Беларускі on-line часопіс
юрыстаў і палітолягаў
Агульная тэорыя, гiсторыя й фiлязофiя права
Міжнароднае права
Эўрапейскае права
Параўнальнае права
Канстытуцыйнае, выбарчае й адміністрацыйнае права
Крымінальнае права й працэс. Крыміналёгія
Цывільнае права й працэс. Гаспадарчае права й працэс
Працоўнае права
Іншыя галіны права й юрыдычная праблематыка
Праўныя акты па-беларуску
Беларуская юрыдычная тэрміналёгія
Паліталёгія й сумежныя дысцыпліны
Інтэрвію
   пошук
   каляндар
Пн Аў Ср Чц Пт Сб Нд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
   новае на форуме
21 Снж 12.23  "Ваша честь!" (You honour! , Wysoki Sądzi

02 Лют 21.58  візыт старшыні ПАРЭ ў Беларусь

12 Снж 15.45  Юрыдычная тэрміналёгія - Стварайма разам!

07 Снж 20.28  Віншую ўсіх з Днём юрыста!

09 Ліс 11.42  Шукаю працу

   юрыдычная кансультацыя
02 Кас 13.12  Працоўная кніга и навучэнне/праца за мяжой

17 Снж 18.00  Аўтарскія правы

03 Снж 01.54  змена прозвішча

19 Ліс 05.16  Замежныя ПІФы

09 Ліс 15.27  Акцыянерныя таварыствы

бел eng
Галоўная Навіны Слоўнік Тымчасам... Гасьцёўня Форум Спасылкі Рэдакцыя Кантакты
Беларуская юрыдычная тэрміналёгія
Юрыдычная тэрміналёгія | Уладзіслаў Белавусаў | 29.11.2004

А еслі которому народу встыд прав своіх не уметі,
поготовю нам, которые не обчым якім языком, але своім
власным права спісаные маем і кождого часу, чого нам
потреба ку отпору всякое крівды, ведаті можем.

Са звароту Л. Сапегі
да ўсіх саслоўяў,
Статут 1588г.

 

Адной з падставовых задачаў часопіса “Праўнік” ёсьць распрацоўка беларускае юрыдычнае тэрміналёгіі. У рамах гэтае сэкцыі мы прэзэнтуем:

  • бібліяграфію крыніцаў, прысьвечаных праўніцкай тэрміналёгіі, -- перадусім лексыкаграфічных. Ніжэй Вы можаце азнаёміцца з адпаведнай табліцай. На жаль, акрамя юрыдычнага энцыкляпэдычнага слоўніка, што пабачыў сьвет у 1992 годзе ў выдавецтве “Беларуская энцыклапедыя”, усе тыя крыніцы ёсьць цяжкадаступнымі для шэраговага праўніка, таму мы плянуем у бліжэйшым часе зьмясьціць іх адсканаваныя варыянты ў фармаце PDF.
  • табліцу спрэчных, варыятыўных, безыквівалентных юрыдчных тэрмінаў, функцыянаваньне якіх у беларускай мове доўгі час вызначалася русыфікатарскімі абмежаваньнямі. Мы плянуем шторазу пашыраць сьпіс тэрмінаў гэтае табліцы. Прапануем шаноўнаму чытачу далучыцца да нашых лексыкаграфічных высілак шляхам вылучэньня сваіх варыянтаў перакладу, зацемак, прапановаў новых словаў для дыскутаваньня ды галасаваньня за лепшыя варыянты ў адпаведным раздзеле форумаў (“Юрыдычная тэрміналёгія: стварайма разам”). Апошняе цалкам датычыцца й сьпіса лексыкаграфічных крыніцаў. Калі зацнаму чытачове вядомае нейкае юрыдычнае выданьне, што незаслужана не трапіла ў папярэднюю табліцу, ласкава просім паведаміць пра гэта ў рэдакцыю (praunik@yahoo.com).
  • “невялічкі дапаможнік праўніка”, у якім асьвятляем найбольш распаўсюджаныя памылкі, зь якімі сутыкаюцца беларускамоўныя юрысты, ды даюцца канкрэтныя парады, як іх пазьбегнуць. Заходзьце часьцей – гэты разьдзел мусіць увесь час пашырацца.
Акрамя таго мы плянуем:
  • стварэньне на бачынках раздзелу юрыдычнага слоўнічка лацінскіх тэрмінаў і выразаў;
  • зьмяшчэньне артыкулаў, прысьвечаных юрыдычнае лексыкаграфіі 20-х гадоў XX ст., праўніцкім тэрмінам Статутаў Вялікага княства Літоўскага ды Аль-кітабаў, польска-ўкраінска-беларускім паралелям у выкарыстаньні праўніцкіх тэрмінаў, аналізу функцыянаваньня юрыдычнае тэрміналёгіі ў сучаснай прэсе;
  • распрацоўку ангельска-беларускага слоўнічка праўніцкай лексыкі;
  • сьпіса падручнікаў з права, што выходзілі па-беларуску.
*Дзякуем Асацыяцыі беларускіх мэдыкаў ды асабіста сп-ру Мікалаю Галабародзьку за падказаныя ідэю ды прынцып, што былі закладзены ў падмурак стварэньня гэтага раздзелу.

Слоўнік Зьвесткі
1 Беларуская навуковая тэрміналёгія. Вып.10. Тэрміналёгія права / Ін-т Беларускае Культуры. Праўная сэкцыя. Аддзел першы. Сэрыя V. Кніга 10. – Менск, 1926. – 104 с. – На вокл.: Тэрміналёгія права = La termonologie du droi. Апрацаваў Мікола Гуткоўскі. Праект быў разгледжаны і прыняты ў Тэрміналягічнай Камісыі гуманітарнай сэкцыі ІБК у складзе Івана Луцэвіча, Канстанціна Міцкевіча, Язэпа Лёсіка, Сьцяпана Некрашэвіча, Уладзіслава Чаржынскага, Міколы Гуткоўскага. Слоўнік расійска-беларускі. 3135 тэрмінаў. Дадатак: Сьпіс дзяржаўных установаў. Слоўнік беларускіх тэрмінаў.
2 Станкевіч Я. Некаторыя праўніцкія тэрміны беларускія = Some legal Whiteruthenian Terms / Крывіцк. Навук. Таварыства Пранціша Скарыны. – Ню-Ёрк, 1953. – 84 с. – Біблягр.: с. 8 (10 назв.) Слоўнік беларуска-расейскі, ілюстрацыі зь беларускіх літаратурных тэкстаў. Дадатак: Рэестр расейскіх тэрмінаў.
3 Слоўнік юрыдычнай тэрміналёгіі: Беларуска-Расейска-Польскі / Апрац. А.Галяк. – Б.м., [1994]. – 80 с. Надрукаваны на пішучай машынцы і літаграфаваны.
4 Лойко М.О., Штоп И.И. Краткий русско-белорусско-английский словарь для юридических институтов и факультетов / Грод. гос. ун-т. – Гродно, 1997. – 130 с. Каля 3500 тэрмінаў.
5 Юрыдычны энцыклапедычны слоўнік /Беларуск. энцыклап.; Рэдкал. С.В. Кузьмін, Я.В. Малашэвіч, Г.А. Маслыка, С.П. Самуэль, І.Ф. Сашчэка, В.І. Семянкоў, С.Ф. Сокал, М.А. Ткачоў, І.П. Хаўратовіч, І.А. Юхо. – Мн.: БелЭн, 1992. – 636 с. Дадатак: Расейска-беларускі слоўнік юрыдычных тэрмінаў.


Спрэчныя (варыятыўныя, безэквівалентныя і д.п.) варыянты перакладу:

Obligation\обязательство абавяз’альніцтва, забав’язваньне, забавяз’аньне, абяз’альніцтва,...
Claim\иск п’озыў, п’озва, паз’оў, з’ыск, ‘іск,...
Debtor\ должник даўжб’іт, даўжн’ік, пазыч’альнік...
Share\акция ‘акцыя, б’онда,...
Business standing, reputation\деловая репутация справав’ая рэпут’ацыя, бізнэс’оўская рэпут’ацыя,...
Deal, transaction\сделка уг’ода, геш’эфт, канш’ахты, зьдз’елка,…
Colorable transaction\Притворная сделка (п. 2 арт. 171 ГК) прыкідн’ая ўг’ода,..
Artificial transaction\Мнимая сделка (п. 1 арт. 171 ГК) у’яўная ўг’ода,...
Penalty\Неустойка нясл’оўлівасьць, няўст’ойка...
Forcible confiscation\ Принудительное изъятие прымус’овае ...
Зважацьмяце: варыянт “прымусовая канфіскацыя” адхіляецца, бо п. 6 арт. 236 ГК называе “конфискацию” прыватным выпадкам “изъятия”, гл. таксама арт. 244 ГК
Testator\завещатель завяшч’альнік, тэст’атар,...
Testament\завещание тэстам’энт, тастам’энт, дастам’энт,...
Bequeath, (to) make one’s will\Завещать завяшч’аць,...
Plaintiff\Истец пазыўн’ік, зыск’альнік, ісьц’ец,…
Escheat\Вымороченное имущество адум’ерлая ма’ёмасьць,...
Duty\пошліна м’ыта,...
Зважацьмяце: м’ытны збор = custom duty (таможенная пошлина)
Notification, writ\ извещение Нак’аз,...
Сorpus delicti\поличное л’іцо,...
Зважацьмяце: няпрыл’ічны = “непайманы зь ліцом”
Adult, of the full legal age\совершеннолетний падр’ослы, паўнагад’овы,...
Jurisdiction,cognizance\подсудность падс’уднасьць, падс’удак, падс’удзтва…
Legal act\юридическое действие юрыд’ычнае дз’еяньне, пр’аўны п’аступак,…
Bail\Порука рука’емства,...
Attendance, presence (non-appearance, default)\Явака (Неявка) ст’аньне (нястаньне), яўка (няўка)...
Arbitrariness\ произвол самад’ыя, …
Administrative offence, delinquency, misdemeanor\административный проступок (адміністрац’ыйная) прав’іна, прав’інка, прав’іннасьць,...
Signatory\подписавшийся падпіс’ант, падпіс’аны,...
Previous convictions\судимость суд’овасьць, с’уджанасьць,...
Writ\Исковое заявление пазыўн’ы ліст, паз’оўны ліст,…
To commit a crime (encroachment)\Cовершить преступление (покушение) учын’іць, зраб’іць (злачынства\замах),… Зважацьмяце: “зьдзяйсьніць” мае станоўчае адценьне (напр., зьдзяйсьніць задуму, мрою, гераічны ўчынак і д.п.)

Дадавацьмяце свае варыянты ў адпаведным форуме альбо дасылацьмяце на praunik@yahoo.com!

Адцураньне ці адчужэньне? (анг. alienation)
Cлова адчужэньне, пабудаванае на падмурку тыповага беларускага складніку (параўн. “чужы”, “чужынскі”, “чужацкі” і д.п.), ёсьць цалкам прымальным, але не ў юрыдычным кантэксьце. Слова “адчужэньне” зьяўляецца аналягам панятку клясычнай нямецкай філязофіі Entfremdung (напр., слушна казаць, “марксысцкая тэорыя адчужэньня”, “экзыстэнцыйная адчужанасьць”). У гэтым значэньні беларускае “адчужэньне” адпавядае ангельскаму estrangement.

Аднак у праўніцкіх тэкстах варта ўжываць іншае беларускае слова – адцураньне (ад дзеяслова “адцураць”). Напр., прынцып недатыкальнасьці ўласнасьці ў арт. 2 ГК па-беларуску мусіць гучаць наступным чынам:

права ўласнасьці, набытай законным спосабам, ахоўваецца законам і абараняецца дзяржавай, яе недатыкальнасьць гарантуецца, а прымусовае адцураньне дапускаецца толькі па матывах грамадзкай неабходнасьці пры выкананьні ўмоваў й парадку, вызначаных законам, з своечасовым і поўным кампэнсаваньнем адцуранае маёмасьці альбо згодна пастанове суда.

Целавыя ці цялесныя (пашкоджаньні)? (Physical\bodily injuries)
Калі чалавек (ці іншая істота) атрымаў, да прыкладу ў аварыі, пашкоджаньні цела (рукі, нагі, тулава, галавы ды інш.), то гэтыя пашкоджаньні так і трэба называць, або: целавыя пашкоджаньні. Але па тэлевізыі й радыё “вяшчаюць”: цялесныя пашкоджаньні. Як бы ў беларускай мове існуе ня слова цела, а слова цялесы, ад якога й цялесны. Нашыя ўкладальнікі слоўнікаў мэханічна тут перапісваюць словы з расійскіх. Але расейская мова ў пабудове словаў ёсьць надта архаічнай (падлеглая ўплыву царкоўнаславянскай мовы). На месцы царкоўнакславяншчыны, што выкарыстоўваецца ў сучаснай расейскай мове, у нашай – пануюць свае мадэлі словафармаваньня. І гэта не выпадкова: сучасная беларускай мова склалася на падставе жывой народнай мовы зусім нядаўна (XIX – пачатак XX ст.) і мае трывалыя сувязі зь ёю ды жывіцца яе сокамі. Дык нашто тыя “цялеснас(ь)ць”, “цялесны”, “бесцялесны” у дачыненьні да канкрэтыкі – пашкоджаньня цела. Вось жа, калегі, напрыклад, п. 1 арт. 147 КК РБ:

Намеранае прычыненьне цяжкага целавага пашкоджаньня, то бок пашкоджаньня, не бясьпечнага для жыцьця, альбо выклікаўшага страту зрока, маўленьня, слыха, якога-кольвек воргана альбо страту ворганам яго функцыяў, спыненьне цяжарнасьці, псыхічную хваробу, іншы разлад здароўя, спалучаны з трывалай стратай агульнай працаздольнасьці ня менш чым на адну траціну, альбо выклікаўшае разлад здароўя, зьвязаны з траўмаў костак скелету, на тэрмін звыш чатырох месяцаў, альбо ўвасобіўшыся ў незваротным пачвараньні твару й шыі, – караецца абмежаваньнем волі на тэрмін ад трох да пяці год албо пазбаўленьнем волі на тэрмін ад чатырох да васьмі год.

Вырак”, “прысуд” альбо “прыгавор”? (анг. sentence, verdict)
Слова вырак Іван Насовіч зафіксаваў з двума значэньнямі: «1. Судьба, определение. 2. юрид. Судейское решение» (Слоўнік беларускай мовы. Мн., 1983. С. 93). У “Беларуска-расійскім слоўніку М. Байкова і С. Некрашэвіча (Мн., 1926) таксама чытаем: «Вырак м. – определение, приговор (Судовы вырак)» (с. 70). Слова прыгавор не фіксуецца слоўнікамі 20-х гадоў, затое шырока адлюстравана ў русыфікатарскіх пэрлах радзянскае лексыкаграфіі. Словы з гэтым коранем – гавор – наагул ня маюць пашырэньня ў беларускай мове. Параўнаем: (рас.) сговор – змова, уговор – умова, выговор – вымова, договорённость – дамова (дамоўленасьць) і г.д. Слова “прысуд”, якое зрэдчас усё ж трапляе ў поле зроку БССР-ускіх выданьняў, фіксуецца, у прыватнасьці, і “Беларуска-расійскім слоўнікам” М. Байкова і С. Некрашэвіча: «Прысуд м. – судебное решение, присуждение». Слова гэтае мае выразную этымалёгію: прысуд ад прысудзіць. Адзіны недахоп гэтага слоўца – заўсёдная небясьпека тафталёгіі: прысуд суда. Вось жа, кажам, вырак, прысуд ды пазьбягаем недарэчных “прыгавораў”! Напр., п. 6 арт. 370 КПК РБ:

Выракі Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь абскарджаньню ды апратэставаньню ў касацыйным парадку не падлягаюць.

Зь іншага боку, слова прысуд дазваляе нам унікаць пераўжываньня ў праўніцкім тэксьце слова “суд”, што безумоўна ёсьць плюсам з пункту гледжаньня юрыдычнае тэхнікі. Напр., п. 1 арт. 370 КПК РБ:

Абвінавальны, ягоны абаронца ды законны прадстаўнік, а таксама пацярпелы альбо прадстаўнік маюць права абскардзіць прысуд у касацыйным парадку. (Параўн. рас.: обвиняемый, его защитник и законный представитель вправе обжаловать в кассационном порядке приговор суда.)

”Удачкаваць, удачкаваньне” ці “удачарыць”, “удачарэньне”? (анг. adopting a girl)
Слова “ўдачарыць” утворанае на падмурку -дочер- (у-дочер-ить). Беларуская мова такой словаўтваральнай мадэлі ня мае. Расейскаму дочь (дочери) адпавядае беларускае дачка (дочкі), ад падмурка гэтага слова й вытворныя: даччын (з чаргаваньнем к\ч) – рас. дочерний; даччынае прадпрыемства – дочернее предприятие. Таму й лексемам удочерить, удочерение адпавядаюць натуральныя беларускія удачкаваць, удачкаваны. Напр., п. 1 арт. 43 ГК:

Дзяржаўнай рэгістрацыі падлягаюць наступныя акты грамадзянскага стану:
1) народзіны;
2) узяцьцё шлюба;
3) скасаваньне шлюба;
4) усыноўленьне (удачкаваньне);
5) высьвятленьне бацькоўства;
6) зьмена імя;
7) сьмерць грамадзяніна.

”Зарука”, “заклад” ці “залог”? (анг. deposit, security, pledge)
Слова заклад мае значэньне “гарантаваньне звароту пазыкі шляхам перадачы крэдытору якой-н. каштоўнай рэчы, маёмасьці”, а таксама “сама рэч, пакінутая таму, хто даў пазыку”. З значэньнем “гарантыя, доказ, сьведчаньне” натуральным ёсьць слова зарука.

Вось жа, у юрыдычным кантэксьце кажам: заклад, закладатрымальнік, заклададавальнік (кола субьектаў закладу вызначае арт. 315 ГК). Ня блытвацьмяце з словам “закладнік”, таксама пабудаваным ад падмурку заклад, якому ў расейскай мове адпавядае слова заложник(анг. hostage).

Напр., п. 1 арт. 317 ГК:

Прадметам закладу можа быць усялякая маёмасьць, у тым ліку рэчы ды рэчавыя правы (патрабаваньні), за выключэньнем маёмасьці, выключанай з абароту, патрабаваньняў, якія непарыўна зьвязаныя з асобай крэдытора, у прыватнасьці патрабаваньняў аб алімэнтах, аб пакрыцьці шкоды, прычыненай яго жыцьцю альбо здароўю, ды іншых правоў, саступка якіх іншай асобе забаронена законам.

Тастамэнт ці завяшчаньне? (анг. testament, will)
Слова тастамэнт фіксавалі слоўнікі 20-х гадоў. “Тэстамэнт, м. – завещание”. Бытавала яно й у старабеларускай мове: тэстаментъ – завящанне. Уласьцівае яно й польскай мове. Мусіць, з гэтае прычыны яго й не фіксавалі акадэмічныя слоўнікі, выдадзеныя пасьля пастановы СНК БССР 1993 года. Аднак маўленчая практыка канца 80-х і ў 90-х гадох шырока карыстаецца словам тастамэнт як адэкватам завяшчаньне. У сувязі з гэтым здзіўляе перанос у шэрагу найноўшых лексыкаграфічных крыніцах слова тастамэнт у шэраг састарэлых, бяздумна калькуючы адпаведныя артыкулы сваіх папярэднікаў.

Напр., п. 1 арт. 1052 ГК:

Тастамэнт можа быць прызнаны судом несапраўдным па позыве асобы, правы альбо законныя інтарэсы якой парушаны гэтым тастамантам. Аспрэчваньне тастаманту да адкрыцьця спадчыны не дазваляецца.

Як пазьбегнуць калькі з расейскае “прадстаўляць”? (анг. represent)

  1. Поведать; приводить доказательства, справки и т.п. – падаваць, прыводзіць; предаставлять списки – падаваць сьпісы;
    представлять на рассмотрение, утверждение – падаваць на разгляд, зацьвярджэньне;
    представлять соображения – прыводзіць (падаваць, прэзэнтаваць) меркаваньні;
  2. Доставлять в какое-либо место – прыстаўляць, ставіць;
    Предаставлять свидетелей к допросу – прыстаўляць (ставіць) сьведак на допыт;
  3. Знакомить, рекомендовать – знаёмiць (каго зь кім), рэкамэндаваць, прэзэнтаваць;
  4. Представлять (к ордену, награде і т.п.) – вылучаць на ўзнагароду;
  5. Изображать – маляваць, паказваць, выводзіць;
  6. Вызывать что-либо, причинять – выклікаць, прычыняць;
    составлять – складаць; эта работа не представляет больших трудностей – гэта праца не выклікае вялікіх цяжкасьцяў;
  7. Принимать на себя образ кого-либо – прыкідвацца (кім-чым);
  8. Воображать – ўяўляць;
  9. Давать представленіе – тэатр. паказваць, прэзэнтаваць;
  10. Являться – з’яўляцца;
    Быть – быць;
    Представлять собой – уяўляць, рэпрэзынтоўваць;
    Составлять – складаць;
  11. Быть представителем – рэпрэзынтоўваць, выяўляць (ажыцьцяўляць) інтарэсы (паўнамоцтвы)
Напр., п.1 арт 5 Закона аб абароне правоў спажыўца ад 9 студзеня 2002 г. № 90-3:

Вырабнік (выканаўца, прадавач) абавязаны своечасова прыводзіць спажыўцу неабходную й праўдзівую інфармацыю пра прапануемыя тавары (работы, паслугі), якая адпавядае ўстаноўленым заканадаўствам ды звычайна падаваемым у розьнічным гандлі, бытавым ды іншых відах абслугоўваньня спажыўцоў патрабаваньняў да зьместу й спосабаў прэзэнтацыі такой інфармацыі. Па асобных відах тавараў (работаў, паслугаў) пералік ды спосабы інфармаваньня спажыўца ўстанаўліваюцца Ўрадам Рэспублікі Беларусь.

”Дамова” ці “дагавор”? (анг. contract, agreement, treaty)
Беларускі корань –мов (падмурак “мова”) ёсьць скрайне прадуктыўным словафармантам: адмовіць, адмовіцца, дамовіцца, вымавіць, умовіцца, размаўляць, прамовіць, умовіцца, вымаўляцца і д.п. Ад гэтых прыстаўкавых дзеясловаў утварыліся назоўнікі вымова, прамова, размова, умова, перамовы, дамова і д.п.

Слова гаварыць хоць і ўжываецца (побач з казаць, мовіць), але назоўнікі, утвораныя ад яго прыстаўкавых формаў, амаль не выкарыстоўваюцца. Іх месца займаюць утварэньні з коранем -мов-. Параўн. рас. выговор і бел. вымова, сговор і змова ды г.д. Таму натуральнымі варыянтамі ёсьць акурат дамова й перамовы. Застаецца толькі шкадаваць, што афіцыйныя выданьні (напр., газэта “Звязда”) найчасьцей упарта ігнаруюць законы лінгвістыкі. Але на тое гэта “Зьвязда”, а ня “Зорка”. Вось жа, пазьбягацьмяце недарэчных расейскіх калек!

Напр., п. 2 арт. 392 ГК:

Калі пасьля заключэньня й да спыненьня дзеяньня дамовы прыняты іншы акт заканадаўства, што ўводзіць абавязковыя для бакоў правілы, іншыя, чым тыя, якія дзейнічалі пры заключэньні дамовы, умовы заключанае дамовы павінны быць прыведзены ў адпаведнасьць з заканадаўствам, калі іншае не прадугледжана заканадаўствам.

”Склад” ці “састаў”? (анг. staff, membership, structure)
Новы “Тлумачальны слоўнік” 1996 года ўрэшце не падае радзянскага атавізму “састаў”. Толькі склад. Вось жа, шаноўныя калегі, не бойцеся выкарыстоўваць канчаткова легалізаваны варыянт “склад” ды вытворныя ад яго! Расейскаму ж слову “склад” (анг. storehouse, depot) адпавядаюць “магазін” (ня блытаць з крамай!), сховішча.

Кажам: склад злачынства, склад акцыянэрнага таварыства, у складзе войскаў, асабовы склад, склад прэзыдыюма і д.п.

Напр., арт. 12 Пастановы Савета (Рады) Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 31 кастрычніка 2001 г. №1585 “Пытаньні Міністэрства Фінансаў Рэспублікі Беларусь”:

Для калектыўнага абмеркаваньня найбольш істотных пытаньняў й выпрацоўкі рашэньняў па іх у Мінфіне засноўваецца калегія ў складзе Міністра (загадчыка калегіі), яго заступнікаў і кіраўніка Галоўнага кантрольна-рэвізыйнага кіраўніцтва (з пасады), кіраўнікоў дэпартамэнтаў Мінфіна ды іншых работнікаў. Лік і пэрсанальны склад калегіі зацьвярджаецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.

”Судовасьць”, “суджанасьць” ці “судзімасьць”? (анг. previous convictions)
Беларускай мове вытворныя з суфіксам -ім- не ўласьцівыя. Слова судзімасьць, натуральна, не фіксавалі даведнікі 20-х гадоў. Рас. судимый (анг. smb who’ve got previous convictions) адпавядае бел. суджаны, то бок “той, каго судзілі”. Таму магчыма ўжываць “суджанасьць”. Зь іншага боку калі мы кажам “судовы вырак”, то лягічна вывесьці й “судовасьць”. Апошняе ўсё больш пашыраецца ў маўленчай практыцы, але мае невялічкую хібу – паралельнае значэньне, блізкае рас. “судейство” (анг. judging, refereeing, umpiring). Вось жа, беларуская юрыдычная тэрміналёгія мусіць у бліжэйшыя годы спыніцца на адным з гэтых варыянтах ды пазбавіцца недарэчнай “судзімасьці” 1933 года.

Напр., п.1 арт. 8 КК:

Судовасьць (суджанасьць – рэд.) ды іншыя крымінальна-прававыя наступствы ўчыненьня асобай злачынства на тэрыторыі замежнае дзяржавы маюць крымінальна-прававое значэньне для разьвязаньня пытаньня пра крымінальную адказнасьць гэтай асобы за злачынства, учыненае на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, у адпаведнасьці з міжнароднымі дамовамі Рэспублікі Беларусь.

Працяг будзе. Прапаноўвайце свае варыянты для дыскутаваньня!

Крыніцы.

  1. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы. Мн., 1996.
  2. М. Байкоў, С. Некрашэвіч. Беларуска-расійскі слоўнік. Мн., 1926.
  3. В. Ластоўскі. Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік. Коўна, 1924.
  4. Юрыдычны энцыклапедычны слоўнік /Беларуск. энцыклап.; Рэдкал. С.В. Кузьмін, Я.В. Малашэвіч, Г.А. Маслыка, С.П. Самуэль, І.Ф. Сашчэка, В.І. Семянкоў, С.Ф. Сокал, М.А. Ткачоў, І.П. Хаўратовіч, І.А. Юхо. – Мн.: БелЭн, 1992.
  5. Я. Станкевіч/Збор твораў у двух тамах. Т. I. – Мн.: Выдавецтва “Энцыклапедыкс”, 2002.
  6. П. Сьцяцко. Культура мовы. Мн.:Тэхналогія, 2002.
  7. Т. Салавянчык. Прафесійны ці прафесіянальны. Пра функцыянаванне юрыдычных тэрмінаў//Роднае слова – №4, 2001.
  8. www.svaboda.org: Выпускі перадач “Жывая мова” на радыё “Свабода”
  9. Аналіз моўнай практыкі газэтаў “Наша Ніва” ды “Звязда”.
  10. Грамадзянскі кодэкс, Грамадзянска-працэсуальны кодэкс, Крымінальны кодэкс, Крымінальна-працэсуальны кодэкс, Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях Рэспублікі Беларусь (на сёньняшні дзень існуюць толькі па-расейску).


   
© 2004-2007, Праўнік. Беларускі on-line часопіс юрыстаў і палітолягаў

Усе правы абароненыя. Пры цытаваньні ўрыўкаў матэр'ялаў актыўная спасылка на часопіс praunik.org і аўтара ёсьць абавязковымі!