Калегі, хто з Вас хоць раз не здумляўся, ці варта ехаць навучацца за межы сінявокае Радзімы? Куды варта ехаць па навуку? А ці варта наагул, улічваючы, што права дужа завязана на ўласна нацыянальным кантэксьце? Урэшце, ці не выяўляе ад’езд студэнта-праўніка на замежныя студыі імкненьня застацца там назаўсёды? З гэткімі пытаньнямі мы зьвярнуліся да сп. Яраслава Крывога, які толькі год назад вярнуўся АДТУЛЬ.
Яраслаў вывучаў права на юрыдычным факультэце Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, які скончыў з чырвоны дыплёмам у 2002 годзе. Пасьля, атрымаўшы стыпэндыю ад ураду Нідэрляндаў, сягнуў ступені магістра права (LL.M) ва ўнівэрсытэтах Нотынгема (Англія) і Ўтрэхта (Нідэрлянды). Праходзіў стажыроўкі ў Міжнароднай арганізацыі працы ў Жэневе (Швайцарыя) і ў Таварыстве Макса Плянка ў Мюнхене (Нямеччына).
У дадзены момант Яраслаў сканчвае асьпірантуру БДУ й зьяўляецца выкладнікам катэдры міжнароднага прыватнага і эўрапейскага права. Паралельна пасьпявае выконваць абавязкі выканаўчага сакратара па міжнародных стасунках беларускай Асацыяцыі працоўнага права.
П: Яраслаў, спачатку спытаем наўпрост: ці варта зьяжджаць па навуку за мяжу?
А: На маю думку, гэта варта рабіць па шэрагу прычынаў. Па-першае, замежны адукацыйны досьвед вельмі пашырае кругагляд. Па вяртаньні шмат на якія рэчы ў сваёй краіне глядзіш па іншаму. Таксама пачынаеш цаніць тое, што раней здавалася звычайным – Радзіма, сваякі, сябры... Па-другое, адукацыя ў іншай краіне дазваляе вывесьці замежную мову на якасна новы ўзровень і спазнаць новую культуру. Я не кажу ўжо пра прафэсыйныя навыкі, якія магчыма атрымаць у замежжы і часта немагчыма ў Беларусі. Апошняе, але ня менш важнае, -- замежная адукацыя сур'ёзна падвышае кар'ерныя магчымасьці. Гэта ня так відавочна пры цяперашняй сытуацыі ў Беларусі, аднак рана ці позна людзі з якаснай заходняй адукацыяй будуць вельмі запатрабаваныя.
П: Куды падацца маладому беларусу?
А: Традыцыйна лічыцца, што сярод краінаў Старога сьвету найлепшая адукацыя ў Вялікай Брытаніі. Я асабіста меў магчымасьць параўнаць кантынэнтальную і брытанскую сыстэмы, навучаючыся ў Нідэрляндах, Нямеччыне і Ангельшчыне. Вынікі параўнаньня -- на карысьць Ангельшчыны. Для мяне найбольш пераканаўчай перавагай была ня колькасьць кампутараў альбо кніжак у бібліятэцы, што безумоўна таксама важна. Істотней было стаўленьне выкладнікаў да студэнтаў. На кантынэньце выкладнік ставіцца да студэнта крышачку пагардліва. Канешне, гэта не прымае формы блізкія да “дзедаўшчыны”, як здараецца ў некаторых нашых навучальных установах. У Брытаніі да студэнтаў і іх меркаваньня ставяцца са значна большай пашанай. Нават калі студэнт на сэмінары кажа штосьці відавочна няправільнае, выкладнік ня будзе ні ў якім разе зь яго кпіць ці абрываць на паўслове, але паспрабуе даведацца, чаму студэнт так лічыць, і паспрабуе яго пераканаць. Думка кожнага студэнта ёсьць вельмі істотнай для выкладніка, і яны заўсёды заахвочваюць студэнтаў выказвацца.
Аднак недахоп вучобы ў Брытаніі ў тым, што гэтая краіна не ўваходзіць у Шэнгенскую зону. А таму, каб паехаць павандраваць падчас вучобы, скажам, ў Галяндыю альбо Францыю, -- патрэбна браць візу. Вучоба ў адной з краінаў шэнгенскай зоны адкрывае дарогі ў іншыя краіны. У гэтым сэнсе вельмі добрая краіна Галяндыя, зь якой можна проста дабрацца да Бэльгіі, Нямеччыны, Францыі ды Люксэмбургу. Развіцьцё недарагіх авіялініяў, такіх як Easyjet.com, дазваляе вельмі танна лятаць па Эўропе. Прыкладам, з Амстэрдама да Мюнхена можна даляцець эўра за 40 у абодва бакі, а бывае, -- нават і таньней.
П: Аднак вы перад тым як паехаць у Заходнюю Эўропу навучаліся ў Пецярбугу. Ці было Вашае жаданьне скончыць менавіта Пецярбургскі ўнівэрсытэт матываванае наяўнасьцю там пэўнае "школы", лепшае адукацыйнае базы, шырокімі магчымасьцямі практыкі?
А: Усё пералічанае мела для мяне значэньне. Плюс рамантычны вобраз гэтага горада і жаданьне пажыць самастойна, без бацькоў. Школа права там сапраўды моцная. Беларусі спатрэбіцца пэўны час, каб збудаваць нешта падобнае па ўзроўні, бо традыцыйна шмат пэрспэктыўных маладых людзей за савецкай уладай зь Беларусі зьяжджалі ў Маскву ці Піцер.
П: Каго “бяруць” вучыцца за мяжу?
А: З майго досьведу "бяруць" вельмі розных людзей, але нейкія агульныя крытэры можна таксама вызначыць. Найперш, трэба мець добрую замежную мову. Нямецкая ці франзуская мова адчыняюць дзверы ў бясплатную вышэйшую адукацыю Нямеччыны ці Францыі. Добрая ангельская дазволіць прэтэндаваць на студэнскі білет ня толькі ў ангельскамоўных краінах, але і ў іншых, такіх як Нідэрлянды. Адзнакі таксама важныя, асабліва калі ў вас чырвоны дыплём і розныя ўзнагароды і пра гэта можна напісаць у сваім СV. Істотна, асабліва ў ЗША, мець іншыя дасягненьні - публікаці, удзелы ў розных конкурсах, праектах і ініцыятывах.
П: А што рабіць, калі няма грошай, каб плаціць за адукацыю?
А: Сапраўды, гэта адно з ключавых пытаньняў для абсалютнай большасьці нашых суайчыннікаў. Але ня ўсё так дрэнна. Вучыцца ў бальшыні краінаў кантынэнтальнай Эўропы, напрыклад, у Нямеччыне альбо Францыі можна бясплатна. На жыцьцё бальшыня студэнтаў маюць магчымасьць зарабляць падпрацоўкамі. Зразумела, што грошаў будзе бракаваць, але пражыць можна. На падыплёмную адукацыю, скажам, на магістарскую ступень, можна знайсьці стыпэндыю. Стыпендыі трэба шукаць праз Інтэрнэт – на спэцыяльнах сайтах і сайтах унівэрсытэтаў. Яшчэ прасьцей знайсьці стапэндыю на PhD, асабліва ў тэхнічных і натуральных навуках. Зразумела, калі Вы да часу напісаньня дысэртацыі ўяўляеце зь сябе нешта з пункту гледжаньня навукі.
П: Рашэньне прынятае. З чаго пачаць падрыхтоўку да вучобы ў замежжы?
А: Трэба вызначыцца з мовай навучаньня і прыкладаць намаганьні для яе ўдасканальваньня - праз рэпэтытара, слухаючы радыё, гледзячы тэлевізыю на адпаведнай мове і шукаючы суразмоўнікаў. Найлепшы варыянт -- гэта засвоіць дзьве заходнеэўрапейскія мовы: ангельскую і нямецкую/франзускую. Па другое, трэба ўвесь час працаваць на сваё CV -- быць актыўным ва ўсім, у чым толькі можна: удзельнічаць у канфэрэнцыях, пісаць артыкулы, браць удзел у навуковых гуртках і гэтак далей. Усё гэта вельмі добра будзе глядзецца і рана ці позна дасьць плён.
П: Ці ёсьць найпрасьцейшы шлях трапіць праўніку на замежныя студыі? Ці ёсьць на Захадзе адмысловыя праграмы для Беларусі/Усходняй Эўропы?
А: Простых шляхоў няма, як і адзінага рэцэпта. Трэба паставіць сабе мэту і ісьці да яе. Ёсьць шэраг праграмаў, у якіх могуць браць удзел беларусы. Некакотрыя больш вядомыя, як брытанская Chevening ці Амэрыканская Muskie, а некаторыя меней, напрыклад, галяндская Huygens. Шмат малавядомых праграмаў можна адшукаць у Інтэрнэце.
П: Ці ўзьнікалі ў Вас цяжкасьці з замежнымі мовамі падчас навучаньня? Маецца на ўвазе, што паўсядзённая лексыка, напрыклад, ангельскае істотна розьніцца ад юрыдычнае тэрміналёгіі?
А: Сапраўды, як бы мову не вывучаў дома, на практыцы цяжкасьці ўзьнікаюць, асабліва спачатку. Але праз месяц інтэнсіўнага пагружэньня ў моўнае асяродзьдзе праблемаў становіцца значна меней. Аднак слоўнік усё роўна варта трымаць побач ;)
П: Дзе пісаць дысэртацыю?
А: Кандыдацкую, альбо, як звычайна называецца на Захадзе, PhD (Philosophy Doctor), на маю думку, лепей пісаць на кантынэньце. Справа ў тым, што калі вы зьяўляецеся дактарантам (альбо па нашаму асьпірантам), у Брытаніі вам трэба плаціць за навучаньне грошы. Калі вы пішаце дысэртацыю на кантынэнце – скажам, у Галяндыі альбо Нямеччыне, -- вам будзе абавязкова выплочвацца дактаранцкая стыпэндыя, якая дазволіць дастаткова нармалёва жыць і трохі павандраваць па Эўропе.
П: Што рабіць пасьля вучобы ў Эўропе?
А: Адказ на пытаньне “ці вяртацца?” ёсьць неадназначным, і кожны яго вырашае па-свойму. Найперш, трэба зразумець, дзе вам найбольш камфорта духова -- у замежжы ці дома. Другое пытаньне - вызначыцца з агульным узроўнем амбіцыяў: калі вы жадаеце стаць элітай і быць на першых ролях (палітычных, грамадзкіх ці якіх заўгодна), то безумоўна трэба вяртацца дамоў. Заўважу аднак, што гэта напэўна не датычыцца тэхнічных навукаў – бо ў гэтай сфэры “выбіцца” ў эліту прасьцей на Захадзе. Калі вы маеце сьціплыя патрабаваньні, якія вымяраюцца галоўным чынам стабільным узроўнем матэр'яльнага дабрабыту, то вам, напэўна, захочацца застацца за Бугам. Але трэба мець на ўвазе, што да канца свайго жыцьця вы застанецеся замежнікам і вельмі высока прасунуцца у вас наўрад ці атрымаецца. Да таго ж, будуць праблемы псіхалягічнага характару.
Дзякуем, Яраслаў. Спадзяемся пабачыць Вашыя публікацыі на старонках нашых бліжэйшых нумароў. Плёнаў Вам!
Аднакурсьнікі
 |
|
Тыповы пакой у ангельскім інтэрнаце
 |
Хочацца спадзявацца, што фігура Яраслава ідэнтыфікуе знакавую тэндэнцыю – зьяўленьне новай генэрацыі беларускіх гуманітарыяў, што цэніць ВЕДЫ й ДОСЬВЕД на столькі, што гатовая мэтанакіравана вандараваць па іх набыцьцё на ўсіх кантынэнтах, але ў той жа час ня грэбуе родным ды прагне засеяць ўсё набытае на чужыне ў глебу Беларусі.
Гутарыў Уладзіслаў Белавусаў.
