Амаль для ўсяго сьвету парлямэнт зьяўляецца неад’емнай часткай дзяржаўных ворганаў ўлады. Гэта той інстытут, які забясьпечвае функцыяваньне яе заканадаўчай галіны. Дзесьці ён грае большую ролю, дзесьці меншую. У зьвязку зь нядаўнімі парлямэнцкімі выбарамі ў Беларусі было б цікава зьвярнуцца да досьведу Швэцыі – краіны, чыя парлямэнцкая сыстэма сёньня ў Эўропе ўважаецца бадай за найлепшы прыклад эфэктыўнае ролі заканадаўчае ўлады ў пабудове сацыяльнае прававое дзяржавы. З гэтай краінай нас вось ужо на працягу 8-10 гадоў лучаць сяброўскія стасункі, а гістарычныя повязі сягаюць часоў Рагнеды.*
Канстытуцыя Швэцыі ёсьць кансалідаваным дакумэнтам, які складаецца з чатырох Актаў: Акту аб форме праўленьня 1974 года, Акту аб спадчыне трона 1810 года, Акту аб свабодзе друку 1949 года, Акту аб свабодзе выказваньня поглядаў, які пачаў дзейнічаць у 1991 годзе. Акрамя тагo, неабходна таксама назваць Акт аб Рыксдагу 1974 года, які займае прамежкавае становішча паміж асноўным законам і звычайным статутным правам.
Як вядома, Швэцыя – парлямэнцкая манархія, дзе вышэйшым прадстаўнічым ворганам зьяўляецца парлямэнт, які ў Швэцыі завецца Riksdag (рыксдаг), ачольнікам дзяржавы – кароль, а выканаўчая ўлада належыць ураду, які фармуецца рыксдагам.
З 1971 года ў Швэцыі дзейнічае аднапалатны парлямэнт. Парлямэнцкія выбары адбываюцца кожныя 4 гады, у выбарах бяруць удзел усе швэдзкія грамадзяне, якія жылі ці жывуць у Швэцыі і якім споўнілася 18 год.
Перад парлямэнцкімі выбарамі ўся тэрыторыя краіны падзяляецца на 29 выбарчых акругаў, па якіх у сярэднім абіраецца 10-12 дэпутатаў.
Выбарчая сыстэма заснаваная на такім прапарцыйным падмурку, з дапамогай якога забяспечваецца амаль ідэальная прапарцыянальнасць паміж колькасьцю галасоў выбарнікаў, аддадзеных за тую ці іншую партыю, і колькасьцю атрыманых ёй мандатаў у парлямэньце.
Акрамя таго ў Рыксдаг выбіраецца 349 дэпутаты, выдзяляецца 310 акруговых мандатаў, а астатнія 39 – рэзэрвуюцца ў якасці “ураўнаважваючых”. Тая партыя, якая не набрала 12% галасоў выбарнікаў у акрузе, ня зможа атрымаць ні аднаго месца ў парлямэньце. Астатнія партыі атрымліваюць колькасьць мандатаў, якія вызначаюцца па “мэтадзе Лягу”(“мэтад няцотных лічбаў”). Згодна яму, галасы выбарнікаў, аддадзеныя за адпаведную партыю, пасьлядоўна дзеляцца на 14, а потым на 3; 5; 7 і г.д. Па выніках такога дзяленьня й вызначаецца, колькі мандатаў атрымае кожная партыя. Потым дзеля таго, каб дасягнуць амаль ідэальнай прапарцыянальнасьці, цэнтральная выбарчая камісыя размяркоўвае 39 “ураўнаважваючых” мандатаў. Дзеля гэтага ўсе галасы за тую ці іншую партыю сумуюцца ў цэлым па краіне, каб кожная з іх атрымала мандаты ў адпаведнасьці з прынцыпам прапарцыянальнасьці.
Аднак партыі, якія не набралі 4% галасоў выбарнікаў па ўсёй краіне, ня могуць удзельнічаць у размеркаваньні “ураўнаважваючых” мандатаў. Такім чынам, у парлямэнт не трапляюць прадстаўнікі маленькіх партыяў.
Пасьля выбараў Рыксдаг зьбіраецца на чарговую сэсыю, якая звычайна пачынаецца ў верасьні. Парлямэнцкі год складаецца з 2 сэсыяў: восеньскай і вясновай. Падчас сэсыяў абмяркоўваецца агульнапалітычныя пытаньні, бюджэт на наступны год і зьнешнепалітычны курс.
Дзейнасьцю парлямэнта кіруе старшыня – Talman (тальман), а таксама яго намесьнікі. Закон аб форме праўленьня забясьпечыў тальману месца другой пасьля прэм’ер-міністра асобы ў дзяржаве. Вось жа, тальман выносіць на разгляд парлямэнта кандыдатуру прэм’ер-міністра, вырашае пытаньне прa роспуск рыксдагу ( калі пасьля 4 галасаваньняў рыксдаг ня можа абраць тую ці іншую асобу на пост прэм’ер-міністра). Пры адсутнасьці асобы, якая згодна Акту аб спадчыне трону мусіць выканваць абавязкі рэгента, часовым рэгентам становіцца тальман. Тальман ня можа браць удзел у абмеркаваньні пытаньняў у парлямэнце і галасаваньні.
Істотнай падставовай часткай Рыксдагу, як і любогa іншага парлямэнту, зьяўляюцца камісыі. На сеньняшні дзень такіх камісыяў 17: канстытуцыйная, фінансавая, заканадаўчая, сацыяльная, жыльлёвая ды інш. Кожная зь іх разглядае адпаведныя пытаньні і законапраекты.
Па характары заканадаўчай кампэтэнцыі Швэцыю можна аднесьці да групы парлямэнтаў з абсалютна неабмежаванай заканадаўчай кампэтэнцыяй.
У канстытуцыі Швэцыі гаворыцца, што рыксдаг прымае законы, рашэньні аб дзяржаўных падатках і вызначае парадак выкарыстаньня дзяржаўных сродкаў.
Рыксдаг прымае рашэньні па розных пытаньнях. Гэтыя рашэньні грунтуюцца на прапановах ад ураду ці дэпутатаў парлямэнта. Пасьля рэгістрацыі законапраекту тальман прапаноўвае яго на разгляд. У 15-дзенны тэрмін пасьля азнаямленьня з законапраектам дэпутаты могуць прадставіць контрпрапановы. Потым праект перадаецца ў адпаведную камісыю парлямэнта. Камісыя, што абмяркоўвае праект, можа запатрабаваць дадатковую інфармацыю, а пасьля разгляду выносіць свае заключэньні ў выглядзе спавешчаньня. Праект зноў перадаецца на абмеркаваньне ў парлямэнт, пасьля чаго адбываецца галасаваньне. Пасьля прыняцьця закону ўраду накіроўваецца паведамленьне, падпісанае тальманам.
Акрамя прыняцьця законаў адной з асноўных функцыяў Рыксдагу зьяўляецца парлямэнцкі кантроль за дзейнасьцю ўраду і міністэрстваў. Падставовыя формы кантролю: дзейнасьць канстытуцыйнай камісыі, парлямэнцкія амбудсманы і парлямэнцкія рэвізоры, дэпутацкія запыты, вынясеньне вотума недаверу.
Канстытуцыйная камісыя разглядае справаздачы міністраў аб выкананьні сваіх абавязкаў, а таксама назірае за дзейнасьцю ўраду. З гэтае мэты канстытуцыйная камісыя мае права доступу да ўсіх урадавых дакумэнтаў. Высновы аб кантролі камісыя перадае парлямэнту раз на год у выглядзе спэцыяльных спавешчаньняў, дзе даецца адзнака дзейнасьці ўрада.
Інстытут амбудсманаў быў створаны ў 1809 годзе. Зараз пры парлямэньце працуе 4 амбудсманы. Яны ажыцьцяўляюць нагляд за дзейнасьцю ўсіх дзяржаўных і муніцыпальных ворганаў і іх пэрсанала, а таксама іншых службовых асобаў; ладзяць пэрыядычныя інспэкцыі дзейнасьці ворганаў улады; маюць права ўзбуджаць дысцыплінарную судовую справу. Амбудсманы абсалютна аўтаномныя ў сваёй дзейнасьці, рыксдаг ня ўмешваецца ў іх справы. Аднак афіцыйныя спавешчаньні амбудсманаў разгладаюцьца адной з камісыяў рыксдагу.
Дзейнасьць 12 парлямэнцкіх рэвізораў ськіраваная на тое, каб выявіць, як улады выкарыстоўваюць грашовыя сродкі, якія выдзяляюцца для іх дзейнасьці.
Дэпутацкія запыты – інтэрпэляцыі і пытаньні – адзін са спосабаў кантролю дэпутатаў за дзейнасьцю ўраду. Інтэрпэляцыі і пытаньні адрасваныя міністрам, якія ў сваю чаргу штотыдзень адказваюць на іх.
Рыксдаг можа вынесьці вотум недаверу міністру, што азначае, што ўвесь урад мусіць пайсьці ў адстаўку.
Адзначым, што Швэцыя была апошняй краінай з скандынаўскай групоўкі, дзе ўсталяваўся парлямэнтарызм і прайшлі ўсеагульныя выбары ў галоўны прадстаўнічы ворган ды дзе меў месца у 1917-1921 гг. т. зв. "дэмакрытычны выбух". Скандынаўскі ўплыў на працягу ўсёй гісторыі Беларусі адчуваўся ў разьвіцьці яе дзяржаўна-прававых мэханізмаў. Нельга выключаць, што досьвед гэтай краіны ў галіне парлямэнтарызму стане запатрабаваным калі-небудзь і ў заканадаўчым воргане Беларусі. Мо да таго часу Нацыянальны сход па прыкладзе Швэцыі вернецца да гістарычнай назвы "сойм”?..
* Андрэй Котлярчук, Швэды ў гісторыі й культуры беларусаў, Менск 2002, выд. Энцыклапедыкс, сс. 272.
Спасылкі ды крыніцы:
- Encyclopedia Britannica (1988) "Sweden" in Encyclopedia Britannica Macromedia vol. 28. Chicago: University of Chicago
- Bergstrom, Hans (1991) " Sweden’s Politics and Party System at the Crossroads". London: Frank Cass
- Hadenius, Stig (1988) " Swedish politics during the 20th century: conflict and consensus. Stockholm: Swedish Institute
- Sveriges Riksdag (2000) The Riksdag at work available at : http:// www.riksdagen.se/english/work/fundamental/introduction
Марына Хляба (нар. у 1983 г. у Гомлі) – сёлета сканчвае аддзяленьне “міжнароднае права” факультэта міжнародных стасункаў БДУ. Галіна навуковых зацікаўленасьцяў – швэдзка-беларускія дачыненьні, прававая сыстэма Швэцыі, міжнароднае прыватнае права.
