Асаблівае права кіраваньня капіталам, атрымаўшае назву “залатая акцыя”, стала шырока ўжывацца ў 80-х гадох мінулага стагоддзьдзя, калі ўрад Маргарэт Тэтчэр паспяхова ажыцьцяўляў праграму прыватызацыі.
Прыклад выявіўся прывабным, і з таго часу ў многіх дзяржавах, асабліва з пераходнай эканомікай, пачалі выкарыстоўваць “залатую акцыю”, пад якой разумеліся спэцыяльныя правы ўраду краіны па кіраваньні прыватызаванымі прадпрыемствамі, якія выкарыстоўваюцца з мэтай абароны нацыянальных і грамадзкіх інтарэсаў.
Выкарыстаньне “залатой акцыі” ў Эўропе не абмяжоўваецца толькі сфэрай кіраваньня дзяржаўнай маёмасьцю. Часам пры продажы кампаніі ў дамову ўпісваўся пункт пра “залатую акцыю”, які дазволіляў папярэднім уладальнікам кантрольнага пакету акцыяў захаваць пэўныя традыцыі, блякаваць некаторыя рашэньні кіраваўніцтва, а таксама мець перавагі пры размеркаваньні дывідэндаў. Але ў любым выпадку згоду на кожны такі пункт дамовы павінен быў даць пакупнік, і, натуральна, гэта ўплывала на кошт угоды.
Эўрапейскі суд – вышэйшы арбітражны ворган Эўразвязу – з 2002 году пачаў барацьбу з “залатой акцыяй”.
У 2001 годзе па ініцыятыве Эўракамісіі пытаньне аб забароне “залатой акцыі” абмяркоўвалася Эўрапарлямэнтам, але беспаспяхова: пад уплывам лябістаў нацыянальных урадаў рашэньне так і не было прыныта. Тады Эўракамісія вырашыла дабівацца свайго ў асобна ўзятых краінах. У чэрвені 2002 года Эўрапейскі суд задаволіў позыў Эўракамісіі супраць “залатых акцыяў” Партугаліі і Францыі, а ў траўні – Гішпаніі і Вялікай Брытаніі.
Эўрапейскі суд устанавіў, што “залатая акцыя” неправамерна абмяжоўвае эканамічныя свабоды, уключаючы свабоду прадпрымальніцтва і свабоду руху капіталаў.
Але разумеючы неабходнасць кампрамісу паміж грамадзкімі і прыватнымі эканамічнымі інтарэсамі, Эўрапейскі суд адзначыў, што абмежаваньне эканамічнай свабоды можа быць абумоўлена інтарэсамі нацыянальнай бяспекі толькі ў выпадках існавання сапраўднай і сур’ёзнай небяспекі важнейшым, найгалоўнейшых інтарэсам грамадзтва, і абмежаванне павінна быць адпаведным, т.б. прымаемыя захады не павінны выходзіць за межы публічных мэтаў (напрыклад, павінна быць улічана магчымасьць дасягненьня мэтаў не атрыманьнем дазволу, а наступным паведамленьнем).
Дзеля развязаньня гэткага складанага пытаньня, на нашу думку, неабходна скласьці сьпіс стратэгічных прадпрыемстваў для кожнай краіны асобна, з улікам асаблівасьцяў кожнае зь іх.
“Залатая акцыя” дзейнічае на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь з 1997 года. Асаблівасьцю дзейнасці асаблівага права з’яўляецца яго пашыранае ўжываньне: сфэра публічных інтарэсаў, вызначаемых заканадаўствам, досыць вялікая і, на жаль, яна не звужаецца па Указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 1.03.2004г. № 125 (гл. дадатак), а наадварот – пашыраецца. Дадзеная акалічнасць ня толькі ўстанаўлівае бар’еры для замежных інвэстыцыяў, а яшчэ і ўзводзіць сцены, перашкаджаючы тым самым прыватызацыі і інвэставаньню ў нашай краіне і абмяжоўваючы ўплыў інвэстара ў прыняцьці карпаратыўных рашэньняў.
Сытуацыя з “залатой акцыяй”, якая склалася ў Рэспубліцы Беларусь, нагадвае знакамітую показку: “Вы плоціце, а мы замаўляем музыку”.
Дадатак 1. Залатая акцыя: параўнаньне Ўказаў Прэзідэнта №591 і 125

Дадатак 2. Увядзеньне залатой акцыі
Ганна Жарабцова (нар. у 1983 г. у м. Буда-Кашалёве) – навучаецца на IV курсе аддзяленьня “эканамічнае права” юрыдычнага факультэта БДУ і ІІ курса аддзяленьня філязофіі Беларускага калегіюма. Галіна юрыдычных зацікаўленасьцяў – грамадзянскае, гаспадарчае, працоўнае права, прававыя аспэкты эканамічнае дзейнасьці.
