За сваю даволі доўгую гісторыю Суд не напаткаў зьменаў, якія карэнным чынам перайначылі ягоную працу, нягледзячы на тое, што дамовы Эўрапейскіх Супольнасьцяў і Эўразьвяза карэктаваліся шмат разоў. Толькі Ніцкая Дамова зрабіла крок у гэтым кірунку. Гэта можа сьведчыць аб наладжанасьці сыстэмы і адсутнасьці неабходнасьці ўносіць зьмены ў мэханізм чыненьня правасудзьдзя Судом, але экспэрты лічаць, што шматлікія пытаньні застаюцца неразьвязанымі нават пасьля прыняцьця Ніцкай дамовы.[1] Новыя зьмены ў мэханізм дзейнасьці Суда павінна была ўнесьці Дамова, якая ўстанаўлівае Канстытуцыю для Эўропы (далей, Канстытуцыя), што было б вялікім крокам у эўрапейскай інтэграцыі. Але на дадзены момант, пасьля гучнага “не” у краінах-заснавальніцах Супольнасьцяў, Францыі і Нідэрляндах, далейшы лёс гэтага дакумэнта ёсьць невядомы. На дадзены момант мы можам назіраць так званы “пэрыяд разважаньня”. А дзяржавы-удзельніцы Эўразьвязу падзяліліся на тры лягеры: першыя, на чале з Нямеччынай, лічаць, што Канстытуцыю нельга зьмяняць, бо яна ўжо была ратыфікавана ў 15 краінах; другія, сярод якіх і Нідэрлянды, лічаць, што праект Канстытуцыю ёсьць мёртвым. Кіраўніцтва Францыі і Эўракамісія перакананы ў тым, што трэба пачакаць і зрабіць усё магчымае для паляпшэньня дзейнасьці эўрапейскіх інстытутаў і інфармаваньня простых жыхароў адзінай Эўропы аб плюсах Канстытуцыі і далейшай інтэграцыі. Такім чынам, на сустрэчы міністраў замежных справаў дзяржаваў-чальцоў Эўразьвяза, што праходзіла 27-28 траўня 2006 у Вене, быў выказаны намер пераадолець крызу да 2009 года.
Нягледзячы на непрадказальнае становішча што да ухваленьня Канстытуцыі, яе палажэньні вартыя ўвагі, бо ў любым выпадку, будзе гэта зроблена праз Канстытуцыю ці не, інстытуты Эўрапейскага Зьвяза, у тым ліку і Суд, будуць рэфармавацца.
Судовай сыстэме Эўрапейскага Зьвяза ў Канстытуцыі адведзены пададдзел 5. Варта адразу адзначыць, што вялікімі пераменамі для Суда, у адрозьненьні ад палітычных інстытутаў Зьвяза, прыняцце Канстытуцыі не пагражае.
Першае, на што зьвяртаеш увагу пры азнаямленьні з тэкстам Канстытуцыі, гэта структурныя і тэрміналягічныя зьмены Суда. А менавіта, Канстытуцыя ўводзіць новае паняцьце “Суд Эўрапейскага Зьвяза”, такая назва не сустракалася раней ні ў жаднай з дамоваў, ні ў Статуце Суда Эўрапейскіх Супольнасьцяў. Акрамя зьмены ў назьве, зьмяняецца і сэнс, які ўкладаецца ў гэты панятак, бо зараз Судом Эўрапейскіх Супольнасьцяў называецца непасрэдна уласна Суд, які ёсьць адным з інстытутаў Эўрапейскіх Супольнасьцяў і Суд Першай Інстанцыі не ўваходзіць у яго склад, маецца на ўвазе, што два суды, працуючы ў адной сыстэме эўрапейскага права, робяць гэта незалежна адзін ад аднаго, бо іх юрысдыкцыя розьніцца. А ў адпаведнасьці з тэкстам артыкулу I-29 Канстытуцыі Суд Эўрапейскага Зьвяза павінен будзе ўключаць Суд, Агульны Суд і спэцыялізаваныя суды[2], першы зь якіх, як было зазначана вышэй, Трыбунал грамадзянскай службы, ужо пачаў сваю працу. Пры гэтым вышэйшая інстанцыя Суда Эўрапейскага Зьвяза будзе называцца проста Суд, у той час як Суд Першай Інстанцыі будзе перайменаваны ў Агульны Суд. Мяркуецца, што Суд і Агульны Суд будуць працаваць як вышэйшая і ніжэйшая палаты Суда Эўрапейскага Зьвяза, а спэцыялізаваныя суды – разглядаць канкрэтныя справы, валодаючы вузкай кампэтэнцыяй. Такім чынам тэрмін Суд Эўрапейскага Зьвяза азначае не адзін орган, а цэльную сыстэму наднацыянальных органаў правасудзьдзя, якая складаецца з трох элемэнтаў.
Далей у артыкуле І-29 кажацца пра тое, што ў склад Суда будуць уваходзіць па адным Судзьдзі ад кожнай дзяржавы-удзельніцы. Агульны Суд будзе складацца з Судзьдзяў дзяржаў-удзельніц такім чынам, што ў яго складзе будзе прынамсі па адным Судзьдзі ад кожнай краіны. На дадзены момант вельмі цяжка казаць пра тое, якой будзе колькасьць Судзьдзяў у Агульным Судзе, але з досьведу працы Суда Першай Інстанцыі, верагодна, што іх колькасьць таксама будзе роўнай колькасьці дзяржаў-удзельніцаў. Агульны Суд будзе надзелены кампэтэнцыяй па разгляду ў якасьці першай інстанцыі справаў у дачыненьні законнасьці (канстытуцыйнасьці) эўрапейскіх і рамавых законаў, актаў Рады, Камісіі Эўрапейскага Зьвяза і Цэнтральнага Банка, акрамя рэкамэндацый і меркаваньняў, а таксама актаў Эўрапейскага Парлямэнту і Рады, што закранаюць правы і абавязкі трэціх бакоў[3].
Што тычыцца спэцыялізаваных судоў, Канстытуцыя не дае ніякай канкрэтыкі, указваючы толькі не тое, што спэцыялізаваныя суды (судовыя палаты) могуць быць дададзены да Агульнага Суда на падставе спэцыяльнага праўнага акту, прынятага праз звычайную законатворчую працэдуру. Уласна заканадаўчы акт будзе замацоўваць прызначэньне, правілы працэдуры і юрысдыкцыю спэцыялізаваных судоў.[4] Такім чынам падкрэсьліваецца неабходнасьць разьвіцьця гэтага інстытута, што быў уведзены Ніцкай Дамовай.
Яшчэ адным новаўвядзеньнем ёсьць стварэньне спэцыяльнай камісіі, якая будзе выносіць свае меркаваньні і заўвагі наконт кандыдатаў на пасаду Судзьдзі альбо Юрыдычнага дарадцы. У яе склад будуць уваходзіць былыя чальцы судоў Зьвяза і вышэйшых судовых органаў дзяржаў-удзельнікаў, а таксама іншыя высокакваліфікаваныя юрысты.[5] Узьнікненьне камісіі ёсьць неабходным дзеля сэлекцыі найбольш кампэтэнтных кандыдатаў на высокую пасаду.
Найбольш істотны характар, паводле Канстытуцыі, мае пашырэньне юрысдыкцыі Суда. У адрозьненьні ад сыстэмы, што дзейнічае сёньня, згодна з якой судовыя інстытуты Эўрапейскага Зьвяза могуць збольшасьці разглядаць справы ў рамах першага “слупу” (у рамках Эўрапейскіх Супольнасьцяў), пасьля прыняцьця Канстытуцыі гэтае абмежаваньне зьнікне. Юрысдыкцыя Суда Эўрапейскага Зьвяза ахопіць усе галіны супрацы, якія стасуюцца кампэтэнцыі гэтай арганізацыі, за выняткам асобных, наўпрост зазначаных у Канстытуцыі. Найбольш істотным зь іх ёсьць вылучэньне з юрысдыкцыі Суда пытаньняў агульнай зьнешняй палітыкі і палітыкі бясьпекі[6]. Такім чынам, стваральнікі праекту Канстытуцыі, пашыраючы кампэтэнцыю Суда, ня робяць яе неабмежаванай, бо і далей Суд Эўрапейскага Зьвяза ня будзе мець паўнамоцтваў па кантролі за актамі Эўрапейскай Рады і Рады Міністраў ў галіне агульнай зьнешняй палітыкі і палітыкі бясьпекі.[7]
Вялікім дасягненьнем Канстытуцыі ёсьць пашырэньне правоў фізычных і юрыдычных асобаў. Па-першае, Канстытуцыя значна палягчае працэдуру індывідуальных зваротаў у Суд, бо ў выпадку яе прыняцьця любая фізычная альбо юрыдычная асоба будзе мець права пачаць справу супраць рэгулюючага акта, які да яго ці яе мае наўпроставае дачыненьне. Канстытуцыя палегчыць “барацьбу” з рэгулюючымі актамі Зьвяза, якія накладаюць штрафы, нават калі гэтыя акты не тычацца заяўніка асобна, у той час як зараз такое дачыненьне ёсьць істотнай умовай.[8]
Па-другое, нягледзячы на выключэньне з юрысдыкцыі Суда агульнай зьнешняй палітыкі і палітыкі бясьпекі, Суд, паводле Канстытуцыі, будзе ўпаўнаважаны кантраляваць правамоцнасьць пастановаў, якія вядуць да абмежаваньня правоў юрыдычных і фізічных асобаў[9]. Напрыклад, замежныя палітыкі і дзяржаўныя дзеячы, супраць якіх былі ўжыты санкцыі, якія б забаранялі ім уезд на тэрыторыю Эўрапейскага Зьвяза, змогуць аспрэчыць такую забарону праз Суд[10].
Канстытуцыя ня робіць ніякіх зьменаў у падставовых задачах Суда, але ў той жа час яна накладвае на дзяржаў-ўдзельнікаў абавязак выкарыстоўваць усе магчымыя сродкі для забесьпячэньне эфэктыўнай юрыдычнай абароны ў галіне Эўрапейскага права.[11] Канстытуцыя надае Суду дадатковыя паўнамоцтвы па накладаньні штрафнымі санкцыямі дзяржаў-удзельніц[12]. Акрамя аднаразовай сумы штрафа або пэні, якую Суд мае права накладаць на дзяржавы за невыкананьне ягоных пастаноў, пасьля прыняцьця Канстытуцыі ён будзе праваздольны накладаць такія ж самыя санкцыі ў тым выпадку, калі якая-небудзь дзяржава-удзельніца ў зазначаны тэрмін ня зробіць справаздачу Камісіі аб мерах па гарманізацыі свайго нацыянальнага права, у пэўнай галіне, у адпаведнасці з нормамі заканадаўства Эўрапейскага Зьвяза[13].
Разглядзеўшы базавыя зьмены, якія закрануць Суд у выпадку ўхваленьня Канстытуцыі, можна прыйсьці да высновы, што прыняцьце Канстытуцыі Эўрапейскага Зьвяза ёсьць неабходным, бо яна ўпарадкуе падставовыя палаженьні дзейнасьці Суда. Больш таго, Канстытуцыя рэфармуе сыстэму органаў Эўрапейскага Суда: будзе створаны Суд Эўрапейскага Зьвяза, у які будуць уваходзіць Суд і, Агульны Суд (былы Суд Першай Інстанцыі) і спэцыялізаваныя суды.
Новая сыстэма павінна рацыяналізаваць паўнамоцтвы і павялічыць эфэктыўнасьць працы сыстэмы судовых органаў Эўрапейскага Зьвяза. Суд набудзе функцыю канстытуцыйнага кантролю, а Агульны Суд будзе “разгружаны” за кошт спэцыялізаваных судоў.
Зараз немагчыма казаць пра тое, ці пойдзе рэфармаваньне Суда тым кірункам, што закладзены ў Канстытуцыі, але аналіз яе палажэньняў дае права казаць пра тое, што, нават, пасьля нядаўніх зьменаў, унесеных Ніцкай Дамовай, Эўрапейскія Супольнасьці знаходзяцца ў пошуку аптымальнай формы Суда, бо менавіта яго наўпроставым абавязкам ёсьць прымяненьне Права Эўрапейскага Зьвяза і разьвязаньне спрэчных момантаў ягонага тлумачэньня.
[5] Art. III-357, тамсама
[7] Конституция Европейского Союза: Договор, устанавливающий Конституцию для Европы(с комментарием).-М., 2005, с. 70.
[10] Конституция Европейского Союза: Договор, устанавливающий Конституцию для Европы(с комментарием).-М., 2005, с. 71
[12] Art. ІІI-362, тамсама.
[13] Конституция Европейского Союза: Договор, устанавливающий Конституцию для Европы(с комментарием).-М., 2005, с. 71.
_____________________________
Мікола Дзівакоў (нар. у 1984 г.) – юрыст-міжнароднік, бакаляр права, выпускнік аддзяленьня міжнароднага права факультэту міжнародных стасункаў БДУ.
