Беларускі on-line часопіс
юрыстаў і палітолягаў
Агульная тэорыя, гiсторыя й фiлязофiя права
Міжнароднае права
Эўрапейскае права
Параўнальнае права
Канстытуцыйнае, выбарчае й адміністрацыйнае права
Крымінальнае права й працэс. Крыміналёгія
Цывільнае права й працэс. Гаспадарчае права й працэс
Працоўнае права
Іншыя галіны права й юрыдычная праблематыка
Праўныя акты па-беларуску
Беларуская юрыдычная тэрміналёгія
Паліталёгія й сумежныя дысцыпліны
Інтэрвію
   пошук
   каляндар
Пн Аў Ср Чц Пт Сб Нд
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930
   новае на форуме
30 Чэр 07.02  Предлалгаем вашему вниманию очень интересный проект.

06 Трв 07.44  Техника скоростного управления автомобилем

15 Сак 17.26  Шукаю беларускамоўнага натарыюса

15 Сак 15.48  моўныя ляпы

08 Снж 11.58  Працоўны кантракт: за ці супраць?

   юрыдычная кансультацыя
07 Лют 20.02  Праязны дакумэнт як аб'ект аўтарскага права

04 Кас 17.10  атрыманне пенсіі

28 Ліс 12.21  Кансэрваваньне забудовы

02 Кас 13.12  Працоўная кніга и навучэнне/праца за мяжой

17 Снж 18.00  Аўтарскія правы

бел eng
Галоўная Blog Архіў навінаў Слоўнік Тымчасам... Гасьцёўня Форум Спасылкі Рэдакцыя Кантакты
Паліталёгія й сумежныя дысцыпліны
Японія напярэдадні “татальнай мадэрнізацыі” – аналіз меркаванай палітыкі новага прэм’ер-міністра Сіндзо Абэ | Павал Лычкоўскі | 16.12.2006

У верасьні 2006 году Лібэральна-дэмакратычная партыя Японіі (ЛДП), галоўная ўрадавая партыя краіны, выбірала свайго прэзыдэнта – і, фактычна, наступнага кіраўніка краіны. Дзюніціра Коідзумі, які займаў пост прэм’ера зь вясны 2001 году, здаваў дзяржаўныя справы ў даволі ладным стане. Японская эканоміка спакваля выпростваецца з рэцэсіі 90-х; амбітная і супярэчлівая вонкавая палітыка Японіі пачала вылучаць краіну на першыя ролі ў вырашэньні сусьветных праблемаў. Да таго ж, Японія бадай што ўпершыню з часоў заканчэньня халоднай вайны цешыцца вельмі прыязнымі стасункамі са сваім адзіным вайскова-палітычным хаўрусьнікам – Злучанымі Штатамі Амэрыкі.

Праблемы ў Японіі застаюцца, найперш у сацыяльна-эканамічнай і вайскова-палітычнай сфэрах, але Коідзумі здолеў распачаць комплекс шыракасяжных рэформаў дзеля ўдасканаленьня дзяржаўнага ладу Японіі: крок, які шмат у чым быў балюча ўспрыняты японскай грамадзкасьцю і меў неадназначную ацэнку за межамі краіны. Між тым, нягледзячы на крытыку, прэм’ер-міністар і ягонае атачэньне палічылі зробленыя захады неабходнымі для будучыні Японіі – запушчаны рухавік абнаўленьняў набірае хуткасьць.

Новы дзяржаўны лідэр, як сябар ЛДП, меў працягваць справу свайго папярэдніка, удакладняючы хіба толькі акцэнты і праграмуючы кан’юнктурныя адхіленьні ад генэральнага курсу ўраду, накіраванага на “татальную мадэрнізацыю” ўсёй палітыка-эканамічнай сыстэмы Японіі згодна з патрабаваньнямі новага тысячагодзьдзя.

На верасьнёўскай партыйнай канфэрэнцыі ЛДП за пост лідэра партыі спаборнічалі 3 кандыдаты: Сіндзо Абэ, галоўны сакратар кабінэту міністраў у апошнім урадзе Коідзумі, міністар замежных справаў Таро Асо і міністар фінансаў Садакадзу Танігакі. Усе яны, як бачым, былі сябрамі дзейнага ўраду (што дэманстравала пераемнасьць, прынамсі ў агульных рысах, палітычнага курсу Коідзумі), якія прадставілі альтэрнатыўныя візіі далейшага разьвіцьця Японіі. Пазыцыі Абэ й Асо збольшага розьніліся толькі ў тактычных момантах, тады як Танігакі будаваў сваю перадвыбарчую стратэгію на лёзунгах, якія б заўважна адрозьніваліся ад поглядаў фаварытаў, робячы стаўку на “незадаволены” электарат ЛДП.

Разам з тым звычайная для Японіі ўнутрыпартыйная валтузьня і грамадзкая думка, што набірае ўсё большую вагу ў палітычным жыцьці краіны, яшчэ за колькі месяцаў да канчатковага галасаваньня высунулі ў лідэры прэзыдэнцкай гонкі Сіндзо Абэ.

“Самурай мусіць мець амбіцыі”, - заявіў Абэ напярэдадні афіцыйнага вылучэньня сваёй кандыдатуры на выбарах, працытаваўшы словы Сёіна Ёсіды, выбітнага грамадзка-палітычнага дзеяча Японіі эпохі Эдо. Кожнаму японскаму шкаляру вядомая ягоная біяграфія: выкладчык палітычных і вайсковых навукаў, нязломны нацыяналіст Сёін Ёсіда выступаў супраць ганебных дамоваў Японіі з заходнімі краінамі, удзельнічаў у паўстанцкім руху сонно-дзёі за выгнаньне “белых барбараў” і ў веку 29 гадоў быў пакараны сьмерцю ўладамі сёгуна як небясьпечны інсургент.

Ёсіда – адзін з галоўных аўтарытэтаў для Сіндзо Абэ, чыім прыкладам ён схільны кіравацца па жыцьці.

Фартуна любіць маладых

 

Арыстакратычна-зухаватаму Сіндзо Абэ фартавала ад самага пачатку прэзыдэнцкай гонкі. Да канца лета ён ужо атрымаў падтрымку большасьці дэпутатаў ад ЛДП (чые галасы вырашаюць вынік выбараў). У верасьні, пасьля афіцыйнага пачатку перадвыбарчай кампаніі яго кандыдатуру падтрымаў і Коідзумі, які справядліва бачыў у асобе Абэ свайго палітычнага аднадумцу, дзеяча, які працягне ягоную палітычную лінію. Сам Абэ неаднакроць даваў зразумець, што падтрымлівае палітыку Коідзумі. Пачаўшы пасьпяхова пераймаць імідж няўрымсьлівага прэм’ера, Абэ таксама выказваў павагу свайму “патрону”, адзначаючы моцную палітычную волю і прынцыповасьць Коідзумі, ягоную адданасьць працы дзеля дабрабыту Японіі.

Насамрэч вынікі выбараў былі перадвызначаныя яшчэ ў сярэдзіне лета, і публічныя выступы ў падтрымку Абэ больш нагадвалі заўчасныя віншаваньні. Перамога Абэ сталася амаль гарантаванай у ліпені, калі Ясуо Фукуда, які папярэднічаў Абэ на пасадзе галоўнага сакратара ўраду, адмовіўся ад барацьбы за прэзыдэнцкае крэсла ЛДП. Фукуда, уплывовы сябар партыі і крытык “ястрабінай” вонкавай палітыкі Коідзумі, які меў другі пасьля Абэ рэйтынг папулярнасьці, у адрозьненьне ад фаварыта гонкі выступаў за неадкладнае паляпшэньне адносінаў з Кітаем і Карэяй і не падтрымліваў візытаў прэм’ер-міністра ў сынтаісцкі храм Ясукуні. Нішу Фукуды якраз і спрабаваў быў заняць Танігакі, але наўрад ці ён даў бы рады стаць адэкватнай альтэрнатывай харызматычнаму Фукуду.

Шмат было спэкуляцыяў наконт магчымых прычынаў ягонага сыходу з гонкі, які літаральна расчысьціў Абэ шлях да пасады прэзыдэнта ЛДП. Сам Фукуда тлумачыў гэты крок паважным векам: 70 гадоў даволі шмат для кандыдата ў прэм’ер-міністры (для параўнаньня, Абэ цяпер толькі 52 гады). Аднак палітычныя аналітыкі і знаўцы ўнутрыпартыйнае кухні ЛДП прыпускаюць, што галоўным матывам для Фукуды было пазьбегнуць расколу ў найбуйнейшай парлямэнцкай фракцыі ЛДП, якой кіруе былы прэм’ер-міністар Ёсіро Моры. І Абэ, і Фукуда, гэтаксама як і Коідзумі, паходзяць з гэтай фракцыі, і імаверна, што акурат традыцыйная кансалідацыя як фракцыйных, так і агульнапартыйных, рэсурсаў на карысьць адзінага моцнага кандыдата спрычынілася да вымушанага рашэньня Фукуды.[1]

У выніку “ліпеньскага здарэньня” партыйная канфэрэнцыя ЛДП задоўга да пачатку згубіла звычайную для такой падзеі інтрыгу. Існавала толькі адно пытаньне: на колькі пераканаўчай будзе перамога Абэ.

Цуду не адбылося: 20 верасьня 2006 году на выбарах 21-га прэзыдэнта ЛДП Сіндзо Абэ, “правая рука” Коідзумі ва ўрадзе і палітык з рэпутацыяй “ястраба”, атрымаў пераканаўчую, хаця і крыху меншую, чым прагназавалі, перамогу (66% галасоў). Гэтая важная для Японіі грамадзка-палітычная падзея мае адну цікавую акалічнасьць: гэтым разам кіраўнік выканаўчай улады выбіраўся не па выніках наўпроставых агульнанацыянальных выбараў, а фактычна праз выбары прэзыдэнта кіроўнай партыі. Тым ня менш новым прэм’ер-міністрам краіны сапраўды стаў найпапулярнейшы палітык Японіі.

 

Бацькі й дзяды

 

Сіндзо Абэ паходзіць з славутай сям’і, якая ўжо дала Японіі шэраг выбітных палітыкаў і ўрадоўцаў. Ягоны бацька Сінтаро Абэ быў міністрам замежных справаў і на пачатку 1990-х сур’ёзна прытэндаваў на пасаду прэм’ер-міністра. Пасьля заўчаснай сьмерці бацькі ў 1991 годзе Сіндзо Абэ паабяцаў сабе, што ён зробіць тое, чаго не пасьпеў бацька: заняць найвышэйшую выканаўчую пасаду ў краіне. Дзедам Абэ быў слынны японскі дзеяч – Нобусукэ Кісі, сябар ваеннага ўраду генэрала Тодзё, прыхільнік заразам вайскова-палітычнае незалежнасьці Японіі і шчыльных стасункаў з ЗША, і, нарэшце, - прэм’ер-міністар Японіі ў 1957-1960 гадох. Арыстакратычнае сямейства Абэ пародненае зь іншымі вядомымі фаміліямі Японіі: шмат хто з былых і сёньняшніх японскіх палітыкаў, улучна з С.Танігакі, зьяўляюцца сваякамі  Сіндзо “Прынца” Абэ.

Кудзеля перадвызначыла жыцьцёвы шлях нашчадка славутага палітычнага клану. Сіндзо Абэ скончыў юрыдычны факультэт Унівэрсытэту Сэйкей, дзе вывучаў паліталёгію, а потым штудыяваў палітычныя навукі ва Ўнівэрсытэце Паўднёвай Каліфорніі. У палітыцы Абэ з 1982 году, калі ён стаў сакратаром свайго бацькі, тады кіраўніка вонкавапалітычнага ведамства Японіі. З 1993-га Абэ стала выбіраецца дэпутатам Палаты прадстаўнікоў парлямэнту Японіі, і на 2006 год ён трымаў ужо свой пяты дэпутацкі мандат.

Арыстакратычнасьць і кансэрватыўнасьць Абэ ня толькі па паходжаньні, але і ў паводзінах адзначаецца амаль усімі знаўцамі японскага палітычнага істэблішмэнту. Існуе меркаваньне, што кансэрватыўныя палітычныя погляды Сіндзо Абэ сфармаваліся пад непасрэдным уплывам ягонага дзеда Кісі. Рашучасьць, прынцыповасьць і гатовасьць ісьці на непапулярныя, але неабходныя захады вызначалі характар Кісі-палітыка. Знаўцы палітычнай гісторыі Японіі заўважаюць, што ўнук падобны да дзеда. “Абэ карыстаецца папулярнасьцю ў народзе ня толькі праз сваю рахманасьць, але й дзеля сваёй веры ў тое, што ён як палітык мусіць дзейнічаць згодна са сваімі перакананьнямі,” – адзначае прафэсар паліталёгіі Хорыё Фукасі. – “Той веры ён навучыўся ў свайго дзеда”.

 

Звычайны ястраб (?)

 

За межамі Японіі ўжо прызвычаіліся вызначаць палітычнае крэда Абэ няйнакш як “зацяты нацыяналіст”. У самай Японіі прынятае эўфэмістычнае вызначаньне – “палітык з традыцыйнымі поглядамі”.  Як традыцыяналізм, гэтак і нацыяналізм Абэ выводзяць зь ягоных плянаў па пераўтварэньні дзяржаўнай сыстэмы Японіі. Менавіта выказанае Абэ жаданьне ператварыць Японію ў “нармалёвую краіну” лягло ў падмурак ягонага вобразу палітыка-“ястраба”. Галоўнай прычынай “ненармалёвасьці” Японіі і зачасам галоўнай крыніцай нацыянальнай ганьбы новы прэзыдэнт ЛДП лічыць паваенную Канстытуцыю Японіі 1947 году.

Абэ, які адрозна ад папярэдніх японскіх прэм’ераў, нарадзіўся пасьля ІІ сусьветнай вайны, неаднаразова падкрэсьліваў архаічнасьць усяго Падставовага закону і найперш тых ягоных частак, дзе замацаваныя “пацыфісцкія” прынцыпы дзяржаўнага ладу краіны. Ідзецца пра Прэамбулу Канстытуцыі (па вызначэньні Абэ, “зьневажальны акт выбачэньня перад хаўрусьнікамі”) і пра 9-ы артыкул – хрэстаматыйны прыклад праўнай нормы-нонсэнсу,  згодна зь якой Японія адмаўляецца ад права на вядзеньне вайны і права мець собскія ўзброеныя сілы.[2]

У кнізе “Да прыгожай краіны”, дзе Абэ выклаў базавыя палажэньні сваёй палітычнай плятформы і асабістай ідэалёгіі, ён выступіў за перагляд Падставовага закону Японіі, які б пазбавіў яго цяперашняй абмежаванасьці. Праціўнікі Абэ даводзяць, што “пацыфісцкая” Канстытуцыя, маўляў, дапамагла Японіі заняць пачэснае месца ў міжнароднай супольнасьці. Аднак міжнародная пазыцыя Японіі, пераконвае Абэ, у варунках халоднай вайны не была нічога вартая, бо Японія ня мела аніякага палітычнага аўтарытэту ў сьвеце менавіта праз сваю куртатую вайскова-палітычную сыстэмы.

Зьмены ў Канстытуцыі, за якія выступаў і Коідзумі, сталіся нарожным камянём перадвыбарчай плятформы Абэ. Канстытуцыйная рэформа, мяркуе ён, неабходная дзеля правядзеньня Японіяй эфэктыўнай абарончай палітыкі, перш за ўсё – праз магчымасьць ажыцьцяўляць права на калектыўную абарону. Абгрунтоўваючы сваю пазыцыю, Абэ заяўляў, што “мы [японцы] павінны сур’ёзна абмеркаваць адмысловыя выпадкі, у якіх ажыцьцяўленьне права на калектыўную абарону магчымае”, маючы наўвеце тое, што міжнародная супольнасьць чакае ад Японіі большага дыпляматычнага і вайсковага ўнёску ў справу падтрыманьня міру, стабільнасьці і бясьпекі як у азіяцкім рэгіёне, гэтак і ў цэлым сьвеце.

З правам на калектыўную абарону зьвязаная й будучыня японска-амэрыканскага вайскова-палітычнага партнэрства. Сіндзо Абэ адназначна выступае за ўмацаваньне японска-амэрыканскага альянсу “дзеля будучыні Азіі і ўсяго сьвету”. Ён падзяляе меркаваньне пераважнай бальшыні японскіх палітычных дзеячаў і палітолягаў: ажыцьцяўленьне Японіяй права на калектыўную абарону значна спросьціць і палепшыць супрацу Токіё і Вашынгтону ў асадах зьвязу, перш-наперш у сфэры вайсковай лягістыкі і тылавога забесьпячэньня міжнародных місіяў. Цяперашняя інтэрпрэтацыя японскай Канстытуцыі не дазваляе Японіі прыйсьці на дапамогу свайму хаўрусьніку, нават калі той будзе наўпрост атакаваны звонку.[3]

Са зьменамі Канстытуцыі і сяброўскімі адносінамі з ЗША Абэ неад’емна злучае надзённую праблему нацыянальнай абароны Японіі. Ён падкрэсьлівае, што для Японіі жыцьцёва неабходна мець рэальныя сродкі дзеля правядзеньня паўнавартаснай нацыянальнай абарончай палітыкі. Мінулі тыя часы, калі “радыкальны пацыфізм” быў дастатковай падставай унікаць сур’ёзных захадаў у сфэры абароны і цалкам пакладацца на вайсковы патэнцыял ЗША, сьцьвярджае палітык. Папулярны ў Японіі 70-х лёзунг “жыцьцё японца важнейшае за уласна сьвет” сёньня цалкам можа падацца абразай міжнароднай супольнасьці.

Зьняцьцё табу з тэмы абароны краіны, што адбылося за часы Коідзумі, нарэшце стварыла магчымасьці шырокае дыскусіі па комплексе пытаньняў вайсковай накіраванасьці: дзейснай нацыянальнай вайсковай стратэгіі, удзелу японскіх жаўнераў у міжнародных ваенных акцыях і, як сьлед, -  непарыўна зьвязанай з тым верагоднасьці людзкіх ахвяраў сярод японскіх вайскоўцаў. Не абмінуў гэтай праблемы і Абэ. “Вядома, вашае жыцьцёгалоўная каштоўнасьць”, – апэлюе лідэр ЛДП да чытача ў сваёй апошняй кнізе. – “Аднак я задаюся пытаньнем, ці прыходзіла калі-кольвек у галаву жыхару паваеннае Японіі, што ў сьвеце існуюць каштоўнасьці, вартыя таго, каб дзеля іх абароны ахвяравалі нават жыцьцём?” На сёньня гэтае пытаньне, магчыма, яшчэ застаецца рытарычным для большасьці японскіх абаваталяў, але зь яго бачна, “куды хіліць” Абэ.

Увогуле тэме патрыятызму, яшчэ адной тэме-табу ў паваеннай Японіі, Сіндзо Абэ адводзіць шмат увагі, чым выклікае нямала крытыкі ў “пацыфісцкіх” колах унутры краіны і закідаў у рэваншызьме і нават новым мілітарызьме за мяжой. Аднак у гэтым пытаньні ён катэгарычны: калі Японія хоча быць на галоўных ролях у сусьветнай палітыцы, адной эканамічнай моцы (якая на сёньня ўжо й ня на’т такая ўражвальная) недастаткова, і ніхто ня будзе з павагай ставіцца да Японіі, калі найперш уласна японцы ня будуць паважаць сваю дзяржаву, яе гісторыю і ейныя нацыянальныя сымбалі. Адным з галоўных напрамкаў дзейнасьці ва ўнутранай палітыцы Абэ назваў менавіта “прамоцыю патрыятычнага выхаваньня”, як у школах, так і ў грамадзкім жыцьці. Таму цалкам верагодна, што калі прэзыдэнт галоўнай кіроўнай партыі Японіі будзе настойлівым, за час ягонага прэм’ерства абыякавае стаўленьне шэраговага японца да нацыянальнага патрыятызму пераменіцца.

Актыўная палітычная пазыцыя Японіі на міжнароднай арэне, якую адстойвае Абэ, мусіць дапамагчы Японіі дасягнуць яшчэ адной амбітнай мэты Коідзумі, а цяпер і Абэ, – фатэля сталага сябра Рады бясьпекі ААН. Фінансаваньне лявінай долі бюджэту ААН і актыўны ўдзел Японіі ў ейных структурах ва ўмовах ХХІ ст., як сьведчыць практыка, дае нізкі каэфіцыент карыснага дзеяньня: праца Японіі збольшага незаўважная, бо яна прымаецца ўжо як дадзенасьць. Дзеля залічэньня ў шэрагі вялікіх дзяржаваў недастаткова “чыстага” дасье па дзейнасьці ў асадах ААН - трэба давесьці й сваю палітычную патэнцыю. А тут адной палітычнай волі й ініцыятыўнасьці японскага кіраўніцтва замала. Справа неўнікнёна вяртаецца да праблемаў эфэктыўнай абарончай палітыкі, моцнага і баяздольнага войска, адэкватнай заканадаўчай базы ў сфэры нацыянальнай абароны, і зноўку – да японскай Канстытуцыі.

Тэзай аб неабходнасьці большага ўнёску японцаў у разьвязаньне міжнародных канфліктаў Абэ абумоўлівае важнасьць прыняцьця ўнівэрсальнага закону аб Сілах самаабароны (ССА; японскі адпаведнік войска), які мусіць стварыць юрыдычны падмурак дзеля ўдзелу ССА ў місіях ААН на сталым падмурку, безь неабходнасьці шторазу прымаць новы закон дзеля адпраўкі войскаў за мяжу, як тое робіцца дагэтуль. Першапачатковымі задачамі ў зьвязку з гэтым Абэ лічыць юрыдычнае вызначэньне ўдзелу ў міратворчых місіях адным з прыярытэтных відаў дзейнасьці ССА[4]  і наданьне Ўправе нацыянальнай абароны (установе, што кіруе дзейнасьцю ССА) статусу паўнавартаснага міністэрства. Як на цяпер, дык гэта бадай што адзіныя (і таму значна абмежаваныя) заканадаўчыя ініцыятывы, якія можа ўчыніць Абэ, ня ўцягваючыся пры тым у фундамэнтальную дыскусію аб канстытуцыйнай рэформе.

Аднак шматлікія палітычныя і юрыдычныя перашкоды ў японскай заканадаўчай сыстэме дагэтуль не далі японскаму кіраўніцтву магчымасьці вызначыцца, прынамсі, якім чынам трэба ажыцьцяўляць канстытуцыйныя зьмены: ці трэба складаць цалкам новы тэкст, ці будзе дастаткова толькі перагледзець афіцыйную інтэрпрэтацыю Падставовага закону. Праблему выбару спрычыніла характэрная для японскага праваразуменьня заканадаўчая казуістыка: да амаль усіх вайскова-палітычных абмежаваньняў, саманакладзеных паваеннымі ўладамі Японіі спрычыніўся ня сам тэкст Канстытуцыі, а ягонае вытлумачэньне.

 Японскае кіраўніцтва пры Коідзумі недвухсэнсоўна заявіла толькі аб тым, што зьмены ў Канстытуцыі неабходныя. Абэ, у сваю чаргу, ня выключыў ні якую з магчымасьцяў рэфармаваньня, адзначыўшы толькі, што новы варыянт Канстытуцыі мусіць адпавядаць палітычным рэаліям Японіі ХХІ стагодзьдзя. Ён выказаў меркаваньне, што канстытуцыйная рэформа, мабыць, будзе ажыцьцяўляцца павольна і паэтапна. Напачатку новая трактоўка існага Падставовага закону дазволіцьмець Японіі праводзіць больш актыўную вайсковую палітыку; лягічным працягам стане карэнны перагляд ці нават выдаленьне “адыёзнага” 9-га артыкулу Канстытуцыі. Поўная ж рэвізія Канстытуцыі стане доўгатэрміновай задачай-максымум. Лідэр ЛДП папярэдзіў, што з рэформай “ня варта сьпяшацца”, але пытаньнем трэба займацца ўжо цяпер. Па задуме Сіндзо Абэ, які палічыў быў, што дзеля перагляду Канстытуцыі спатрэбіцца блізу пяці гадоў, канстытуцыйная рэформа мусіць стаць вянцом ягонага прэм’ерства. Натуральна, калі Абэ будзе чакаць такая ж доўгая палітычная кар’ера, як і ягонага папярэдніка.

 

Унутраная справа рэгіянальнага маштабу

 

Менавіта за сваю “падазроную” пазыцыю датычна Канстытуцыі, вайсковага будаўніцтва, патрыятызму ды гісторыі Абэ і быў залічаны да традыцыйных кансэрватараў. Такую характарыстыку Абэ дае пераважная большасьць палітычнага істэблішмэнту і журналістаў у суседніх Кітаі і Паўднёвай Карэі, ды значная частка лібэральнай прэсы Японіі. Аднак стасункі Японіі з Карэяй і Кітаем, чыі кіраўніцтвы дагэтуль ня могуць пазбавіцца шмат якіх палітычных стэрэатыпаў, здаўна маюць ідэалягічны складнік. Шэраг “традыцыйных” закідаў да Японіі (напрыклад, аб новай мілітарызацыі Японіі) з боку яе азіяцкіх суседзяў кіроўная ЛДП уважае за спробы разьвязаць свае ўнутраныя праблемы за кошт Японіі. І бальшыня сябраў ЛДП, як падаецца, перакананая ў тым, што вонкавы ціск не павінен уплываць на дынаміку палітычнага, вайсковага, сацыяльна-эканамічнага і культурнага разьвіцьця Японіі, іншымі словамі, на хаду ўнутраных справаў дзяржавы. Абэ належыць да гэтай партыйнай бальшыні, а цяпер і ўзначальвае яе.

Асьцярога, зь якой замежныя палітыкі ставяцца да Абэ, абумоўленая заразам блізкасьцю пазыцыяў Абэ і Коідзумі што да вонкавапалітычнай стратэгіі Японіі і нявызначанасьцю пазыцыі Абэ па шэрагу “гістарычных пытаньняў”, зьвязаных з трактоўкай падзеяў найноўшай гісторыі Азіі (перадусім часоў вайны на Ціхім акіяне), якім у краінах-суседках адмыслова надаюць палітычны характар. Галоўнае сярод такіх пытаньняў – праблема Ясукуні.

Прэм’ер-міністар Коідзумі штогод наведваў з афіцыйным візытам сынтаісцкі храм Ясукуні, месца ўшанаваньня душаў 2,5 мільёнаў японцаў, палеглых у войнах за сваю краіну, у тым ліку - 14 ваенных злачынцаў клясы “А” Другой сусьветнай вайны. Апошні, шосты, візыт Коідзумі зрабіў 15 жніўня, у гадавіну капітуляцыі Японіі ў 1945 годзе, тым самым выканаўшы ці не апошняе сваё перадвыбарчае абяцаньне, дадзенае яшчэ ў 2001 годзе. Аднак вядома, што гэтыя дэманстрацыйныя візыты сталі галоўнай прычынай пагаршэньня ўзаемінаў паміж Японіяй і ейнымі суседзямі ды спрычыніліся да перарваньня ў 2005 годзе рэгулярных сустрэчаў кіраўніка Японіі з кітайскім і паўднёвакарэйскім калегамі. Таму й ня дзіва, што ў час прэзыдэнцкай кампаніі ЛДП-2006 кожнае слова галоўнага прэтэндэнта на прэм’ерскую пасаду, якое тычылася Ясукуні, пільна лавілі на тым баку Японскага мора.

Трэба адзначыць, што праблема Ясукуні насамрэч датычыцца шырокага комплексу пытаньняў ня толькі гісторыка-палітычнага, але й рэлігійна-этычнага і гісторыка-культурнага зьместу, і афіцыйныя візыты японскіх урадоўцаў у храм – толькі вяршыня айсбэргу. Аднак менавіта гэтыя візыты пэўныя палітычныя колы краінаў кантынэнтальнае Азіі разглядаюць як вонкавую праяву палітычнага мысьленьня японскіх кіраўнікоў. Сябры ЛДП збольшага з разуменьнем ставяцца да такіх візытаў, шмат хто зь іх і сам неаднойчы наведваў храм. Тым часам стаўленьне да праблемы сярод чальцоў ураду, ад якіх заўжды патрабуецца большая памяркоўнасьць, было больш крытычным,  што значыць - асьцярожна-асуджальным.

Аднак Абэ не належаў да “памяркоўнай” часткі ўраду і даваў кіраўнікам азіяцкіх краінаў, схільным час ад часу зьняць з паліцы падручнік гісторыі, шмат падставаў для занепакоенасьці. За часы прэм’ерства Коідзумі Абэ, які як урадовы сакратар кіраваў і прэс-службай кабінэту міністраў, падтрымліваў візыты ў храм і даводзіў, што ў японскіх суседзяў склалася наконт іх “глыбока памылковае ўяўленьне”: візыты ў храм ёсьць нічым іншым як дэманстрацыяй павагі да ўсіх японцаў, хто загінуў ў войнах за сваю краіну і за тое ўшанаваны ў бажніцы.

Абэ заклікаў быў пакінуць гісторыкам выразьвязаньне праблемаў мінуўшчыны, аднак тое не стасоўвалася зь цьвёрдай падтрымкай Абэ зьменаў у Законе аб адукацыі, якія прадугледжвалі ўвядзеньне абавязковага патрыятычнага выхаваньня ў школах. У пазьнейшых заявах Абэ быў больш катэгарычны: праблему Ясукуні ды іншыя пытаньні гістарычнага характару ён назваў ўнутранымі справамі Японіі, якія мусяць вырашацца безь якога-кольвечы вонкавага ўмяшаньня. Заўвага была адрасаваная ня толькі Пэкіну, даўняму апанэнту Токіё ў “гістарычных” спрэчках, і Сэулу, які па-ранейшаму чульліва ставіцца да гістарычных аспэктаў адносінаў зь Японіяй, але і Злучаным Штатам, якія, занепакоеныя становішчам справаў у Азіі, гэтаксама пачалі былі “крытыкаваць” афіцыйны Токіё за ягоную “неканструктыўную” рэгіянальную палітыку.

Смалы ў агонь падліла інфармацыя пра тое, што, маўляў, увесну Абэ сам наведваў Ясукуні. Навіна мела шырокі розгалас як у Японіі, так і за яе межамі. Камэнтары апазыцыі, чальцоў ураду, замежных палітыкаў і палітычных аглядальнікаў з гэтай нагоды ажывілі палітычнае жыцьцё Японіі, што, аднак, ня мела значнага ўплыву на высокі рэйтынг папулярнасьці Сіндзо Абэ. Нават калі навіна і была праўдай (сам Абэ не парупіўся ўдакладніць), ён, па сутнасьці, не зрабіў нічога, што б супярэчыла ягоным поглядам, якіх ён ніколі не хаваў.

Тым ня менш, Абэ не ўлучыў у сваю афіцыйную перадвыбарчую праграму праблему Ясукуні і пад час гонкі не кранаў яе. Ён ня стаў ізноў падтрымліваць візытаў Коідзумі ў Ясукуні, але й не адрынуў магчымасьці падобных наведваньняў у выпадку ягонага абраньня на пасаду прэм’ер-міністра. Гэтым тактычным крокам Абэ спрабаваў гарантаваць сабе падтрымку нацыяналістычна настроеных выбарцаў, зачасам не адштурхоўваючы галасы японцаў лібэральных поглядаў і не ўмацоўваючы пазыцыі апазыцыйнай Дэмакратычнай партыі, галоўнага палітычнага суперніка ЛДП.

Вынік маўчаньня Абэ быў неадназначны. З аднаго боку, наўмысная нявызначанасьць узмацніла падозраньні Кітаю і Карэі наконт сапраўднага стаўленьня Абэ да гістарыі Другой сусьветнай вайны і да саміх падмуркаў дачыненьняў з азіяцкімі краінамі. Але зь іншага гледзішча, маўчаньне – таксама сыгнал, на які Пэкін і Сэул палічылі магчымым адказаць: напярэдадні выбараў прэзыдэнта ЛДП кіраўніцтва Кітаю і Паўночнай Карэі выказалі спадзяваньне на наладжваньне канструктыўнага дыялёгу з новым лідэрам Японіі, маючы наўвеце менавіта Сіндзо Абэ. Калі тое спраўдзіцца, тады тактычны разьлік Абэ быў дакладны, і для дыпляматычнага манэўру ў яго застаецца яшчэ час: як лічаць японскія аналітыкі, прынамсі да наступнай вясны, бо па традыцыі, закладзенай Коідзумі, афіцыйны візыт у Ясукуні робіцца раз на год, і Абэ ўжо меў непацьверджаны, але найхутчэй сапраўдны, візыт у Ясукуні ў красавіку 2006 году.

Зь перадвыбарчай гонкі новы кіраўнік ЛДП напэўна атрымаў добры досьвед: гістарычная спадчына яшчэ даймае Японію, і Сіндзо Абэ адчуў ейны цяжар. Рэзананс, які ў Японіі дасюль маюць рознага кшталту палітызаваныя спэкуляцыі, сьведчыць пра тое, што ідэалягізацыі стасункаў з краінамі кантынэнтальнай Азіі новаму кіраўніцтву Японіі пазьбегнуць ня ўдасца: асоба прэм’ера вырашае шмат, але крыўды і стэрэатыпы – таксама. Абэ засьведчыў тое на самым пачатку свайго зорнага шляху да ўлады.

 

Далёкаўсходні гандыкап

 

Насуперак меркаваньню, якое бытуе ў пэўных палітычных асяродках Кітаю, Карэі і Японіі, Абэ зусім не апантаны рэвізіянісцкімі ідэямі “ястраб”, які “яшчэ большы нацыяналіст, чымся Коідзумі”. Ён не імкнецца, як даводзяць, ізноў “распаліць вогнішча нацыяналізму”, ураўнаваць эканамічную моц Японіі з вайсковай і праводзіць палітыку сілы. Абэ – рэаліст: ён разумее, што ягоныя пляны мадэрнізацыі краіны зоймуць шмат часу і будуць залежаць ад шматлікіх чыньнікаў, у тым ліку вонкавых. Абэ ўжо неаднаразова дэманстраваў свае дыпляматычныя здольнасьці, бліскуча спалучаючы добра вядомы імідж палітыка-кансэрватара з майстэрствам палітычных заяваў і гнуткасьцю ў вырашэньні канкрэтных справаў.

Як сьведчаць калегі па партыі і ўрадоўцы, Абэ здольны ісьці на кампрамісы, але ніколі ня здрадзіць сваім прынцыпам. Яскравы прыклад – паўночнакарэйскае ядравае дасье. Агульнавядомае прынцыпова жорсткае стаўленьне Абэ да Пхеньяну. На пасадзе генэральнага сакратара ЛДП Абэ дазваляў сабе рабіць даволі рэзкія заўвагі на адрас КНДР. Але калі ў лістападзе 2005 году ён увайшоў у кабінэт міністраў і заняў пост галоўнага сакратара ўраду (ужо тады гэтае прызначэньне ацэньвалася як прамоцыя на пасаду наступнага прэм’ера), Абэ трымаўся афіцыйнай, больш узважанай, пазыцыі японскага ўраду па паўночнакарэйскім пытаньні, заклікаючы Пхеньнян вярнуцца да шасьцібаковых перамоваў.

Між тым, як лічаць адмыслоўцы, па выбраньні прэм’ер-міністар Абэ схільны зьменіць японскую палітыку “дыялёгу і ціску” ў дачыненьнях з КНДР, аддаючы большую ўвагу менавіта ціску. Абэ даў зразумець, што Токіё разам з ЗША будзе, між іншым, патрабаваць ад Рады бясьпекі ААН прыняцьця самых жорсткіх санкцыяў супраць Пхеньняну, які выйшаў з перамоўнага працэсу, і насуперак патрабаваньням міжнароднай супольнасьці распрацоўвае ядравую зброю дый не выказвае зацікаўленасьці ў вяртаньні на радзіму японцаў і іхных сем’яў, якія былі выкрадзеныя зь Японіі спэцслужбамі КНДР у 1970-80-х гадох.

Праблемай КНДР Абэ абгрунтоўвае неабходнасьць разгортваньня на тэрыторыі Японіі сыстэмы проціракетнай абароны, распрацоўкай якой кіруюць ЗША. Пасьля запуску балістычных ракетаў Пхеньянам 5 ліпеня 2006 году Абэ зазначыў, што Японія мае поўнае права зрабіць прэвэнтыўныя ўдары па варожых ракетных базах, калі атака супраць Японіі непазьбежная і “няма аніякіх сродкаў” адбіць напад, і што гэта ніякім чынам не супярэчыць японскай Канстытуцыі. Абэ не ўдакладніў, пра чые базы ідзецца, аднак на тле падзеньня ў Японскае мора “тайпхадонгаў” было відавочна, што галоўны адрасат пасланьня атабарыўся ў Пхеньяне. Распрацоўка Паўночнай Карэяй ядравай зброі ёсьць для Абэ важкай прычынай, каб падтрымаць самыя жорсткія эканамічныя і дыпляматычныя захады супраць рэжыму Кім Чэн Іра. Жорсткасьць і рашучасьць, зь якой Абэ пасьля сёлетніх ракетных запусках КНДР фактычна кіраваў выпрацоўкай адпаведных контрзахадаў Японіі (Коідзумі тым часам браў удзел у саміце “Вялікай восемкі” ў Санкт-Пецярбурзе), дадалі яму папулярнасьці.

У дачыненьнях зь іншымі азіяцкімі краінамі палітыка новага ўраду Японіі мае быць накіраваная выключна на “ўмацаваньне добрасуседзтва” і “пашырэньне супрацоўніцтва”. Адмыслова падкрэсьліваючы неабходнасьць падтрымліваць інтэнсіўныя стасункі з такімі дзяржавамі як Індыя і Аўстралія, Сіндзо Абэ тым ня менш назваў прыярытэтным напрамкам вонкавай палітыкі Японіі аднаўленьне ўзаемнага даверу з Кітаем і Карэяй. Ён выказаў упэўненасьць, што Японія будзе плённа разьвіваць адносіны з дзьвюма краінамі-суседкамі ў самым пазытыўным рэчышчы. Аднак дачыненьні Японіі з Кітаем і Карэяй за апошнія пяць гадоў значна пагоршыліся, і пры Абэ праблема двухбаковых зносінаў з Пэкінам і Сэулам абяцае быць адной з найвастрэйшых.

Аб’ектыўнай прычынай разладжваньня зносінаў паміж трыма лідэрамі Далёкага Ўсходу застаюцца нацыянальныя эканамічныя інтарэсы, якія ў апошнія гады сутыкаюцца найперш у паліўна-энэргетычнай сфэры. Фрустрацыя ад уяўнай невырашальнасьці эканамічных праблемаў спрычыняецца да палітызацыі міжнародных зносінаў, да закідаў у рэваншызьме і рэвізіянізьме, да росту міжнацыянальнай варожасьці. Як мяркуе вялікая колькасьць японскіх і замежных палітычных аглядальнікаў, у найбліжэйшы час, на жаль, менавіта праблема спадчыны Другой сусьветнай вайны будзе той лякмусавай паперкай, якая вызначыць характар адносінаў новага ўраду Японіі з азіяцкімі краінамі.

У такіх акалічнасьцях прынцыповасьць пазыцыі Сіндзо Абэ можа стаць перашкодай на шляху нармалізацыі сытуацыі. Японскі кіраўнік даводзіць, што палітыкі мусяць кінуць якія-кольвек спэкуляцыі з гісторыяй міждзяржаўных дачыненьняў і глядзець у будучыню, але дэманстрацыйна жорсткая – кшталту “ні кроку назад” – пазыцыя Абэ па адстойваньні нацыянальных інтарэсаў Японіі не знаходзіць разуменьня ў суседніх дзяржавах.

Між тым пазытыў можна знайсьці ў той акалічнасьці, што адным з чыньнікаў, які адыграў важную ролю ў перамозе Абэ на выбарах прэзыдэнта ЛДП, была ягоная здольнасьць працаваць у камандзе. А ў кааліцыйным урадзе, дзе кампраміс ёсьць базавай формай пагадненьня, узважаны падыход да прыняцьця палітычных рашэньняў вельмі важны. На шчасьце для Японіі, у кіроўных колах дзяржавы ёсьць сілы, здольныя збалянсаваць стратэгічную напорыстасьць каманды Абэ тактычнай памяркоўнасьцю ў вырашэньні кароткатэрміновых задачаў. Адной з галоўных такіх сілаў ёсьць “меншы партнэр” ЛДП у кіроўнай кааліцыі – Новая партыя Камэйто, якая мае шчыльныя стасункі з будысцкімі арганізацыямі. Лідэры Камэйто яшчэ за часам Коідзумі неаднаразова выказвалі занепакоенасьць пагаршэньнем стасункаў Японіі з Паўднёвай Карэяй і Кітаем, таму менавіта гэтая партыя будзе падштурхоўваць новае кіраўніцтва Японіі да правядзеньня “больш канструктыўнай” вонкавай палітыкі. Дзеля падтрыманьня стабільнасьці ва ўрадзе Абэ будзе вымушаны прыслухоўвацца да парадаў Камэйто, якая мае стаць лабістам “творчай дыпляматыі” ў Азіі.

*   *   *

26 верасьня парлямэнт Японіі зацьвердзіў Сіндзо Абэ на пасадзе прэм’ер-міністра краіны. Пазыцыі новага кіраўніка Японіі на пачатку яго прэм’ерства выглядаюць вельмі трывалымі. Але ці будзе палітычнае жыцьцё Абэ настолькі ж працяглым, яскравым і значным для Японіі, якім яно было ў ягонага папярэдніка, пакажа толькі час. Наймаладзейшы за ўсю гісторыю партыі прэзыдэнт ЛДП, які трапіў да стырна дзяржаўнага кіраваньня, мае далёкасяжныя пляны як у палітычнай, так і сацыяльна-эканамічнай і культурнай сфэрах. Іхная рэалізацыя будзе залежаць як ад палітычнай волі прэм’ер-міністра, так і ад палітычнага лобі ўнутры Японіі і дыпляматычнага ціску звонку.

Але колькі б часу не атрымаў Сіндзо Абэ, ён ня мае намеру яго марнаваць. Як ва ўнутранай, так і вонкавай палітыцы новы кіраўнік ураду Японіі робіць стаўку на ўзмацненьне ролі офіса прэм’ер-міністра, рацыянальнае выкарыстоўваньне яго рэсурсаў і аўтарытэту пасады прэм’ер-міністра, напрацаванага за часы Коідзумі. Захады Коідзумі па стварэньні моцнага, незалежнага ад традыцыйнага лобі ЛДП ураду, а таксама ягоная бескампрамісная барацьба з партыйнай бюракратыяй ва ўладзе натхнілі Абэ на працяг пераўтварэньняў.

Напачатку Абэ мае паставіць пад пільны нагляд офіса прэм’ер-міністра тры  стратэгічныя напрамкі – вонкавую палітыку, фінансавае і фіскальнае рэгуляваньне ды адукацыю. На гэтых сфэрах Сіндзо Абэ засяроджваў увагу падчас прэзыдэнцкай кампаніі і менавіта тут новага прэм’ера чакаюць першыя выпрабаваньні. 

 


[1] Партыйныя фракцыі традыцыйна адыгрываюць вырашальную ролю пры выбары лідэра ЛДП: кандыдаты вылучаюцца ад пэўных фракцыяў. Пераможная фракцыя грае ключавую ролю ў міністэрскіх прызначэньнях і фактычна фармулюе дзяржаўную палітыку краіны. Гэтую завядзёнку ўпершыню перарваў Коідзумі, які спачатку ў дзень афіцыйнага вылучэньня сваёй кандыдатуры на выбары ўвесну 2001 году выйшаў з фракцыі Моры, а пасьля падчас свайго прэм’ерства самастойна выбіраў чальцоў ураду, кіруючыся прафэсійнымі якасьцямі, а не партыйным аўтарытэтам апошніх.

[2] Частка 2 арт. 9 Канстытуцыі Японіі: “[Падарт.1] Шчыра імкнучыся да міру ва ўсім сьвеце, заснаванага на справядлівасьці і парадку, народ Японіі назаўсёды адмаўляецца ад вайны як сувэрэннага права народа, ад пагрозы ці выкарыстаньня гвалту як сродку разьвязаньня міжнародных канфліктаў. [Падарт.2] Для дасягненьня мэтаў папярэдняга параграфу ня будуць стварацца сухапутныя, марскія і паветраныя вайсковыя сілы, гэтаксама як і ўсе іншыя ўзброеныя сілы. Права вядзеньня вайны за дзяржаваю не прызнаецца.”

[3] Між тым, дамовамі паміж Японіяй і ЗША вызначана, што напад на Японію характарызуецца як напад на ЗША, якія мусяць неадкладна прыйсьці на дапамогу Японіі. Такі няроўны падзел роляў і місіяў у альянсе зь сярэдзіны 1990-х зьяўляецца галоўным аргумэнтам на карысьць перагляду падставовых абавязкаў хаўрусьнікаў. Зьмена японскага заканадаўства – частка гэтага працэсу.

[4] Паводле Закону аб Сілах самаабароны, першачарговымі місіямі ССА ёсьць абарона Японіі ад вонкавага нападу і падтрыманьне ўнутранай бясьпекі. Міратворчая дзейнасьць называецца другаснай місіяй ССА.



   
© 2004-2009, Праўнік. Беларускі on-line часопіс юрыстаў і палітолягаў

Усе правы абароненыя. Пры цытаваньні ўрыўкаў матэр'ялаў актыўная спасылка на часопіс praunik.org і аўтара ёсьць абавязковымі!