Беларускі on-line часопіс
юрыстаў і палітолягаў
Агульная тэорыя, гiсторыя й фiлязофiя права
Міжнароднае права
Эўрапейскае права
Параўнальнае права
Канстытуцыйнае, выбарчае й адміністрацыйнае права
Крымінальнае права й працэс. Крыміналёгія
Цывільнае права й працэс. Гаспадарчае права й працэс
Працоўнае права
Іншыя галіны права й юрыдычная праблематыка
Праўныя акты па-беларуску
Беларуская юрыдычная тэрміналёгія
Паліталёгія й сумежныя дысцыпліны
Інтэрвію
   пошук
   каляндар
Пн Аў Ср Чц Пт Сб Нд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
   новае на форуме
21 Снж 12.23  "Ваша честь!" (You honour! , Wysoki Sądzi

02 Лют 21.58  візыт старшыні ПАРЭ ў Беларусь

12 Снж 15.45  Юрыдычная тэрміналёгія - Стварайма разам!

07 Снж 20.28  Віншую ўсіх з Днём юрыста!

09 Ліс 11.42  Шукаю працу

   юрыдычная кансультацыя
02 Кас 13.12  Працоўная кніга и навучэнне/праца за мяжой

17 Снж 18.00  Аўтарскія правы

03 Снж 01.54  змена прозвішча

19 Ліс 05.16  Замежныя ПІФы

09 Ліс 15.27  Акцыянерныя таварыствы

бел eng
Галоўная Навіны Слоўнік Тымчасам... Гасьцёўня Форум Спасылкі Рэдакцыя Кантакты
Паліталёгія й сумежныя дысцыпліны
Чаму Нямецкая імпэрыя не была нацыянальнай дзяржавай | Філіп Тэр | 22.3.2006

Тэкст друкуецца з ласкавае згоды аўтара

Стасункі паміж партнэрамі ў межах пашыранага Эўразьвязу разьвіваліся ня так гарманічна, як можна было чакаць. Гэта датычыць таксама і ў асаблівасьці нямецка-польскіх стасункаў, якія і без таго гістарычна нагружаныя. Пры гэтым прычынай пастаянных канфліктаў парадаксальным чынам ёсьць тое, што Нямеччына і Польшча доўгі час мелі агульную гісторыю, якая аднак, пачынаючы з XVIII ст., характарызавалася ростам няроўнасьці і канкурэнцыяй нацыяналізмаў – і канешне жахлівым расізмам, што быў пераможаны толькі 60 гадоў таму.

Пры гэтым дзіўна, што гістарычная сувязь з Польшчай не ўсьведамляецца нямецкім грамадзтвам. І гэта нягледзячы на тое, што ад 1772 да 1918 году палякі і немцы жылі ў адной дзяржаве, бо Прусія пасьля трох падзелаў Польшчы (тут і далей ідзецца пра Рэч Паспалітую - рэд.) далучыла да сябе значную частку дзяржавы-суседкі. Толькі гэта ператварыла Прусію ў вялікую эўрапейскую дзяржаву. Заснаваньне Нямецкай імпэрыі ў 1871 г. базавалася таксама на выніках падзелаў Польшчы. Таму панятак “нацыянальная дзяржава” можна выкарыстоўваць толькі абмежавана. Тым ня меней амаль усе значныя нямецкія гісторыкі паваеннага часу, як, напрыклад, Томас Ніпэрдэй (Thomas Nipperdey), Ганс-Ульрых Вэлер (Hans-Ulrich Wehler) і Гайнрых Аўгуст Вінклер (Heinrich August Winkler), адлюстроўваюць кайзэраўскую імпэрыю ў выглядзе нацыянальнай дзяржавы, а на палякаў і іншыя меншасьці зьвяртаюць увагу нібыта паміж іншым, калі ўвогуле зьвяртаюць.

Нямецкая гісторыя атрымлівае, аднак, іншую афарбоўку, калі разглядаць Прусію, Нямеччыну часоў кайзэра Вільгельма і таксама Ваймарскую Рэспубліку з польскай ці цэнтральнаэўрапейскай пэрспэктывы. Нямецкая імпэрыя паўстае тады – адпаведна сваёй назьве – хутчэй як шматнацыянальная імпэрыя. Нямецкай была гэтая імпэрыя ў сваіх усходніх частках, такіх як Лужыца, Сылезія\Сьлёнск, Памэранія, Заходняя і Ўсходняя Прусія толькі ўмоўна ці ў вельмі спэцыфічны спосаб. Але польскі ўплыў і палякі-перасяленцы характэрныя ня толькі для ўсходніх частак імпэрыі, але і для Рурскай вобласьці.

Гэтаму пэрыяду гісторыі ў паваенны час надавалі надта мала ўвагі, яго ці не хавалі – ускосны вынік часоў нацыянал-сацыялізму ды наступнага падзелу Эўропы. Гісторыкі, якія пісалі свае працы пасьля 1945 і перадусім пасьля 1968 г., уважалі Нямеччыну за этнічна і культурна гамагенізаваную. Яны пісалі гісторыю Нямеччыны як гісторыю немцаў, як сказаў Томас Ніпэрдэй. Пасьля 1945 г. наўрад ці былі габрэі, якія б прэтэндавалі на сваё месца ў Нямеччыне ці ў нямецкай гісторыі. Палякі і чэхі апынуліся на іншым баку жалезнай заслоны; гістарычныя сувязі з Аўстрыяй хутчэй замоўчваліся, бо было няёмка пасьля аншлюсу ў 1938 г. Гэтаму гісторыяграфічнаму выключэньню меншасьцяў папярэднічала фактычнае іх выключэньне. А пачалося яно акурат у Нямецкай імпэрыі, якая і стаіць у цэнтры наступных развагаў.

Калі разглядаць гісторыю Нямеччыны як гісторыю імпэрыі, то варта зьвярнуць увагу на нядаўнія ангельскамоўныя дасьледаваньні эўрапейскіх імпэрыяў. Ангельскі гісторык Дамінік Лівэн (Dominic Lieven) разумее пад гэтым паняткам дзяржаўнае ўтварэньне, якое кіруе вялікімі тэрыторыямі і шматлікімі народамі і трывае дзякуючы ўжываньню сілы ды пераважна дынастычнай легітымацыі і традыцыі[1].

Гэтае азначэньне датычыць таксама і Нямецкай імпэрыі 1871 году зь яе найвялікшай часткай Прусіяй. Гэтая імпэрыя займала значную тэрыторыю, яе ўлада распаўсюджвалася на вялікую частку палякаў, нацыянальна нявызначаныя славянскія народнасьці і некаторыя іншыя меншасьці. Калі ўлічваць гэта, то колькасьць людзей, якіх зь цяжкасьцю можна разглядаць як немцаў, сягала ў Прусіі 20%, а ў яе ўсходніх раёнах была яшчэ большай. Таму мае сэнс казаць пра “пруска-нямецкую імпэрыю”.

Акрамя дасьледаваньняў імпэрыяў (Empire studies), якія праводзяцца пераважна кансэрватыўнымі ў палітычным сэнсе гісторыкамі, посткаляніяльныя дасьледаваньні, зыніцыяваныя хутчэй “левымі”, таксама прапануюць цікавыя падыходы. Яны падкрэсьліваюць найперш уплыў былых калёніяў на культурнае фармаваньне Нямеччыны. Іх тэмы сягаюць ад шакаляднага мурыну Sarotti[2] да ўплыву каляніяльнага мысьленьня на расізм у нямецкім заканадаўстве. Аднак праблема гэтай дасьледчай плыні ў тым, што да гэтага часу яна разглядае толькі заакіянскія калёніі. Гэтую слабасьць яна падзяляе зь нямецкай літаратурай на тэму імпэрыялізму: так Ганс-Ульрых Вэлер (Hans-Ulrich Wehler) і Вольфганг Момзэн (Wolfgang Mommsen) канцэнтруюцца ў сваёй вялікай навуковай працы ад 1970 г. на пэрыядзе з 1884 да 1914 г., калі Нямецкая імпэрыя валодала калёніямі ў Афрыцы і Азіі[3].

Нашмат даўжэй праіснавала і мела больш працяглыя вынікі кантынэнтальная імпэрыя Прусіі ды Нямеччыны, а менавіта панаваньне над Польшчай і іншымі ўсходнімі рэгіёнамі.

У 1772 г. прускі кароль Фрыдрых ІІ ўзаконіў беспрэцэдэнтны падзел магутнага ў мінулым каралеўства на падставе таго, што Польшча ня здольная кіраваць сабой. Гэты аргумэнт аб няздольнасьці да дзяржаўнага будаўніцтва зьвязваўся ў ХІХ ст. зь нібыта місіяй немцаў як культуртрэгераў на ўсходзе Эўропы. Польшча абаранялася ад падзелаў і інтэрвэнцыі апроч іншага тым, што ў 1791 г. прыняла першую ў Эўропе канстытуцыю, якая мусіла захаваць і рэфармаваць краіну. У адрозьненьне ад рэвалюцыйнай Францыі, Польшча была слабейшай за сваіх суседзяў, кансэрватыўныя вялікія дзяржавы, якія ўзброена выступілі супраць вызваленчага руху і ў 1795 г. канчаткова падзялілі Польшчу паміж сабой. Няўдалымі былі і наступныя паўстаньні ў 1830–1831 г. і ў 1863 г. Толькі ў 1918 г., пасьля развалу царскай Расеі і паразы Нямецкай імпэрыі, Польшча змагла вызваліцца ад захопнікаў.

Нямецкая гісторыя амаль з самага пачатку ёсьць адначасова каляніяльная гісторыяй – прынамсі ў тым сэнсе, які блізкі да першапачатковага значэньня слова "Colon". Пачынаючы ад высокага сярэднявечча нямецкамоўныя каляністы сяліліся на ўсходзе ад Лабы і Зале і хутка пашырылі свой уплыў на прыбалтыйскія тэрыторыі, ускраіны Багеміі ды далей на паўднёвы ўсход. Гэты перасяленчы рух саслабеў у позьнім сярэднявеччы, але ў эпоху Новага часу працягнуўся, хоць і ня так інтэнсіўна. У Прусіі ён асабліва падтрымліваўся за часамі Фрыдрыха ІІ. Кожная гістарычная лінгвістычная мапа Эўропы наглядна выяўляе, наколькі далёка распасьціралася гэтае “ўсходняе перасяленьне”: усю ўсходнюю частку кантытэнту пакрывалі “нямецкамоўныя выспы”, якія зьніклі толькі пасьля Другой сусьветнай вайны.

Паміж сярэднявечнай калянізацыяй і сучасным каляніялізмам ёсьць, праўда, значныя адрозьненьні. Ранейшыя каляністы мелі пераважна міралюбнае стаўленьне да краінаў, у якіх яны сяліліся, ды іхных жыхароў. Яны не падтрымлівалі шчыльных стасункаў з чужой цэнтралізаванай дзяржаўнай уладай і ня мелі яшчэ ідэалягічна абгрунтаванага расізму. Пасяленцы вельмі часта асыміляваліся іхным атачэньнем, таму аб нацыянальнай канфрантацыі не магло тады яшчэ ісьці размовы. Агулам трэба разумець, што ўяўны “нямецкі ўсход”, які да гэтай пары зачароўвае нямецкіх кансэрватараў, перадусім у сельскіх ды каталіцкіх мясцовасьцях быў моўным ды культурным гібрыдам. Можна з гэткімсама посьпехам казаць пра славянскі ці польскі ўсход.

Нягледзячы на значныя адрозьненьні паміж сярэднявечнай ды новачаснай калянізацыяй і сучасным імпэрыялізмам ды каляніялізмам, зь сярэдзіны ХІХ ст. гэтыя адрозьненьні пасьлядоўна згладжваліся. У публіцыстыцы ды літаратуры, а таксама ў гістарычнай навуцы звалілі ўсё да кучы: і сярэднявечнае “ўсходняе перасяленьне”, і прускае панаваньне над польскімі тэрыторыямі пасьля падзелаў апошняй. Густаў Фрайтаг (Gustav Freytag), Гайнрых фон Трайчке (Heinrich von Treitschke), Макс Вэбэр (Max Weber) і грамадзтва ў цэлым разглядалі немцаў у ролі культуртрэгераў стасоўна палякаў ды ўвогуле ўсіх славянаў. Гэтае гістарычнае ўспрыняцьце ў др. п. ХІХ ст. пераўтварылася ў ідэалёгію, якая значна паўплывала на самаідэнтыфікацыю немцаў. “Усходняе перасяленьне” і нямецкае панаваньне над усходняй Эўропай разглядалася як “калянізатарскае дасягненьне нямецкага народу” – тэма шматлікіх кнігаў, якія выходзілі за часамі Ваймарскай Рэспублікі[4].

Гэты стэрэатып адносна саміх сябе, паводле якога немцы нібыта першыя прынесьлі на ўсход Эўропы заходнюю культуру ды хрысьціянства, існаваў і ў пасьляваенным часе. У пэрыяд халоднай вайны ён атрымаў новае падмацаваньне супрацьпастаўленьнем хрысьціянска-дэмакратычнага Захаду і камуністычнага Ўсходу. У ФРН гэтая ідэя была закансэрваваная дзякуючы “ўсходнім дасьледаваньням”, якія таксама стварылі фундамэнт для палітыкі аб’яднаньняў выгнаньнікаў[5].

Толькі пасьля 1989 г. гэтая ідэалёгія ў дачыненьні да ўсходніх суседзяў Нямеччыны паступова саслабела. Такім чынам, толькі зь нядаўняга часу можна сапраўды казаць пра “посткаляніяльнае стаўленьне” нямецкіх элітаў да іх усходніх суседзяў.

Тэза аб пераемнасьці паміж сярэднявечнай калянізацыяй і імпэрскім панаваньнем Прусіі-Нямеччыны ў Новым часе выклікала ў Польшчы моцную адказную рэакцыю. Польскае грамадзтва прыпісала немцам няспынны “дранг нах остэн” і стала ўспрымаць уласную гісторыю як абарончы рух на працягу стагодзьдзяў. Такім чынам, у Польшчы таксама не рабілася розьніцы паміж сярэднявечным перасяленчым рухам, палітыкай тэрытарыяльнай экспансіі Фрыдрыха ІІ і сучасным пруска-нямецкім імпэрыялізмам. Найперш бітва пры Грунвальдзе (альбо пры Танэнбэргу) у 1410 г., то бок перамога аб’яднаных палякаў і ліцьвінаў над Тэўтонскім ордэнам, была стылізаваная пад вялікае нацыянальнае дасягненьне і ўсхваленая ў незьлічоных кнігах, п’есах ды помніках. Фрыдрых ІІ, які зь нямецкага гледзішча, дзякуючы сваёй ролі ў росквіце Прусіі, заслужыў імя Вялікі, быў у Польшчы ўвасабленьнем бязьлітаснага тырана і германізатара. Камуністы падтрымлівалі гэтае стаўленьне ў пасьляваенны час, каб стварыць страх перад немцамі і тым самым умацаваць сувязі Польшчы з Савецкім Зьвязам.

Нямеччына таксама падсьвядома кіравалася гэтай імпэрскай спадчынай. Распаўсюджаныя забабоны ў дачыненьні да палякаў пацьвярджаюць, наколькі дзейснай была прапаганда. Усе без вынятку сучасныя стэрэатыпы – у тым ліку і пра пагрозу наплыву польскіх эмігрантаў – маюць свае карані ў ХІХ ст. ці яшчэ раней – у абгрунтаваньні прускай захопніцкай палітыкі нібыта адсталасьцю і бескультурнасьцю палякаў.

Пад уплывам вучэньня Гегеля палякам адмаўлялася ня толькі ў здольнасьці да дзяржаўнага будаўніцтва, але і ў цэлым да гістарычнага існаваньня як нацыі. Менавіта з-за гэтага прыгнёту палякі ў пэрыяд да рэвалюцыі 1848 г. у Нямеччыне, у часы ўзьнікненьня нямецкага нацыянальнага руху карысталіся пэўнай сымпатыяй. Лібэральная буржуазія назірала за вызваленчым рухам у Польшчы з гэткай сама ўвагай як за рухам у Грэцыі і дасылала лісты салідарнасьці. Пасьля паўстаньня 1831 г. шматлікія польскія ўцекачы знайшлі прытулак у Нямеччыне.

Аднак пасьля рэвалюцыі 1848 г. зьвяз абодвух нацыянальных рухаў ператварыўся ў канкурэнцыю. У Паўльскірхэ[6] нямецкі Нацыянальны сход пасьля доўгіх дэбатаў прыняў рашэньне аб улучэньні польскіх тэрыторыяў у будучую Нямеччыну[7].

Сход абгрунтоўваў гэтае рашэньне нацыянальнымі інтарэсамі і выступаў, такім чынам, ня толькі супраць уласных дэмакратычных прынцыпаў, але падмацоўваў гэтым таксама сваю структурную залежнасьць ад Прусіі. Імпэрскае панаваньне над Познаньню можна было захаваць толькі з дапамогай дзяржаўнай улады. Тым самым пачаліся парадыгмальныя зьмены ў нацыянальных памкненьнях. З дэмакратычнага і накіраванага на зьмены рух ператварыўся ў кансэрватыўны і імпэрскі.

У 1863 г. на тэрыторыях, якія пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай належалі Расейскай імпэрыі, выбухнула новае паўстаньне. У адказ на гэта Бісмарк, у той час прэмьер-міністар Прусіі, шукаў шчыльнага саюзу з царскай Расеяй. У 1866 г. Познань супраць волі Польшчы была ўлучаная ў Паўночнанямецкі зьвяз і стала тым самым элемэнтам нямецкай фэдэральнай дзяржавы. Адразу ж пасьля заснаваньня Нямецкай імпэрыі ў 1871 г. пачаліся масавыя прыцясьненьні. “Культуркампф” – фармальна канфлікт паміж дзяржавай і каталіцкай царквой – меў яўную антыпольскую скіраванасьць. Урад замацаваў за сабой права нагляду за школьнай адукацыяй і забараніў польскую мову як мову навучаньня. Характэрна, што ўсе захады, скіраваныя супраць польскай культуры і мовы, былі ў сіле да 1918 г., у той час як многія іншыя зь сярэдзіны 1880-х гадоў былі скасаваныя ці паслабленыя. Былі ўведзеныя пастановы, што абмяжоўвалі выкарыстаньне польскай мовы ў гаспадарчай сфэры, свабоду сходаў і асацыяцыяў ды паступленьне ў дзяржаўную службу. Палякі ператварыліся фактычна ў людзей другога гатунку.

У 1886 г. быў прыняты закон аб засяленьні імпэрыі, які заклікаў этнічных немцаў сяліцца на польскіх тэрыторыях, каб ператварыць саміх палякаў у меншасьць. У 1908 г. урад выдаў закон аб адчужэньні маёмасьці польскіх земляўласьнікаў, што было выразным парушэньнем канстытуцыі Нямецкай імпэрыі. Гэтая палітыка “асадніцтва” стала пачаткам бязьлітаснай палітыкі ў дачыненьні да насельніцтва, якая дасягнула сваёй трагічнай кульмінацыі ў другой сусьветнай вайне.

Адноўленая паводле Вэрсальскага пагадненьня Польшча прыклала намаганьні, каб пазбавіцца пасяленцаў з часоў кайзэраўскай імпэрыі. Тады краіну больш ці менш добраахвотна пакінулі некалькі сотняў тысячаў каляністаў і прускіх службоўцаў. Нацыянал-сацыялісты ў 1939 г. паўтарылі гэтую гісторыю і гвалтоўна выгналі мільён польскіх насельнікаў з тэрыторыяў вакол ракі Варты, а пасьля 1945 г. большасьць немцаў канчаткова была выгнаная з усходу Польшчы. Гэты змрочны разьдзел нямецка-польскай гісторыі сягае сучаснасьці, бо аб’яднаньні выгнаньнікаў сёньня патрабуюць ад Польшчы кампэнсацыі за згубленую на ўсходзе ўласнасьць.

У эру Бісмарка імпэрскае панаваньне ўсё больш набывала каляніяльныя рысы. Палякі крок за крокам выключаліся з жыцьця дзяржавы і грамадзтва – незалежна ад таго, ці заяўлялі яны аб прыналежнасьці да сваёй нацыянальнасьці. Яшчэ больш важным для азначэньня пруска-нямецкага панаваньня як каляніялізму быў мэнтальны ровень[8] і найперш пабудова культурнай чужароднасьці: палякі выяўляліся як прымітыўны народ, зь якім уласна не магло здарыцца нічога лепшага за пруска-нямецкае панаваньне. Як прызнавалі ўжо тагачасныя сацыял-дэмакраты, немцы пакутавалі ў той імпэрыі наўрад ці менш, чым палякі: шматлікія рэформы ў кайзэраўскай імпэрыі былі блякаваныя пры адным поглядзе на бунтарскую Польшчу.

Ключавым пісьмовым сьведчаньнем пераходу ад традыцыйна імпэрскіх да каляніяльных стасункаў між немцамі і палякамі ёсьць раман Густава Фрайтага "Soll und Haben", які выйшаў у 1855 годзе[9].

Ён апісвае жыцьцё Антона Вольфарта, які з дробнага буржуа прабіў сабе дарогу да ўласьніка вялікай гандлёвай фірмы. Раман пачынаецца ў Сылезіі, але хутка Фрайтаг адсылае чытача разам з сваім нямецкім героем на прыгодніцкую вандроўку ў Галіцыю, дзе Польшча выяўляецца як краіна, што загразла ў анархіі, брудзе і беднасьці.

Затым дзеяньне раману разьвіваецца на польскіх тэрыторыях, што пасьля падзелаў дасталіся Прусіі. Тут герой Фрайтага абараняе нямецкую “калёнію” праз вайсковыя акцыі, якія паспрыялі высьпяваньню ягонага характару: “Якая б справа мяне сюды ні прывяла, я стаю цяпер тут як адзін з заваёўнікаў, які дзеля вольнай працы і чалавечай культуры прыняў ад слабейшай расы панаваньне над гэтымі землямі”[10].

Гэтае расісцкае адрозьненьне было новым у параўнаньні з рыторыкай дасакавіцкага пэрыяду, і яно паказвае, што палякаў усімі сродкамі ператваралі ў чужынцаў. З той прычыны, што ў вачох Фрайтага яны былі ня толькі чужымі, але і непаўнавартаснымі, ён уважаў за немцамі права і абавязак панаваць над палякамі. Побач з польскай шляхтай габрэі-махляры ў рамане супрацьпастаўляюцца прыстойнай пратэстанцкай нямецкай буржуазіі. Пры гэтым Фрайтаг выкарыстоўвае няшчыры прыём. Габрэі ў яго размаўляюць па-нямецку, аднак ён будуе сказы паводле польскага сынтаксісу, зь якім ён добра знаёмы, бо паходзіць з сылезійскага Кройцбургу. Нямецкія габрэі, якія ва Ўроцлаве, важным гандлёвым месцы ў рамане, былі моцна асыміляваныя, такім чынам атрымалі “налёт усходнасьці”.

Уплыў раману быў вырашальным і працяглым: "Soll und Haben" быў у Нямецкай імпэрыі абсалютным бэстсэлерам, ажно да часоў Ваймарскай Рэспублікі перавыдаваўся і нават у маладой ФРН часта сустракаўся на хатніх кніжных паліцах. Да таго ж кніга стала прататыпам для жанру “Остмаркэнлітэратур”, які ў шматлікіх раманах услаўляў культуратворную ролю немцаў. Расісцкае адмежаваньне ад палякаў ствараў таксама Макс Вэбэр. Гэты сацыёляг заявіў у сваёй лекцыі ў Фрайбургу з нагоды ўступленьня на пасаду прафэсара, што “палякі таму выцясьнілі немцаў на ўсходзе імпэрыі, што першыя як раса маглі жыць у горшых умовах і ў скрайнім выпадку маглі харчавацца травой”[11].

У пабудове чужасьці палягае адна з найважнейшых агульных рысаў паміж кантынэнтальным і марскім каляніялізмам Нямецкай імпэрыі. Раман “Soll und Haben” паказвае, што каляніяльныя манэры паводзінаў былі разьвітыя яшчэ да таго, як Нямеччына захапіла першыя заакіянскія тэрыторыі. У выпадку з Фрайтагам можна заўважыць нават біяграфічную ўзаемасувязь. Пасьля таго, як пісьменьнік у маладосьці часта сутыкаўся з палякамі, ён ператварыўся пазьней у заўзятага прыхільніка нямецкага Каляніяльфэрайну.

Праўда паміж кантынэнтальным і марскім каляніялізмам ёсьць вырашальнае адрозьненьне. Нямецкая дзяржава трымалася думкі – хоць магчыма з усё меншым спадзяваньнем на гэта – што частку палякаў, перадусім зь мяшаных шлюбаў, можна інтэграваць і асыміляваць. У адрозьненьне ад гэтага ў нямецкіх калёніях у Афрыцы дзейнічала катэгарычная забарона на мяшаныя шлюбы. Да таго ж палякі сталі сур’ёзна ўспрымацца як ворагі толькі пасьля правалу анямечваньня. Насуперак ідэі аб адсталасьці Польшчы ўрад баяўся новых паўстаньняў.

Аднак нягледзячы на ідэалягічны наступ каляніялістаў, германізацыя “нямецкага ўсходу” прыпынілася. Палякі рэагавалі на дыскрымінацыю, будуючы грамадзтва, настроенае супраць нямецка-прускай дзяржавы. Пасьля няўдалых паўстаньняў яны паставілі на канцэпт “арганічнай працы” (praca organiczna), які меў на ўвазе пабудову сучаснай нацыі праз працу, адукацыю і мабілізацыю ніжэйшых слаёў грамадзтва. Такім чынам, яны перанялі каштоўнасьці, на якія як раз такі прэтэндавалі немцы. Тым самым палякі паставілі пад пытаньне прэтэнзіі на культурную перавагу апошніх.

Прускія палякі і польскія прусы

Дзякуючы гэтаму прускім палякам уладося сьцьвердзіць сябе насуперак магутнай дзяржаве, нават калі з-за гэтага яны ў самой Польшчы цяпер маюць двухсэнсоўную славу “польскіх прусаў”. У сфэры літаратуры яны часта пераўзыходзілі “культуртрэгераў”. Гэта датычыць і Генрыка Сянкевіча, які ў сваім рамане “Крыжакі” супрацьстаўляе мілітарысцкім немцам цывільных палякаў. За сваю творчасьць – нашмат больш значную ў літаратурным сэнсе, чым творчасьць Фрайтага, – Сянкевіч атрымаў у 1905 г. Нобэлеўскую прэмію.

У Верхнім Сьлёнску і на Мазурах польскаму нацыянальнаму руху пашчасьціла, праўда, нават на пэўную экспансію. Тут ды ў іншых мяшана населеных рэгіёнах, якія ўжо задоўга да падзелаў не належалі больш да Польшчы, гэты рух мабілізаваў частку славянафоннага насельніцтва. У адрозьненьне ад гэтага нямецкі нацыянальны рух ва ўсходняй Прусіі заставаўся надзіва слабым, перадусім там, дзе большасьць насельніцтва складалі каталікі. Прычына была ва ўсё больш імпэрскіх праявах гэтага руху. У абарону “нямецкай нацыянальнасьці” выступалі пераважна прадстаўнікі пратэстанцкага духавенства і дзяржаўнага апарату, а таксама частка гарадзкой буржуазіі. Але сельскае насельніцтва, якое часта размаўляла на мяшаных дыялектах, дыстанцыянавалася ад “немцаў”.

“Культуркампф” ці інакш барацьба паміж Бісмаркам і каталіцкай царквой, 1872–1880 г.  стварыў тут новую канфрантацыю: ня толькі паміж вышэйшымі і ніжэйшымі, але і паміж каталікамі і пратэстантамі. У сувязі з гэтым сталася так, што нацыянальны код немцаў звузіўся ў прусаў да бюргера і пратэстанта, як выявіў Фрайтаг у сваім рамане. Наколькі мала нямецкая нацыянальная сьвядомасьць замацавалася ў некаторых рэгіёнах Нямецкай імпэрыі, праявілася пасьля першай сусьветнай вайны ў Верхнім Сьлёнску. Там утварыўся моцны рух за аўтаномію, які патрабаваў самастойнасьці гэтаму каталіцкаму рэгіёну. Гэтыя пляны праваліліся толькі з прычыны падзелу Верхняга Сьлёнску на польскую і нямецкую часткі ў 1921–1922 г. Прыхільнікамі руху за аўтаномію былі пераважна прадстаўнікі каталіцкага кліру і простыя людзі, якіх у Нямецкай імпэрыі па прычыне іх грубага акцэнту і сялянскага паходжаньня называлі “сьлёнзакамі”. Як раз да гэтых людзей і мог зьвярнуцца польскі нацыянальны рух, бо ён высоўваў і сацыяльныя патрабаваньні.

Развал царскай Расеі і вайсковыя посьпехі на Ўсходзе ў 1917 г. яшчэ раз ажывілі каляніяльныя фантазіі. Берасьцейскае мірнае пагадненьне, якое рэвалюцыйная Расея заключыла зь Нямеччынай, значна пашырыла сфэру ўплыву апошняй. Цэнтральная Эўропа пад нямецкім панаваньнем, пра якую марыў лібэральны палітык і публіцыст Фрыдрых Наўман (Friedrich Naumann), на кароткі час стала рэальнасьцю. Праўда, ужо год пазьней новыя набыткі на ўсходзе былі згубленыя, бо ўласнае насельніцтва ня вытрымала цяжару вайны, і Заходні фронт перастаў існаваць.

У Вэрсалі хаўрусьнікі ня толькі адмовілі Нямеччыне ў маральным праве на валоданьне калёніямі, але і зацьвердзілі перадачы земляў, што належалі Прусіі пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай, наноў утворанай Польшчы. Уласна кажучы, толькі пасьля гэтага скарачэньня Нямецкая імпэрыя стала гамагеннай нацыянальнай дзяржавай. Але большая частка элітаў успрыняла гэтую “этнічную кансалідацыю” ня як заснаваньне рэспубліканскай нацыянальнай дзяржавы, а як зьняважлівую паразу старой імпэрыі. З гэтай прычыны Ваймарскай Рэспубліцы так ніколі і не ўдалося стварыць міт аб сваім дэмакратычным утварэньні.

Пасьля 1918 г. фантомны боль па згубленых заакіянскіх калёніях быў моцна распаўсюджаны. Іх згуба не была цяжкай для эканомікі, але шмат хто ўспрымаў тое абгрунтаваньне, што Нямеччына з прычыны адказнасьці за вайну па сваёй віне пазбавілася калёніяў, як зьняважлівае выключэньне з кола цывілізаваных нацыяў Эўропы. На працягу многіх гадоў у Нямеччыне захоўвалі структуру адміністрацыі, якая ў выпадку вяртаньня калёніяў магла б неадкладна забясьпечыць іх прыняцьцё. За Штрэзэманам (Gustav Stresemann, нямецкі міністар замежных справаў у 1920-х гадох) настальгія па заакіянскіх калёніях пачала губляць значэньне на карысьць антыпольскага рэваншызму. Надалей у цэнтар увагі стала вяртаньне кантынэнтальнай імпэрыі. Гэтыя амбіцыі нямецкага нацыяналізму былі, урэшце, адной з найглыбейшых прычынаў посьпеху Адольфа Гітлера.

Нягледзячы на тое, што палякі ў апошнія часы пасьпяхова абараняліся, сярод іх было шырока распаўсюджанае адчуваньне непаўнавартаснасьці. Пасьля ўтварэньня наноў Польшчы ў 1918 г. самым звычайным адмоўным стэрэатыпам аб немцах было ўяўленьне іх як “нямецкіх каляністаў”. Гэтае ўяўленьне падчас другой сусьветнай вайны было пацьверджанае самым кепскім чынам неверагоднай жорсткасьцю акупантаў. Страх перад паўтарэньнем “drang nach Osten” сьвядома падтрымліваўся камуністамі і жывы да гэтага часу. І асабліва на былых нямецкіх усходніх тэрыторыях, якія Польшча пасьля другой сусьветнай вайны атрымала ў якасьці кампэнсацыі за ўласныя аддадзеныя Савецкаму Зьвязу землі, быў у паваенныя часы моцна распаўсюджаны страх, што немцы аднойчы вернуцца. У пацьверджаньне гэтага нямецкія аб’яднаньні выгнаньнікаў і іх прадстаўнікі ў Бундэстагу галасавалі супраць нямецка-польскіх пагадненьняў 1990–1991 г. А ў дыскусіі аб пашырэньні Эўразьвязу яны хацелі зрабіць умовай прыняцьця Польшчыі і Чэхіі прызнаньне неправамоцнасьці выгнаньня немцаў – зь вялікімі праўнымі і фінансавымі вынікамі. Адпаведна Польшча абаранялася ў перамовах аб пашырэньні Эўразьвязу. Так, па яе жаданьні ў 2003 г. у пастановы, прынятыя на саміце ЭЗ у Капэнгагене, быў унесены пункт, што замежнікі ў Польшчы – меліся на ўвазе ў асноўным немцы – у бліжэйшыя дванаццаць год ня маюць права набываць зямлю ва ўласнасьць.

Але спадзяваньне, што пашырэньне Эўразьвязу забясьпечыць спакой, не апраўдалася. Preußische Treuhand, арганізацыя, зьвязаная з аб’яднаньнямі выгнаньнікаў, на розных роўнях падавала позывы на кампэнсацыю супраць Польшчы, што выклікала ў Варшаве вялікі розгалас. Вынікам была адзінагалосна прынятая рэзалюцыя парлямэнту, якая патрабавала ад Нямеччыны выплаты рэпарацыяў у выпадку, калі нямецкі ўрад падтрымае позывы. Нямецкі ўрад зноў жа ўспрыняў гэта як абразу, і шматлікія нямецкія газэты разгублена задавалі пытаньне, чаму польскі бок так агрэсіўна рэагуе.

Недавер у Польшчы гістарычна абгрунтаваны, і тут маецца на ўвазе ня толькі акупацыя 1939–1945 г., але ўся перадгісторыя ў ХІХ ст. Таму ў Польшчы так уважліва сочаць за ацэнкай нямецкага фашызму ў самой Нямеччыне. Пры гэтым польскае грамадзтва дакладна зафіксавала, што зь некаторага часу ў нямецкіх мэдыях і літаратуры погляд на другую сусьветную вайну ўсё больш вызначаецца аповедам ад імя ахвяраў.

У тым ліку пры поглядзе на канец другой сусьветнай вайны з нагоды 60 гадоў зь яе заканчэньня ў нямецкіх газэтах і па тэлебачаньні асноўнай тэмай былі заняпад, бомбавая вайна, разбурэньне нямецкіх гарадоў і бядотны стан пасьля капітуляцыі. Хто яшчэ піша ці кажа пра тактыку выпаленай зямлі пры адступленьні з тэрыторыяў Савецкага Зьвязу, аб мільёнах савецкіх ваеннапалонных, якія па волі нацыстаў паміралі галоднай сьмерцю, аб бессэнсоўным разбурэньні Варшавы?

Але карані праблемы знаходзяцца глыбей. Толькі нямногія немцы ведаюць асноўныя рысы польскай ці нямецка-польскай гісторыі. Нават у школах блізкіх да мяжы рэгіёнаў Саксоніі і Брандэнбургіі польская мова – гэта экзатычны прадмет па выбары. Такі дэфіцыт вынікае з доўгай імпэрскай гісторыі немцаў: уласна, ніколі і не было “патрэбы” вывучаць мову ўсходніх суседзяў ці ўвогуле займацца іхняй гісторыяй. Гэта па-ранейшаму – побач з старымі страхамі на польскім баку – самы цяжкі баласт для агульнай будучыні ў аб’яднанай Эўропе.

Пераклала зь нямецкае Алена Талапіла 


[1] Dominic Lieven. Empire: The Russian Empire and its Rivals. New Haven, 2001.

[2]   Гэтая выява хлопчыка-мурына стала сымбалем вядомай нямецкай шакаляднай фабрыкі Sarotti.

[3] Параўнайце з Hans-Ulrich Wehler. Bismarck und der Imperialismus. Köln, 1969. С. 464; Wolfgang Mommsen. Der europäische Imperialismus. Aufsätze und Abhandlungen. Göttingen, 1979. С. 82 і 241.

[4] Karl Hampe. Der Zug nach Osten. Die kolonisatorische Großtat des deutschen Volkes. Leipzig, 1921.

[5] Аб’яднаньні выгнаньнікаў паўсталі пасьля другой сусьветнай вайны ў выніку рэпатрыяцыі немцаў, што жылі на польскіх ды іншых тэрыторыях, якія Нямеччына згубіла пасьля капітуляцыі.

[6] У гэтай царкве праходзілі паседжаньні першага дэмакратычна абранага ў выніку буржуазнай рэвалюцыі 1848 г. агульнанямецкага парлямэнту.

[7] Параўнайце з: M.G. Müller u.a. (Hrsg.). Die Polen-Debatte in der Frankfurter Paulskirche. Frankfurt a. M, 1991.

[8] Да гэтага ж Osterhammel J. Kolonialismus. Geschichte – Formen – Folgen. München, 1995. С. 21.

[9] Гэты раман шмат разоў перавыдаваўся і пасьля 1945 г. таксама.

[10] Сьцьвярджэньне расавай непаўнавартасьці палякаў праходзіць праз увесь раман. Апроч таго панятак “калёнія” ўсплывае ў Фрайтага ў разнастайных варыянтах у шматлікіх антыпольскіх лістах і артыкулах.

[11] Der Nationalstaat und die Volkswirtschaftspolitik: Akademische Antrittsrede von Dr. Max Weber o. ö. Prof. der Staatswissenschaften in Freiburg i. B., у складзе: Weber Max. Schriften und Reden. Т. 4, 2 // Schriften und Reden 1892–1899. Hrsg. von Mommsen W. J. Tübingen 1993. С. 535—574.

_______________________________

Філіп Тэр (нар. у 1967 г. у Аўстрыі) – навучаўся на ўнівэрсытэтах Рэгенсбургу, Мюнхэну, Вашынгтоне. Магістарская праца "National Consciousness in Early Modern Silesia 1526–1740", доктарская праца "Vertriebene in der SBZ/DDR und Polen 1945–1956". Спэцыялізуецца на гісторыі Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы ў ХІХ–ХХ стст. Выкладае на ўнівэрсытэце Вядрына ў Франкфурце-на-Одры.



   
© 2004-2007, Праўнік. Беларускі on-line часопіс юрыстаў і палітолягаў

Усе правы абароненыя. Пры цытаваньні ўрыўкаў матэр'ялаў актыўная спасылка на часопіс praunik.org і аўтара ёсьць абавязковымі!