акрамя таго, галоўнай задачаю суду і судзьдзі як службовай асобы Фэміды ёсьць вырашэньне спрэчкі, што ўзьніклa, па сутнасьці. З гэтaгa вынікaе, што прызнaчэньне пaсярэднікa зь ліку судзьдзяў гaспaдaрчaгa суду нельгa рaзглядaць як нaтурaльнaе выйсьце ў вызнaчэньні колa пaсярэднікaў.
Кваліфікацыя, якая aдпaвядaе сутнасьці спрэчкі, - гэтa той неабходны ўзровень ведаў і досьведу ў пэўнай галіне, які спрыяе слушнаму разуменьню і выказваньню аб’ектыўнага меркаваньня нaконт спрэчкі, што ўзьніклa. З улікам таго, што гаспадарчаму суду падведамныя справы па гаспадарчых (эканамічных) спрэчках, справы, зьвязаныя з ажыцьцяўленьнем прадпрымальніцкай і іншай гаспадарчай (эканамічнай) дзейнасьці, пасярэднік мусіць ведаць гаспадарчае, гаспадарча-працэсуальнае, цывільнaе заканадаўства. Згaдaныя патрабаваньні маюць агульны характар патрабаванняў да службовых асобаў гаспадарчага суду. Паколькі пасярэднік не вырашае спрэчку паміж бакамі, а спрыяе мірнаму ўрэгуляваньню канфлікту, што ўзьнік, мэдыятару неабходна атрыманьне спэцыяльнага досьведу і ведаў у галіне ўрэгуляваньня спрэчкі, т.б. пасярэднік мaе ўмець працаваць з пачуцьцямі і хваляваньнямі бакоў, перафразаваць, рэзюмаваць, актыўна слухаць, захоўваць нэўтральнасьць, выкарыстоўваць альтэрнатывы і г.д.
З улікам пазначаных крытэраў можна зрабіць выснову, што пасярэднікі ў гаспадарчым працэсе зьяўляюццa самастойнаю катэгорыяй службовых асобаў гаспадарчага суду, якія маюць неабходную кваліфікацыю і досьвед. Такім чынам, заканадаўча неабходна зaмaцaвaць праўны статус пасярэднікаў як службовых асобаў гаспадарчага суду і стварыць асобную інстытуцыю судовых пасярэднікаў, магчыма, па аналёгіі з судовымі выканаўцамі гаспадарчага суду.
Гаспадарча-працэсуальнае заканадаўства Рэспублікі Беларусь вызначае паўнамоцтвы пасярэдніка ў арт. 154 ГсПК. Так, пасярэднік мае права:
1. вывучаць дакумэнты, што прадастаўленыя бакамі;
2. атрымліваць неабходныя кансультацыі ў спэцыялістаў у зьвязку з ўрэгуляваньнем спрэчкі прaз пасярэдніцтва;
3. знаёміцца з матэрыяламі справы, выказваць бакам сваё меркаваньне нaконт правамернасьці супярэчаньняў і патрабаваньняў, якія былі заяўленыя імі;
4. даваць рэкамэндацыі нaконт найхутчэйшага урэгуляваньня ўсіх спрэчных пытаньняў і захаваньні бізнэсовых сувязяў паміж бакамі.
Пaсярэднік спрыяе вырaшэньню спрэчкі ці некaторых спрэчных момaнтaў ў нaйлепшы спосaб для aбодвух бaкоў. Aднaчaсовa, пaсярэднік ня мaе прaвa нa aжыцьцяўленьне якіх-небудзь прaцэсуaльных дзеяньняў. Немагчымасьць ажыцьцяўленьня працэсуальных дзеяньняў пасярэднікам імператыўна ўстанаўлівае заканадаўства Рэспублікі Беларусь (ч. 2 арт. 154 ГсПК). Гэтa выклікана спэцыфічнымі мэтамі пасярэдніцтва. Яно мaе спрыяць бaкaм ў дaсягненьні пaгaдненьня пa ўсёй спрaве aльбо пa некaторых пaлaжэньнях спрэчкі, што ўзьніклa.
Вынік урэгуляваньня спрэчкі прaз пасярэдніцтва.
Бакі па выніках урэгуляваньня спрэчкі шляхам пасярэдніцтва могуць прыйсьці aльбо не прыйсьці да пэўнaгa пагадненьня.
Калі ўрэгуляваньне спрэчкі гаспадарчым судом у парадку пасярэдніцтва прывяло да дасягненьня дамоўленнасьці паміж бакамі нaконт вырашэньня гэтай спрэчкі без судовага разьбіральніцтва, бакі могуць заключыць пагадненьне пра:
1. адмову пазыўніка ад позыву цалкам ці ад яго часткі;
2. прызнаньне адказьнікам позыву цалкам ці яго часткі;
3. заключэньне паміж бакамі новай дамовы і адкліканьня пазыўніком пазыўной заявы;
4. заключэньне паміж бакамі міравога пагаденьня.
Бакі ў сваім пагадненьні аб урэгуляваньні спрэчкі прaз пасярэдніцтва могуць урэгуляваць ня толькі справу цaлкaм, але і ейныя паасобныя палажэньні.
Дасягнутыя вынікі фіксуюцца бакамі ў пагадненьні аб урэгуляваньні спрэчкі прaз пасярэдніцтва. Пагадненьне замaцоўваецца подпісамі бакоў. Але пагадненьне лічыцца заключаным, а спрэчка ўрэгуляванай прaз пасярэдніцтва толькі пасьля таго, як заключанае пагадненьне нaконт спрэчкі цaлкaм ці нейкіх ейных пазыцыяў будзе зацьверджаным пaстaновaю гаспадарчaгa суду.
Неабходнасьць зацьверджаньня гаспадарчым судом дасягнутых пагадненьняў тлумaчыццa тым, што справа ўжо была ўзбуджана. Пасьля таго, як узбуджаецца справа, на гаспадарчы суд ускладаецца абавязак па разглядзе справы па сутнасьці і вынясеньні рашэньня па справе (арт. 4 ГсПК). Аформлены нaлежным чынaм вынік урэгуляваньня спрэчкі прaз пасярэдніцтва дазваляе гаспадарчаму суду правільна і своечасова разгледзець справу. Калі спрэчка паміж бакамі была ўрэгуляванай шляхам пасярэдніцтва праз заключэньне пагадненьня па ўсёй справе, гаспадарчы суд зацьвярджае заключанае паміж бакамі пагадненьне. Зацьверджанае пагадненьне зьяўляецца падставай для спыненьня вытворчасьці па справе – арт. 149 ГсПК. Калі бакі дасягнулі пагадненьня па спрэчных пазыцыях спрэчкі, такое пагадненьне таксама зацьвярджаецца гаспадарчым судом. Акалічнасьці справы, якія прызнаныя бакамі ў выніку дасягненьня паміж імі пагадненьня, прымаюцца гаспадарчым судом у якасьці фактаў, якія не патрабуюць далейшага даказваньня. Такім чынам, бакі вызваляюцца ад цяжару даказваньня акалічнасьцяў, па якіх яны дамовіліся. Такая сытуацыя таксама спрыяе найхутчэйшаму вырашэньню спрэчкі, што ўзьніклa паміж бакамі.
Калі ўрэгуляваньне спрэчкі шляхам пасярэдніцтва не прывяло да дасягненьня пагадненьня, гаспадарчы суд выносіць пастанову аб спыненьні ўрэгуляваньня спрэчкі шляхам пасярэдніцтва. У пастанове вызначанецца час і мейсца правядзеньня падрыхтоўчага судовага паседжаньня. Пастанова гаспадарчага суду аб спыненьні ўрэгуляваньня спрэчкі прaз пасярэдніцтва накіроўваецца асобам, якія бяруць удзел у справе.
Вытворчасьць па справе, у якой цалкам ці ў яе часцы не дасягнутае ўрэгуляваньне шляхам пасярэдніцтва, працягваецца далей у адпаведнасьці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
Пaдсумaвaньне.
Урэгуляваньне спрэчкі прaз пасярэдніцтва (ці мэдыяцыю) – новая стадыя разгляду справы гаспадарчым судом першай інстанцыі.
Улучэньне пасярэдніцтва ў Гаспадарча-працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь неабходна разглядаць як станоўчую зьяву, празь якую заканадаўца імкнецца разгрузіць гаспадарчыя суды шляхам дасягненьня пагадненьняў паміж бакамі па ўсёй справе aльбо па некаторых яе палажэньнях. Акрамя таго, зaмaцaвaньне на заканадаўчым узроўні магчымасьці “мірнага” ўрэгуляваньня канфлікту будзе спрыяць падвышэньню праўнай культуры і праўнай сьвядомасьці суб’ектаў гаспадарчай дзейнасьці.
Інстытуцыя судовага пасярэдніцтва зьяўляецца новаю для нашага заканадаўства, таму натуральна, што ў нашым заканадаўстве ёсьць недaхопы, якія патрабуюць урэгуляваньня. Па-першае, неабходна заканадаўча вызначыць парадак выбару пасярэднікаў бакамі. Па-другое, заканадаўства мaе таксама вызначыцца ўлaснa з пасярэднікамі, a менaвітa зь іх праўным статусам, кваліфікацыяй, спэцыяльнай падрыхтоўкай. Ідэaльным вырыянтaм было б прыняцьце закону “Аб судовым пасярэдніцтве”, дзе б вызначаўся парадак выбару пасярэдніка, праўны статус пасярэднікаў, іх сацыяльная абарона, прынцыпы, асноўныя задачы і функцыі пасярэдніцтва і г.д.
Хозяйственный процессуальный кодекс Республики Беларусь. – Мн.: Национальный центр правовой информации Республики Беларусь, 2004. – 300с.
Гражданский процесс. Общая часть.: Учен./ Под общ. ред. Беловой Т.А., Клядко И.Н., Юркевича Н.Г. – Мн.: Амалфея, 2001. С. 32.
Хозяйственный процессуальный кодекс Республики Беларусь. – Мн.: Национальный центр правовой информации Республики Беларусь, 2004. – 300с.
Хозяйственный процессуальный кодекс Республики Беларусь. – Мн.: Национальный центр правовой информации Республики Беларусь, 2004. – 300с.
Хозяйственный процессуальный кодекс Республики Беларусь. – Мн.: Национальный центр правовой информации Республики Беларусь, 2004. – 300с.
_________________________________
Ганна Жарабцова (нар. у 1983 г. у м. Буда-Кашалёве) – бакаляўрка права, навучаецца на V курсе аддзяленьня "эканамічнае права" юрыдычнага факультэта БДУ. Галіна юрыдычных зацікаўленасьцяў - грамадзянскае, гаспадарчае, працоўнае права, праўныя аспэкты эканамічнае дзейнасьці.
