У заходняй юрыдычнай навуцы лінгваправы даўно ўжо разглядаюцца як неад’емная частка правоў чалавека, абарона якіх мае першаснае значэньне. Сярод канстытуцыйна-прававых праблемаў, зь якімі сутыкнулася Беларусь пасьля абьвяшчэньня незалежнасьці, адно з цэнтральных месцаў заняла дыскусыя аб юрыдычнай фіксацыі білінгвізму. Праблема не губляе сваёй актуальнасьці й сёньня, што абумоўлівае інтарэс да кампаратыўнага аналізу моўнага заканадаўства ў білінгвістычных краінах, дзе пасьпяхова рэалізуюцца правы носьбітаў абедзьвюх афіцыйных моваў. Досьвед Канады у такім разе прадстаўляе неацэнную каштоўнасьць, улічваючы нестандартныя прававыя рашэньні складаных моўных калізыяў, што прапануе канадыйскі заканадаўца.
Прававы ланцужок па ўсталяваньні білінгвізму ў Канадзе бярэ свой пачатак у артыкуле 133 Брытанскага паўночнаамэрыканскага закону 1867 г. (цяперашняга Канстытуцыйнага акту), што зьмяшчаў палажэньне аб выкарыстаньні як ангельскае, так і францускае моваў падчас парлямэнцкіх абмеркаваньняў ды ў фэдэральным судовым працэсе. Гэты ж артыкул патрабаваў, каб ўсе афіцыйныя матэрыялы парлямэнту складаліся і публікаваліся на абедзьвюх мовах. У 30-я гады мінулага стагодзьдзя адмысловым парлямэнцкім законам засноўвываецца Фэдэральнае бюро перакладаў, пачынаецца эмісыя валюты з пазначэньямі на абедзьвюх мовах.
Аднак у цэлым сытуацыя зь лінгваправамі застаецца даволі напружанай. Як азначае Майкл Бэілз (Michael Behiels), прафэсар гістарычнага факультэту ўнівэрсытэту Атавы, напрыканцы 50-х гадоў франкафонныя мяншыні знаходзілася ўжо ў глыбокай крызе. Дэмаграфічныя, эканамічныя, сацыякультурныя, інстытуцыянальныя ды палітычныя чыньнікі, што складалі падмурак канцэпцыі Францускай Канады на працягу цэлага стагодзьдзя, гублялі сілу або трансфармаваліся зь неверагоднай хуткасьцю.
Каб зьберагчы сваю ідэнтычнасьць у такіх умовах, гэтыя супольнасьці мусілі распрацаваць новыя палітычныя ды канстытуцыйныя мэханізмы абароны сваіх моўных правоў, а разам з тым і стратэгіі іх імплемэнтацыі.
Акцэнт робіцца на лябіраваньні патрабаваньняў у адукацыйнай сфэры, то бок увядзеньні ў заканадаўства нормы аб ускладаньні на мясцовыя адміністрацыі абавязку ствараць школьныя клясы для прадстаўнікоў афіцыйнамоўных мяншыняў, а таксама дазваляць бацькам кантраляваць адукацыйныя праграмы сваіх дзяцей. Тут варта адзначыць, што канадыйскі заканадаўца шырока выкарыстоўвае клішэ прадстаўнікі афіцыйнамоўных меншасных супольнасьцяў (representatives of official languages minority communities), характарызуючы правы англафонаў ды франкафонаў Канады, бо прадстаўнікі іншых этнічных супольнасьцяў падпадаюць пад азначэньне other language communities/minorities rights (літаральна правы іншых моўных мяншыняў/супольнасьцяў).
Дзякуючы азначанай актыўнасьці франкамоўных юрыстаў, з 1959 году ў Палаце супольнасьцяў распачынаецца сынхронны пераклад усіх абмеркаваньяў. Вялікую ролю ў выпрацоўцы канадыйскага лінгвазаканадаўства адыграла Каралеўская камісыя па вывучэньні білінгвізму і бікультуралізму, што дзейнічала ў пэрыяд 1963-1970 гг. Падсумоўваючы вынікі працы гэтае камісыі, парлямэнтам у 1969 г. прымаецца першы Закон аб афіцыйных мовах. Ягонай задачай ёсьць забесьпячэньне роўнага стасусу ангельскае і францускае ў парлямэнце, урадзе Канады, фэдэральнай адміністрацыі і д.п.
У 1970 г. уводзіцца пасада Камісару па афіцыйных мовах, чыёй місыяй ёсьць ,,прыняцьцё усіх магчымых захадаў дзеля дасягненьня трох асноўных задачаў, акрэсьленых у Законе аб афіцыйных мовах”. У 70-я гг. (1) прымаецца парлямэнцкая рэзалюцыя аб працоўнай мове і прадстаўніцтве чальцоў анга- і франкамоўных супольнасьцяў у фэдэральных дзяржаўных службах, (2) уступае ў сілу Закон аб абароне спажывецкіх правоў у галіне ўпакоўкі ды маркероўкі тавараў, які разам з тым ўводзіць палажэньні аб дзьвюхмоўным анатаваньні спажывецкіх тавараў, (3) распачынаецца праграма па кантролі за выкарыстаньнем афіцыйных моваў у судох. Абвешчаны ў 1982 г. Канстытуцыйны акт ўжо ўлучае ў сябе Канадыйскую хартыю правоў і свабодаў, якая зьмяшчае далейшыя гарантыі адпаведнага статусу і выкарыстаньня афіцыйных моваў Канады ў фэдэральных інстытуцыях. Да таго ж, згодна артыкулу 24 Хартыі, на правінцыі і тэрыторыі ўскладаецца абавязак забесьпячэньня магчымасьці атрыманьня малодшае і сярэдняе школьнае адукацыі на роднай мове для прадстаўнікоў афіцыйнамоўных мяншыняў (ангельскае ў Квэбэку, францускае на астатняй тэрыторыі Канады). Ў 1990 г. Вярхоўны суд Канады пастанавіў, што гэты артыкул трэба трактаваць акурат як гарантаваньне стварэньня ўласнае адукацыйнае сыстэмы прадстаўнікам афіцыйнамоўных мяншыняў.
І ўрэшце, у 1988 г. Парлямэнтам прымаецца новы Закон аб афіцыйных мовах. Ён пацьвярджае і ўдакладняе абавязкі згодна Хартыі 1982 г. адносна выкарыстаньня абедзьвюх моваў у дзяржаўных установах і прадстаўленьня імі паслугаў. Закон таксама ўскладае на ўрад абавязак прасоўваць дзьвюхмоўе у канадыйскім грамадзтве ды падтрымліваць разьвіцьцё афіцыйнамоўных меншасных супольнасьцяў. Далейшыя прававыя акты індыкуюць імкненьне канадыйскага заканадаўцы як мага шырэй прапісаць абавязак розных ведамстваў па каардынацыі моўнай палітыкі. Так, у 1999г. распачынаецца праграма міжведамственнага супрацоўніцтва ў галіне падтрымкі роўнага выкарыстаньня афіцыйных моваў дзеля кансалідацыі сувязяў паміж прадстаўнікамі меншасных афіцыйнамоўных супольнасьцяў ды фэдэральнымі. ведамствамі і ўстановамі. У 2002 г. ўрад Нью Брунсквыку прадстаўляе праект аднаўленьня і мадэрнізацыі Закону аб афіцыйных мовах. Праект мае мэтай фіксацыю абавязальніцтваў, прадугледжаных Канадыйскай Хартыяй правоў і свабодаў, ды рэфармаваньне першапачатковага закону 1969 г. Пункты праекту ўлучаюць (1) адкрытыя і мэтазгодныя мэханізмы кантраляваньня муніцыпалітэтаў у іх прытрымліваньні патрабаваньням перакладаць мясцовыя нарматыўныя акты, (2) прызначэньне Камісара па афіцыйных мовах, (3) забесьпячэньне доступу на роднай мове да службаў аховы здароўя ў рамках інфраструктуры аховы здароўя Нью Брунсквыку, а таксма далейшы перагляд Закону аб афіцыйных мовах кожныя 10 гадоў.
На сёньняшні дзень прававыя інстытуцыі па абароне афіцыйнамоўных мяншыняў разьвіваюцца ў рамках абьвешчанай Фэдэральным ўрадам Праграмы дзеяньяў у сфэры афіцыйных моваў (2003/2004-2007/08), мэтай якой ёсьць забесьпячэньне ,,новага этапу канадыйскага дзьвюхмоўя” праз узрастаючую міжведамственную каардынацыю і новыя ўкладаньні ў сфэры адукацыі, разьвіцьця супольнасьцяў ды дзяржаўных службаў.
Вось жа, зараз у Канадзе склалася сыстэма, пры якой адразу некалькі ўстановаў ажыцьцяўляюць прававы кантроль за рэалізацыяй правоў афіцыйнамоўных супольнасьцяў.
(1) Міністэрства юстыцыі адказвае за выкананьне Закона аб афіцыйных мовах, што ў асноўным датычыцца кансультаваньня ўраду па пытаньнях прававога рэгуляваньня білінгвізму, распрацоўкі прававой палітыцы ў гэтай галіне ды наглядзе за прытрымліваньнем моўным правам грамадзянаў у ворганах юстыцыі. Так, напрыклад, кожная асоба мае права выкарыстоўваць або ангельскую, або францускую мовы, вусна альбо пісьмова, падчас разьбіральніцтва ў фэдэральных судох або адміністрацыйных ворганах (напрыклад, Канадыйскім трыбунале па правох чалавека). Дзеля паляпшэньня ўмоваў рэалізацыі гэтага права на кожны фэдэральны суд ускладаецца абавязак праверкі здольнасьці судзьдзяў, што разьбіраюць канкрэтную справу, у разуменьні афіцыйнае мовы, абранай бакамі, без звароту да перакладнікаў. Калі фэдэральны ўрад выступае бокам ў грамадзянскім працэсе фэдэральнага суду, ён забавязваецца выкарыстоўваць афіцыйную мову, абраную іншымі бакамі. Канчатковыя судовыя рашэньні фэдэральных судоў павінны быць публічна даступнымі на абедзьвюх мовах. Крымінальны кодэкс дае абвінавачваему права абараняцца ў крымінальным судзе перад судзьдзёй (або судзьдзёй і прысяжнымі), які размаўляе на афіцыйнай мове абвінавачваемага. Закон аб афіцыйных мовах дадаў шэраг спадарожных правоў функцыянаваньня афіцыйных моваў у параўнаньні з кодэксам, у тым ліку права патрабаваць як ад судзьдзі, што ўзначальвае надзвычайнае расьледваньне, так і ад пракурора ,– валоданьне афіцыйнай мовай абвінавачваемага, да таго ж даступнасьць усіх працэсуальных дакумэнтаў на той мове. Блянкі да такіх працэсуальных дакумэнтаў, як пратаколы ці ордэры, павінны выпускацца на абедзьвюх дзяржаўных мовах.
(2) Міністэрства канадыйскае спадчыны ажыцьцяўляе каардынацыю функцыяў фэдэральнага ўраду па падтрымцы афіцыйнамоўных мяншыняў. Дзейнасьць яго ў асноўным зьвязаная з забесьпячэньнем права адукацыі на роднай мове для прадстаўнікоў афіцыйнамоўных мяншыняў, распрацоўкай праграмаў і заахвочваньні вывучэньня другое афіцыйнае мовы, наладжваньні міжкультурніцкага дыялёгу.
(3) Служба Камісару па афіцыйных мовах займаецца кантролем фэдэральных установаў на прадмет выкананьня нормаў Закона аб мовах. У юрыдычных дасьледваньнях Камісара часта называюць лінгвістычным амбудсмэнам, падкрэсьліваючы ролю ў расьледваньні скаргаў аб парушэньні фэдэральнымі інстытуцыямі правоў носьбітаў афіцыйных моваў. Камісар можа і з уласнае ініцыятывы прыняць пэўныя захады. Ён рэгулярна ладзіць расьледваньні ў рамках фэдэральных установаў і робіць справаздачы ды рэкамэндацыі ўраду і парлямэнту.
(4) Фэдэральны суд Канады займаецца разьбіральніцтвам справаў аб парушэньні лінгваправоў у выпадках, калі пазыўнік не задаволены вынікамі расьледваньня Камісару або гэтыя вынікі не абвешчаныя па заканчэньні 6-цімесячнага тэрміну. Са згоды пазыўніка Камісар можа зьвярнуцца ў фэдэральны суд або, з дазволу суда, выступіць бокам па справе. У выпадку, калі фэдэральны суд прыдзе да заключэньня аб вінаватасьці фэдэральнае ўстановы, пакрыцьцё шкоды вызначаецца самім судом у залежнасьці ад канкрэтных абставінаў.
(5) Камісыя дзяржаўнай службы Канады наглядае за выкананьнем Закона аб працаўладкаваньні на дзяржаўную службу, роўным прадстаўніцтвам афіцыйнамоўных групаў у дзяржаўным сэктары ды займаецца арганізацыяй курсаў па вывучэньні ангельскае і францускае дзяржаўнымі служачымі.
(6) Сумесны камітэт па афіцыйных мовах кантралюе далейшую прававую імплемэнтацыю Закона аб афіцыйных мовах.
Астатнія міністэрствы, службы і каралеўскія абьяднаньні (Crown corporations) падпадаюць пад дзеяньне Закона аб афіцыйных мовах, у прыватнасьці, што датычыцца прадстаўленьня паслугаў насельніцтву, працоўнае мовы ды справядлівага прадстаўніцтва англа- і франкамоўных канадыйцаў у фэдэральных установах.
Цікава, што нягледзячы на афіцыйнае дзьвюхмоўе, абьвешчанае на фэдэральным узроўні, кожная зь 10 правінцыяў і 3 тэрыторыяў Канады сама вызначае, якая мова мае тут статус афіцыйнай. На сёньняшні дзень толькі Нью Брусквік абьвешчаны білінгвістычным. Тым ня менш усе фэдэральныя (агульнадзяржаўныя) службы, такія як аэрапорты, пошта і д.п. прытрымліваюцца стандартаў агульнадзяржаўнага білінгвізму. За кошт кампактнасьці пражываньня носьбітаў францускае мовы фактычна толькі каля 30 % фэдэральных службаў працуюць у рэжыме заўсёднага дзьвюхмоўя (у асноўным сталічны рэгіён Атавы), але й астатнія ў рэдкіх выпадках неабходнасьці прадстаўляюць свае паслугі на афіцыйнай мове, што рэпрэзэнтавана мяншыняй носьбітаў ў дадзеным рэгіёне.
Трэба адзначыць, што ў цэлым спрыяльны прававы клімат забясьпечыў у апошнія гады палітычную стабільнасьць на большай частцы краіны. Бадай, самым праблемным рэгіёнам застаецца па сёньняшні дзень Квэбэк, пераважна франкамоўная правінцыя. Але аналіз судовых спрэчак адносна афіцыйных моваў дазваляе зрабіць выснову, што і тут сытуацыя практычна нармалізавалася, а калізіі ў гэтай сфэры ўжо не датычацца такіх базавых сфэраў, як адукацыя ці прадстаўленьне інтарэсаў у судовым працэсе. 80-90-я гг. адзначаны судовымі канфліктамі адносна такіх пытаньняў, як, напрыклад, дарожныя знакі, рэкляма ды рэгістрацыя гандлёвых марак. Але агульныя тэндэнцыі судовай практыцы Квэбэку ў галіне афіцыйных моваў дазваляюць прагназаваць канчатковую стабілізацыю.
Вось жа, мы мяркуем, што на сёньняшні дзень у Канадзе выпрацаваны ўстойлівы мэханізм забесьпячэньня роўнасьці лінгваправоў, шматлікія элемэнты якога (як, напрыклад, сыстэма нагляду, судовы білінгвізм і д.п.) вартыя імплемэнтацыі ў беларускае заканадаўства аб дзяржаўных мовах, а таму патрабуюць самага дэталёвага вывучэньня айчыннымі кампаратывістамі.
Крыніцы ды спасылкі.
Cultural Autonomy In The Constitution And In Practice: The Canadian Model.Corporate Policy and Research Multiculturalism and Citizenship Canada. Ottawa, 1992.
Michael Behiels. Canada's Francophone Minority Communities. Constitutional Renewal and the Winning of School Governance. Оttawa, 2004.
Alliance des producteurs francophones du Canada (APFC)
http://apfc.info/
Commission nationale des parents francophones (CNPF)
http://www.cnpf.ca
Conseil de la vie francaise en Amerique
http://www.cvfa.ca
Federation des associations de juristes d'expression francaise de common law (FAJEFCL)
http://accesjustice.ca/
Office of the Commissioner of Official
Languages
http://www.ocol-clo.gc.ca
Department of Justice Canada
http://canada.justice.gc.ca
Canadian Heritage - International Francophonie
http://www.canadianheritage.gc.ca/progs/ai-ia/fi-if/index_e.cfm
Дадатак
Прававая гісторыя білінгвізму ў Канадзе
|
1867 |
Артыкул 133 Брытанскага паўночнаамэрыканскага закону ( цяперашняга Канстытуцыйнага акту) санкцыянуе выкарыстаньне як ангельскае, так і францускае моваў падчас парлямэнцкіх абмеркаваньняў ды ў фэдэральным судовым працэсе. Гэты ж артыкул забясьпечвае роўнае выкарыстаньне абедзьвюх моваў пры складаньні й апублікаваньні ўсіх запісаў і весьнікаў парлямэнту. |
|
1927 |
Паштовыя маркі становяцца білінгвістычнымі. |
|
1934 |
Адмысловым парлямэнцкім законам засноўваецца Фэдэральнае Бюро перакладаў. |
|
1936 |
Дзяржаўная валюта становіцца дзьвюхмоўнай. |
|
1959 |
У Палаце супольнасьцяў распачынаецца сынхронны пераклад усіх адмеркаваньняў. |
|
1963 -1970 |
Засноўваецца Каралеўская камісыя па вывучэньні білінгвізму і бікультуралізму. |
|
1969 |
Падсумоўваючы вынікі працы Камісыі, прарлямэнтам прымаецца першы Закон аб афіцыйных мовах. Ягоныя галоўныя задачы: - забесьпячэньне роўнага стасусу ангельскае і францускае ў Парлямэнце, Ўрадзе Канады, фэдэральнай адміністрацыі і ўстановах, што падпадаюць пад дзеяньне акту. - захаваньне і разьвіцьцё афіцыйнамоўных супольнасьцяў Канады; - гарантаваньне роўнасьці ангельскае і францускае ў канадыйскім грамадзтве.
Нью Брунсквік распрацоўвае свой першы Закон аб афіцыйных мовах, што робіць гэтую правінцыю першай афіцыйна дзьвюхмоўнай. |
|
1970 |
Уводзіцца пасада Камісару па афіцыйных мовах, чыёй місыяй ёсьць ,,прыняцьце усіх магчымых захадаў дзеля дасягненьня трох асноўных задачаў, акрэсьленых у Законе аб афіцыйных мовах”. |
|
1973 |
Прымаецца парлямэнцкая рэзалюцыя аб працоўнай мове і ўдзеле чальцоў анга- і франкамоўных супольнасьцяў у фэдэральных дзяржаўных службах. |
|
1974 |
Уступае ў сілу Закон аб абароне спажывецкіх правоў у галіне ўпакоўкі ды маркероўкі тавараў, які разам з тым ўводзіць палажэньні аб дзьвюхмоўным анатаваньні спажывецкіх тавараў. |
|
1978 |
Распачынаецца праграма па кантролі за выкарыстаньнем афіцыйных моваў у судох. |
|
1982 |
Абвяшчаецца Канстытуцыйны акт 1982 г., што ўлучае ў сябе Канадыйскую хартыю правоў і свабодаў, якая зьмяшчае далейшыя гарантыі адпаведнага статусу і выкарыстаньня афіцыйных моваў Канады ў фэдэральных інстытуцыях. Да таго ж, згодна артыкулу 24 Хартыі, на правінцыі і тэрыторыі ўскладаецца абавязак забесьпячэньня магчымасьці атрыманьня малодшае і сярэдняе школьнае адукацыі на роднай мове для прадстаўнікоў афіцыйнамоўных мяншыняў (ангельскае ў Квэбэку, францускае на астатняй тэрыторыі Канады). У 1990 г. Вярхоўны суд Канады пастанавіў, што акурат гэты артыкул трэба трактаваць як гарантыю ўласнае адукацыйнае сыстэмы прадстаўнікам афіцыйнамоўных мяншыняў. |
|
1988 |
Парлямэнтам прымаецца новы Закон аб афіцыйных мовах. Ён пацьвярджае і ўдакладняе абавязкі згодна Хартыі 1982 г. адносна выкарыстаньня абедзьвюх моваў у дзяржаўных установах і прадстаўленьня імі паслугаў. Закон таксама ўскладае на ўрад абавязак прасоўваць дзьвюхмоўе у канадыйскім грамадзтве ды падтрымліваць разьвіцьцё афіцыйнамоўных меншасных супольнасьцяў. |
|
1990 |
Справа Mahe: Вярхоўны суд пастанавіў, што ва ўсіх правінцыях афіцыйнамоўныя мяншыні маюць канстытуцыйнае права актыўна ўдзельнічаць у распрацоўцы ды кантролі навучальных праграмаў ува адукацыйных установах, якія іх дзеці наведваюць. |
|
1992 |
Пачынаецца першая стадыя дзеяньня палажэньняў аб афіцыйных мовах. |
|
1994 |
На сусьветным кангрэсе канадыстаў прамьер-міністар Шрэцьян абьвяшчае пра прыняцьце ,,ўсебаковай палітыкі ўдзелу фэдэральных установаў у разьвіцьці супольнасьцяў”, што патрабуе ад фэдэральных установаў выпрацоўкі плянаў дзейнасьці згодна частцы 7 Закона аб афіцыйных мовах.
Бярэ пачатак праграма па рэфармаваньні судоў Канады. |
|
1997 |
Падпісваецца Мэмарандум узаемаразуменьня паміж Міністэрствам канадыйскае спадчыны і Міністэрствам эканомікі па супрацоўніцтвы абедзьвюх установаў у сфэры роўнага выкарыстаньня афіцыйных моваў. |
|
1998 |
Адбываецца Нацыянальны сымпозыюм па афіцыйных мовах Канады. |
|
1999 |
Засноўваецца праграма міжведамственнага супрацоўніцтва ў галіне падтрымкі роўнага выкарыстаньня афіцыйных моваў дзеля кансалідацыі сувязяў паміж прадстаўнікамі меншасных афіцыйнамоўных супольнасьцяў ды фэдэральнымі ведамствамі і ўстановамі. |
|
2002 |
Урад Нью Брунсквыку прадстаўляе праект аднаўленьня і мадэрнізацыі Закону аб афіцыйных мовах. Праект мае мэтай фіксацыю абавязальніцтваў, прадугледжаных Канадыйскай Хартыяй правоў і свабодаў, ды рэфармаваньне першапачатковага закону 1969 г. Пункты праекту ўлучаюць адкрытыя і мэтазгодныя мэханізмы кантраляваньня муніцыпалітэтаў у іх прытрымліваньні патрабаваньням перакладаць мясцовыя нарматыўныя акты, прызначэньне Камісара па афіцыйных мовах, забесьпячэньне доступу на роднай мове да службаў аховы здароўя ў рамках інфраструктуры здравааховы Нью Брунсквыку, а таксма далейшы перагляд Закону аб афіцыйных мовах кожныя 10 гадоў. |
|
2003 |
Фэдэральны ўрад абьвяшчае Праграму дзеяньяў у сфэры афіцыйных моваў (2003/2004-2007/08), мэтай якой ёсьць забесьпячэньне ,,новага этапу канадыйскага дзьвюхмоўя” праз узрастаючую міжведамственную каардынацыю і новыя ўкладаньні ў сфэры адукацыі, разьвіцьця супольнасьцяў ды дзяржаўных службаў. |
Уладзіслаў Белавусаў нарадзіўся ў 1984 годзе ў Гомлі. Навучаецца на IV курсе аддзяленьня міжнароднага права факультэту міжнародных стасункаў БДУ ды аддзяленьні філязофіі Беларускага калегіюму. Спэцыялізуецца на вывучэньні эўрапейскага права. Галіна юрыдычных зацікаўленасьцяў – вывучэньне прававога мэханізму ўсталяваньня білінгвізму ў розных краінах, прававыя інстытуцыі Эўразьвязу, сацыялёгія права. Апошняя публікацыя – “Карысьці далучэньня да ЭЗ на прыкладзе новых чальцоў” (даступная на http://www.abcnet.com.pl/blr/artykul.php?art_id=91&token)
