 |
 |
 |
 |
 Беларускі on-line часопіс юрыстаў і палітолягаў
 |
 |
 |
 |
 |
 |
|
|
 |
| пошук |
 |
 |
 |
 |
 |
 |
 |
|
|
 |
 |
 |
 |
 |
 |
 |
 |
 |
|
|
 |
 |
 |
|
| Пн |
Аў |
Ср |
Чц |
Пт |
Сб |
Нд |
| 1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | | 8 | 9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | | 15 | 16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | | 22 | 23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | | 29 | 30 | | | | | |
|
 |
 |
 |
| новае на форуме |
 |
 |
 |





|
 |
 |
 |
| юрыдычная кансультацыя |
 |
 |
 |





|
 |
 |
 |
 |
|
 |
 |
 |
|
 |
|
|
|
 |
 |
 |
Інтэрвію |
 |
 |
 |
 |
Доктар Дзювэль: Беларусь ператворыцца ў краіну іміграцыі
| Кірыл Касьцян | 19.1.2005
|
 |
 |
 |
Доктар Дзювэль: Беларусь ператворыцца ў краіну іміграцыі
гутарыў Кірыл Касьцян
Мы ўсе зьяўляемся сьведкамі імклівага бегу глябалізацыі. Сьвет зрабіўся больш узаемазьвязаным і ўзаемазалежным, чым калі. Адной з асноўных асаблівасьцяў глябалізацыі зьяўляецца рост мабільнасьці насельніцтва, што знаходзіць сваё адлюстраваньне ў працэсох міграцыі. Вы ўжо зь цяжкасьцю можаце сабе ўявіць сучаснае грамадзтва ў любой эўрапейскай краіне без мігрантаў, чыя колькасьць павялічваецца, як з эканамічных, так і дэмаграфічных прычынаў. Што азначае міграцыя для грамадзтва прымаючай краіны? Што прыносяць мігранты ў краіны іміграцыі? Сучасныя эўрапейскія гарады непрапарцыйна шмат церпяць ад сацыяльнага адлучэньня (exclusion) – як сярод тубыльнага насельнiцтва, так і сярод імігрантаў. Добра ўладкаванае імігранцкае насельніцтва ўзбагачае гаспадарчае і грамадзкае жыцьцё прымаючых іх гарадоў – задача ж палягае ў тым, каб дапамагчы новапрыбылым імігрантом і незаможным тубыльцом ісьці менавіта па гэтым шляху, унікаючы маргіналізацыі, палітычнай і рэлігійнай радыкалізацыі і стварэньня гета. Ці магчыма вынайсьці неабходныя захады і верагодныя шляхі вырашэньня праблемы імігрантаў у цяперашняй сытуацыі, не забываючыся адначасова на патрэбу забесьпячэньня імклівага самапрыстасаваньня да сусьветнай эканомікі і канкурэнтаздольнасьці ў яе рамках?
Мы папрасілі доктара Франка Дзювэля (Dr. phil. Franck Düvell), вядомага сацыёляга, што спэцыялізуецца на пытаньнях міграцыі, выказаць сваё меркаваньне што да памераў міграцыі ды праблемаў мігрантаў у сучасным эўрапейскім грамадзтве і ва ўсім сьвеце. Д-р Франк Дзювэль (нарадзіўся ў 1961) выкладае ва ўнівэрсытэце Брэмену (Нямеччына) і займаецца дасьледніцкай дзейнасьцю пры ўнівэрсытэце Экстэру. Яго дасьледаваньні прысьвечаныя шырокаму спэктру пытаньняў, што датычацца міграцыі: нелегальная міграцыя, працоўная міграцыя, палітыка наданьня прытулку (ЭЗ, Нямеччына, Вялікая Брытанія), сацыяльныя рухі ў асяродку мігрантаў, прафсаюзы і міграцыя, працоўны рынак і сацыяльная палітыка, сацыяльная работа з мігрантамі і ўцекачамі, расізм, дыскрымінацыя. У дадатак да сваёй акадэмічнай дзейнасьці д-р Дзювэль быў і зьяўляецца чальцом шэрагу арганізацыяў і грамдзкіх ініцыятываў: Picum, MediNetz, Antirassismusbüro Bremen, Rosa-Luxemburg-Initiative, a таксама супрацоўнічае з часопісам “Statewatch”.
– Спадар Франк, мы сапраўды радыя, што Вы прынялі нашую прапанову даць інтэрвію дзеля нашага часопісу. Mая каляжанка Вольга Мартыненка пераклала Ваш артыкул "Глябалізацыя кантролю за міграцыяй" (што быў зьмешчаны на no-racism.net), што падсумоўвае Вашыя высновы, зробленыя на аснове дасьледаваньня "Die Globalisierung des Migrationsregimes. Materialien fur einen Neuen Antiimperialismus 7". Мы мелі на мэце вынесьці на абмеркаваньне ў нашай краіне асьветленыя Вамі праблемы. Зараз жа мы радыя мець магчымасьць задаць Вам некалькі пытаньняў.
У Беларусі пакуль не адбываецца абмеркаваньня імпэрыялістычнай міграцыйнай палітыкі, праводжанай ЭЗ, дарма што нашая краіна перш за ўсё як “краіна транзыту” акурат і зьяўляецца аб’ектам гэтае палітыкі, а нашая дзяржава занятая рэалізацыяй падтрымліваных ЭЗ і Mіжнароднай арганізацыяй па праблемах міграцыі (МАМ) праграмаў па барацьбе зь нелегальнай міграцыяй і гандлем людзьмі. Больш за тое, суседнія з намі краіны прыцягваюць большую ўвагу дасьледнікаў. Напрыклад, “Forschungsgesellschaft Flucht und Migration” апублікавала матэрыялы, што датычацца Польшчы і Ўкраіны. Ці можаце Вы згадаць пра дасьледаваньні, прысьвечаныя сытуацыі з імігрантамі/уцекачамі ў/зь Беларусі і наступствамі ўзмацненьня памежнага рэжыму ЭЗ ды ўвядзеньнем абмежаваньняў для імігрантаў і ўцекачоў з нашае краіны і Ўсходняй Эўропы наагул?
Франк Дзювэль: На жаль, мне не вядомыя дасьледаваньні па становішчы ў Беларусі. Прычына палягае ў наступным: цэнтар дасьледніцкае ўвагі быў накіраваны на краіны, што ўвайшлі ў ЭЗ, і якія ўважаліся т.зв. буфэрнымі краінамі. Пасьля іх далучэньня да ЭЗ буфэрнымі сталіся Беларусь, Украіна, Турэччына. Эўрапейскія дасьледаваньні ў галіне міграцыі выяўляюць найбольшую цікавасьць да таго, што робіцца ў Эўразьвязе. На транзытную міграцыю надта не зважаюць. Я ўпэўнены, што разам з пашырэньнем ЭЗ на Ўсход адпаведную ўвагу пачнуць атрымліваць Беларусь, Украіна, Турэччына, міжземнаморскія краіны, такія як Марока.
Зь іншага боку, імігранты з Беларусі далёка ня ёсьць суб’ектам дасьледаваньняў. Няма аніякіх беларускіх дасьледаваньняў у ЭЗ. Крыху дасьледуецца ўкраінская сытуацыя, гэта ажыцьцяўляецца брытанскім Trade Union. Беларуская нелегальная іміграцыя згадвалася ў брусэльскім дасьледаваньні працоўных умоваў польскіх мігрантаў. Там было адзначана, што традыцыйна польскія мігранты атрымліваюць больш высокія заробкі, чым мігранты з Беларусі, Украіны ці Расійскае Фэдэрацыі.
Адна з прычынаў адсутнасьці дасьледаваньняў – гэта палітычныя меркаваньні. Проста існуюць цяжкасьці ў кантактох зь людзьмі зь Беларусі, цяжкасьці на шляху свабоднай дыскусіі наконт сытуацыі. Людзі надзвычай моцна занятыя праблемамі сваёй уласнай краіны.
Я сам крыху займаўся практычна гэтым пытаньнем. Мы ажыцьцяўлялі мізэрнае па маштабох дасьледаваньне ва ўсходніх вобласьцях Польшчы, на беларуска-польскай мяжы каля Горадні, каб высьветліць, якім чынам новы памежны рэжым адбіваецца на мясцовым насельніцтве. Мы размаўлялі з палякамі і беларусамі, якія стаялі ў чэргах на польскім боку мяжы. Палякі казалі нам пра балючасьць новага рэжыму. Ён перарэзаў асабістыя стасункі, ён перарэзаў сямейныя повязі, а таксама гандлёвыя ўзаеміны. Але цяпер палякі трацяць сваіх пакупнікоў на ўсходзе, а беларусы губляюць свае рынкі. Яны мелі карысьць з продажу перадусім сельскагаспадарчых тавараў на польскім рынку; аднак цяперашняе сямігадзіннае чаканьне на мяжы проста сапсуе гэткія тавары. Такім чынам, гэтыя людзі адчулі на сабе адмоўнае ўзьдзеяньне ўвядзеньня новага памежнага рэжыму.
Беларусь ператворыцца ў краіну іміграцыі, падобна Турэччыне і Ўкраіне. Гэтыя дзяржавы ўжо даўно ня проста краіны транзыту. Miгранты затрымліваюцца там, ня могучы рухацца на захад. Межы кантралююцца ўсё лепей, а кошты перавозчыкаў-кантрабандыстаў за перавод праз мяжу растуць. Такім чынам, мігрантам даводзіцца зарабляць. У Турэччыне каб знайсьці неабходныя сродкі патрабуецца ад 3 да 5 гадоў, пaсьля чаго гэтыя мігранты звычайна накіроўваюцца на захад. Я магу дапусьціць альбо прадбачыць паўставаньне падобнае сытуацыі ў Беларусі.
– Ці можна казаць пра тое, што расісцкія і ксэнафобскія погляды (і, адпаведна, скрайне правыя партыі) ў Эўропе сёньня больш папулярныя, чым дзесяць год таму? І што можна сказаць наконт прычынаў гэтае сытуацыі?
Франк Дзювэль: Я ня пэўны, што гэта сапраўды так. Па-першае, расізм гэта ня толькі праварадыкальныя партыі ды гвалт на вуліцах. Расізм моцна зьнітаваны з палітыкай ды заканадаўствам.
Па-другое, трэба асобна разглядаць кожную эўрапейскую краіну. У Італіі ці Гішпаніі расізму не было, бо раней там ня так шмат мігрантаў.
У Вялікай Брытаніі быў расізм у 60-70-ых гг. XX cт., але ў 80-ых з прыняцьцем дзейснага антыдыскрымінацыйнага заканадаўства, што ўважае расізм злачынствам, сытуацыя істотна зьмянілася.
У Нямеччыне заўжды быў расізм, які пастаянна зьмяняў сваё аблічча. На палітычным узроўні правы імігрантаў надта абмежаваныя, і іхнае сацыяльнае адлучэньне замацаванае заканадаўча (legally excluded). На вуліцах да мігрантаў стала чапляюцца паліцыянты, у штодзённым жыцьці чыняць гвалт нэанацыстыя. Існуюць тры абліччы расізму. Расізм заўжды быў тут, і пытаньне ня ў тым, у якой ступені, а ў тым, якое аблічча ён прымае.
Па-трэцяе, пытаньне глябалізацыі. У працэсе глябалізацыі мы маем тых, хто выйграў і хто прайграў, і прайграўшыя будуць па абодва бакі мяжы. Мы пабачым бедных, беспрацоўе і незаможныя сем’і ў Эўразьвязе гэтаксама, як мы ўбачым іх у краінах другога і трэцяга сьвету. Глябалізацыя зьмяшчае людзей ва ўмовы канкурэнцыі, спаборніцтва. A кожнае спаборніцтва мае сваіх пераможцаў і прайграўшых. Гэтае спаборніцтва асабліва жорстка б’е па ніжэйшых слаёх грамадзтва. Людзі на Ўсходзе ды на Захадзе змагаюцца за працоўныя мейсцы і жытло. Працоўныя мейсцы перамяшчаюцца, людзі перасоўваюцца ўсьлед за імі, туды, дзе яны ёсьць, і такое спаборніцтва спрычыняецца да паўстаньня складанага становішча. Гэта адна з падстваў ўзьнікненьня ксэнафобіі.
Людзі на Захадзе, абапіраючыся на нацыяналізм і ксэнафобію, імкнуцца абараніцца ня толькі ад мігрантаў, але ад спаборнікаў у гэтай канкурэнцыі. Існуе гэтаксама напружанасьць паміж мабільным і аселым (немабільным) насельніцтвам. То бок паміж тымі, хто можа і ня можа міграваць. Гэтыя прадстаўнікі аселага насельніцтва ня могуць пеасяляцца з-за сваіх сем’яў, жытлаў альбо проста адсутнасьці транспартных магчымасьцяў. Напружаныя стасункі паміж гэтымі групамі людзей стварае ксэнафобію і расізм. Гэта ўжо не традыцыйны расізм і ксэнафобія 60-х; гэта расізм на варунках глябалізацыі, росту міграцыі і мабільнасьці.
– Пасьля падзеяў 11 верасьня стала выразна бачна, што Эўропа ператварылася ў прытулак для многіх ісламскіх экстрэмістаў. Ці сапраўды іслам уяўляе зь сябе нейкую пагрозу для Эўропы?
Франк Дзювэль: Па-першае, ня варта забывацца на тое, што такія злачынствы ўчыняюцца мізэрнай колькасьцю людзей. Ня варта нават раўняць паміж сабой ісламізм, якім бы радыкальным ён ня бяў, і тэрарыстаў. Не заўжды той, хто прамаўляе радыкальныя казані зьяўляецца тэрарыстам.
Па-другое, Эўропа церпіць ад тэрарызму з 1960-ых гг – ад баскаў ў Гішпаніі, IРA ў Паўночнай Ірляндыі, левых тэрарыстаў у Нямеччыне, Францыі, Iталіі. Зноў жа мы маем вялізны па маштабох рух левых радыкалаў. Аднак яны друкуюць артыкулы, распаўсюджваюць улёткі і г.д, але надта мала хто зь іх сапраўды становіцца тэрарыстам.
Па-трэцяе, мусульмане ў ЭЗ зьўляеюцца маргіналізаванай групай, што церпіць ад высокага беспрацоўя, кепскіх жыльлёвых умоваў і нізкай адукацыі. Брытанскія дасьледаваньні паказалі, што гэтая праблема мае клясавы характар. Яны ня толькі мусульмане, але і прадстаўнікі ніжэйшых слаёў грамадзтва альбо працоўнае клясы. Калі вы зірнеце на палітычныя пытаньні, высоўваныя ісламізмам, то пабачыце там такія пункты, як дасягненьне свабоды ад дыскрымінацыі ды расізму, права на працаўладкаваньне і атрыманьне адукацыі.
Урэшце, рэчаіснасьць паказала тое, што большасьць людзей, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычных злачынстваў, трапілі ў ЭЗ на законных падставах і былі няблага інтэграваныя ў грамадзтва (напрыклад, зьяўляючыся студэнтамі); яны не мелі дачыненьня да нелегальнай міграцыі. То бок, нелегальная іміграцыя ня мае такога цеснага дачыненьня да пытаньня бясьпекі.
– Апошнія праблемы, што ўзьніклі -- у Нідэрляндох у зьвязку з забойствам кінарэжысэра Ван Гога, і забаронай Vlaams Blok-у ў Бэльгіі ўзьніклі незалежна адна ад адной, але адначасова зьвязаныя міжсобку. Як Эўропа здолее вырашыць дылему папярэджаньня таго, каб імігранты не разглядаліся пэўнымі партыямі як “ахвярны казёл”, ды неабходнасьці барацьбы супраць тэрарызму й фундамэнталізму?
Франк Дзювэль: Я магу цягам колькіх дзён прамаўляць на гэты конт. Перш за ўсё, пытаньне палягае ў тых вобразах, якімі Вы карыстаецеся.
У Нямеччыне мы можам казаць пра тры стэрэатыпныя вобразы імігрантаў:
1) Пяцідзесяцігадовыя прадстаўнікі традыйнае турэцкае культуры, што жывуць у Нямеччыне па трыццаць гадоў дый аніводнага слова не разумеюць па-нямецку. Яны прадстаўляюць традыцыйнае анаталійскае грамадзтва 1960-ых гг. з уласьцівымі яму каштоўнасьцямі і традыцыямі.
2) Шукальнік прытулку. Ён прыехаў, каб тое-сёе атрымаць: прытулак і жытло. Ён уяўляецца як жабрак ды дадатковы цяжар для грамадзтва.
3 ) Нелегальны імігрант, што выконвае брудную нізкааплатную працу ды ня мае права тут знаходзіцца.
Гэтыя тры асноўныя вобразы, зь якімі мы сутыкаемся, канцэнтруюць нашую ўвагу на нэгатыўных аспэктах міграцыі. Калі людзкое ўяўленьне засяроджанае на падобных вобразох, у розумах людзей ствараецца неспрыяльнае стаўленьне ў дачыненьні мігрантаў.
Але вы гэтаксама пасьпяхова можаце стварыць вобразы тысячаў квітнеючых турэцкіх бізнэсоўцаў, міжнародных мэнэджэраў ці экспэртаў па інфармацыйных тэхналёгіях, альбо ўцекачоў, што стварылі сем’і ў Нямеччыне, якія аселі і цудоўна выконваюць сваю працу. На ўсіх узроўнях –найвышэйшым, высокім, і сярэднім – можна адшукаць мноства прыкладаў посьпеху, але пра іх узгадваць вельмі рэдка.
Пасьпяховае вырашэньне пытаньня перафармаваньня вобразаў сродкамі масавай інфармацыі і палітыкамі станоўча паўплывае на зьмяненьне грамадзкай думкі ў гэтай галіне.
Навукова даказана, што ў Нямеччыне, Гішпаніі, Вялікай Брытаніі ды ЗША іміграцыя зрабіла добры ўплыў на эканоміку. Яна сапраўды станоўча адбілася на паказьнікох ВУП і паступленьнях ад падаткаабкладаньня, і гэта аб’ектыўны доказ. Часьцяком сьцьвярджаюць, што імігранты забіраюць працоўныя мейсцы. Але неабходна зьвярнуць грамадзкую ўвагу натое, што слушна адваротнае: імігранты ствараюць больш працоўных мейсцаў, чым забіраюць. У Вялікай Брытаніі 100 iмігрантаў ствараюць 120 працоўных мейсцаў, г.зн. на 20 мейсцаў больш сваёй колькасьці.
Я хачу адзначыць, што мы папвінны перагледзець нашае стаўленьне да міграцыі. Мэдыям ды палітыкам варта падкрэсьліваць станоўчы уплыў міграцыі на грамадзтва, што згачна дапаможа перафармаваць грамадзкую думку.
Такім чынам, калі мы хочам жыць у задзіночаным сьвеце, які падзяляе агульныя мэты й каштоўнасьці, як то свабода і эканамічны росквіт, то мы мусім прызнаць, што глябалізацыі без мігрантаў не бывае. Мы павінны прыняць, што людзі рухаюцца ва ўсім сьвеце і маюць на гэта поўнае права.
– Ці не маглі б Вы згадаць, наколькі старой зьяўляецца ўсё больш моцная сёньня тэндэнцыя прадстаўляць імігрантаў і нелегальных работнікаў у якасьці пагрозы для нацыянальнай бясьпекі і эканомікі і, адпаведна, наколькі доўгай ёсьць гісторыі падтрымкі імігрантаў сярод нямецкага грамадзтва?
Франк Дзювэль: Першай ксэнафобскай палітыкай у гісторыі была антыкітайская палітыка ў ЗША і Канадзе ў 1880-ых гг. У 1880-ых антыпольская ксэнафобія ўсчалася ў Нямецкай імпэрыі. У 1905 г. антыгэбрайскае заканадаўства было прынятае ў Брытанскай імпэрыі. Гэтая тэндэнцыя працягнулася і далей.
Ксэнафобія і варожасьць у дачыненьні імігрантаў ў сваёй аснове зьвязаная з канцэпцыяй сучаснай нацыянальнай дзяржавы, росквіт якой прыпадае на 1850-1920-ыя гг. Пасьля Першай усясьветнай вайны ўсе эўрапейскія імпэрыі трансфармаваліся ў сучасныя нацыянальныя дзяржавы (СНДз). Часткай канцэпцыі СНДз зьяўляецца ідэя нацыянальнага грамадзянства (national citizenship). А там дзе ёсьць грамадзяне, ёсьць і не-грамадзяне.
Далей. Варожасьць у дачыненьні мігрантаў збольшага зьвязаная з эканамічным разьвіцьцём. У 1950-60-ыя гг, калі Эўропе былі патрэбныя мігранты дзеля адбудовы зруйнаванага кантынэнту, варожасьці не было. Сёньняшняя іміграцыйная палітыка, што існуе з 1973 г., сталася вынікам эканамічнага спаду.
Што датычыцца руху ў абарону імігрантаў, накшталт ініцыятывы “Kein Mensch ist illegal” і г.д., дык арганізацыі ў падтрымку імігрантаў існуюць з 1960-ых гг., а рэальную сілу яны набралі на пачатку 1980-ых гг. Насамрэч, нямецкія прафсаюзы, левыя партыі і абаронцы правоў чалавека карэнным чынам зьмянілі сваё ранейшае стаўленьне (што палягала ў ігнараваньні і пагарджаньні мігрантамі) толькі гадоў пятнаццаць таму.
Але імігранцкія самапомачы ды антыдыскрымінацыйныя кампаніі існавалі паўсюдна ў Эўропе зь першых дзён зьяўленьня імігрантаў.
– Цяжка дасягнуць справядлівасьці ва ўсім сьвеце (ня толькі ў пытаньні іміграцыі), без глабальных і радыкальных пераўтварэньняў усясьветнага парадку. Але, на Вашую думку, якія неабходныя захады варта ажыцьцявіць ды ў якім напрамку рухацца дзеля вырашэньня праблемы імігрантаў і межаў у рамках сёньняшняга стану справаў?
Франк Дзювэль: Гэта пытаньне будучыні нашага сьвету, так бы мовіць! Трэба разгледзець тры асноўныя пункты. Гэта:
- Палітычная інтэграцыя.
- Глябальнае разьмеркаваньне багацьця і даходаў.
- Устойлівая мэтадалёгія палітыка-тварэньня.
Я сьцісла выкажуся наконт кожнага зь іх.
1. Палітычная інтэграцыя. Дзеля вырашэньня праблемы інтэграцыі трансгранічных мігрантаў гэты мэханізм, на маю думку, зьяўляецца вельмі шматабяцальным. Возьмем прыклад Эўропы і паглядзім на мяне, як на іншаземца ў Італіі прыкладна сорак гадоў таму з усёй адпаведнай бюракратычнай лухтой (візамі, відамі на жыхарства і г.д.). Зараз я магу вольна прыехаць куды заўгодна, каб працаваць і жыць, бо мы ўсе сталі эўрапейцамі. Праз палітычную інтэграцыю “міграцыя” ператвараецца ў “мабільнасьць” і больш не складае аніякай праблемы.
Красамоўны прыклад – палякі. Колькі дзесяцігоддзяў таму палякі ўспрымаліся ў выглядзе нелегальных мігрантаў, але зараз яны разглядаюцца як проста міжнародна мібільныя эўрапейцы. Мы бачым, што падобны палітычны прагрэс адбываецца таксама ў Aмэрыцы, Паўднёва-Ўсходняй Азіі, некаторых частках Aфрыкі.
Я ня думаю, што палітычная інтэграцыя спыніцца. Тэарэтычна яна можа працягвацца пакуль не аб’яднаецца ўвесь сьвет. Гэта будзе глябальная мабільнасьць.
2. Агульнапрызнана (у тым ліку, нават Сусьветным банкам), што сытуацыя зб існаваньнем заможнае Поўначы і беднага Поўдня ёсьць праявай несправядлівасьці. Ёсьць важныя прычыны і падставы, каб паразважаць над дасягненьнем мінімальнага глябальнага даходу, даходу грамадзянаў і сыстэмай пераразьмеркаваньня. Пераразьмеркаваньне паміж больш заможнымі і больш беднымі краінамі, што сёньня ажыцьцяўляецца ў Эўразьвязе, у далёкай будучыні магло б быць пашыраным на ўвесь сьвет.
3. Устойлівая мэтадалёгія распрацоўкі палітыкі. За сталом, дзе прымаюцца рашэньні, павінны быць прадстаўленыя ўсе бакі, якіх закранае гэтая сацыяльная праблема. Калі рашэньне прымаецца толькі аднім бокам, дык астатнія будуць ў гэтым рашэньні дыскрымінаваныя, незаўважаныя і пастаўленыя ў невыгоднае становішча. Каб пераадолець гэтую складанасьць усе бакі – бізнэс, прафсаюзы, арганізацыі мігрантаў і беспрацоўных і г.д. павінны зьбірацца і выпрацоўваць рашэньне, прымальнае для ўсіх.
– На маю думку, найлепшым інструмэнтам супраць ператварэньня імігрантаў у ахвяраў (victimization) зьяўляецца іх уласная палітычная актыўнасьць (вядома, салідарнасьць зь іх змаганьнем – рэч неабходная, але палітычныя рухі імігрантаў і салідарнасьці зь імі павінны працаваць разам, як роўныя партнэры)...
Франк Дзювэль: Я ўжо казаў наконт ператварэньня імігрантаў у ахвяраў. Часам дастаткова толькі асьвятліць перад грамадзкасьцю той станоўчы ўплыў, што яны ажыцьцяўляюць на нашыя краіны. Арганізацыі падтрымкі імігрантаў павінны разглядаць мігрантаў ня толькі як просьбітаў дапамогі, якую яны прапануюць. Ня толькі мігрантам патрэбная дапамога, але і нам дзеля дасягненьня посьпеху неабходныя мігранты. У некаторых краінах гэты рух зьяўляецца ўжо дастаткова моцным, як, напрыклад, рух чарнаскурых і імігрантаў з азіяцкіх краінаў у Вялікай Брытаніі, альбо рух у падтрымку імігрантаў, што ня маюць дакумэнтаў, Sans-Papiers, у Францыі.
– Вы ўдзельнічалі і ўдзельнічаеце ў шэрагу арганізацыяў і ініцыятываў (Picum, MediNetz, Antirassismusbüro Bremen, Rosa-Luxemburg-Initiative, Statewatch), што займаюцца праблемай іміграцыі. Ці не пагадзіліся б Вы коратка апісаць іх дзейнасьць? Ці лёгка ў нямецкіх унівэрсытэтох спалучаць палітычную і акадэмічную дзейнасьць?
Франк Дзювэль: Antirassismusbüro Bremen – гэта мясцовая ініцыятыва, прысьвечаная абароне сацыяльных і палітычных правоў перш за ўсё шукальнікаў прытулку ў Брэмене. MediNetz таксама мясцовая арганізацыя, што забясьпечвае мэдычную падтрымку для нелегальных імігрантаў. Picum - гэта разьмешчаная ў Брусэлі эўрапейская міжнародная няўрадавая арганізацыя, што займаецца праблемамі сацыяльнага і юрыдычнага становішча нелегальных імігрантаў у краінах Эўразьвязу. Яна ператвараецца ў адпаведнік Рады ЭЗ па пытаньнях уцекачоў (ECRE), але ў дачыненьні да нелегальнае іміграцыі. Rosa-Luxemburg-Initiative – гэта нацыянальная рамачная структура адукацыйных і самаадукацыйных ініцыятываў, накіраваных на вырашэньне цэлага шэрагу сацыяльных і палітычных праблемаў. Statewatch – гэта разьмешчаны ў Лёндане эўрапейскі часопіс, прасьвечаны крытычнаму разгляду палітыкі ЭЗ з пункту гледжаньня дэмакратыі, абароны правоў чалавека і правоў імігрантаў.
Што датычыцца апошняга пытаньня, дык такое спалучэньне служыць крыніцай натхненьня дзеля кожнага з абодвух відаў дзейнасьці, спрыяючы іх большай плённасьці. Як навукоўца я абавязаны адсочваць рухі, асаблівасьці і працэсы рэальнага жыцьця. З акадэмічнага пункту гледжаньня перакрыжаваныя (cross-road) віды дзейнасьці могуць разглядацца як форма такога адсочваньня. Усё што я раблю, неадкладна ўключаецца ў мае акадэмічныя дасьледаваньні. Я не магу ажыцьцяўляць дасьледаваньні, не знаходзячыся ў кантакце з тымі, пра каго я пішу. Калі я пішу, я адчуваю абавязаньне, я павінен быць ўпэўненым, што мае працы ім дапамогуць. Гэта мой погляд наконт прафэсыйнае этыкі, як сацыёляга міграцыі.
Дзякуем і спадзяемся на плённую супрацу.
Пытаньні для інтэрвію склалі Кірыл Касьцян ды Вольга Мартынека.
З ангельскай пераклаў Сяргей Богдан.

|
 |
 |
|
|