Гандаль наркотыкамі з’яўляецца адным з найбольш прыбытковых відаў бізнэсу. Па абаротам сусветны рынак наркотыкаў ідзе паперадзе нафтавага і ўступае толькі зброеваму. Злачынствы, звязаныя з наркотыкамі, набылі ўстойлівую тэндэнцыю росту. Так, на тэрыторыі Беларусі ў 2000г. было зарэгістравана 3811 такіх грамадска небяспечных дзеянняў, што на 25% больш, чым у мінулым годзе. Колькасць злачынстваў, здзейсненых наркаманамі ці асобамі ў стане наркатычнага ап’янення, ў перыяд з 1990 па 2000г. павялічылася ў 59,4 разы.
У Беларусі злачынствам, звязаным з наркабізнэсам, прысвечаны раздзел 10 гл. 29 Крымінальнага кодэксу. Згодна з артыкуламі 328-332 адказнасць надыходзіць за наступныя супрацьпраўныя дзеянні:
незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і прэкурсораў (адказнасць надыходзіць за здзяйсненне любога з наступных дзеянняў: выраб, перапрацоўка, набыццё, захоўванне, перавозка ці перасылка як з мэтай збыта, так і без яе) (арт.328);
сеянне ці вырошчванне забароненых да сеяння раслін, якія змяшчаюць наркатычныя рэчывы (каноплі, мак і інш.) (арт. 329);
парушэнне правілаў абыходжання з наркатычнымі сродкамі і псіхатропнымі рэчывамі (арт.330);
схіленне да ўжывання наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў і іх прэпаратаў (арт.331);
арганізацыю ці ўтрыманне прытонаў для ўжывання наркатычных сродкаў ці іншых адурманіваючых рэчываў (арт.332).
Прававым падмуркам супрацьдзеяння незаконнаму абароту наркотыкаў прысвечаны Закон Рэспублікі Беларусь ад 22 траўня 2002 г. №102-3 ”Аб наркатычных сродках, псіхатропных рэчывах і прэкурсорах”. Барацьба з незаконным абаротам наркотыкаў прадугледжана і міжнароднымі абавязальніцтвамі Беларусі як краіны-удзельніцы міжнародных канвенцый: Адзінай канвенцыі аб наркатычных сродках 1961г., Канвенцыі аб кантролі над псіхатропнымі рэчывамі 1971г. (Венская канвенцыя) і Канвенцыі ААН па барацьбе супраць незаконнага абарота наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў 1988г.
Выконваючы абавязкі, ускладзеныя на Беларусь вышэйазначанымі канвенцыямі, Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Пастановай ад 3 траўня 2000г. №11 “Аб рэспубліканскім пераліку наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і прэурсораў” зацвердзіла Пералік наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і прэкурсораў, якія знаходзяцца пад кантролем Рэспублікі Беларусь. Дадзены пералік змяшчае спісы і табліцы наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і прэкурсораў, якія класіфікуюцца ў дадзеныя спісы і табліцы ў залежнасці ад ужытых да іх захадаў з боку дзяржкантроля:
-спіс асабліва небяспечных рэчываў, якія не выкарыстоўваюцца ў медычных мэтах (спіс №1);
-спіс асабліва небяспечных наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў, дазволеных да кантралюемага абароту (спіс №2);
-спіс небяспечных псіхатропных рэчываў (спіс №3);
-спіс прэкурсораў наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў (спіс №4);
табліцу №1 ”Хімічныя рэчывы і іх солі, у працэсе перапрацоўкі якіх ўтвараюцца наркатычныя сродкі і псіхатропныя рэчывы”;
табліцу №2 ”Хімічныя рэчывы, якія могуць быць выкарыстаныя ў працэсе вырабу наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў".
Такім чынам, прадмет незаконнага абароту наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і прэкурсораў, а таксама іншых злачынстваў, апісаных у артыкулах 329-331, складаецца з рэчываў і сродкаў (прэпаратаў, іх замяняючых), якія ўключаны ў вышэйазначаныя спісы і табліцы і знаходзяцца пад кантролем Рэспублікі Беларусь (дадзенае азначэнне змяшчаецца ў заўваге да арт.327 КК).
У юрыдычный літаратуры азначаецца, што для таго, каб дадзенае рэчыва з’яўлялася наркатычным і было прадметам злачынства, яно павінна адпавядаць тром крытэрам:
-медычнаму (сродак, рэчыва павінна аказваць спецыфічнае ўздзеянне на цэнтральную нервовую сістэму, якое абумоўлена яго неадкладным спажываннем);
-сацыяльнаму (немедычнае ўжыванне некаторых наркатычных сродкаў набывае такія маштабы, што цягне за сабой пэўныя вынікі і набывае сацыяльную значнасць);
-юрыдычнаму (ужываемае рэчыва прызнаецца наркатычным і ўключаецца ў пералік наркотыкаў). Т.б. адсутнасць аднаго з крытэраў не дае падставы прызнаць лекавы сродак або хімічнае рэчыва (сінтэтычнае, біялагічнае, расліннае) наркатычным, нават калі яно можа з’яўляцца прадметам злоўжывання і выклікаць адпаведны стан.
Трэба адзначыць, што адзінага ўніфікаванага азначэння тэрміна наркотыкі не існуе. З юрыдычнага пункту гледжання да наркотыкаў адносяцца рэчывы расліннага або сінтэтычнага паходжання, якія аказваюць спецыфічнае (стымулюючае, узбуджаючае, прыгнятаючае, галюцынагеннае) уздзеянне на цэнтральную нервовю сістэму і ўключаныя міжнароднымі дамовамі і органамі дзяржавы ў асаблівыя спісы і пералікі. У медыцыне тэрмін “наркотык” літаральна азначае сродак для наркозу, а ў побыце – сродак для дасягнення эйфарыі ("кайфу"). У крымінальным праве да наркотыкаў адносяць толькі прэпараты, якія здольныя выклікаць нарказалежнасць, спрычыняць істотную шкоду здароўю і ўнесеныя ў асаблівыя спісы. Так, Каментар да КК Рэспублікі Беларусь дае наступнае азначэнне наркатычных сродкаў: “рэчывы сінтэтычнага ці натуральнага паходжання, якія маюць здольнасць уздзейнічаць на цэнтральную нервовую сістэму, выклікаюць стан асаблівага ап’янення і вядуць да наркатычнай залежнасці." Да наркатычных сродкаў адносяць таксама наркотыказамяшчаючыя расліны і некаторыя лекавыя сродкі, класіфікаваныя ў якасці гэткіх у адпаведных міжнародных канвенцыях, уключаныя у Пералік наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і прэкурсораў, якія знаходзяцца пад кантролем Рэспублікі Беларусь.
Да псіхатропных рэчываў (псіхафармакалагічных сродкаў) адносяць рэчывы рознага паходжання, якія робяць уздзеянне на псіхіку, эмацыйны стан і паводзіны чалавека. Псіхатропныя рэчывы- гэта рэчывы сінтэтычнага ці прыроднага паходжання, а таксама лекавыя сродкі, іх замяшчаючыя, і іншыя рэчывы і прыродныя матэрыялы, у адпаведнасці з іх дзеяннем ці злоўжываннем імі уключаныя у Пералік наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і прэкурсораў, якія знаходзяцца пад кантролем Рэспублікі Беларусь.
У адпаведнасці з міжнароднай дамоўленасцю пад тэрмінам “псіхатропныя рэчывы" разумеюць асноўныя дэпрэсанты і стымулюючыя рэчывы, якія ўплываюць на стан цэнтральнай нервовай сістэмы, і такія рэчывы, якія дзейнічаюць як галюцынагены. Але гэты тэрмін не ўключае наркатычныя сродкі, якія знаходзяцца пад міжнародным кантролем, а таксама алкаголь.
Прэкурсорамі з’яўляюцца хімічныя рэчывы, якія выкарыстоўваюцца ў незаконным вырабе наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў (могуць быць сінтэтычнага ці прыроднага паходжання), а таксама іншыя рэчывы, якія выкарыстоўваюцца ў вырабе наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў і ўключаныя ў Пералік наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і прэкурсораў, якія знаходзяцца пад кантролем Беларусі.
Як не існуе ў крымінальна-прававой навуцы адзінага панятку наркотыкаў,так не існуе і адзінай іх класіфікацыі .Спробы іх сістэматызцыі мелі месца ў асноўным ў медычнай літаратуры ці ў літаратуры па прафілактыцы і лячэнню наркаманіі. Напрыклад, у кнізе калектыва аўтараў “Наркотыкі і грамадства” (гл. спіс выкарыстаных крыніц) яны згрупаваны па наступных падмурках: па паходжанні, па ўздзеянні на арганізм чалавека, па метадах тэрапеўтычнага ўжывання, па хімічнай структуры, па механічным ўздзеянні, па назве на слэнгу. Можна адзначыць таксама класіфікацыю калектыва аўтараў кнігі, падрыхтананай пад эгідай Міжнароднай асацыяцыі па барацьбе з наркотыкамі і наркабізнэсам: вытворныя канопляў; апіятныя; снатворна - седаціўныя; псіхастымулятары; галюцынагены і лятучыя наркатычна дзейнічаючыя рэчывы.
Разгледзім асноўныя віды сродкаў і рэчываў, аб’яднаныя ў вышэйназваныя групы.
Наркотыкі, што вырабляюць з маку.
Макавая саломка - сырая ці высушаная раслінная маса, якая складаецца з сцябла і скрыначак маку, якія могуць быць як цэлымі, так і пакрышанымі .
Настойка макавай саломкі - наркатычны сродак, які вырабляецца шляхам перапрацоўкі макавай саломкі вадой ці арганічнымі распушчальнікамі.
Опій - высахшы сок, які выдзяляецца з надрэзаў няспелых скрыначак розных сартоў маку. Ужываюць шляхам ін’екцый (падскурана, унутрывенна), паляць, вырабляюць настоі і п’юць. З’яўляецца падмуркам для атрымання марфіна, кадэіна, папаверына.
Гераін - адзін з вытворных опію, які быў атрыманы ўпершыню ў 1893 г. з марфіну і які ў 10 разоў перавышае яго па таксічнасці. Белы парашок без паху, горкага смаку, добра распушчаецца ў вадзе. На Беларусі, у краінах СНД медычнай прамысловасцю не вырабляюцца, у медычнай практыцы не выкарыстоўваюцца. Ужыванне гераіну выклікае хуткае прызвычайванне, якое цяжка лечыцца.
Прэпараты канопляў (канабісу) уключаюць у сябе марыхуану, гашыш, гашышнае масла, хімку (размочаная ў фармальдэгідзе і высушаная марыхуана). Існуюць і іншыя распаўсюджаныя прэпараты канопляў. Асноўны спосаб ужывання - паленне разам з тытунём.
Гашыш (анаша) - наркатычны сродак, атрыманы з любых сартоў канопляў шляхам спецыяльнай апрацоўкі: аддзялення пылку, смалы, прасявання лісця і суквецця. Мае выгляд бясформенных камкоў, шарыкаў, спрасаваных плітак, парашку са спецыфічным пахам. У залежнасці ад спосаба вырабу можа быць зеленавата-бурага, сера-зялёнага, карычневага, амаль чорнага колеру.
Гашышнае масла - наркатычны сродак, атрыманы з любых сортаў канопляў шляхам экстракцыі канабіноідаў рознымі распушчальнікамі з далейшым выпарваннем. Сустракаецца ў выглядзе рошчыны і клейкай масы.
Марыхуана (канабіс) уяўляе сабой сырую ці высушаную раслінную масу, якая складаецца з верхавінных частак любых сортаў канопляў з кветкамі, лісцем, пладамі. Ужываецца шляхам палення пасля прасушкі.
Стымулятары выклікаюць узбуджанасць ці дзейнічаюць як анестэзуючы сродак. Да іх адносяцца: амфітамін і больш за 20 вытворных амфітаміну; какаін; эфедрон; метамфеталін.
Галюцынагены - вялікая група прэпаратаў, якія дэфармуюць свядомасць чалавека і ўспрыманне ім навакольнага асяроддзя. Да іх адносяцца: вытворныя лізергінавай кісліны- лізергід, ЛСД, ЛСД-25 у выглядзе прамочаных аркушаў паперы, пігулакак або капсул; мескалін- рэчыва, якое атрымліваюць з кактусу лафафоры (Lophophora Williamsie Lemaire), які расце на тэрыторыі Паўднёвай Амерыкі; больш за 100 відаў грыбоў, што змяшчаюць наркатычнае рэчыва псілацын (псілацыбін), якія ўжываюцца ў свежым, вараным ці сушаным выглядзе (растуць у асноўным у Амерыцы, напрыклад Psilocybe Mexicana). Галюцынагенныя ферменты выдзяляюць асобныя віды жаб.
Снатворныя і супакойваючыя кантралюемыя рэчывы - барбітураты, як вытворныя барбітуравай кісліны.
Выраб сінтэтычных наркотыкаў не звязаны з пэўнымі месцамі вытворчасці сыравіны. Яны могуць вырабляцца ў раёнах, дзе знаходзяцца спажыўцы, тым больш, што выраб большасці з іх не ўяўляе асаблівай цяжкасці нават для неспецыялістаў. Так, напрыклад, 10 сакавіка 1997 была асуджана група супрацоўнікаў Віцебскага медынстытута, якая ва ўмовах лабараторыі наладзіла вытворчасць сінтэтычных наркотыкаў фенаміну, ”экстэзі” і іншых. Злачынцы, якія планавалі распаўсюджваць наркотыкі не толькі ў Беларусі, але і ва Ўкраіне, у Расіі, шукалі міжнародныя каналы збыту сваёй прадукцыі, выхады на міжнародную мафію з мэтай арганізацыі сістэмы паставак.
Названыя віды наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў з’яўляюцца найбольш распаўсюджанымі, вядомымі і ў пэўнай ступені вывучанымі ў навуцы ды праваўжывальнай практыцы. Але трэба адзначыць, што ў склад пералічаных груп наркотыкаў уваходзіць мноства іншых відаў.
Кожнаму віду наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў устаноўлены адпаведныя параметры з улікам ступені іх уздзеяння на арганізм. Асабліва кваліфікаваным відам дадзенага злачынства з’яўляецца яго здзяйсненне ў буйным памеры. Панятак буйнога памеру змяшчаецца ў пастанове Савета міністраў “Аб зацвярджэнні пераліку наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў, выяўленых у незаконным абароце, з іх колькаснымі адзнакамі”.
Крымінальнае заканадаўства Беларусі у галіне барацьбы з наркаманіяй з’яўляецца дастаткова суворым. Акрамя таго, яно і даволі туманнае і дакладныя крытэры часам не прапісаны ці наагул адсутнічаюць.Так, згодна КК РБ, ужыванне наркотыкаў не з’яўляецца злачынствам. Караюцца толькі захоўванне, перапрацоўка, збыт, набыццё, перавозка, але цяжка ўявіць сабе, як можна ўжыць наркотык, папярэдне не набыўшы ці не патрымаўшы яго ў руках. Трэба адзначыць, што колькасць наркатычных сродкаў увесь час расце, і новыя сінтэтычныя рэчывы ўжо не знаходзяць адлюстравання ў электронных базах органаў, якія вядуць барацьбу з наркабізнэсам, таму і прадметам злачынстваў яны не з’яўляюцца. З гэтай прычыны дзейнасць праваахоўных органаў павінна быць накіравана не толькі на раскрыццё злачынстваў, але і на навуковую працу, каб не дапусціць здзяйснення яшчэ большай іх колькасці і ўжо з невядомым прадметам.
Выкарыстаныя крыніцы:
1. Закон Рэспублікі Беларусь ад 01.12.1999г. “Аб далучэнні Рэспублікі Беларусь да пратаколу аб папраўках да адзінай канвенцыі аб наркатычных сродках 1961 г.” // НРПА. - 2000. -№24.
2.Закон Рэспублікі Беларусь ад 22.05.2002 г. №102-3 “Аб наркатычных сродках, псіхатропных рэчывах і прэкурсорах.” //НРПА. – 2002. - №59.
3. Рэспубліканскі пералік наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і прэкурсораў (зацверджаны Пастановай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь 3.05.2000 г. №11) // НРПА. – 2000. - №5 ст. 29.
4. Пастанова Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 18.12.92 г. №13 “Аб судовай практыцы па справах аб крадзяжы наркатычных сродкаў, а таксама незаконным вырабе, распаўсюджанні ды іншых супрацьпраўных дзеяннях, якія звязаны з наркатычнымі, моцнадзейнічаючымі і атрутнымі рэчывамі.” // Судовы веснік. – 1993. - №1.
5. Кузнецов И.Н. Наркотики: социальные, медицинские и правовые аспекты. // Мн., 2001.
6. Наркомания: метадические рекомендации по преодолению наркозависимости. Под ред. Горанского А.Н. // М., 2000.
7. Саламзэс Д., Чэурсон В., Сакаловский Г. Наркотики и общество //М., 1984.
8. Панова Е.В. Мифы и правда о наркотиках. // Российский следователь. – 2003. - №3.
9. Стешыц В., Юшын А. Критерии: медицинский, социальный, юридический.// Судовы веснік.- 1997. – 1997. - №1.
Вольга Парфенчык — навучаецца на III курсе аддзяленьня міжнароднага права факультэту міжнародных стасункаў БДУ. Сфэра юрыдычных зацікаўленнасьцяў: міжнароднае крымінальнае права, аўтарскае права.
