Беларускі on-line часопіс
юрыстаў і палітолягаў
Агульная тэорыя, гiсторыя й фiлязофiя права
Міжнароднае права
Эўрапейскае права
Параўнальнае права
Канстытуцыйнае, выбарчае й адміністрацыйнае права
Крымінальнае права й працэс. Крыміналёгія
Цывільнае права й працэс. Гаспадарчае права й працэс
Працоўнае права
Іншыя галіны права й юрыдычная праблематыка
Праўныя акты па-беларуску
Беларуская юрыдычная тэрміналёгія
Паліталёгія й сумежныя дысцыпліны
Інтэрвію
   пошук
   каляндар
Пн Аў Ср Чц Пт Сб Нд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
   новае на форуме
08 Снж 11.58  Працоўны кантракт: за ці супраць?

08 Кас 07.53  Работа игроком в покер онлайн

25 Вер 09.42  Это действительно нужная и интересная информация.

16 Вер 05.45  Это действительно нужная и интересная информация.

12 Снж 06.52  EUROPEAN MODEL UNITED NATIONS/MAASTRICHT

   юрыдычная кансультацыя
07 Лют 20.02  Праязны дакумэнт як аб'ект аўтарскага права

04 Кас 17.10  атрыманне пенсіі

28 Ліс 12.21  Кансэрваваньне забудовы

02 Кас 13.12  Працоўная кніга и навучэнне/праца за мяжой

17 Снж 18.00  Аўтарскія правы

бел eng
Галоўная Blog Архіў навінаў Слоўнік Тымчасам... Гасьцёўня Форум Спасылкі Рэдакцыя Кантакты
Паліталёгія й сумежныя дысцыпліны
Праблема аўтаномнага статусу Паўднёвай Асетыі ў складзе Грузіі ў гістарычным кантэксьце | Сяргей Богдан | 19.11.2006

Праблема аўтаномнага статусу Паўднёвай Асетыі застаецца неразьвязанай ужо амаль два дзесяцігоддзі. Асетынска-грузінскія супярэчнасьці былі выкарыстаныя спачатку саюзным цэнтрам, а пасьля Расейскай Фэдэрацыяй дзеля выбудовы выгоднай для Масквы мадэлі стасункаў з Грузіяй. Але было б спрашчэнствам і кансьпіралёгіяй звужаць праблему да расейскай інтрыгі, бо асетынскае пытаньне паўстала не пры канцы 1980-х гадоў, а нашмат раней, і ў цэлым можа выводзіцца аж з XVIII стагоддзя, а то й ад ранейшых перасяленьняў асетынаў на поўдзень ад Вялікага Каўкаскага хрыбта. Іншае справа, што росту мілітантнага характару яму надала палітыка Масквы зь яе складнікамі – русыфікацыяй, савецкім нацыянальным будаўніцтвам і спробамі захаваць кантроль над незалежнымі ўскраінамі ў больш позьні пэрыяд.

Мы паспрабавалі акрэсьліць варункі разьвіцьця паўднёваасетынскага пытаньня ў гістарычным кантэксьце разьвіцьця Паўднёвага Каўказу і ў прыватнасьці дэкалянізацыі рэгіёну ды ўсталяваньня ўзаемінаў паміж колішняй калёніяй (Грузіяй) ды мэтраполіяй (Расеяй). Таксама мы склалі першую ў сьвеце (з абнародаваных у адкрытых публікацыях) сыстэматычную кроніку разьвіцьця падзеяў у часе двух апошніх грузінска-асетынскіх канфліктаў.

 

1. Асетыны як этнічная група і рэгіёны яе расьсяленьня

Кажучы пра гісторыю паўднёваасетынскага пытаньня, варта разгледзець адметнасьць краю і яго насельніцтва. Асетыны (агульная колькасьць іх ацэньваецца ў 670 000 чалавек[1]) вылучаюцца зь іншых этнічных групаў Каўказа сваім арыйскім іранскім паходжаньнем ад скіфаў, сарматаў ды аланаў (зь іншых іранскіх народаў на Каўказе ў аддаленьні ад асетынаў жывуць адно нешматлікія талышы), тады як іх суседзі – гэта больш шматлікія грузіны, адыгскія, цюрскія ды вайнахскія народы.

Ад раньняга сярэдневечча асетыны вызнавалі хрысьціянства, а сёньня да праваслаўнае царквы належыць 61% насельніцтва. Як зазначае Надзея Емельянава, “нярэдка ў літаратуры Асетыя апісваецца як традыцыйна праваслаўная дзяржава. У той самы час, на думку пэўных дасьледнікаў, у гісторыі Асетыі былі пэрыяды, калі яе ўважалі ледзьве не мусульманскай краінай”[2].

За часы мангольскага панаваньня прашчуры асетынаў былі выціснутыя з сваёй колішняй бацькаўшчыны на поўдзень ад Дону і мігравалі ў паўднёвым напрамку да Каўказу. Такім чынам паўсталі тры асетынскія рэгіёны – Дыгор на захадзе, які трапіў пад уплыў адыгаў Кабарды і засвоіў іслам. Разьмешчаны таксама на поўначы рэгіён Ірон займаў тэрыторыю цяперашняй Паўночнай Асетыі і першы трапіў пад уладу Расеі ў 1767 годзе. Туаллэг (Tualläg) на поўдні быў уваходзіў у грузінскае княства Самачабло, а пазьней стаўся Паўднёвай Асетыяй[3].

Прарасейская арыентацыя. Асетынскія землі (побач з грузінскімі і армянскімі) сталіся апірышчам расейскай экспансіі на Каўказе, што было не ў апошнюю чаргу зьвязана з хрысьціянствам асетынскага насельніцтва, а таксама пашыранай “тутэйшасьцю” (то бок слабой нацыянальнай ідэнтычнасьцю і сацыяльнай разьвітасьцю) асетынаў у ХІХ ст. Гэтая асаблівасьць асетынскага насельніцтва і ягоная пазыцыя ў працэсе расейскай экспансіі адлюстраваная ў творах клясычнай расейскай літаратуры пазамінулага стагоддзя, што адлюстроўвае асетынаў як выпівохаў, занядбаных і нягеглых сялянаў[4]. Асетыны адпачатку рэкрутаваліся ў структуры імпэрыі, так, у прыватнасьці, частку Церскага казачага войска складалі асетыны[5]. Як зазначае Емельянава, у асетынаў антырасейскі вызвольны мюрыдызм чачэнскага шэйха Мансура не знайшоў водгука, “акурат гэтаксама яны адмовіліся і ад супрацьстаяньня з Расеяй”. Гэтаксама імамат Шаміля ў яго змаганьні з Расеяй падтрымалі толькі вельмі нешматлікія групы асетынаў-мусульманаў[6].

Народанасельніцтва. Сёньня большасьць асетынаў сьвету жывуць у Рэспубліцы Паўночная Асетыя – Аланія, што ўваходзіць у склад Расейскай Фэдэрацыі. Паводле дадзеных усерасейскага Попісу насельніцтва 2002 году ў Расеі жыло 515 тысячаў асетынаў[7]. У 1924 годзе была ўтвораная Паўночна-Асетынская аўтаномная вобласьць (АВ), якая 5 сьнежня 1936 году была пераўтвораная ў Паўночна-Асетынскую АССР у складзе РСФСР з сталіцай ва Ўладзікаўказе.

Паўднёва-Асетынская АВ была ўтвораная 20 красавіка 1922 году, пасьля саветызацыі Грузіі ў 1921 годзе. Тэрыторыя Паўднёва-Асетынскай АВ з сталіцай у Цхінвале (гр. Цхінвалі) афіцыйна складала ў 1989 годзе 3 900 кв. км, але ў 1990–1991 гадох ад вобласьці былі аддзеленыя і занятыя грузінскімі войскамі Знаўрскі, палова Ленінгорскага і частка Джаўскага раёнаў. Паводле дадзеных Усесаюзнага попісу 1989 году, насельніцтва Паўднёва-Асетынскай аўтаномнай вобласьці складала 99 тысячаў чалавек, 66,2% зь іх былі асетыны, а 29% – грузіны. Усяго ў Грузіі ў 1989 годзе жылі 163 тысячы асетынаў. Сёньняшнюю колькасьць асетынаў у Паўднёвай Асетыі Б. Калоеў ацэньвае ў 65 тысячаў асобаў. Палова сем'яў у вобласьці мае зьмяшанае асетынска-грузінскае паходжаньне[8].

Грузінскія дзяржаўніцкія кансьпіралягічныя тэорыі цьвердзяць, што і Абхаская АССР, і Паўднёва-Асетынская АВ былі створаныя бальшавікамі, каб спарадзіць заўсёдную крыніцу праблемаў дый спрасьціць для Крамля кантроль Грузіі. Сапраўды, Абхазія і Паўднёвая Асетыя кіраваліся на этнакратычным падмурку, на карысьць тытульнага этнаса. Грузінскія дзяржаўнікі імкнуліся абмежаваць гэтыя аўтаноміі, што і спарадзіла супраціў.

 

2. Альтэрнатыўныя вэрсіі гісторыі Паўднёвай Асетыі

Ідэнтычнасьць краю. Важную ролю ў разьвіцьці канфлікту мелі альтэрнатыўныя канцэпцыі гісторыі і нават таго, чым жа ёсьць аспрэчваны край. Напрыклад, грузінскі бок пярэчыў панятку «Паўднёвая Асетыя», бо ён аўтаматычна меў на ўвазе яго сваяцтва з Паўночнай Асетыяй, якая ёсьць часткай Расейскай Фэдэрацыі, ды патэнцыйнае імкненьне да ўзьяднаньня. Панятак «Паўднёвая Асетыя» існаваў ад часоў расейскай экспансіі на Каўказе ў ХІХ ст., але край атрымаў адміністрацыйна апрычоны статус толькі за камуністамі. Дарма што вясковае насельніцтва рэгіёну, бясспрэчна, было пераважна асетынскім вось ужо цягам некалькіх стагоддзяў, але грузіны лічаць рэгіён часткай грузінскай гістарычнай правінцыі Шіда Картлі (Унутраны Картлі), альбо раёнам Самачабло (край Мачабэлі, ад прозьвішча грузінскай княскай сям'і, што некалі ім валодала), альбо Цхінвальскі рэгіён.

Грузінскае бачаньне этнагенэзу асетынаў. Грузіны лічаць тэрыторыю Паўднёвай Асетыі адным з старажытных цэнтраў матэрыяльнай і духовай культуры свайго народу, кажучы пра параўнальна нядаўні прыход асетынаў на гэтыя землі. Маўляў, гістарычная радзіма асетынаў – у Паўночнай Асетыі, а таму яны ня маюць права на тэрытарыяльную аўтаномію. Асетыны адказваюць, што жылі на гэтых абшарах, паабапал Вялікага Каўскаскага хрыбта, стагоддзямі, ад часу калі сюды прыйшлі іх скіфска-аланскія продкі. Грузінскія крыніцы пагаджаюцца, што асетыны зьяўляюцца нашчадкамі аланаў, але кажуць, што ўтварэньне ўласна асетынаў адбывалася на Паўночным Каўказе. Маўляў, асетыны пачалі міграваць на паўднёвы бок Вялікага Каўкаскага хрыбта толькі ў XVII-XVIII стст. Паводле грузінскай вэрсіі, падчас мангольскай навалы ў XIII ст. асетыны, заахвочваныя манголамі, паспрабавалі захапіць тэрыторыю на поўдні Каўказа, але былі адціснутыя назад грузінамі. А таму, маўляў, гісторыя асетынскіх паселішчаў у Грузіі пачынаецца толькі з 1860-х гадоў[9].

Адметнасьць паўднёвых асетынаў. Вядома, паміж раёнамі пражываньня асетынаў заўжды йснавалі рэгіянальныя адрозьненьні, як культурнага ды лінгвістычнага кшталту, гэтак і з пункту гледжаньня гісторыі і самастойнай палітычнай традыцыі. Як зазначае Емельянава, на пачатку XIX ст. у паўночных асетынаў – іронцаў і дыгорцаў ужо былі выразна выяўленыя сымпатыі да іслама ці хрысьціянства, але сярод паўднёвых асетынаў (туальцаў) пераважалі прыродны палітэізм і хрысьціянства. На момант далучэньня Грузіі да Расеі ў 1801 годзе туальцы былі практычна ізаляваныя ад паўночных асетынаў. 1/3 туальцаў знаходзілася ў напаўпрыгоннай залежнасьці ад грузінскіх паноў. Другая траціна былі толькі даньнікамі грузінскіх цароў ці князёў, што валодалі выхадамі зь цяснінаў у даліны. І астатняя траціна туальцаў на паўночных схілах па вярхоўях ракі Ардон знаходзілася па-за ўплывам грузінскіх князёў[10]. Пры тым, праўда, “туальцы ня мелі ніякай племянной сувязі з грузінамі”[11].

Гістарычная база асетынскага незалежніцтва. На думку Аляксея Зьверава, “Грузінска-асетынская варажнеча бярэ пачатак у 1918—1921 гадох, калі меншавісцкі ўрад Грузіі бязьлітасна здушыў падтрымваны бальшавіками паўднёваасетынскі паўстанцкі рух (асетыны былі збольшага беззямельнымі сялянамі, што жылі на землях, якія належалі грузінскім арыстакратам)”[12].

Паводле асетынскай вэрсіі, напрыклад, тлумачэньняў цяперашняга прэзыдэнта Кокойты, «ніколі Паўднёвая Асетыя не ўваходзіла ў склад Грузіі, а ўтварала вялікую Аланскую дзяржаву, і, гэтаксама як і абхазы, што мелі калісьці Абхаскую дзяржаву, асетыны маюць досьвед дзяржаўнасьці»[13]. Ідэалягічныя канструкцыі паўднёваасетынскага незалежніцтва грунтуюцца таксама на міце добраахвотнага ўваходжаньня краю ў склад Расеі у 1774 годзе ды адсутнасьці факту адзінства з Грузіяй, маўляў, паўднёвыя асетыны раз і назаўжды зрабілі некалі выбар на карысьць Расеі. Так у звароце парлямэнту Паўднёвай Асетыі да кіраўнікоў парлямэнтаў Паўночнай Асетыі, Карачаева-Чаркесіі, Кабардзіна-Балкарыі ад 12 кастрычніка 2006 году сьцьвярджаецца: «Цягам ХХ стагоддзя Паўднёвая Асетыя ня раз была аб’ектам агрэсіі з боку Грузіі. Пасьля распаду Расейскай Імпэрыі Грузія абвесьціла пра свае прэтэнзіі на тэрыторыю Паўднёвай Асетыі. Народ Паўднёвай Асетыі тады ўзьняўся на барацьбу за сваё права на самавызначэньне і адзінства з Расеяй”[14].

Паводле паўднёваасетынскай вэрсіі гісторыі, у 1920 годзе меў месца генацыд асетынаў, арганізаваны Грузіяй. “Многія тысячы людзей былі зьнішчаныя ці выгнаныя ў Паўночную Асетыю грузінскімі войскамі, якія практычна сьцерлі з паверхні зямлі амаль усе населеныя пункты Паўднёвай Асетыі”. Вядома, уключэньне Паўднёвай Асетыі ў склад Грузінскай ССР характарызуецца, як накіраванае “насуперак волі народа і кіраўніцтва краю”. “Цягам сямідзесяці гадоў народ Паўднёвай Асетыі перажываў рэпрэсіі і дыскрымінацыю з боку грузінскіх уладаў, праз што Паўднёвая Асетыя па роўні жыцьця апынулася да 1990-х гадоў на апошнім месцы сярод суб’ектаў ГССР”[15]. Паказьнікамі ладжанай грузінскімі ўладамі палітыкі, на думку паўднёваасетынскіх нацыяналістаў, была і двухразовая зьмена асетынскай абэцэды (зь кірыліцы на лацінку дый на грузінку) і скарачэньне колькасьці насельніцтва Паўднёвай Асетыі, якое зьменшылася з 106 тысячаў у 1939 годзе да 99 тысячаў у 1989 годзе, дарма што ва ўсім СССР адбываўся рост колькасьці насельніцтва.

“Пры канцы 1980-х гадоў грузінскія нацыянал-экстрэмісты разгарнулі кампанію за скасаваньне аўтаноміі Паўднёвай Асетыі. Крок за крокам былі скасаваныя ўсе рэспубліканскія заканадаўчыя акты, што былі падставай для існаваньня аўтаноміі і яе ўваходжаньня ў склад Грузінскай ССР”[16]. Застасоўваюцца і юрыдычныя аргумэнты, маўляў у чэрвені 1990 году Вярхоўны Савет ГССР скасаваў усе заканадаўчыя акты, прынятыя пасьля 1921 году, у тым ліку датычныя ўключэньня Паўднёвай Асетыі ў склад ГССР, і тым самым паставіў Паўднёвую Асетыю па-за канстытуцыйна-праўнай прасторай Грузіі. Падзеі 1989-1992 году характарызуюцца паўднёваасетынскім кіраўніцтвам ў такіх тэрмінах, як “дыскрымінацыя”, “генацыд”, “узброеная агрэсія” і “этначысткі”, “спроба поўнага зьнішчэньня народу Паўднёвай Асетыі”[17].

26 красавіка 2006 году парлямэнт Рэспублікі Паўднёвая Асетыя замацаваў гэткае бачаньне гісторыі на заканадаўчым узроўні ў “Палітыка-праўнай ацэнцы падзеяў 1989-1992 гадоў” і “Дэклярацыю аб генацыдзе паўднёвых асетынаў у 1989-1992 гадох”. З такога бачаньня гісторыі фармуецца і афіцыйны варыянт ідэнтычнасьці, паводле якога “паўднёвыя асетыны ўважаюць сябе расеянамі… Паўднёвая Асетыя ўспрымае сябе як частку расейскае культурнае і нацыянальнае прасторы”[18]. Пераважная большасьць насельніцтва краю замацавала гэта і ў юрыдычным сэнсе, прыняўшы расейскае грамадзянства і атрымаўшы расейскія пашпарты. Расейская мова побач з асетынскай ёсьць афіцыйнымі мовамі Рэспублікі, але відавочна дамінуе ў афіцыйным абыходку, а асетынская застаецца на другім пляне. Праўда, некаторыя назіральнікі кажуць пра пачатак падвышэньня пры канцы 1990-х гадоў статусу асетынскае мовы[19].

 

3. Хада гвалтоўнага канфлікта ў 1989-2006 гадох. Спроба краналёгіі.[20]

Пры канцы 1980-х гадоў раўналежна з ростам нацыянальнага руху і незалежніцкіх памкненьняў у Савецкай Грузіі паўстала асетынская нацыяналістычная арганізацыя Народнага веча (Адэмон ныхас), што ставіла за мэту дасягненьне большае аўтаноміі і ўзьяднаньне з Паўночнай Асетыяй. Першы канфлікт. Першы канфлікт пачаўся з спробы Вярхоўнага Савета Паўднёва-Асетынскай АВ падвысіць статус вобласьці, які ўхваліў 10 лістапада 1989 году рашэньне пераўтварыць AВ у Паўднёва-Асетынскую ССР у складзе ГССР. На наступны дзень грузінскі парлямэнт скасаваў рашэньне Вярхоўнага Савета Паўднёвай Асетыі. 23 лістапада прыкладна 20 тысячаў грузінскіх нацыяналістаў на чале з Зьвіядам Гамсахурдзіа ды іншымі апазыцыйнымі лідэрамі (пры падтрымцы першага сакратара ЦК Кампартыі Грузіі Гіві Гумбарыдзэ) накіраваліся ў Цхінвал, каб правесьці там мітынг і «абараніць грузінскае насельніцтва». Асетыны заблякавалі дарогу. Дзякуючы ўмяшаньню аддзелаў МУС СССР буйного сутыкненьня не адбылося, а ў выніку дробных сутычак былі некалькі пацярпелых з абодвух бакоў. Савецкія войскі прымусілі завярнуць назад грузінскую дэманстрацыю. Некаторыя грузінскія дэманстранты засталіся ў навакольных асетынскіх вёсках і распачалі сутычкі зь мясцовымі асетынамі.

Перамовы паміж Гамсахурдзіа і яго асетынскім візаві генэралам Кімам Цаголавым скончыліся бязвынікова. Паведамлялася, што Гамсахурдзіа сказаў Цаголаву: «Я прывяду 200-тысячнае войска. Ніводнага асетына ня будзе на зямлі Самачабло. Я патрабую спусьціць савецкія сьцягі!»[21]

Канфлікт прынята лічыць прытушаным недзе ў студзені 1990 году, шмат у чым дзякуючы рознагалосьсям у грузінскім нацыянальным руху. Шэраг партыяў, што пазьней аб'ядналіся ў Нацыянальны кангрэс на чале з Георгіям Чантурыям скрытыкавалі ролю, якую адыгралі ў этнічных крызах партыі-хаўрусьніцы Гамсахурдзіа. Цытуюць выказваньне Чантурыі: «Вялікая памылка была ехаць у Цхінвалі, і двойчы вялікая — вярнуцца назад»[22].

Вярхоўны Савет СССР прымае 10 красавіка 1990 году закон «Аб падмурках эканамічных стасункаў Саюза ССР, саюзных і аўтаномных рэспублікаў»; а 26 красавіка – «Аб разьмежаваньні паўнамоцтваў паміж Саюзам ССР і суб'ектамі фэдэрацыі». Гэтыя законы кардынальна мяняюць статус аўтаноміяў. Яны недвухсэнсоўна уроўніваюць аўтаномныя ўтварэньні ў правах з саюзнымі рэспублікамі. За тымі і другімі прызнаецца права на «свабоднае самавызначэньне народаў» (Закон ад 26.04. арт.1.). Аўтаноміі, як і саюзныя рэспублікі, зьяўляюцца суб'ектамі фэдэрацыі - Саюза ССР (Закон ад 26.04 арт.1.)[23]. Такім чынам рашэньне Цэнтра заахвоціла рэгіёны змагацца за свой сувэрэнітэт супраць большасьці ў некаторых шматнацыянальных рэспубліках, што імнуліся да незалежнасьці (Малдова, Грузія). Гэты закон ня даў аўтаноміям эфэктыўнай абароны, але стаў на шляху нацыяналістычных рухаў большасьцяў у гэтых рэспублікаў, пракладаючы шлях для палітычнага і вайсковага ўмяшаньня ў іх справы з боку Масквы[24].

У чэрвені 1990 году ВС Грузіі, імкнучыся аднавіць пераемнасьць ад сацыял-дэмакратычнага ўрада незалежнай Грузіі прыняў рашэньне аб скасаваньні ўсіх заканадаўчых актаў СССР.

Уведзеная ў жніўні 1990 году ў Грузіі забарона на ўдзел рэгіянальных партыяў у выбарах у грузінскі парлямэнт была накіраваная на недапушчэньне ўдзелу абхаскіх нацыяналістаў і паўднёваасетынскага руху «Адамон Ныхас» у грузінскіх выбарах. У процівагу гэтаму кроку 20 верасьня 1990 году Вярхоўны Савет Паўднёва-Асетынскай АВ прыняў Дэклярацыю аб сувэрэнітэце, абвесьціў Паўднёва-Асетынскую Дэмакратычную Савецкую Рэспубліку, і зьвярнуўся да Масквы з просьбай прызнаць рэспубліку сувэрэннай у складзе СССР.

Другі канфлікт. Паўднёвыя асетыны байкатавалі выбары ў Вярхоўны Савет Грузіі ў кастрычніку 1990 году. Пасьля перамогі блёку Гамсахурдзіа «Круглы стол – Вольная Грузія» на гэтых выбарах, ён абвесьціў, што аўтаноміі ў Грузіі будуць захаваныя, але калі 10 сьнежня 1990 году ў Паўднёвай Асетыі прайшлі асобныя выбары, грузінскія ўлады прызналі іх незаконнымі. У той жа дзень Вярхоўны Савет Грузіі скасаваў вынікі асетынскіх выбараў і паўднёва-асетынскую аўтаномію, абвесьціўшы тэрыторыю Паўднёвай Асетыі адміністрацыйнай адзінкай Грузіі – «Цхінвальскім рэгіёнам». На наступны дзень Масква ўвяла надзвычайнае становішча ў населеных асетынамі раёнах Паўднёвай Асетыі. Чантурыя апісаў рашэньне Гамсахурдзіа скасаваць аўтаномію Паўднёвай Асетыі як палітычна неапраўданае і дачаснае да тае пары, пакуль Грузія ня стала цалкам незалежнай, бо Крэмль мог выкарыстаць яго для распальваньня нацыянальнай розьні[25].

Так пачаўся другі грузіна-асетынскі канфлікт, што працягнецца да ліпеня 1992 году. 11 сьнежня 1990 году ў самім Цхінвале і вакол яго адбылося некалькі крывавых сутыкненьняў. Грузінскі ўрад абвесьціў 12 сьнежня ў раёнах Цхінвала і Джавы надзвычайнае становішча. Грузінская паліцыя і аддзелы Нацыянальнай гвардыі былі накіраваныя ў рэгіён дзеля раззбраеньня асетынскіх узброенных групаў. Грузія пачала блякаду Паўднёвай Асетыі, якая працягвалася да канца ліпеня 1992 году.

Напярэдадні калядаў, у ноч зь 5 на 6 студзеня 1991 году грузінскія войскі ўвайшлі ў Цхінвал. Асетынскія ўзброенныя фармаваньні адказалі на гэта абстрэлам грузінскіх школаў і дамоў у месьце, а грузіны атакавалі асетынскія вёскі. Баі ў Цхінвале скончыліся падзелам места – асетынскія аддзелы кантралявалі заходнюю частку, а грузінскія – ўсходнія раёны Цхінвала[26].

7 студзеня 1991 году Гарбачоў выдаў указ, што скасоўваў як рашэньне Вярхоўнага Савета Паўднёвай Асетыі аб абвяшчэньні асобнай рэспублікі, гэтак і рашэньне грузінскага ВС аб скасаваньні аўтаноміі. Ён загадаў абодвум бакам вывесьці ўсе вайсковыя аддзелы — апрача аддзелаў МУС СССР — з Паўднёвай Асетыі цягам трох дзён[27].

ВС Грузіі не падпарадкаваўся гэтаму ўказу. 16 студзеня Рафік Нішанаў, старшыня Савету Нацыянальнасьцяў ВС СССР, наведаў зь візытам Грузію. Вынікам стаў, праўдападобна, кампраміс, заключаны паміж вышэйшымі савецкімі і грузінскімі ўладамі: Грузія як бы прызнала, што яе міліцыя падпарадкоўваецца МУС СССР узамен на магчымасьць абыходзіцца з Паўднёвай Асетыяй як заўгодна. Прысутнасьць грузінскіх міліцыянтаў у Цхінвале цягнулася да пачатку лютага 1991 году, калі паводле дамоўленасьці з цхінвалскімі ўладамі яны былі выведзеныя з блякаванага места і пазаймалі пазыцыі вакол места[28].

29 студзеня 1991 году Старшыня Вярхоўнага Савету Паўднёвай Асетыі Торэз Кулумбегаў быў запрошаны на перамовы ў Тбілісі, але там яго адразу арыштавалі і абвінавацілі ў распальваньні міжэтнічнай варожасьці. «Міжнародная амністыя» абвесьціла Кулумбегава вязьнем сумленьня. Яго працэс колькі разоў пераносілі і прыкладна праз год увогуле выпусьцілі.

Паўднёвая Асетыя ўзяла ўдзел ва ўсесаюзным рэфэрэндуме 17 сакавіка 1991 году наконт захаваньня Саюза, які байкатавала астатняя Грузія, і праігнаравала агульнагрузінскі рэфэрэндум аб незалежнасьці, праведзены 31 сакавіка 1991 году. На агульнасаюзным рэфэрэндуме 99% паўднёвых асетынаў выказаліся за захаваньне Саюза. Гэткая апазыцыя грузінскай грамадзкай думцы спрыяла экаляцыі канфлікту.

Былі зафіксаваныя факты высяленьня асетынаў, рабаваньня і спальваньня жыўцом. Адначасова, грузінская грамадзкасьць была абураная асетынскімі зьверствамі, як то спальваньнем жыўцом чатырох грузінскіх сялянаў 18 сакавіка 1991 году. Каля дзесяці тысячаў грузінаў уцяклі з Паўднёвай Асетыі ў Грузію. На грузінскім баку ваявалі перадусім зьвязаныя з Гамсахурдзіа чальцы таварыства Мэраба Кастава на чале з Важа Адамія. Большасьць чальцоў гэтага таварыства складалі грузіны, што жылі ў Паўднёвай Асетии. Ім супрацьстаялі асетынскія сілы самаабароны[29].

Самым інтэнсіўным пэрыядам вайны былі сакавік і красавік 1991 году; пасьля пэрыяду адноснага зацішша ў ліпені і жніўні, сутыкненьні зноў аднавіліся ў сярэдзіне верасьня. Грузія ўвяла эканамічную блякаду рэгіёна: былі перарваныя лініі электраперадачаў да Цхінвала, а таксама заблякаваная дарога, па якой у места давозіліся тавары. Асетыны блякавалі грузінскія вёскі, прычым з абодвух бакоў чыніліся лютыя гвалты. Вынікам сутыкненьняў былі сотні забітых і параненых, а таксама каля 80 000 уцекачоў паабапал грузінска-расейскай мяжы. Грузінскія сілы занялі ўзвышшы вакол Цхінвала, абклаўшы места, вайна ішла таксама ў суседніх вёсках і ўздоўж дарогі ў Паўночную Асетыю.

19 студзеня 1992 году ў Паўднёвай Асетыі быў праведзены рэфэрэндум аб аб'яднаньні Паўднёвай і Паўночнай Асетыі ды далучэньні да Расеі (99% галасоў «за»). Рэфэрэндум ня быў прызнаны законным ні ў Грузіі, ні ў Расеі. Рэфэрэндум быў ініцыяваны групай паўднёваасетынскіx дэпутатаў на чале з былым партыйным кіраўніком вобласьці Анатолем Чахоевым, паводле якіх адзіным выйсьцем была ўзброеная барацьба. Паўночнаасетынскія ўлады не пагадзіліся з гэтым крокам як нерэалістычным[30].

Паўднёвая Асетыя адмаўлялася ад перамоваў з новым рэжымам у Грузіі пакуль ня спыніцца блякада і грузінскія войскі ня будуць выведзеныя з краю.

У лютым 1992 году млявыя сутыкненьні працягнуліся, у іх часам умешваліся расейскія сілы. Грузінскія ўлады абвінавацілі Расею ў забесьпячэньні асетынскіх фармаваньняў. Большасьць незалежных назіральнікаў сапраўды казалі пра тое, што аддзелы расейскага міністэрства ўнутраных спраў умешваюцца ў канфлікт.

У сярэдзіне красавіка грузінскае войска пачало штодня праводзіць ракетныя абстрэлы Цхінвала, але наступу не было, бо значныя сілы былі занятыя баямі з прыхільнікамі зрынутага прэзыдэнта. Першае пагадненьне аб спыненьні агня было дасягнута 13 траўня 1992 году, але неўзабаве парушанае. Усе палітычныя кантакты былі спыненыя, і Паўночная Асетыя перакрыла газаправод, што забясьпечваў Грузію расейскім газам[31]. 29 траўня 1992 году ВС Паўднёвай Асетыі прыняў Акт аб дзяржаўнай незалежнасьці.

Ва ўмовах унутранай нестабільнасьці пасьля вайсковага путчу супраць прэзыдэнта Гамсахурдзіа Тбілісі ня мог дазволіць сабе адмовіцца ад перамоваў, каб пазьбегнуць канфрантацыі з Расеяй. Зьмянілі сытуацыю, на думку Аляксея Зьверава, два чыньнікі. Першы – паўночнаасетынскі. Другі — рост ролі Канфэдэрацыі горскіх народаў Каўказа. Па меры таго, як расла плынь уцекачоў з Грузіі, Паўночная Асетыя пачала патрабаваць ад Масквы больш рашуча ўмяшацца ў канфлікт. Лідэр Паўночнай Асетыі Ахсарбэк Галазаў не падзяляў імкненьня цхінвалскага кіраўніцтва да працягу ўзброенай барацьбы.

У хаду падзеяў пачала ўмешвацца Канфэдэрацыя горскіх народаў Каўказа (КГНК), заснаваная на трэцім Кангрэсе горскіх народаў Каўказаў лістападзе 1991 году. Яна мела свае ўзброеныя аддзелы добраахвотнікаў. 13 чэрвеня 1992 году старшыня КГНК Муса Шанібаў прывёў абхаскі батальён КГНК ва Ўладзікаўказ, каб пераправіць яго ў Паўднёвую Асетыю дзеля ўдзелу ў вайне на асетынскім баку. Галазаў адмовіўся прапусьціць батальён у Цхінвалі[32].

Насамрэч да сярэдзіны чэрвеня 1992 году Расея апынулася на мяжы вайны з Грузіяй за Паўднёвую Асетыю. Расейскія афіцыйныя асобы, у тым ліку старшыня Вярхоўнага Савету Р.Хасбулатаў, прэзыдэнт Ельцын і в.а. прэм'ера Я.Гайдар рабілі заявы ў падтрымку асетынскага боку з асуджэньнем грузінскіх дзеяньняў у Паўднёвай Асетыі. Хасбулатаў папярэдзіў, што калі Грузія ня спыніць кровапраліцьце, расейскі парлямэнт разглядзіць пытаньне аб задавальненьні просьбы Паўднёвай Асетыі аб уключэньні яе ў склад Расеі, а віцэ-прэзыдэнт Расеі Руцкой патэлефанаваў Шэварднадзэ і прыгразіў нанесьці бомбавы ўдар па Тбілісі[33].

Урэгуляваньне ў Дагамысе. 24 чэрвеня 1992 году ачольнік Дзяржаўнае рады Грузіі Эдуард Шэварднадзэ і расейскі прэзыдэнт Ельцын сустрэліся дзеля абмеркаваньня праблемы Паўднёвай Асетыі. Было зноў заключанае так званае Сочынскае ці Дагамыскае пагадненьне[34]. 14 ліпеня 1992 году была разгорнутая міратворчая апэрацыя, што складалася з Зьмешанай кантрольнай камісіі і супольных расейска-грузінска-асетынскіх вайсковых патрулёў. Вайсковыя дзеяньні спыніліся.

2 лістапада 1993 году была прынятая незалежніцкая Канстытуцыя Рэспублікі Паўднёвая Асетыя (РПА). Канстытуцыя Грузіі 1995 году пакінула адкрытым пытаньне аб статусе Паўднёвай Асетыі.

У кастрычніку 1994 году Шэварднадзэ прызнаў, што канфлікт у Паўднёвай Асетыі быў грубейшай памылкай; і актывізаваліся дыпляматычныя намаганьні[35].  Грузінска-асетынскія перамовы па мірным урэгуляваньні канфлікту пры пасярэдніцтве Расеі і АБСЭ пачаліся 30 кастрычніка 1995 году. Галоўным прарывам ў працэсе перамоваў стала падпісаньне ў траўні 1996 году «Мэмарандума аб захадах па забесьпячэньні бясьпекі і ўзаемнага даверу», паводле якога абодва бакі адмаўляліся ад выкарыстаньня гвалту. Гэтаму наступнічалі колькі сустрэчаў паміж прэзыдэнтам Грузіі Шэварднадзэ і фактычным прэзыдэнтам Паўднёвай Асетыі Людвігам Чыбіравым (абраным на першых прэзыдэнцкіх выбарах 30 лістапада 1996 году), а таксама іх кіраўнікамі ўрадаў. Фармальна было пачатае расьсяленьне ўцекачоў у зоне канфлікту, але гэты працэс не набыў вялікага размаху ў тым ліку празь цяжкую эканамічную сытуацыю. Дамоўленасьці замацоўваліся і у кантэксьце расейска-грузінскіх адносінаў. Гэтак у сьнежні 2000 году было падпісанае расейска-грузінскае міжурадавае пагадненьне аб узаемадзеяньні ў аднаўленьні эканомікі ў зоне грузінска-асетынскага канфлікту і вяртаньні ўцекачоў. Фактычнае супрацоўніцтва паміж Грузіяй і Паўднёвай Асетыяй амаль адсутнічала.

Адсутнасьць цэнтральнага кантролю над рэгіёнам, слабасьць паўднёваасетынскага кіраўніцтва і блізкасьць рэгіёну да Расеі, у тым ліку ягоная зьвязанасьць з Паўночнай Асетыяй ператварылі Паўднёвую Асетыю ў бясьпечны прытулак для крымінальнай дзейнасьці, асабліва кантрабанды. Рынак Эргнэці ў прадмесьці Цхінвала стаў галоўнай эканамічнай «чорнай дзіркай», празь якую праходзілі кантрабандныя расейскія тавары, пазбаўляючы грузінскія ўлады мытных адходаў і падтрымліваючы эканоміку Паўднёвай Асетыі.

Гэта ўплывала і на палітычныя змаганьні у краі, крыміналізуючы іх і ўносячы элемэнты гвалту. У лістападзе 2001 году на прэзыдэнцкіх выбарах у першым туры пацярпеў паразу Людвіг Чыбіраў, а ў другі тур выйшлі колішні першы сакратар Цхінвалскага гаркаму камсамола Эдуард Кокойты і старшыня парлямэнту Станіслаў Кочыеў. Чыбіраў на чале спэцназу РПА захапіў парлямэнт, прымушаючы Кочыева зьняць сваю кандыдатуру. 6 сьнежня 2001 году Кокойты перамог у другім туры, атрымаўшы 53,3% галасоў.

У сакавіку 2002 году Кокойты выправіў у Маскву сьпікера парлямэнту Кочыева з афіцыйным зваротам-просьбай прызнаць незалежнасьць Паўднёвай Асетыі і прыняць яе ў склад Расеі.

Палітыка ўрада Саакашвілі. У траўні 2004 году, абапіраючыся на посьпех дасягнуты ў вяртаньні іншага непадкантрольнага раёну – Аджарыі, урад Саакашвілі зьвярнуў сваю ўвагу на Паўднёвую Асетыю. Саакашвілі абяцаў вылучыць гуманітарную дапамогу грузінскаму і асетынскаму насельніцтву дый дэкляраваў надаць рэгіёну шырокую аўтаномію.

У сярэдзіне чэрвеня грузінская паліцыя зачыніла рынак у Эргнэці і разгарнула шырокія захады па барацьбе з кантрабандай, якая была апірышчам мясцовай эканомікі.

Грузінскія дзеяньні абвастрылі сытуацыю. У адказ паўднёваасетынскія сілы на некалькі дзён перакрылі дарогу паміж Расеяй і Грузіяй. Грузінская рэгіянальная адміністрацыя пачала рамантаваць дарогі паміж населенымі грузінамі цясьнінамі Патара Ліахві і Дзідзі Ліахві, абмінаючы кантраляваны асетынамі Цхінвал дый накіравалі вайсковыя патрулі для іх кантроля. 7 ліпеня грузінскія міратворцы перахапілі расейскі канвой з вайсковай амуніцыяй, у тым ліку ракетамі, што спрычыніла напружанасьць паміж Тбілісі і Масквой. На наступны дзень блізу 50 грузінскіх міратворцаў былі раззброеныя і затрыманыя паўднёваасетынскімі фармаваньнямі. Праз тое Саакашвілі адмовіўся ад удзелу ў мірных перамовах. Значныя аддзелы грузінскіх і паўднёваасетынскіх сілаў былі перасунутыя ў памежныя раёны, дзе цягам некалькіх дзён ішла страляніна. Затрыманыя грузінскія жаўнеры былі вызваленыя 9 ліпеня.

Напружанасьць паміж Масквой і Тбілісі працягвала нарастаць пасьля прыняцьця Дзярждумай рэзалюцыі ў падтрымку аддзяленьня Паўднёвай Асетыі. Непрызнаныя дзяржавы Абхазія і Прыднястроўе, казацкія арганізацыі Расеі і Паўночная Асетыя дэкляравалі сваю падтрымку Паўднёвай Асетыі ў выпадку грузінскага наступу. На дапамогу ўраду Паўднёвай Асетыі прыбыла пэўная колькасьць расейскіх дабраахвотнікаў.

Пагадненьне аб перамір'і было дасягнутае 13 жніўня, пасьля трох начэй стралкова-гарматнай страляніны. Яго падпісалі прэм'ер міністар Грузіі Зураб Жванія і прэзыдэнт Паўднёвай Асетыі Эдуард Кокоіты. Аднак пагадненьне было парушанае неўзабаве пасьля падпісаньня, калі 18-19 жніўня выбухнулі жорсткія сутыкненьні. 19 жніўня пасьля начнога бою грузінскія войскі занялі стратэгічнае ўзвышша ля асетынскай вёскі Трыянахана, зь якога асетынскія фармаваньні вялі артылерыйскі абстрэл грузінскіх вёсак. Адразу ж пасьля гэтай пасьпяховай апэрацыі прэзыдэнт Саакашвілі абвесьціў, што Грузія дасьць «апошні шанец на мір» паўднёваасетынам і выведзе свае неміратворчыя аддзелы з зоны канфлікту ўзамен на мір. Грузінскія войскі перадалі стратэгічныя ўзвышшы ў зоне канфлікту зьмешаным міратворчым сілам у той самы дзень. Паводле паведамленьняў, у выніку жнівеньскіх баёў загінулі 16 грузінаў і дзясяткі асетынаў ды расейцаў[36].

Падчас сустрэчы прэм’ер-міністра Грузіі і кіраўніка Паўднёвай Асетыі Эдуарда Кокоіты 5 лістапада 2004 году ў Сочы было падпісанае пагадненьне аб дэмілітарызацыі зоны канфлікту. Нягледзячы на тое, час ад часу ў зоне канфлікту здараліся перастрэлкі, віну за пачатак якіх, назіральнікі, звычайна ўскладалі на асетынскі бок.

Прэзыдэнт Саакашвілі прадставіў грузінскае бачаньне разьвязаньня канфлікту ў Паўднёвай Асетыі на сэсіі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы ў Страсбургу, 26 студзеня 2005 году. Ён прапанаваў пашыраную форму аўтаноміі для краю, канстытуцыйныя гарантыі аўтаномнага статуса, што прадугледжваў права свабодных беспасярэдніх выбараў органаў мясцовага самакіраваньня. Пры гэтым парлямэнт Паўднёвай Асетыі меў бы кантраляваць такія пытаньні, як культура, адукацыя, сацыяльная палітыка, эканамічная палітыка, грамадзкі парадак, арганізацыя мясцовага самакіраваньня і ахова навакольнага асяроддзя. Адначасна Паўднёвая Асетыя павінна была б атрымаць гарантаваны ўплыў на нацыянальныя ўрадавыя структуры, побач з канстытуцыйнымі гарантыямі прадстаўленасьці ў нацыянальным урадзе, судах і канстытуцыйным судзе, а таксама парлямэнце. Грузія брала на сябе абавязаньні па паляпшэньні сацыяльна-эканамічнага становішча ў Паўднёвай Асетыі. Саакашвілі запрапанаваў пераходны 3-гадовы пэрыяд, падчас якога былі б створаныя зьмешаныя грузінска-асетынскія паліцэйскія сілы пад кіраўніцтвам і эгідай пэўнай міжнароднай арганізацыі, а асетынскія аддзелы паступова інтэграваныя ў склад грузінскага войска. Саакашвілі таксама заклікаў міжнародную супольнасьць адыграць больш «значную і відочную» ролю ў разьвязаньні канфлікту[37].

Канкрэтны грузінскі плян дзеяньняў быў прадстаўлены прэм'ер-міністрам Грузіі Зурабам Ногаідэлі на паседжаньні Пастаяннай Рады АБСЭ ў Вене, 27 кастрычніка 2005 году. Урад ЗША і АБСЭ выказалі сваю падтрымку гэтага пляну. 6 сьнежня 2005 году Рада міністраў АБСЭ ў Любляне аднагалосна прыняла рэзалюцыю, у якой падтрымала грузінскі мірны плян па Паўднёвай Асетыі[38].

Тым ня менш процістаяньне і дробныя сутыкненьні працягваліся, у прыватнасьці яны мелі месца ў верасьні і кастрычніку 2006 году. Паўднёва-асетынскія ўлады абвінавачвалі ў выкарыстаньні чачэнскіх байцоў для дывэрсійнай дзейнасьці ў Паўднёвай Асетыі, а Расея ўсе гэтыя гады абвінавачвала Грузію ў тым, што тая хавае на сваёй тэрыторыі чачэнскіх партызанаў.

Улетку 2006 году Тбілісі пачаў актыўна спрабаваць перагледзець вынікі Дагамыскіх дамоўленасьцяў. 18 ліпеня 2006 году парлямэнт Грузіі аднагалосна прагаласаваў за вывад расейскага міратворчага кантынгенту з зонаў «замарожаных канфлікта» ў Паўднёвай Асетыі і Абхазіі з заменай іх на міжнародныя паліцэйскія сілы.

На думку грузінскіх уладаў, спрэчным быў сам фармат расейскай міратворчай апэрацыі ў зоне паўднёваасетынскага канфлікту, на які некалі пагадзіўся Тбілісі ў 1992 годзе ў адчайным становішчы. Дзеля таго Тбілісі абвесьціў аб намеры афіцыйна паставіць на перамовах з Расеяй пытаньне аб пераглядзе Дагамыскага пагадненьня 1992 году. Паўднёвая Асетыя і Абхазія адмоўна паставіліся да пэрспэктывы перагляду базавых пагадненьняў па спыненьні канфліктаў. А прэзыдэнт Пуцін параіў Тбілісі вырашыць паўднёваасетынскую і абхаскую праблемы на рэфэрэндумах у гэтых рэгіёнах. Прэзыдэнт Грузіі Саакашвілі адхіліў гэтыя прапановы і абвесьціў, што канфлікты ў колішніх аўтаноміях будуць урэгуляваныя «з Расеяй ці безь яе»[39]. Рашучасьць грузінскага боку атрымала сваё выяўленьне і ў процістаяньні на пачатку восені 2006 году, што пачалося з арышту расейскіх шпегаў грузінскімі ўладамі.

Рэфэрэндум у Паўднёвай Асетыі быў праведзены цхінвалскімі ўладамі насуперак апазыцыі Тбілісі 12 лістапада 2006 году і без удзелу грузінскага насельніцтва краю. Амаль усе галасы, як і чакалася, былі адданыя за незалежнасьць. 

 

4. Падставовыя прычыны канфлікту і цяжкасьці яго разьвязаньня

Фундамэнтальныя прычыны. Ва ўзьнікненьні паўднёвааасетынскага канфлікту можна вылучыць дзьве падставовыя прычыны. Па-першае, адсутнасьць грамадзянскай сьвядомасьці, якая выявіла сябе ў выглядзе апазыцыі паміж канцэпцыямі грамадзянства і нацыянальнасьці, так бы мовіць па форму «этнацэнтрызм супраць грамадзянскасьці». Нацыянальнасьць разглядалася як чыста этнічная і непалітычная характарыстыка асобаў і групаў, а грамадзянства лічылася перадусім зьнешняй сувязьзю, што лучыць асобаў і групы зь дзяржавай. Гэткая апазыцыя была замацаваная і савецкай пашпартнай сыстэмай, калі нацыянальнасьць пазначалася асобна ад грамадзянства. Ня дзіва, што на сконе Савецкага Саюза і большасьцям, і меншасьцям у нацыянальных рэспубліках было няпроста разглядаць сваю прыналежнасьць да нацыі ў неэтнічным сэнсе.

Пачынаючы з 1988 году грузінскія СМІ прадстаўлялі пытаньне грузінскае нацыі ў перадусім этнічных катэгорыях. Да гэтага варта дадаць і прыхільнасьць нацыяналістаў у каўкаскіх і прыбалтыйскіх рэспубліках былога СССР напачатку 1990-х гадоў прымардыялісцкім канцэпцыям нацыі (што зыходзяць з адвечнага і натуральна абумоўленага факту існаваньня нацыі і процістаіць мадэрнісцкаму разуменьню нацыі, як нечага канструяванага, што характэрны для таго ж Казахстану і крэольскіх праектаў у Беларусі і Ўкраіне)[40].

На думку Гіі Нодзіі, варожае стаўленьне да нацмяншыняў зьвязанае з лідэрствам у грузінскім нацыянальным руху за незалежнасьць Зьвіяда Гамсахурдзіі. Бо да таго нацыяналізм нават радыкальных грузінскіх незалежнікаў пры канцы 80-х меў выключна палітычны характар, «дзеля таго, што рух за незалежнасьць змагаўся за аднаўленьне незалежнасьці Грузіі як дзяржавы, яму варта было пазьбягаць будзь-якога ўцягваньня ў этнічныя канфлікты зь меншасьцямі, якія жывуць у Грузіі. Першыя мітынгі з вымаганьнямі незалежнасьці былі падтрыманыя групамі армянаў, курдаў ды іншых меншасьцяў. Этнаканфлікты ў памежных аўтаноміях Абхазіі і Паўднёвай Асетыі ўважаліся «правакацыямі Крамля», накіраванымі супраць грузінскага незалежніцкага руху; ім трэба было супрацьпаставіць масавыя і радыкальныя акцыі, накіраваныя ў абарону незалежнасьці ды супраць Крамля, пераключаючы такім чынам грамадзкую думку з этнічных на палітычныя пытаньні. Гэтая тактыка «палітызацыі (этна)канфлікту», была выкарыстаная ў красавіку 1989 году, калі патрабаваньні абхазаў аб аддзяленьні ад Грузіі выклікала грамадзкае абурэньне і масавыя мітынгі. Радыкалы ўсімі сіламі імкнуліся замяніць антыабхаскія лёзунгі на нацыянальна-вызвольныя»[41]. І толькі пасьля таго, як лідэрам незалежнікаў стаў Гамсахурдзіа, ён пачаў эксплюатаваць варожасьць да меншасьцяў.

Па-другое, у выпадку паўднёваасетынскага канфлікту вялося менавіта пра тэрыторыю, «зямлю». У складзе нацыянальных рэспублік, у тым ліку Грузіі былі аспрэчваныя тэрыторыі, на правы валоданьня якімі прэтэндавалі розныя этнічныя супольнасьці. Акурат тэрытарыяльныя спрэчкі больш чым заяўляная дыскрымінацыя нацменшасьцяў спрычынілася да гвалтоўных канфліктаў у Паўднёвай Асетыі, Абхазіі і Нагорным Карабагу. Аргумэнт дыскрымінацыі выкарыстоўваўся хутчэй дзеля мабілізацыі нацыянальнай супольнасьці, альбо дзеля звароту да міжнароднай супольнасьці ў катэгорыях «правоў меншасьцяў».

У выпадку Грузіі сьцьверджаньні прыхільнікаў аддзяленьня Паўднёвай Асетыі і Абхазіі грунтаваліся на асобных заявах некаторых грузінскіх палітыкаў і рэмінісцэнцыях этнічных сутыкненьняў у мінулым. Абхазы і асетыны ў прыватнасьці адмоўна паставіліся да першых крокаў грузінскага незалежніцкага руху, якія сьведчылі пра імкненьне да самаатаясамленьня грузінскіх незалежнікаў з грузінскай рэспублікай 1918-1921 гадоў, чый сьцяг, напрыклад, забаронены ў СССР, быў зноў абвешчаны сьцягам незалежнай Грузіі. Асетыны мелі гісторыю канфрантацыі з уладамі першай Грузінскай рэспублікі напачатку 1920-х, а таму натуральнай была адмоўная рэакцыя на спробы яе адраджэньня, асабліва калі 21 лютага 1992 году кіроўная Дзяржаўная рада Грузіі абвесьціла аб скасаваньні савецкай канстытуцыі і аднаўленьні канстытуцыі Грузінскай Дэмакратычнай Рэспублікі 21 лютага 1921 году. Гэта стала адным з штуршкоў для абхаскага кіраўніцтва пачаць сваё паўстаньне супраць Тбілісі.

Скасаваньне паўднёваасетынскай аўтаноміі грузінскім парлямэнтам у сьнежні 1990 году было небясьпечным палітычным захадам, бо вынікам сталі гвалтоўныя сутыкненьні, што далі Маскве магчымасьць вайсковага ўмяшаньня і фактычна спрычынілі аддзяленьне Паўднёвай Асетыі ад астатняй Грузіі, але яго варта разглядаць акурат як адказ на абвяшчэньне аддзяленьня Паўднёваасетынскай Дэмакратычнай Савецкай Рэспублікі ад Грузіі, якое мела месца колькі дзён перад тым. За гэтым пасьледавала тэрытарыяльная вайна, у якой абодва бакі баранілі «сваю» зямлю і якая вызначалася асаблівай лютасьцю праз адсутнасьць рэгулярных аддзелаў.

Расейскае ўмяшаньне. Пасьля заканчэньня адкрытага вайсковага процістаяньня край апынуўся адрэзаным ад Грузіі і цалкам падпаў пад расейскі ўплыў. Расейскае ўмяшаньне, а таксама ўспрыняцьце яго ў Грузіі было трэцім істотным чыньнікам паўднёвааасетынскага канфлікту. З пункту гледжаньня большасьці паспалітых грузінаў, акурат Крэмль адказны за ўсе этнічныя канфлікты ў Грузіі, а таксама іншых рэспубліках Саюза. Маўляў, палітычная падтрымка Цэнтра падахвоціла рухі меншасьцяў да бескампраміснага змаганьня з мясцовымі «цэнтрыкамі». Усталявалася перакананьне, што асетынскія – як і абхаскія – незалежнікі змагаюцца не за свае правы, але становяцца на бок чужынца (Крамля) супраць нас (Грузіі)[42]. У адным з сваіх інтэрвію Гамсахурдзіа абвінаваціў Гарбачова ў шантажы яго па асетынскім пытаньні: «Падпішэце Саюзную дамову, нібыта сказаў яму Гарбачоў у тэлефоннай размове, — альбо усё, што адбываецца ў Асетыі, будзе працягвацца»[43].

Гэткае ўспрыняцьцё значна адрозьніваецца ад рыторыкі паўднёваасетынскага кіраўніцтва. Паводле прэзыдэнта Кокойты: «Незалежнасьць – гэта першы крок. Асетыны – маленькі, падзелены народ, і нам неабходна ўзьяднацца. Нам не падаецца, што мы ёсьць толькі інструмэнтам у барацьбе Расеі ды Грузіі. Ня трэба ўспрымаць нас, як народ, што дазволіць сабой гуляць. Мы ё носьбітамі старажытнай культуры і дамо рады сябе абараніць. А што датычыць інтарэсу Расеі да нас, дык ён апраўданы – тут жывуць 97% яе грамадзянаў»[44].

Пазыцыя Захаду. Пытаньне магчымай незалежнасьці Паўднёвай Асетыі, на думку Масквы, цалкам супастаўнае з пытаньнем магчымай незалежнасьці Косава. На думку большасьці заходняй палітычнай эліты і СМІ, параўноўваць гэтыя сытуацыі міжсобку нельга. Аднак, як заўважае Йен Алік, гэта зьвязана хутчэй з геапалітычнымі меркаваньнямі, чымся прынцыпамі самавызначэньня і міжнароднага права[45]. Ён падрабязна абгрунтоўвае аналягічную прыроду канфліктаў у гэтых рэгіёнах.

Ні Паўднёвая Асетыя, ні Косава ніколі не былі незалежнымі краінамі ў зафіксаванай гісторыі, але час ад часу карысталіся аўтаноміяй. У абедзьвюх ёсьць меншасьці, чые правы і бясьпеку немагчыма з пэўнасьцю гарантаваць. У Паўднёвай Асетыі пражываюць 14 000 этнічных грузінаў, а ў Косаве 120 000 сэрбаў. Ані Косава, ані Паўднёвая Асетыя не гатовыя да незалежнасьці і у выпадку незалежнасьці мусяць абапірацца на дапамогу Альбаніі і Расеі, адпаведна. Эканамічнае выжываньне падаецца праблематычным, бо эканоміка абедзьвюх правінцыяў маларазьвітая і трымаецца сёньня на чорным рынку і кантрабандзе.

У той самы час такая рознасьць ў інтэрпрэтацым косаўска-асетынскіх адрозьненьняў вытлумачваецца геапалітычна. Паўднёвая Асетыя зьяўляецца для Расеі буфэрам супраць празаходняй Грузіі, а Грузія ёсьць заходнім (перадусім амэрыканскім) буфэрам супраць Расеі. Да гэтага надоечы дадаліся пытаньні энэргазабесьпячэньня краінаў Захаду. У ліпені прайшла інаўгурацыя трубаправоду Баку-Тбілісі-Джэйхан, коштам чатыры мільярды даляраў ЗША, які пампавацьме касьпійскую нафту на турэцкае ўзьбярэжжа Міжземнага мора абмінаючы Расею і Іран. Да 2009 году трубаправод павінен выйсьці на ўзровень 1 мільёна барэляў у дзень. Трубаправод праходзіць праз Тбілісі, непадалёк ад Паўднёвай Асетыі.

BP, колішні «Брытыш Пэтролеўм», мае 30,1-адсоткавую долю ў праекце трубаправоду. Ён быў спаруджаны кансорцыюмам, які ачольваў BP і куды ўваходзілі энэргетычныя кампаніі ЗША, Нарвэгіі, Турэччыны, Азэрбайджану, Японіі, Францыі ды Італіі. Гэты трубаправод можа мець ключавое значэньне для забесьпячэньня энэргетычнай бясьпекі Захаду. Таму недагаджаньне Грузіі – важнаму складніку у гэтай кампазыцыі і патураньне Расеі і Паўднёвай Асетыі у абвяшчэньні незалежнасьці і яе міжнародным прызнаньні можа несьці з сабой вялікую рызыку для пэрспэктываў забесьпячэньня Захаду касьпійскімі энэрганосьбітамі. У гэтым сэнсе незалежнасьць Косава не выклікае такіх вялікіх пярэчаньняў. Сэрбія ня мае стратэгічнага значэньня для Захаду. Нават Расея можа пагадзіцца на незалежнасьць Косава, бо гэта створыць прэцэдэнт для падобных актаў у Паўднёвай Асетыі, Абхазіі і Прыднястроўі.

 

***

Сытуацыя ў Паўднёвай Асетыі сапраўды адрозьніваецца ад косаўскай. Косава ўжо ня ёсьць полем супрацьястаяньня ў сусьветных змаганьнях. Але Паўднёвая Асетыя ёсьць. Гэта край, дзе ня толькі спрабуюць зьдзейсьніць свой праект напаўкрымінальныя асетынскія эліты ў змаганьні зь не нашмат больш законапаслухмянымі грузінскімі, а грузінскія інтарэсы сутыкаюцца з расейскімі. Раз-пораз Паўднёвы Каўказ, у тым ліку Грузія і Паўднёвая Асетыя, аказваюцца ўцягнутыя ў сусьветнае змаганьне блёку «кіраваных дэмакратыяў» і перадусім Расеі з блёкам лібэральных дэмакратыяў на чале з ЗША. Асетынская карта (мо і ня самая вялікая) выцягнутая некалі Пецярбургам у яго вайне супраць каўкаскіх ваяўнікоў, падтрымваных Турэччынай ды Брытаніяй пры канцы васемнаццатага стагоддзя і праз цэлае стагоддзе дзевятнаццатае, у ХХІ стагоддзі набыла непараўнадбна большую вагу.



[1] Б.А. Калоев. Осетины (Народы России: единство и многообразие) (http://www.narodru.ru/peoples1256.html).

[2] Емельянова Надежда. Мусульмане Осетии: На перекрестке цивилизаций. Часть 1. Конфессиональная карта Осетии. // Мусульмане Осетии: На перекрестке цивилизаций: Монография. - М.: 2003. - 359 с. ISBN 5-93719-037-8. (Зьмешчаная на сайце http://lit.lib.ru/)

[3] Блиев М.М., Бзаров Р.С. История Осетии с древнейших времен до конца ХIХ века: Учебник для старших классов средней школы. - Владикавказ, 2000., а таксама Гаглойти Ю.С. Аланы и вопросы этногенеза осетин. – Тбилиси, 1966.

[4] Прыкладам ёсьць «Герой нашага часу» М.Ю.Лермантава.

[5] Шишов А.В. Схватка за Кавказ. Москва, «Вече», 2005. – с. 47.

[6] Емельянова, тамсама.

[7] Б.А. Калоев. Осетины (Народы России: единство и многообразие) (http://www.narodru.ru/peoples1256.html).

[8] Зверев Алексей. Этнические конфликты на Кавказе, 1988—1994 гг. Глава 3. Этнические конфликты в Грузии,  1989—1994 гг. (Паводле http://poli.vub.ac.be/publi/ContBorders/rus/ch0103.htm)

 

[9] The Georgian - South Ossetian Conflict. Chapter 4. (Паводле http://www.caucasus.dk/chapter4.htm)

[10] Емельянова, тамсама.

[11] Утверждение русского владычества на Кавказе (1801-1901): К столетию присоединения Грузии к России. Т.ХII: Под руководством начальника штаба Кавказского военного округа генерал-лейтенанта Н.Н. Белявского, составлен в Военно-Историческом Отделе под редакцией генерал-майора Потто. - Тифлис, 1901. - С.23.

[12] Зверев Алексей, тамсама.

[13] Алленова Ольга. Южной Осетии выберут двух президентов // Коммерсантъ. 2006. 11 ноября. (Паводле http://www.ossetia.ru/events/two-pr)

[14] Обращение парламента Южной Осетии к главам и председателям парламентов Республик Северная Осетия-Алания, Карачаево-Черкесской, Кабардино-Балкарской республик, 12.10.2006 (паводле www.regnum.ru/news/721977.html)

[15] Обращение парламента…

[16] там жа

[17] Прыклады ўзятыя з выказваньняў афіцыйных асобаў Паўднёвай Асетыі (у прыватнасьці прэзыдэнта і прэм'ера) і матэрыялаў афіцыёзу (з сайту www.ossetia.ru і www.regnum.ru).

[18] Обращение парламента

[19] The Georgian - South Ossetian Conflict. Chapter 4. (Паводле http://www.caucasus.dk/chapter4.htm)

[20] Кроніка падзеяў складзеная паводле RFE/RL Caucasus Report (A Weekly Review of Political Developments in the North Caucasus and Transcaucasia from Radio Free Europe/Radio Liberty)  ды  http://en.wikipedia.org/wiki/South_Ossetia і http://supernew.ej.ru/129/tema/osetia2/index.html і http://poli.vub.ac.be/publi/ContBorders/rus/ch0103.htm

[21] Гудок. 1991. 25 апреля.

[22] Алексей Зверев, тамсама.

[23] Ведомости Съезда Народных Депутатов СССР и Верховного Совета СССР, М., 1990, №19, стр. 429-433

[24] Так патлумачыў гэты захад лідэр «Адамон Ныхас» Алан Чачыеў у газэце «Московские новости», 18 ноября 1990 г.

[25] Інтэрвію Чантурыі «Экспресс-хронике» (Масква), 25 декабря 1990 г.

[26] Южная Осетия глазами журналистов (январь 1991 г.) // Осетинское телерадио. (Паводле http://osinform.ru)

[27] Известия. 1991. 8 и 9 января

[28] Алексей Зверев, тамсама.

[29] Алексей Зверев, тамсама.

[30] Независимая газета. 1992. 21 января

[31] Независимая газета. 1992. 15 і 22 мая

[32] Независимая газета. 1992. 16 июня.

[33] Независимая газета. 1992. 23 июня.

[34] Соглашение о принципах урегулирования Грузинско-Осетинского конфликта (Дагомысское соглашение от 24.06.1992) http://www.apsny.ge/notes/1127333974.php

[35] Независимая газета. 1994. 4 и 20 октября.

[36] Jaba Devdariani. Expectations Low for Georgia-South Ossetia Talks // Eurasia Insight. 11/04/04. (Паводле http://www.eurasianet.org/departments/insight/articles/eav110404.shtml)

[37] http://www.coe.int/T/E/Com/Files/PA-Sessions/janv-2005/saakashvili.pdf:

[38] http://www.osce.org/documents/html/pdftohtml/17369_en.pdf.html

[39] Сирук Мыкола. Размораживание. Грузия намерена пересмотреть Дагомысское соглашение // День. (Кіеў) 2006. 10 августа. (паводле http://www.inosmi.ru/translation/229320.html).

[40] У сумбурным выглядзе такая думка выказаная ў Здравомыслов А.Г. межнациональные конфликты в постсоветском пространстве. – Москва: Аспект Пресс, 1996. – с. 172-173.

[41] Гия Нодия, тамсама.

[42] Гия Нодия. Политическая смута и этнотерриториальные конфликты в Грузии. Введение. (Паводле http://poli.vub.ac.be/publi/ContBorders/rus/ch0201.htm#P03)

[43] Независимая газета. 1991. 7 марта

[44] Алленова Ольга. Южной Осетии выберут двух президентов // Коммерсантъ. 2006. 11 ноября. (Паводле http://www.ossetia.ru/events/two-pr)

[45] Jen Alic. Kosovo vs South Ossetia // ISN Security Watch. 15.11.2006. (Паводле http://www.isn.ethz.ch/news/sw/details.cfm?ID=16920)

 

_____________________________

Сяргей Богдан (нар. у 1982 г. у м. Маладэчна) – абсальвэнт аддзяленьня “міжнародныя стасункі” факультэту міжнародных стасункаў БДУ. Вывучае ісламскую тэалёгію. Галіна паліталягічных зацікаўленьняў – ісламскія і нацыянальна-вызвольныя рухі на Блізкім Усходзе, Каўказе і ў Сярэдняй Азіі. Сталы аўтар часопісу "Архэ" і тыднёвіка "Наша Ніва", перакладнік з ангельскай, нямецкай і пэрсыдзкай моваў.



   
© 2004-2009, Праўнік. Беларускі on-line часопіс юрыстаў і палітолягаў

Усе правы абароненыя. Пры цытаваньні ўрыўкаў матэр'ялаў актыўная спасылка на часопіс praunik.org і аўтара ёсьць абавязковымі!