Беларускі on-line часопіс
юрыстаў і палітолягаў
Агульная тэорыя, гiсторыя й фiлязофiя права
Міжнароднае права
Эўрапейскае права
Параўнальнае права
Канстытуцыйнае, выбарчае й адміністрацыйнае права
Крымінальнае права й працэс. Крыміналёгія
Цывільнае права й працэс. Гаспадарчае права й працэс
Працоўнае права
Іншыя галіны права й юрыдычная праблематыка
Праўныя акты па-беларуску
Беларуская юрыдычная тэрміналёгія
Паліталёгія й сумежныя дысцыпліны
Інтэрвію
   пошук
   каляндар
Пн Аў Ср Чц Пт Сб Нд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
   новае на форуме
21 Снж 12.23  "Ваша честь!" (You honour! , Wysoki Sądzi

02 Лют 21.58  візыт старшыні ПАРЭ ў Беларусь

12 Снж 15.45  Юрыдычная тэрміналёгія - Стварайма разам!

07 Снж 20.28  Віншую ўсіх з Днём юрыста!

09 Ліс 11.42  Шукаю працу

   юрыдычная кансультацыя
02 Кас 13.12  Працоўная кніга и навучэнне/праца за мяжой

17 Снж 18.00  Аўтарскія правы

03 Снж 01.54  змена прозвішча

19 Ліс 05.16  Замежныя ПІФы

09 Ліс 15.27  Акцыянерныя таварыствы

бел eng
Галоўная Навіны Слоўнік Тымчасам... Гасьцёўня Форум Спасылкі Рэдакцыя Кантакты
Паліталёгія й сумежныя дысцыпліны
Ці здольныя дэмакратыі паклапаціцца пра будучыню? | Пэтар Граф Кільмансэг (Peter Graf Kielmansegg) | 08.11.2004

І

Адной з мноства магчымасьцяў вызначыць чалавечую ўнікальнасьць у царстве жывых істотаў ёсьць тое, што з усіх жывых істотаў толькі чалавек ведае пра існаваньне будучыні. Чалавек клапоціцца і спадзяецца – ён ведае, што прыйдзе будучыня. Праўда, гэта ні ў якім разе ня значыць, што ён заўжды разумна абыходзіцца з гэтай ведай. Ён гэтаксама адкіне думку пра будучыню, калі развагі аб прышласьці будуць замінаць ягонаму Сёньня. Сёньня дужэйшае, бо яно цяперашняе і яно вельмі пэўнае ды выразнае, тады як будучыня прысутнічае толькі ва ўяўленьні і заўжды застаецца-такі чымсьці няясным.

Асабліва ж цяжка чалавеку адмовіцца ад Сёньня і Тут, каб паклапаціцца пра Заўтра, ня кажучы ўжо пра Пазаўтра. Гэта даецца яму ўдвая цяжэй, калі штодзённасьць і беспасярэдні, уласны жыцьцёвы досьвед ня вучаць яго, што прадбачлівасьць забясьпечвае выжываньне; што насеньне ня сьлед есьці нават у самую цяжкую часіну, калі толькі вы хочаце выжыць. Усе сыстэмы сацыяльнага страхаваньня сучасных дзяржаваў усеагульнага дабрабыту цалкам выражаюць нашую скептычную самаацэнку: мы ня лічым сябе здольнымі дастаткова адэкватна загадзя паклапаціцца пра саміх сябе на выпадак старасьці, хваробы, беспрацоўя, і мы змушаем сябе перакласьці гэты клопат на дзяржаву. Натуральна, побач з праблемай “занядбаньня будучыні” існуе і ейная процілегласьць – турботы пра будучыню, страх перад будучыняй, якія могуць не даваць жыць сёньня. Знайсьці балянс паміж сучаснасьцю і будучыняй – зусім няпростая задача.

Што слушнае ў дачыненьні да асобаў, правільнае і для калектываў: нашая веда пра будучыню, якая ляжыць перад намі, яшчэ зусім не гарантуе, што мы разумна паклапоцімся пра гэтую будучыню. Безумоўна, немагчыма, зыходзячы з амбівалентнага стаўленьня індывідаў да будучыні, меркаваць, як з будучым будуць абыходзіцца супольнасьці. Супольнасьці дзейнічаюць праз інстытуцыі. Яны створаныя паводле некаторых прынцыпаў. Можна меркаваць, што для фармаваньня іхнага стаўленьня да будучыні важна і тое, у якія інстытуцыі і паводле якіх прынцыпаў арганізаваная калектыўная дзеяздольнасьць (Handlungsfдhigkeit). Напрыклад, ёсьць падставы меркаваць, што там, дзе ўлада перадаецца ў спадчыну, палітыка будзе вызначацца своеасаблівым стаўленьнем да часу. Мінуўшчына пры такой сыстэме прысутнічае ў сучаснасьці значна больш, чым у інакш арганізаваных палітычных сыстэмах. Тое самае датычыцца будучыні, бо ўладары разглядаюць сябе ў якасьці зьвяна ў шэрагу пакаленьняў. Перанясеньне палітычнага ў сямейнае альбо наадварот: працяг сямейнага ў палітычным, як гэта мае месца пры дынастычным кіраваньні, спрыяе асаблівай форме прывязанасьці палітыкі да будучыні, нібыта натуральнай схільнасьці, разважаць пра палітыку, беручы пад увагу даўжэйшыя прамежкі часу і не абмяжоўваючыся пэрыядам свайго жыцьця ці панаваньня. Дамова аб парадку насьледаваньня пасаду, якая забясьпечыла пфальцкім Вітэльсбахерам у 1777 г. права заняць баварскі пасад, была ўкладзеная ў 1329 г., прыкладна за 450 гадоў да таго, як адбылося насьледаваньне.

ІІ

Хто сёньня разглядае ўзаеміны палітыкі й часу, натуральна, мае справу перш за ўсё з дэмакратычна арганізаванымі супольнасьцямі. Як дэмакратыі абыходзяцца з будучыняй – так гучыць пытаньне, якое перадае сапраўднае значэньне тэмы. Ці яны маюць нейкую асаблівую здольнасьць дзейнічаць з усім усьведамленьнем сваёй адказнасьці перад будучыняй? Альбо, зусім наадварот, яны зь цяжкасьцю даюць рады праводзіць палітыку зарыентаваную на будучае?

Каб знайсьці адказ, трэба ўдакладніць пытаньне. Што значыць палітыка, уважная да будучыні? Хіба палітыка і без таго ня мае пастаянна справу з “асільваньнем” будучыні, з пабудовай будучага, з прадбачлівасьцю -- “gouverner c’est prévoir” – цьвердзіць клясычнае францускае выслоўе (1). У такім разе, палітыка, уважная да будучыні, мела б быць нічым іншым, як проста добрай і разумнай палітыкай, а пытаньне, ці маюць дэмакратыі, як такія, нейкую асаблівую здольнасьць да дзеяньняў, зважаючы на будучыню, - здавалася б наагул даволі бессэнсоўным.

Насамрэч, ідзецца пра нешта большае, чымся толькі пра тое, каб, прымаючы палітычныя рашэньні, не губляць з поля зроку будучыні – палітыка заўжды ўглядваецца ў будучае, напрыклад, калі прагназуе вынікі будучых выбараў. Ідзецца, з аднаго боку, пра гатовасьць і здольнасьць палітыкі думаць ня толькі пра беспасярэднюю, але і пра аддаленую будучыню, ня толькі пра заўтра, а і пра пазаўтра. Адказна ставіцца да будучыні – то бок улічваць даўгатэрміновыя наступствы ўласнай дзейнасьці і бязьдзейнасьці, якія, бясспрэчна, да нейкай ступені можна прадказаць. З другога боку, ідзецца пра прынцыповае прызнаньне: палітыка мае ня толькі рабіць праекцыю інтарэсаў сучаснасьці на бліжэйшую ці далейшую будучыню, але і зважаць на прэтэнзіі будучыні да сучаснасьці, улічваць ейныя інтарэсы пры прыняцьці сёньняшніх рашэньняў. Гэтыя прэтэнзіі вынікаюць з таго, што будучыня таксама будзе цярпець ад наступстваў прынятых і непрынятых сёньня рашэньняў. Каб разрозьніць дзейнасьць, адказную перад будучыняй (zukunftsverantwortlich) і дзейнасьць, толькі арыентаваную на будучае (zukunftsorientiert) можна (нават калі гэта будзе спрашчэньнем) ахарактарызаваць першую, як такую, што аддае перавагу абцяжараньню сучаснасьці дзеля будучыні перад абцяжараньнем будучыні ў інтарэсох цяпершчыны.

Дык ці здатная дэмакратыя да палітыкі, якая адпавядала б гэтым вымаганьням? Досыць часта можна чуць, што, маўляў, дэмакратычная палітыка дзеля сваіх сыстэмных асаблівасьцяў у надзвычай высокай ступені, нават праблематычна высокай ступені, завязаная на сучаснасьці. І для гэтай думкі ёсьць падставы. Яны проста ляжаць на паверхні і застаецца толькі на іх указаць. Пэрыядызацыя выбарчых тэрмінаў-кадэнцыяў у прадстаўнічых дэмакратыях задае палітыцы адпаведную часавую структуру. Правілы, паводле якіх урадавая ўлада давяраецца ўрадоўцам на нейкі час, у кожным канкрэтным выпадку маюць некаторыя асаблівасьці, але супадаюць у тым, што (за адзіным выключэньнем камунальнай палітыкі) нормай сталі 4-5 гадовыя тэрміны-кадэнцыі. Гэта значыць, палітыка ў прадстаўнічай дэмакратыі падпарадкоўваецца некатораму першаснаму рытму, які вынікае з таго, што кожныя пару гадоў ва ўмовах дэмакратычнага спаборніцтва ўлада можа быць страчана ці заваявана. Гэткі першасны рытм вызначае неабходнасьць выбару палітычных стратэгіяў, сыходзячы з першай-важнай мэты – не згубіць/альбо заваяваць уладу. Ён абмяжоўвае палітычную прастору для дзеяньняў (Handlungsspielraum), бо прымушае пад час вырашэньня праблемаў заўжды мець на ўвазе часавыя абмежаваньні пэрыядаў кіраваньня. Інакш кажучы: першасны рытм дэмакратычнай палітыкі параджае зусім пэўны падыход да вырашэньня праблемаў. Праблемы вырашаюцца так, каб адначасова па магчымасьці палепшыць (ці прынамсі ня зьменшыць) свае шанцы застацца пры ўладзе пасьля наступнага павароту падзеяў. Праблемы, якія не адпавядаюць гэтым умовам, могуць разьлічваць толькі на запозьненую і ўскосную ўвагу, і пераважна толькі тады, калі іх ціск стане неадхільным.

Але ва ўмовах дэмакратыі ўлічваць трэба ня толькі гэтую першасную структуру “палітычнага часу”, але і абмежаванасьць часавага гарызонту палітычных кар’ераў. За ўмовамі дэмакратыі палітычныя кар’еры рэдка якіх палітыкаў цягнуцца дзесяцігоддзямі, звычайна выбраныя палітыкі могуць разьлічваць толькі на два-тры тэрміны на пярэднім фронце. Можна меркаваць, што часавы гарызонт палітычных кар’ераў адаб’ецца на тым, якія праблемы палітычныя дзеячы будуць лічыць сапраўды важнымі і якія стратэгіі вырашэньня яны разгледзяць.

Часавыя гарызонты, што вызначаюць паводзіны выбраных, зьяўляюцца адным з вызначальных момантаў часавай структуры дэмакратычнай палітыкі. Другім зьяўляюцца часавыя гарызонты, якія вызначаюць паводзіны выбаршчыкаў. Асноватворнае для дэмакратыі вузкае часавае абмежаваньне тэрмінаў заняцьця ўрадавых пасадаў на практыцы вядзе да таго, што зноў і зноў пад час спаборных выбараў неабходна дабівацца падтрымкі большасьці грамадзянаў. Па законох дэмакратыі, менавіта чуйнасьць народу да ўласнай будучыні (Zukunftssensibilitдt) урэшце вызначае, як кіраўнікі будуць абыходзіцца з будучым.

Як бачым, дасягнуць яснасьці ў гэтым пытаньні няпроста. Сацыялягічныя апытаньні не прасьвятляюць карціны. Канечне, антрапалягічныя развагі настойліва раяць сыходзіць з таго, што людзі ў прынцыпе схільныя нядбайна ставіцца да будучыні, плянуючы свае дзеяньні. Людзям важнае ТУТ і ЦЯПЕР; менш важнае тое, што іх чакае (ці можа чакаць) заўтра; і, нягледзячы на ўвесь клопат пра будучыню, значна менш важнае тое, што здарыцца ці можа здарыцца ў далёкім будучым. “Зьняважваньне”, занядбаньне будучыні ўласьцівае і працэсу прыняцьця палітычных рашэньняў, прычым, відаць, нават мацней, чым прыватнай сфэры. Яно, зрэшты, ні ў якім разе не ёсьць ірацыянальным, бо грунтуецца на падвойнай няпэўнасьці: мы ня ведаем будучыні, і ня ведаем, ці дажывем да яе.

Другая антрапалягічная канстанта ўзмацняе схільнасьць да зьняважваньня будучыні: людзі, плянуючы свае дзеяньні, ставяць свае інтарэсы вышэй за інтарэсы іншых, у тым ліку тых, хто будзе жыць у будучым. Выбаршчыкі двойчы схільныя занядбоўваць будучае ў сваіх палітычных рашэньнях. Па-першае, таму што будучыня – гэта будучае, а не цяперашняе, а, па-другое, таму што і настолькі наколькі гэтае будучае зьяўляецца будучыняй іншых. Гэтае падвойнае занядбаньне вызначае ўсё. У дэмакратычным спаборніцтве йдзецца пра згоду тых, хто мае выбарчае права тут і цяпер, а не пра галасы тых, хто некалі ў будучым мецьме гэтае выбарчае права, дарма што ім давядзецца найбольш пацярпець ад вынікаў выбару. Такія натуральныя законы дэмакратыі.

Можна меркаваць, што два ўзаемазалежныя накірункі дэмаграфічнага разьвіцьця грамадзтва ўзмоцняць дзеяньне гэтых “натуральных законаў”, прынамсі ў дэмакратычных грамадзтвах усеагульнага дабрабыту. Па-першае, удзельная доля старэйшых выбаршчыкаў у агульнай масе электарату няспынна павялічваецца, прычым так імкліва, што гэтая група ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі пачне фактычна дамінаваць у агульнай масе выбаршчыкаў. У 2030 г. прыкладна траціну нямецкага насельніцтва будуць складаць асобы старэйшыя за 60 гадоў, доля тых, каму за 60 у агульнай масе электарату будзе яшчэ больш выразна пераважаць. Натуральна, што гэтым выбаршчыкам таксама ўласьцівая своеасаблівая манера арыентацыі на будучыню. Памеры, і перш за ўсё гарантаванасьць, грамадзкага клопату пра іх старасьць будзе істотна ўплываць на іх рашэньні, якія яны прымаюць у якасьці выбаршчыкаў. Але гэткая эгаістычная арыентацыя на будучыню акурат ня ёсьць той адказнай сьвядомасьцю (Verantwortungsbewusstsein), якая клапоціцца пра будучыню іншых за кошт сучаснасьці.

Па-другое, у дэмакратычных грамадзтвах усеагульнага дабрабыту ўсё менш людзей заводзяць дзяцей. Калі мы цьвердзім, што ўласныя інтарэсы прынцыпова бліжэйшыя чалавеку, чым інтарэсы іншых, то, натуральна, з гэтага правіла ёсьць выняткі. Адным з самых значных выняткаў – зноў-такі антрапалягічна абгрунтаваным, – ёсьць тое, што інтарэсы ўласных нашчадкаў, перадусім дзяцей, ня менш важныя, а, мажліва, нават больш важныя для нас, чым нашыя ўласныя інтарэсы. Мець дзяцей – значыць, інакш ставіцца да прышласьці. Можна давесьці гэтае сьцьверджаньне да канчатковай высновы: у грамадзтвах, дзе ўсё менш людзей заводзяць дзяцей, спадае ўвага да будучыні.

Калі сыходзіць з акрэсьленых аргумэнтаў, то выснова відавочная: электарат асабліва нясхільны, прымаючы рашэньні, дзейнічаць, зважаючы на будучыню у акрэсьленым намі сэнсе. Часавая структура палітычнага працэсу ва ўмовах дэмакратыі і часавы гарызонт выбаршчыкаў разам спрычыняюцца да таго, што палітыка ва ўмовах дэмакратыі ў значнай меры засяроджаная на сучаснасьці, прывязаная да сучаснасьці і найбліжэйшай будучыні. У асноватворным для прадстаўнічай дэмакратыі стасунку залежнасьці выбраных ад выбаршчыкаў эфэкт засяроджанасьці выбаршчыкаў на сучаснасьці яшчэ больш узмацняецца тым, што выбраныя мусяць прымаць рашэньні ва ўмовах надта высокай няпэўнасьці (яны ня ведаюць, наколькі іх выбаршчыкі “прывязаныя” да сучаснасьці) і схільныя імкнуцца да зьмяншэньня рызыкі, такім чынам, не выкарыстоўваючы нават наяўнай прасторы для дзеяньня.

Тут напрошваецца прамежкавае пытаньне, ці не вынікае з апошняга аргумэнту, што працэс прыняцьця рашэньняў ва ўмовах прамой дэмакратыі забясьпечвае большую верагоднасьць адказнага стаўленьня да будучыні, чым ва ўмовах прадстаўнічай дэмакратыі, бо зьнікае момант няпэўнасьці, якая вызначае паводзіны выбраных. У асобных выпадках, магчыма, гэта сапраўды так. Але, зь іншага боку, прамая дэмакратыя азначае таксама, што дэмаграфічныя чыньнікі, клопаты пра сёньняшні дзень будуць яшчэ больш беспасярэдне адбівацца на рашэньнях. Што азначае: ўсталяваньне пасярэдніцтва (Mediatisierung) ў грамадзтве праз інстытут прадстаўнічай дэмакратыі дзейнічае ў абодвух напрамках; яна гэтаксама і павялічвае палітычную прастору дзеяньняў. Урэшце, нішто ня сьведчыць пра сыстэмную перавагу працэсу прыняцьця рашэньняў, адказных перад будучыняй, ва ўмовах прамой дэмакратыі над працэсам прыняцьця рашэньняў, уласьцівым прадстаўнічай дэмакратыі.

Тэзу пра засяроджанасьць дэмакратычнага палітычнага працэсу на сучаснасьці, зь іншага боку, можна падмацаваць наступным аргумэнтам. У гэтым працэсе ўдзельнічаюць ня толькі выбаршчыкі і выбраныя. Ён адкрыты для ўзьдзеяньня ўсіх грамадзкіх сілаў, якія здольныя дзейнічаць паводле дэмакратычных правілаў гульні. Паводле гэтых правілаў перш за ўсё ўплываць на палітычны працэс здольныя інтарэсы. Інтарэсы – да гэтых высноваў нас прывяла зацятая дыскусія 60-70 гг. пра асімэтрыі плюралізму, - адначасова здольныя арганізоўваць і быць прычынай канфліктаў. Праўда, мы ўжо зразумелі, што схільнасьць і здольнасьць да арганізацыі і канфлікту ў дэмакратычных грамадзтвах не разьмеркаваная паводле простага ўзору, як некалі ўважалі левыя крытыкі плюралістычнае саматоеснасьці заходніх дэмакратыяў. Але наўрад ці хто не пагодзіццца з тым, што інтарэсы будучыні паддаюцца арганізацыі горш, чым сёньняшнія інтарэсы.

Праўда, тое, што яны менш паддаюцца арганізацыі, ня значыць, што яны зусім не паддаюцца арганізацыі. Чуйнасьць да праблемаў будучыні, да пастуляту “справядлівасьці пакаленьняў”, бясспрэчна павялічылася – сьведчаньнем таму зьяўляецца кар’ера панятку “устойлівасьць”. І рост грамадзкай чуйнасьці да праблемаў будучыні вядзе таксама да таго, што паўстаюць групы, якія пачынаюць “займацца” будучым. Зьмяняецца сілавое поле (Kräftefeld) плюралістычнага грамадзтва.

Рух супраць атамнай энэргіі можна прывесьці ў якасьці прыкладу таго, як, пры пэўных перадумовах, інтарэсы будучыні могуць быць арганізаваныя і, нават (проста-такі да неверагоднай ступені) здольныя стаць прычынай канфлікту. Рух супраць выкарыстаньня атамнай энэргіі карыстаецца аргумэнтам, маўляў, сёньняшні стан ведаў і ўменьняў не забясьпечвае надзейнай доўгатэрміновай утылізацыі атамных адкідаў, і можа разглядацца ў якасьці адваката будучыні. Але ўпартасьць і настойлівасьць, зь якімі (прынамсі, у Нямеччыне) гэты рух уступіў на палітычную арэну, а таксама шчыры гнеў, якім ён (асабліва напачатку) вызначаўся, – моцна зьвязаныя з страхам перад атамнымі катастрофамі, які жывіўся чарнобыльскім досьведам. Страхам, які датычыўся, як цяперашняга моманту, так і далёкай будучыні, страхам, пры якім кожны разглядаў у якасьці мажлівай ахвяры, перадусім, сябе.

Назіраньне наконт росту чуйнасьці да будучыні ў сілавым полі плюралістычнага грамадзтва, такім чынам, ня ставіць пад пытаньне зыходную тэзу: інтарэсы будучыні горш паддаюцца арганізацыі, чымся інтарэсы сучаснасьці, - што ў выніку азначае, што эфэктыўна ў палітычным сэнсе яны арганізуюцца шмат радзей. Тлумачэньне таму ўрэшце зьвязанае з той самай антрапалягічнай канстантай, якая ляжыць у аснове засяроджанасьці выбаршчыкаў на сучаснасьці. Гэта можа гучаць прыкладна так: сыстэма арганізаваных інтарэсаў у значнай ступені зьяўляецца сыстэмай, засяроджанай на сучаснасьці. Мажліва, гэтая засяроджанасьць узмацняецца яшчэ праз тое, што ў групах інтарэсаў, падобна як і ў стасункох паміж выбаршчыкамі і выбранымі, існуе тыповая нявызначанасьць, спрычыненая перадачай прадстаўніцкіх паўнамоцтваў на абмежаваны час. То бок, функцыянэры гэтых групаў перадусім арыентуюцца на заяўленыя актуальныя, а не патэнцыйныя інтарэсы ўдзельнікаў гэтых групаў.

ІІІ

Тэарэтычныя развагі, такім чынам, дужа выразна паказваюць адно: палітычны працэс ва ўмовах дэмакратыі ў значнай ступені завязаны на сучаснасьці. Матывы дзеяньняў выбраных, выбаршчыкаў і арганізаваных інтарэсаў у гэтым супадаюць. Сыстэматычная праверка таго, наколькі рэчаіснасьць адпавядае гэтым чаканьням – безумоўна, няпростая задача. Але практычных доказаў не бракуе. Калі вы чытаеце газэты, то вам ня трэба гэтага тлумачыць. Таму дастаткова згадаць пра тое, што пацьвярджае гэтую тэзу ў дачыненьні да трох сфэраў палітыкі: фінансавай палітыкі, сацыяльнай палітыкі (асабліва, што датычыцца клопату пра старых) і палітыкі ў галіне аховы навакольнага асяроддзя.

Гэтыя тры вобласьці палітыкі зьяўляюцца ідэальнымі доказамі таго, што, ужо дзеля самое прыроды рэчаў задача палітыкі палягае ў тым, каб усталяваць належную раўнавагу памі сучаснасьцю і будучыняй. Чуйнае стаўленьне да будучыні, калі толькі яно існуе, мусіць, такім чынам, выразна праяўляць сябе. Але, фактычна, дэмакратычная палітыка ва ўсіх трох згаданых сфэрах настойліва схіляецца да рашэньняў, якія здымаюць цяжар з сучаснасьці і перакладваюць яго на будучае. Яна сутыкаецца зь вялікімі праблемамі, калі трапляе ў безвыходнае становішча, ў якім неабходна абцяжарыць сучаснасьць дзеля будучыні.

Калі мы зьвернемся да фінансавай палітыкі, то пабачым схільнасьць дэмакратыяў фінансаваць істотную частку сваіх выдаткаў не праз ападаткаваньне, а праз запазычваньне. Дзяржаўная запазычанасьць ёсьць пераносам цяжару на будучыню дзеля інтарэсаў сучаснасьці ў парадыгматычнай форме, калі толькі, вядома, атрыманыя пры яе дапамозе сродкі не выкарыстоўваюцца дзеля інвэстыцыяў у будучыню. Многія дэмакратычныя канстытуцыі рабілі недвухсэнсоўныя спробы запабегчы гэтаму пераносу, зьнітоўваючы дзяржаўнае запазычваньне з дзяржаўнымі інвэстыцыямі. “Даходы ад крэдытаў ня могуць быць большымі за суму прадугледжаных бюджэтам выдаткаў на інвэстыцыі”, цьвердзіць артыкул 115 Асноўнага закону ФРН. Але такія захады пакуль вялікага плёну нідзе не далі. Альбо самі Канстытуцыі пакідаюць пралаз – “выпраўленьне парушэньня агульнаэканамічнае раўнавагі” (Канстытуцыя ФРН), альбо справа вырашаецца шляхам сьмелага пашырэньня панятку “інвэстыцыі”, аж пакуль іх сума не дасягне сумы крэдытаў, якія мяркуецца атрымаць.

Цягам доўгага часу абмежаваньне росту запазычанасьці было скрайняй мерай, на якую наважваліся йсьці дэмакратыі (зазвычай, беспасьпяхова). Апошнім часам, перадусім, з-за ўсё больш невыноснага цяжару працэнтаў па крэдытох, заўважаныя сур’ёзныя спробы дасягнуць збалянсаваных бюджэтаў, нават больш за тое – скараціць запазычанасьць. Перш за ўсё, гэта датычыцца ЗША. Там прапанова дадатковай папраўкі да Канстытуцыі, якая зрабіла б абавязковым прыняцьцё збалянсаванага бюджэту, нават прайшла ўжо частку неабходнай для яе прыняцьця працэдуры. Падобныя памкненьні маюць месца і ў эўрапейскіх дэмакратыях. У эўрапейскім выпадку важную ролю ўжо адыграла “над-Канстытуцыя”, якую ўстанавілі для сябе дзяржавы-чальцы ЭЗ у форме вызначаных правілаў і нормаў стабільнасьці, якія трэба было выканаць для ўвядзеньня супольнае грашовае адзінкі.

Але менавіта выкананьне дзяржавамі гэтых правілаў і нормаў стабільнасьці паказвае, як цяжка ўвасобіць у жыцьцё добрыя намеры. Сярод крытычна настроеных назіральнікаў ужо можна пачуць, што нормам і правілам стабільнасьці пры маўклівай згодзе ўрадаў пакінутая хіба толькі сымбалічная функцыя. Зрэшты, нямецкія апанэнты эўрагрошай заўжды гэта прагназавалі. Што датычыцца ФРН, варта сказаць, што акурат апошнім часам адбыўся моцны рост яе запазычанасьці, калі яна не праз нястачу, але дзеля меркаваньняў палітычнае тактыкі, надумалася прафінансаваць пры дапамозе крэдытаў ладную частку выдаткаў на аб’яднаньне краю. Ёсьць адзнакі таго, што палітычная кляса паціху пераасэнсоўвае такое сваё стаўленьне. Але той, хто гатовы зрабіць з гэтага выснову, што дэмакратыі намерваюцца, прынамсі, у галіне фінансавай палітыкі, пачаць дзейнічаць, зважаючы на сваю адказнасьць перад будучыняй, той, мякка кажучы, досыць моцна апярэджвае рэальнасьць.

У выніку дэмаграфічных зьменаў у большасьці дэмакратыяў усеагульнага дабрабыту ўжо немагчыма адмахнуцца ад патрэбы рашучай рэформы сыстэмы пэнсійнага забесьпячэньня, - бо гэта паставіць наступнае, ці самае позьняе, па-наступнае пакаленьне перад невырашальнай праблемай. Але, нават калі разуменьне праблемы прысутнічае, то гэта яшчэ ня значыць, што ёсьць здольнасьць і гатовасьць зрабіць патрэбныя высновы. Шматгадовыя спробы ўхіліцца ад вырашэньня прадказванай праблемы ( дэмаграфічнае разьвіцьцё зьяўляецца адным зь нешматлікіх працэсаў, разьвіцьцё якіх можна параўнальна дакладна спрагназаваць) ужо самі па сабе зьяўляюцца выразным сьведчаньнем цяжкасьцяў дэмакратыі справядліва ўраўнаважыць, з аднаго боку, прэтэнзіі ды чаканьні пэнсыянэраў і вось-вось-пэнсіянэраў, а, з другога боку, неабходнасьць забясьпечыць будучыню сацыяльнага забесьпячэньня і правы заўтрашніх пэнсіянэраў, якія сёньня магчыма яшчэ і не атрымалі права голасу. І гэтыя цяжкасьці працягваюцца, нягледзячы нават на рост разуменьня неабходнасьці пераменаў. Бо выбаршчыкі-пэнсіянэры, ведама, больш зацікаўленыя ў сваіх пэнсіях, чым у будучыні сацыяльнай сыстэмы. Спосаб абыходжаньня дэмакратычнай палітыкі з гэтай праблемай (пасьля таго, як яе ўжо стала больш немагчыма ігнараваць) добра гэта адлюстроўвае. Яна спрабуе вырашаць яе крок за крокам так, каб той цяжар гэтае праблемы, які прыпадае на Сёньня і Тут, абавязкова заставаўся ніжэй (і без таго нізкага) “болевага парогу” сучаснасьці. Ці пры такой тактыцы сапраўды магчыма вырашыць гэтую праблему – не самае важнае для палітыкі.

Разьвіцьцё палітычнага поля “экалягічнай палітыкі” цягам апошніх трох дзесяцігоддзяў падаецца самым яўным доказам таго, як палітыка стала больш чуйнай да будучага. Яна сапраўды такой стала. Але, калі прыгледзецца ўважлівей, высьвятляецца, што экалягічная палітыка ажыцьцяўляецца энэргічна перш за ўсё тады і настолькі, калі і наколькі яна мае дачыненьне да адчуваемых сёньня бедаў і відавочных пагрозаў. Адначасна палітыка сутыкаецца зь вялікімі цяжкасьцямі, калі апынаецца перад задачай вырашыць за кошт сучаснасьці праблему экалягічных наступстваў-выдаткаў нашае цывілізацыі, якія па-сапраўднаму адаб’юцца толькі на наступных пакаленьнях. Надзвычайныя цяжкасьці ў прыняцьці дзейснай канвэнцыі па зьмяненьні клімату зьяўляюцца адным з прыкладаў таго. У стварэньні гэтых цяжкасьцяў цалкам вінаватыя некаторыя вялікія дэмакратыі, бо ў сваіх разьлікох яны адназначна аддаюць перавагу інтарэсом сучаснасьці перад вымаганьнямі будучыні.

Гэта ня значыць, што дэмакратыі з гэтага пункту гледжаньня саступаюць па эфэктыўнасьці не-дэмакратыям. Пра тое няма й гаворкі. Сёньня мы вельмі добра ведаем, як спусташальна выглядаў экалягічны балянс камуністычных дыктатураў пры канцы іхняга панаваньня. НДР страціла частку сваёй сумнеўнай легітымнасьці не ў апошнюю чаргу праз сваё безадказнае стаўленьне да экалягічных пытаньняў. Відаць, жадная дэмакратыя ня здолела б так спляжыць навакольнае асяроддзе, як НДР. Ідзецца пра тое, што схільнасьць дэмакратыі перакладваць цяжар на будучыню датычыцца нават таго палітычнага поля, на якім па азначэньні неабходна турбавацца пра будучае.

Нішто ня кажа на карысьць таго, што балянс будзе выглядаць інакш, калі мы разьбярэм іншыя галіны палітыкі, якія ўжо дзеля самой іх прыроды займаюцца будучыняй – як то адукацыйная ці навуковая палітыка. Паўсюдна дзейнічае правіла: будучае, паводле правілаў дэмакратыі, здабывае палітычную вагу, толькі калі яно патрапіць ўмяшацца ў працэс вызначэньня сёньняшняй палітыкі. У адукацыйнай палітыцы гэта можа быць зьдзейсьнена праз бацькоў альбо навучальныя ўстановы; у навуковай палітыцы – праз тых, хто зьяўляецца навукоўцам тут і цяпер, словам праз волю і інтарэсы, тых, хто можа паўплываць на палітыку тут і цяпер. Будучыня застаецца палітычна слабой, таксама і менавіта ва ўмовах дэмакратыі, калі толькі ўплывовыя адвакаты не пераносяць яе ў сучаснасьць. З прычыны надзвычай моцнай, сыстэмна абумоўленай засяроджанасьці на сучаснасьці з боку дэмакратычнай палітыкі гэта атрымліваецца зрабіць толькі ў выключных выпадкох.

Зь іншага боку, калі разгледзець здольнасьць і гатовасьць дэмакратыі адказна ставіцца да будучыні ня толькі ўнутры нейкай краіны, а таксама яе падыходы да глябальных выклікаў, то прычынаў для скептыцызму ў дачыненьні да дэмакратыі становіцца ўсё больш і больш. Тут ідзецца пра “адказнасьць за далёкае” (Fernverantwortung) – панятак Ганса Ёнаса (2) – у падвойным сэнсе: далёкае па часу і далёкае па адлегласьці. І “адказнае стаўленьне да далёкага” яўна не належыць да моцных бакоў дэмакратыі.

Калі падсумаваць тэарэтычную аргумэнтацыю і канкрэтныя прыклады, то рабіць аптымістычныя высновы не выпадае. Дэмакратыя не зьяўляецца дзяржаўным ладам, які асабліва здольны да дзеяньняў, зважаючы на адказнасьць перад будучыняй. Па гэтым пункце трэба хутчэй казаць пра яе слабасьць. Тое, што недэмакратычныя сыстэмы выглядаюць з гэтага гледзішча яшчэ горай, не суцяшае. Бо, зыходзячы зь міжнароднага становішча на пачатку ХХІ ст., трэба меркаваць, што менавіта ад сталых канстытуцыйных дэмакратычных дзяржаваў залежыць, ці чалавецтва дасьць рады хоць неяк адказаць на выклікі гэтага стагоддзя.

Гэта будзе залежаць ад дэмакратычных дзяржаваў, бо ў сёньняшнім сьвеце дзяржаваў яны вызначаюцца перавагай з пункту гледжаньня легітымнасьці, забясьпечанасьці рэсурсамі ды эфэктыўнасьці, што ўскладае на іх асноўную адказнасьць. Што тычыцца легітымнасьці, відавочна – дэмакратычна нелегітымныя палітычныя рэжымы паказваюць сябе ўсё менш стабільнымі. Што тычыцца рэсурсаў, то, калі разумець пад імі газ дый нафту, нам можа падацца, што “сталыя канстытуцыйныя дэмакратыі” церпяць іх нястачу. Але ўсе яны маюць самыя магутныя гаспадаркі і самыя эфэктыўныя сыстэмы адукацыі і навукі. Падставовым паняткам зьяўляецца “перавага ў эфэктыўнасьці”. За нешматлікімі выняткамі менавіта канстытуцыйныя дэмакратыі з ліку ўсіх сучасных дзяржаваў найэфэктыўней выконваюць дзяржаўныя функцыі. Улічваючы гэта, можна сказаць, што перадусім дэмакратыі маюць вырашаць праблемы будучыні. У такім разе сыстэмная слабасьць дэмакратыі ў вырашэньні гэтых праблемаў набывае новае трывожнае значэньне.

Гэта становіцца тым больш важным у зьвязку з тым, што цывілізацыйны працэс, відавочна, вядзе да ўсё больш цеснага перапляценьня паміж сучаснасьцю і будучыняй. Іншымі словамі, дзякуючы “прамэтэеўскаму характару” нашае цывілізацыі наша дзеяньне ці бязьдзеяньне цягне цяпер за сабой усё больш цяжкія наступствы для будучыні. Ад палітыкі патрабуецца больш адказнае стаўленьне да будучыні, палітычныя рэжымы ўсё больш ацэньваюцца з пункту гледжаньня пэрспэктыўнасьці ў будучыні. Вырашальным пытаньнем зьяўляецца не тое, ці дэмакратыі менш здольныя, у параўнаньні зь інакшымі рэжымамі, супрацьстаяць праблемам будучыні, - але ці здольныя яны ў дастатковай ступені адказаць на выклікі, зь якімі мы сутыкнуліся.

IV

Амаль чвэрць стагоддзя таму гэтае пытаньне ўзьняў Ганс Ёнас у сваёй слыннай кніжцы “Прынцып адказнасьці”, якая дагэтуль зьяўляецца самым пераканаўчым філязофскім выступам на згаданую тэму. І ён адмоўна адказаў на яго. Зрэшты, яму не былі так важныя палітычныя адказы. Яго цікавіла, як сфармуляваць і абгрунтаваць перад абліччам шыбкага, падганянага навукай тэхнічнага прагрэсу “новую этыку адказнасьці за далёкае”. Гэтая спроба, як вядома, увасобілася ў новым катэгарычным імпэратыве адказнасьці перад будучыняй: “Дзейнічай так, каб вынікі й наступствы тваіх дзеяньняў не пагражалі захаваньню годнага чалавечага жыцьця на Зямлі.” Але ён пастаянна закранаў палітычнае пытаньне “прыгоднасьці сыстэмаў да папярэджваньня катастрофаў чалавецтва”. І неахвотна адказваў на яго зь дзіўнай адназначнасьцю: “У будучых суворых умовах палітыкі, якая мае на ўвазе сьвядомую адмову ад нечага дзеля будучыні, дэмакратыя, у якой непазьбежна “рэй вядуць” інтарэсы сучаснасьці, непрыгодная для застасаваньня, прынамсі, на працягу некаторага часу." Ідзецца пра тое, каб выбіраць паміж рознымі формамі тыраніі.

У той час Ганс Ёнас меркаваў, што менавіта сацыялістычная, марксысцкая дыктатура мае найбольшы патэнцыял для таго, каб стаць “дабразычлівай, добра паінфармаванай і натхнёнай правільным разуменьнем тыраніяй” адказнасьці перад будучыняй. Ён бачыў у ёй магчымасьць (ва ўсялякім разе, прынцыповую) спалучыць перавагу неабмежаванай улады ўраду з перавагамі палітычнае філязофіі роўнасьці, эканомікі, заснаванай на адміністрацыйным кіраваньні патрэбамі, і аскетычнай маралі – тое, што дапамагала выканаць вялікае заданьне будучыні, якое палягала, на яго думку, у самаўтаймаваньні сучаснай навукова-тэхнічнай цывілізацыі.

Хаця спрэчкі, якія Ёнас выклікаў сваім праектам этыкі будучыні, былі досыць жвавымі і інтэнсыўнымі, але адметна, што ягоная палітычная праграма, калі толькі пра такую можна гаварыць, засталася незаўважанай і неабмеркаванай. Нехта можа сказаць, што гэта толькі павялічыла ўплывовасьць кніжкі. І, аглядаючыся, назваць яшчэ большым абсурдам для разумнага чалавека, чым гэта было ў 1979 г., сёньня, пасьля краху марксысцка-ленінскіх дыктатураў, ускладаць свае экалягічныя надзеі на дабразычлівую дыктатуру ды асьвечаны марксызм, які ўжо трэба разумець не як носьбіта дабра, але выратавальніка ад зла. Але такім чынам мы несправядліва паставімся да Ёнаса ці, слушней кажучы, ягонай тэмы. Бо нас будзе нязьменна бянтэжыць той факт, што філёзаф такога рангу пад час сваіх дасьледзінаў праблемаў адказнага стаўленьня да будучыні расчараваўся ў дэмакратыі (а ягоная пазыцыя вызначаная менавіта адчаем) і знайшоў выйсьце ў ідэальнай дыктатуры (у той час, калі сам быў ахвярай аднаго з крывавых таталітарызмаў ХХ ст).

Хіба наш уласны цьвярозы разбор здольнасьці й гатовасьці дэмакратыі да дзейнасьці, адказнай перад будучыняй, не прыводзіць нас гэтаксама ў адчай? А ў поўнай меры гэта праявіцца, як толькі мы (усьлед за Ёнасам) закранем пытаньне адказнасьці дэмакратыяў за вырашэньне праблемаў чалавецтва дый выйдзем за межы ўнутраных справаў асобных дзяржаваў. Калі стан справаў з дэмакратыяй выглядае такім чынам, то хіба ня сьлед чакаць, што пад націскам экзыстэнцыяльных выклікаў могуць паўстаць недэмакратычныя формы й практыкі панаваньня, якія пакажуць сябе дзеяздольнымі адказаць на гэтыя выклікі?

Пачнем з другога пытаньня: гэтага нельга выключаць. Але перш чым адназначна зрабіць стаўку на такі варыянт вырашэньня праблемы, варта прыняць-такі да ведама адназначны досьвед дыктатураў мінулага стагоддзя. Заснаваную на марксызме-ленінізме дыктатуру ў Савецкім Саюзе (ці яшчэ дзе) можна ўважаць Вялікім экспэрымэнтам з будучыняй ХХ ст. Ён быў натхнёны ідэалёгіяй будучыні, кіраваўся людзьмі, якія лічылі, што ведаюць будучае. Гэты экспэрымэнт аддаваў сучаснасьць пад неабмежаваную ўладу і ў поўнае распараджэньне будучыні. І менавіта гэты экспэрымэнт дэгенэраваў згодна заканамернай лёгіцы разьвіцьця, аж пакуль не была цалкам страчаная здольнасьць дзейнічаць, зважаючы на будучыню. Таталітарнае панаваньне, як паказвае досьвед, дэгенэруе, бо непазьбежна само становіцца сваёй мэтай, існуе дзеля сябе. Пасьлядоўна арганізаванае ў мэтах захаваньня ўлады і прывілеяў, яно няздатнае забясьпечыць нават уласнае будучае, ня кажучы ўжо пра дасягненьне іншых мэтаў будучыні. Зададзены дагматыкай таталітарнага панаваньня сувязь паміж будучыняй і сучаснасьцю цалкам перакручваецца ў таталітарнай практыцы. Няма годных падставаў уважаць, што дыктатуры, легітымізаваныя праграмай вырашэньня праблемы будучыні, схільныя, кажучы словамі Ёнаса, выступаць у якасьці носьбітаў дабра ці збавіцеляў ад зла, - могуць пазьбегнуць такой лёгікі разьвіцьця.

Вось мы і вярнуліся да нашых двух першых падставовых пытаньняў. Ці нам застаецца зьняверыцца ў дэмакратыі і ейнай здольнасьці належным чынам паклапаціцца пра будучыню? Пэўна адно: гістарычны трыюмф дэмакратыі, якім закончылася ейнае супрацьстаяньне з таталітарызмамі, гэтаксама мала гарантуе ейны посьпех у ХХІ ст., як і нашае перакананьне, што не йснуе больш легітымных альтэрнатываў канстытуцыйнай дэмакратычнай дзяржаве.

Дэмакратыя можа капітуляваць перад выклікамі новага стагоддзя. Але яна, нягледзячы на іманэнтную слабасьць у пытаньнях будучыні, зьяўляецца, мабыць, найлепшым нашым шанцам справіцца з гэтымі выклікамі.

Пры тым, бясспрэчна, трэба таксама падумаць пра магчымасьць павялічыць яе здольнасьць да дзейнасьці, адказнай перад будучыняй, праз інстытуцыянальныя зьмены; альбо: ці маюць уплыў на гэтую здольнасьць разнастайныя магчымыя інстытуцыянальныя зьмяненьні, тыпалёгія якіх добра распрацаваная ў працэсе дасьледаваньня дэмакратыі за апошняе дзесяцігоддзе. Але верагоднасьць таго, што нейкі сродак зь міжнароднага інструмэнтарыю зможа рашучым чынам паўплываць на сытуацыю, выглядае невялікай. Галоўным зьяўляецца пытаньне, ці будзе цудоўная здольнасьць адкрытых грамадзтваў вучыцца своечасова застасаваная на практыцы. У прагісторыі разумных клопатаў пра будучыню, якую нам распавядае Біблія ў 41 разьдзеле Першай кнігі Майсея у выглядзе гісторыі тлумачэньня сноў Язэпам, мудрасьць і ўлада аднаго чалавека дапамаглі Эгіпту перахітрыць будучыню і выжыць. Сучасныя грамадзтвы, якія ня могуць даведацца пра будучыню пры дапамозе тлумачэньня сноў і якія (калі яны грунтуюцца на прынцыпох дэмакратыі), дзейнічаюць не празь нейкага аднаго чалавека, што спалучае ў сабе розум і ўладу, фараона ці ягонага намесьніка, мусяць разважаць як грамадзтвы, дзейнічаць як грамадзтвы. Будучы адкрытымі грамадзтвамі, яны грунтуюцца на навучаньні, спазнаньні. Але яны ня могуць пакладацца на тое, што яно адбудзецца само сабой.

Зь нямецкай паводле Merkur (ліпень 2003 г.) пераклаў Сяргей Богдан


Заўвагі перакладніка

  1. “gouverner c’est prévoir” – “правіць – значыць, прадбачыць”. Выслоўе зьяўляецца варыянтам славутай формулы заснавальніка сацыялёгіі Агюста Конта “prévoir pour pouvoir” – “прадбачыць, каб правіць” (фр).
  2. Ганс Ёнас (Hans Jonas) – нямецкі філёзаф (1903-1993). Творы: "The Phenomenon of Life. Toward a Philosophical Biology" (1963), "Das Prinzip Verantwortung. Versuch einer Ethik fьr die technologische Zivilisation" (1979), "Technik, Medizin und Ethik" (1985), "Philosophische Untersuchungen und metaphysische Vermutungen" (1992) і мн. інш. Сфармуляваў прынцып адказнасьці: “Дзейнічаць так, каб наступствы тваіх дзеяньняў не пагражалі пастаянству годнага чалавечага жыцьця на Зямлі".

Пэтар Граф Кільмансэг (Peter Graf Kielmansegg)

Доктар філязофіі, прафэсар паліталёгіі (нар. у 1937 г. у Гановэры, Нямеччына). З 1957 па 1964 гг. вывучаў права і гісторыю ў Боне, Кіле ды Цюбінгу. Пасьля пасьпяховай абароны доктарскай дысэртацыі ў 1971 г. атрымаў пасаду прафэсара Кёльнскага ўнівэрсітэту. З 1985 г. прафэсар паліталёгіі факультэту сацыяльных навукаў ва ўнівэрсітэце Манхайму. Галоўныя напрамкі акадэмічнай працы: паліталёгія, найноўшая гісторыя, вывучэньне дэмакратыі.

У 1983 г. атрымаў узнагароду імя Зыгмунда Фройда за навуковую прозу. У 2001 г. стаў ляўрэатам фундацыі Schader.

Галоўныя працы:

  • Nach der Katastrophe - die Deutsche und ihre Nation. Eine Geschichte des geteilten Deutschlands (2000)
  • Lange Schatten. Vom Umgang der Deutschen mit der nationalsozialistischen Vergangenheit (1989)
  • Das Experiment der Freiheit (1988)
  • Nachdenken uber Demokratie. Aufsatze aus einem unruhigen Jahrzehnt. (1980)
  • Volkssouveranitat. Eine Untersuchung der Bedingungen demokratischer Legitimitat (1977).


   
© 2004-2007, Праўнік. Беларускі on-line часопіс юрыстаў і палітолягаў

Усе правы абароненыя. Пры цытаваньні ўрыўкаў матэр'ялаў актыўная спасылка на часопіс praunik.org і аўтара ёсьць абавязковымі!