Беларускі on-line часопіс
юрыстаў і палітолягаў
Агульная тэорыя, гiсторыя й фiлязофiя права
Міжнароднае права
Эўрапейскае права
Параўнальнае права
Канстытуцыйнае, выбарчае й адміністрацыйнае права
Крымінальнае права й працэс. Крыміналёгія
Цывільнае права й працэс. Гаспадарчае права й працэс
Працоўнае права
Іншыя галіны права й юрыдычная праблематыка
Праўныя акты па-беларуску
Беларуская юрыдычная тэрміналёгія
Паліталёгія й сумежныя дысцыпліны
Інтэрвію
   пошук
   каляндар
Пн Аў Ср Чц Пт Сб Нд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031
   новае на форуме
08 Снж 11.58  Працоўны кантракт: за ці супраць?

08 Кас 07.53  Работа игроком в покер онлайн

25 Вер 09.42  Это действительно нужная и интересная информация.

16 Вер 05.45  Это действительно нужная и интересная информация.

12 Снж 06.52  EUROPEAN MODEL UNITED NATIONS/MAASTRICHT

   юрыдычная кансультацыя
07 Лют 20.02  Праязны дакумэнт як аб'ект аўтарскага права

04 Кас 17.10  атрыманне пенсіі

28 Ліс 12.21  Кансэрваваньне забудовы

02 Кас 13.12  Працоўная кніга и навучэнне/праца за мяжой

17 Снж 18.00  Аўтарскія правы

бел eng
Галоўная Blog Архіў навінаў Слоўнік Тымчасам... Гасьцёўня Форум Спасылкі Рэдакцыя Кантакты
Эўрапейскае права
Хто мае права жыць у Еўропе? | Святлана Лакотка | 07.11.2006

Гэты артыкул прысвечаны праблемам рэалізацыі грамадзянамі Еўрапейскага Звяза права на свабоднае перамяшчэнне і жыццё ў краінах-чальцах Еўрапейскага Звязу, права грамадзян трэціх краін жыць у Еўрапейскім Звязе, а таксама  візавай палітыкі чальцоў ЕЗ стасоўна сваіх суседзяў.

 

 “Жыць” у дадзеным кантэксце  – гэта працаваць, а таксама знаходзіцца на тэрыторыі краіны ў пошуку працы ці пасля заканчэння працы (выхаду на пенсію), вучыцца, а таксама не рабіць ні першае ні другое. Тэрмін “Еўропа” здаецца больш складаным па вызначэнні. “Еўропу” тут можна вызначыць з двух падыходаў: Еўропа – гэта краіны Шэнгенскай зоны ( важна пры разглядзе пытання візавай палітыкі), Еўропа – гэта чальцы Еўрапейскага звязу (важна пры разглядзе пытання знаходжання на тэрыторыі).

 

Межы Еўропы - Шэнгенская зона ці Еўрапейскі Звяз?

 

У 1985 годзе пяць з шасці першапачатковых чальцоў Еўрапейскага звязу (ЕЗ) падпісалі пагадненне аб паступовым скасаванні памежнага кантролю на супольных межах. На той час такі тып міжнароднага супрацоўніцтва не падпадаў пад сферу дзеяння Еўрапейскіх Эканамічных Супольніцтваў. Далей гэткая кааперацыя развілася ў Шэнгенскай Канвенцыі, падпісанай у 1990 годзе, якая прадставіла новыя палажэнні што да супрацоўніцтва ў крымінальных справах, экстрадыцыі, выдачы асуджаных і Шэнгенскай Інфармацыйнай Сістэме. Усе чальцы Еўрапейскага Звязу  (акрамя Ірландыі, Даніі і Вялікай Брытаніі) падпісалі гэтую Канвенцыю, а Аўстрыя, Фінляндыя, Грэцыя, Партугалія, Гішпанія і Швецыя далучыліся да яе пасля свайго ўступлення ў ЕЗ. Адначасова з Аўстрыяй, Фінляндыяй і Швецыяй, Данія таксама далучылася да сістэмы, таксама як і Ісландыя і Нарвегія, што не з’яўляюцца чальцамі ЕЗ. Шэнгенскія палажэнні былі імплементаваны гэтымі краінамі з сакавіка 2001 года. Такім чынам, на сённяшні дзень Шэнгенская зона складаецца з (1) усіх чальцоў Еўрапейсказа Звязу да 1 траўня 2004 года акрамя Ірландыі і Вялікай Брытаніі і (2) Ісландыі і Нарвегіі.

 

Што да дзесяці новых чальцоў, што далучыліся да ЕЗ у 2004 годзе, іх уступленне ў Шэнгенскія дамоўленасці плануецца на кастрычнік 2007 года. Швейцарыя далучылася да Шэнгенскай зоны пасля падпісання пагаднення ў 2004 і яго ратыфікацыі на рэферэндуме ў чэрвені 2005 года.  Румынія і Баўгарыя, уступленне якіх у ЕЗ запланавана на 2007 год, з цягам часу таксама далучацца да Шэнгенскіх пагадненняў.

 

Дык хто мае права жыць у Еўропе?

 

У сферы рэгулявання правоў грамадзян ЕЗ і грамадзянаў трэціх краінаў на ўезд і пражыванне ў краінах-удзельніцах ЕЗ з 29 красавіка 2004 года дзейнічае Дырэктыва 2004/58/EC Еўрапейскага парламента і Рады “Аб правах грамадзянаў ЕЗ і чальцоў іх сямей перамяшчацца і жыць свабодна на тэрыторыі краін-удзельніц” (Далей - Дырэктыва). Трэба зазначыць, што канчаткова Дырэктыва была імплементавана ў заканадаўства краін-удзельніц ЕЗ і пачала дзейнічаць напоўніцу ў красавіку 2006.

 

Усе грамадзяне ЕЗ маюць права перамяшчацца і жыць свабодна на тэрыторыі краін-удзельніц. Гэта права, пры ўмове, што будзе выкарыстана пад аб’ектыўнымі ўмовамі свабоды і годнасці, даецца таксама і сямейнікам грамадзяніна ЕЗ, не залежна ад  нацыянальнасці папярэдніх. Чальцы сям’і грамадзяніна ЕЗ, пры наяўнасці дзейнага пашпарта, могуць пакідаць краіну-ўдзельніцу. Уязджаць жа ў краіну-ўдзельніцу сямейнік грамадзяніна ЕЗ можа пры наяўнасці дзейнай візы  ці віда на жыхарства (у любой краіне-ўдзельніцы). Права грамадзян ЕЗ і чальцоў іх сям’і можа быць абмежавана захадамі абароны градскага інтарэсу, бяспекі і здароўя. Гэта тычыцца асобаў, якія, да прыкладу, маюць папярэднія запісы ў паліцыі ці хваробы эпідэмічнага характару.

 

Пад азначэннем “сямейнік\чалец сям’і” тут маецца на ўвазе:

(а) муж/жонка;

(б) партнёр, з якім грамадзянін ЕЗ зарэгістраваў свае адносіны ў адпаведнасці з заканадаўствам сваёй краіны, калі заканадаўства прымаючай краіны-ўдзельніцы прызнае зарэгістраваныя стасункі як эквівалентныя шлюбу і якія адпавядаюць пэўным умовам адпаведнага заканадаўства прымаючай краіны-ўдзельніцы;

(в) наўпроставы нашчадак, не старэйшы за 21 год, ці той, што знаходзіцца пад апякунствам, асобаў, вызначаных у (а) і (б);

(г) наўпроставы сваяк па ўзыходзячай лініі прамы, што знаходзіцца на апякунстве асобаў, вызначаных у (а) і (б).

 

Грамадзянін краіны-ўдзельніцы мае права знаходзіцца на тэрыторыі іншай краіны-ўдзельніцы да трох месяцаў без якіх-кольвечы абмежаванняў. Калі ён вырашыць заставацца там і надалей, то яму неабходна зарэгістравацца, што магчыма ў тым выпадку, калі ён адпавядае пэўным патрабаванням для рэгістрацыі, гэта значыць:

 

(1) мае працу ў прымаючай краіне-ўдзельніцы ці збіраецца там вучыцца ці

(2) мае дастатковыя фінансавыя сродкі, каб забяспечыць самастойна, без сацыяльнай дапамогі прымаючай краіны,  жыццё сабе і сваёй сям’і і

(3) мае страхоўку свайго здароўя.

 

Па рэгістрацыі грамадзянін звяртаецца ў адпаведнайую службу ў прымаючай краіне і падае свае індыфікацыйныя дакументы ці пашпарт, дакументы, што даводзяць факт ягонага\ейнага працаўладкавання ці што ён\яна збіраецца наведваць навучальную ўстанову, і дакументы аб тым, што ён\яна мае “дастатковыя фінансавыя сродкі”. Панятак  “дастатковыя фінансавыя сродкі” таксама ўскосна вызначаецца ў Дырэктыве: краіна-ўдзельніца не можа вызначыць фіксаваны памер “дастатковых фінансавых сродкаў”, але мае браць на ўвагу, што гэты “памер” не можа быць вышэй за сацыяльную пенсію ў прымаючай краіне.

 

Сямейнікі грамадзяніна ЕЗ, якія з’яўляюцца грамадзянамі ЕЗ, таксама маюць права на жыць у прымаючай краіне больш за тры месяцы. Па рэгістрацыю яны падаюць у адпаведную службу тыя ж дакументы, а таксама маюць давесці, што з’яўляюцца чальцамі сям’і грамадзяніна ЕЗ.

Калі доказам наяўнасці права знаходзіцца і працаваць на тэрыторыі краіны-ўдзельніцы больш за тры месяцы для грамадзяніна ЕЗ з’ўляецца Сертыфікат аб рэгістрацыя, то для чальцоў яго сям’і, якія не з’яўляюцца грамадзянамі ЕЗ, такім даказам ёсць картка “Від на жыхарства чальца сям’і грамадзяніна ЕЗ”, якая дзейнічае не больш за пяць гадоў. У такім выпадку, грамадзянін трэцяй краіны можа пакінуць краіну пражывання не больш  чым на шэсць месяцаў, ці не больш чым на год, калі гэта звязана з такімі прычынамі як цяжарнасць ці нараджэнне дзіця, цяжкая хвароба, адукацыя і навучанне, праца на дзяржаўным пасту,  альбо на перыяд службы ў арміі.

 

Выезд з краіны пражывання ці смерць грамадзяніна ЕЗ, чальцом сям’і якога з’яўляецца грамадзянін ЕЗ, не цягне зменаў у праўным становішчы апошняга. Грамадзянін трэцяй краіны ў такім выпадку мае давесці, што мае дастатковыя грашовыя сродкі, каб самастойна забяспечыць сябе і пры гэтам што ён жыве ў краіне не менш за год перад ад’ездам ці смерцю грамадзяніна ЕЗ.У выпадку развода, анулявання ці адкладання рэгістрацыі шлюбу, праўнае становішча грамадзяніна ЕЗ не змяняецца. Становішча грамадзян трэціх краін у такім выпадку  не змяняецца пры пэўных акалічнасцях:

 

(а) шлюб цягнуўся не меней трох гадоў, прычым адзін год у прымаючай краіне;

(б) па рашэнні суда ці па згодзе бакоў крамадзянін трэцяй краіны будзе даглядаць дзіцё, што нарадзілася ў шлюбе з грамадзянінам ЕЗ;

(в)  калі застацца для грамадзяніна трэцяй краіны ў прымаючай краіне больш бяспечна, таму што ён быў ахвярай хатняга гвалту цягам знаходжання ў шлюбе;

(г) калі па рашэнні суда грамадзянін трэцяй краіны мае права сустракацца з дзіцём.

 

Акрамя гэтага, грамадзянін трэцяй краіны мае давесці, што мае дастатковыя фінансавыя сродкі, каб забяспечыць самастойна, без сацыяльнай дапамогі прымаючай краіны,  жыццё сабе і сваёй сям’і і таксама мае страхоўку свайго здароўя.

 

Грамадзянін ЕЗ і чальцы ягонай сям’і пасля легальнага пражывання ў прымаючай краіне больш за пяць гадоў маюць права звяртацца па атрыманне віда на сталае жыццё.

 

Візавая палітыка ЕЗ

 

Візавая палітыка Еўрапейскага Звязу ёсць цэнтральным інструментам міграцыйнага кантролю і ў большай ці ў меншай ступені  вектар развязання гэтага пытання залежыць ад зменлівага палітычнага клімату і стаўлення асобных дзяржаў да праблемаў імігрантаў і ўцекачоў у гэтых краінах.

 

Каб стаць чальцом ЕЗ краіны-кандыдаты павінны адаптаваць тую жорсткую візавую палітыку, што тычыцца доўгага спісу краінаў, грамадзянам якіх трэба атрымаць візы для ўезда ў ЕЗ[1]. Большасць новых чальцоў ЕЗ да гэтага мелі адкрытыя межы са сваімі ўсходнімі і паўднёвымі суседзямі, у тым ліку з краінаў былога камуністычнага рэжыму. За выняткам балтыйскіх краінаў, усе гэтыя краіны ўключаны ў спіс краінаў, ад каго ЕЗ патрабуе візы. Між тым, новыя чальцы ЕЗ неахвотна накладаючь візавыя абавязальніцтвы на тых сваіх суседзяў, з кім яны да гэтага даўгі час падтрымлівалі шчыльныя культурныя, палітычныя і эканамічныя стасункі[2]. 

 

Хаця некаторыя новыя чальцы ЕЗ ужо скасавалі візавыя дамоўленасці з краінамі, большасць з якіх  гэта краіны былога Савецкага Саюза, накладанне візавых абавязальніцтваў на суседзяў сустракае шэраг праблем. Гэтак новыя чальцы ЕЗ хочуць забяспечыць сваім грамадзянам, што жывуць у суседняй краіне са статусам “нацыянальная меншасць”, магчымасць баз перашкод вяртацца ў сваю краіну. Напрыклад, 3 млн этнічных вугорцаў жывуць па-за межамі Вугоршчыны як вынік Трыянскай дамовы 1920 года. Некаторыя з іх жывуць у Славеніі, Славаччыне і Румыніі, але некаторыя жывуць у Сербіі, Харватыі ды Ўкраіне, якія ўключаны ў спіс краін, грамадзянам якіх патрэбна віза ЕЗ, і для якіх уступленне ў ЕЗ ляжыць у далёкай перспектыве. Каля 418 000 палякаў жывуць у Беларусі і 220 000 жывуць ва Ўкраіне. Трэба зазначыць, што краіны былога Савецкага Саюзу да гэтае пары з’яўляюцца “крыніцай” уцекачоў, якія, праз наяўнасць жорсткіх візавых патрабаванняў, могуць быць пазбаўленыя доступа да працэдуры надання статуса ўцекача. Гэтым праблемам надаецца пэўная ўвага ў ЕЗ. Прыкладам, уводзяцца асаблівыя візы для шматразовага ўезду ў краіны ці візы для ўезду толькі ў адну краіну ЕЗ.

 

Некаторыя новыя краіны-сябры ЕЗ сутыкаюцца з праблемамі пры ўвядзенні візавых патрабаванняў для сваіх непасрэдных усходніх суседзяў. Гэтак увядзенне візаў для грамадзян Беларусі, Украіны і Расеі стала для польскага кіраўніцтва дылемай: як реальна абараніць і падтрымаць глыбокія гістарычныя, культурныя і эканамічныя стасункі? Магчыма, праз гэта Польшча ўвяла візы для грамадзян Беларусі, Украіны і Расеі толькі 1 кастрысніка 2003, замест 2001 года для Беларусі і Расеі і 2002 года для Ўкраіны[3].

 

Увядзенне візавага рэжыму вядзе да перакладання адказнасці за іміграцыйны кантроль з памежных службаў на ўнутраныя іміграцыйныя службы, якія сустрэнуць падвышэнне колькасці зваротаў па від на жыхарства; і, што яшчэ больш важна,  амбасадам ды консульствам, што знаходзяцца ў трэціх краінах,  прыйдзецца апрацоўваць большую колькасць зваротаў па візы. Між тым, узмацненне кантролю на памежных службах застаецца важным. Памежны кантроль рэгулюецца Шэнгенскімі пагадненнямі, якія былі інтэграваны ў acquis Еўрапейскага Звязу пасля Амстэрдамскай дамовы[4]. Цягам апошніх гадоў, перад далучэннем да ЕЗ, Вугоршчына, Польшча, Славакія і тры балтыйскія краіны былі пад значным кантролем з боку ЕЗ у пытанні імплементацыі захадаў для ўсталявання і ўзмацнення кантроля на іх  сваіх усходніх межах[5].

 

Уступленне Баўгарыі ў ЕЗ плануецца на 1 снежань 2007, і да гэтага рыхтуецца не толькі Баўгарыя, але і яе суседзі. Гэтак Турцыя вядзе перагаворы з баўгарскім урадам аб спрашчэнні візавага рэжыму для бізнесоўцаў Баўгарыі.

 

У кастрычніку 2006 на саміце ў Хельсінке, Фінляндыя паміж ЕЗ і Украінай было дасягнута пагадненне ад спрашчэнні парадку атрымання грамадзянамі Украіны кароткатэрміновых візаў у ЕЗ, а таксама прыняцці Еўрапейскім Звязам тых грамадзян Украіны, што былі раней высланыя як незаконныя імігранты.

 

Што да Беларусі, дык  у цэлым новая візавая палітыка ЕЗ звязана з падвышэннем візавых тарыфаў для краінаў-суседзяў, у тым ліку і для Беларусі. Новыя кошты на візы для беларускіх грамадзянаў пачнуць дзейнічаць ад 1 студзеня 2007 году. Віза для беларусаў будзе каштаваць 60 эўра, што значна ўскладніць магымасьці падарожнічаць для жыхароў Беларусі, нэгатыўна паўплывае на працэсы дэмакратызацыі ў краіне і не адпавядае прынцыпам палітыкі суседзтва Эўразьвязу.

Як бачна, што да стасункаў з трэцімі краінамі у пытанні Хто мае права жыць у Еўропе, ЕЗ мае два падыходы: знешні і ўнутраны. Знешні – пытанні візавай палітыкі.  Правы грамадзян трэціх краін, якія жывуць у ЕЗ, разглядаюцца з рамках унутранага падыхода. Гэта пытанні іх пражывання ў краінах ЕЗ як сямейнікаў грамадзяніна ЕЗ, іх працаўладкавання, праблемы дзеяння міжнародных пагадненняў у гэтай сферы. У любым выпадку, грамадзяне трэціх краін не карыстаюцца напоўніцу тымі правамі і свабодамі, якімі карыстаюцца грамадзянне ЕЗ.

 

Люнд, Швецыя

2006

 



[1] Regulation No 539/2001 of March 2001 listening the third countries whose nationals mist be in possession of visas when crossing the external borders and those whose nationals are exempted from the requirements, amended by Regulation No 2414/2001 of 7 December 2001 and Regulation No 453/2003 of 6 March 2003;

[2] J. Zielonka “How new enlarged borders will reshape the European Union ” (2001) 39 Journal of Common Market Studies 507, at 514, and H. Grabber  “The sharp edges of Europe: Extending Schengen eastwards ” (2000) 76 International Affairs 59, at 531.;

[3]  K. Iglicka “Migration movement from and into Poland in the light of East-West European migration” (2001) 39 International Migration 3, at 8; and K. Wolczyk “The Polish-Ukrainian Border: on the receiving end of EU enlargement ” (2002) 3 Perspectives on European Politics and Society 245.

[4] Protocol integrating the Schengen acquis into the frame work of the European Union/;

[5] С. Phuong “Asylum and Immigration in the Context of Enlargement” – European union law for the twenty-first century, rethinking the new legal order (volume 1). Essays in European law. Ed. T. Tridimas and P. Nebbia. Oxford, 2004.

 

________________________________________

Святлана Лакотка – магістрантка Люндскага універсітэту, Швецыя. Скончыла юрыдычны факультэт БДУ, аддзяленне “Правазнаўства” (2006 год). Вывучае еўрапейскае права.



   
© 2004-2009, Праўнік. Беларускі on-line часопіс юрыстаў і палітолягаў

Усе правы абароненыя. Пры цытаваньні ўрыўкаў матэр'ялаў актыўная спасылка на часопіс praunik.org і аўтара ёсьць абавязковымі!