Беларускі on-line часопіс
юрыстаў і палітолягаў
Агульная тэорыя, гiсторыя й фiлязофiя права
Міжнароднае права
Эўрапейскае права
Параўнальнае права
Канстытуцыйнае, выбарчае й адміністрацыйнае права
Крымінальнае права й працэс. Крыміналёгія
Цывільнае права й працэс. Гаспадарчае права й працэс
Працоўнае права
Іншыя галіны права й юрыдычная праблематыка
Праўныя акты па-беларуску
Беларуская юрыдычная тэрміналёгія
Паліталёгія й сумежныя дысцыпліны
Інтэрвію
   пошук
   каляндар
Пн Аў Ср Чц Пт Сб Нд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
   новае на форуме
21 Снж 12.23  "Ваша честь!" (You honour! , Wysoki Sądzi

02 Лют 21.58  візыт старшыні ПАРЭ ў Беларусь

12 Снж 15.45  Юрыдычная тэрміналёгія - Стварайма разам!

07 Снж 20.28  Віншую ўсіх з Днём юрыста!

09 Ліс 11.42  Шукаю працу

   юрыдычная кансультацыя
02 Кас 13.12  Працоўная кніга и навучэнне/праца за мяжой

17 Снж 18.00  Аўтарскія правы

03 Снж 01.54  змена прозвішча

19 Ліс 05.16  Замежныя ПІФы

09 Ліс 15.27  Акцыянерныя таварыствы

бел eng
Галоўная Навіны Слоўнік Тымчасам... Гасьцёўня Форум Спасылкі Рэдакцыя Кантакты
Канстытуцыйнае, выбарчае й адміністрацыйнае права
Выбарчы працэс у Беларусі | Святлана Лакотка | 28.2.2006

Выбарчы працэс можна вызначыць як адрэгуляваную законам дзейнасць індывідаў, органаў, арганізацый і груп па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў у дзяржаўныя ворганы і ворганы мясцовага самакіравання. У Беларусі грамадзяне абіраюць дэпутатаў Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу і мясцовых Радаў дэпутатаў, а таксама прэзідэнта. У нас дзейнічае мажарытарная сістэма абсалютнай большасці. Згодна з Канстытуцыяй (арт. 65—68), выбарчае права ўсеагульнае, свабоднае, роўнае і прамое пры тайным галасаванні. Арганізуе правядзенне выбараў пастаянна дзейны ворган – Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, якая фарміруецца на парытэтнай аснове: шэсць сябраў прызначаюцца прэзідэнтам і шэсць абіраюцца Радай Рэспублікі. Старшыня Камісіі прызначаецца Прэзідэнтам са згоды Рады Рэспублікі.

Выбарчы працэс ува ўсе тры выбарныя ворганы Беларусі (Парламент, мясцовыя Рады дэпутатаў, прэзідэнта) маюць як агульныя, так і адметныя рысы. Зыходзячы з актуальнасці, разгледзім парадак выбараў прэзідэнта Беларусі, што прызначаны на 19 сакавіка 2006 года.

Сёння праўнай асновай выбараў прэзідэнта ў Беларусі ёсць: Канстытуцыя Беларусі (арт. 80—82, Глава 3 “Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь”), Выбарчы кодэкс[1] (далей — ВК), Закон “Аб Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў” (далей — ЦВК), Пастанова Рады Міністраў ад 4 красавіка 2001 г. № 457 аб зацвярджэнні формы дэкларацыі аб даходзе і маёмасці, а таксама Пастанова Палаты Прадстаўнікоў ад 19 снежня 2005 г. “Аб прызначэнні выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”. Да нарматыўных актаў выбарчага заканадаўства адносяцца пастановы ЦВК, а менавіта: Пастанова ад 27 снежня 2005 г. № 50 “Аб узоры скрыняў для галасавання пры правядзенні выбараў прэзідэнта ў 2006 г.”, Пастанова ад 27 снежня 2005 г. № 49 “Аб пячатках тэрытарыяльных і ўчастковых камісій па выбарах прэзідэнта ў 2006 г.”, Пастанова ад 27 снежня 2005 года № 47 “Аб Назіральнай Радзе па кантролі за выкананнем парадку і правілаў правядзення перадвыбарнай агітацыі ў сродках масавай інфармацыі”, Пастанова ад 16 снежня 2005 г. № 37 “Аб парадку прымянення часткі трэцяй артыкула 13 Выбарчага кодэксу пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў прэзідэнта ў 2006 г.”, Пастанова ад 16 снежня 2005 г. № 36 “Аб тлумачэнні прымянення палажэнняў артыкула 61 Выбарчага кодэксу, які прадугледжвае парадак збору подпісаў выбарцаў у падстрымку асоб, што прапануюцца для вылучэння кандыдатамі ў прэзідэнты ў 2006 г.”, Пастанова ад 16 снежня 2005 г. № 35 “Аб тлумачэнні прымянення палажэння часткі другой артыкула 35 Выбарчага кодэксу, што прадугледжвае парадак вылучэння палітычнымі партыямі, іншымі грамадскімі аб’яднаннямі прадстаўнікоў у тэрытарыальныя камісіі па выбарах прэзідэнта ў 2006 г.”, Пастанова ад 16 снежня 2005 г. № 34 “Аб тлумачэнні палажэння часткі другой артыкула 61 Выбарчага кодэксу, які прадугледжвае парадак пакладання дакументаў для рэгістрацыі ініцыятыўнай групы пры правядзенні выбараў прэзідэнта ў 2006 годзе”[2]. Як бачна, пастановы ЦВК займаюць значнае месца ў сістэме актаў, што рэгулююць сферу выбарчага працэсу.

Выбарчы працэс можна падзяліць на этапы, кожны з якіх мае адпаведную праўную аснову, праводзіцца ў вызначаны тэрмін і мае пэўныя вынікі. Пачатковым этапам можна назваць абвяшчэнне выбараў. У Беларусі правам прызначэння выбараў валодае Парламент, а менавіта Палата Прадстаўнікоў, якая зацвярджае аб гэтым Пастанову не пазней чым за пяць месяцаў да сканчэння тэрміну паўнамоцтваў папярэдняга прэзідэнта. Наступнымі этапамі выбарчага працэсу (на прыкладзе выбараў прэзідэнта Беларусі ў 2006 годзе) ёсць наступныя:

1. Вылучэнне прадстаўнікоў у склад абласных, Мінскай гарадской, раённых, гарадскіх (у гарадох раённага падпарадкавання), раённых у гарадах камісій (арт. 34 ВК). Пакладанне ў ворганы, што ствараюць камісіі, пратаколаў сходаў (канферэнцый), паседжанняў ці заяў грамадзян аб вылучэнні прадстаўнікоў у склад камісій – не пазней 25 снежня 2005 г.

2. Стварэнне тэрытарыяльных камісій (арт. 27, 34–37 ВК) (не пазней за 80 дзён да выбараў) – не пазней 28 снежня 2005 г. Абласныя і Мінская гарадская камісія ствараюцца прэзідыумамі абласных, Мінскай гарадской Радамі дэпутатаў і адпаведнымі выканаўчымі камітэтамі, а раённыя, гарадскія (у гарадох раённага падпарадкавання), раённыя ў гарадох камісіі ствараюцца прэзідыумамі раённых, гарадскіх Радаў дэпутатаў і адпаведнымі выканаўчымі камітэтамі – у складзе 13 чалавек.

3. Стварэнне ўчасткаў для галасавання (арт. 18) (не пазней чым за 2 месяцы да выбараў) – не пазней 17 студзеня 2005 г. Участкі для галасавання ствараюцца адпаведнымі мясцовымі выканаўчымі камітэтамі (раённымі адміністрацыямі) пасля ўзгаднення з адпаведнымі тэрытарыяльнымі выбарчымі камісіямі. Колькасць выбарцаў на ўчастку складае ад 20 да 3000 грамадзян. Участкі могуць стварацца і ў санаторыях, бальніцах, ваенных частках. Для грамадзян, што знаходзяцца за мяжой, участкі для галасавання ствараюцца кіраўнікамі дыпламатычных прадстаўніцтваў (консульскіх устаноў).

4. Вылучэнне прадстаўнікоў у склад участковых камісій (арт. 35 ВК). Пакладанне ў ворганы, што ствараюць камісіі, пратаколаў сходаў (канферэнцый), паседжанняў ці заяў грамадзян аб вылучэнні прадстаўнікоў у склад камісіі – не пазней 29 студзеня 2006 г.

5. Стварэнне ўчастковых камісій (арт. 35 ВК) (не пазней чым за 45 дней да выбараў) – не пазней 1 лютага 2006 г. Участковыя камісіі ўтвараюцца раённымі, гарадскімі выканаўчымі камітэтамі (раённымі адміністрацыямі) у складзе 5—19 сябраў.

6. Падача ў Цэнтральную камісію спісу сябраў ініцыятыўнай групы (арт. 61 В). Ініцыятыўная група ствараецца для сбору подпісаў выбарцаў у падтрымку кандыдата ў прэзідэнты. У камісію падаецца спіс сябраў ініцыятыўнай группы разам з заявай аб рэгістрацыі группы (не пазней чым за 85 дней да выбараў) – не пазней 23 снежня 2005 г. Колькасць сябраў ініцыятыўнай групы не абмежавана.

7. Рэгістрацыя ініцыятыўных груп (арт. 61 ВК) і выдача сябрам ініцыятыўных груп адпаведных пасведчанняў і падпісных літоў – у пяцідзённы тэрмін пасля падачы заявы аб рэгістрацыі.

8. Вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты (арт. 61 ВК) (пачынаецца за 80 дзён і сканчваецца за 50 дзён да выбараў) – з 29 снежня 2005 г. па 27 студзеня 2006 г.

Паводле дзейнага заканадаўства, для рэгістрацыі кандыдату ў прэзідэнты трэба сабраць 100 тыс. подпісаў выбарцаў (арт. 61 ВК). Такая практыка вядома некаторым краінам Еўропы. Напрыклад, у Польшчы кандыдат у прэзідэнты таксама павінен сабраць 100 тыс. подпісаў выбарцаў, у Балгарыі кандыдату патрэбны 15 тыс. подпісаў, а ў Францыі кандыдат у прэзідэнты збірае 500 подпісаў, але не выбарцаў, а асоб, што валодаюць пэўным выбарчым мандатам (напрыклад, чальца Парламенту ці Рады Парыжа). Трэба зазначыць і тое, што згодна з Канстытуцый і Законам «Аб выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь»[3] 1994 г. кандыдат у прэзідэнты мог вылучацца не толькі шляхам збору 100 тыс. подпісаў грамадзян, але і не менш чым 70 дэпутатамі Вярхоўнай Рады (арт. 5 гэтага Закону).

Для кандыдата ў прэзідэнты Беларусі збор подпісаўскладаны этап, бо ён павінен гэта зрабіць у даволі кароткі тэрмін – менш чым за месяц, прычым агітацыя на гэтым этапе забаронена. Зразумела, што гэтыя праўныя меры прадугледжаны для таго, каб кандыдатам стаў грамадзянін, які ўжо мае пэўную вагу на палітычнай арэне і выбарцы яго ведаюць даволі добра. Але забарона агітацыі на этапе збору подпісаў робіць даволі складаным шлях новай палітычнай асобы, а таксама ставіць выбарцаў у сітуацыю, калі яны былі б і не супраць падтрымаць кандыдата, даведаўшыся аб яго праграмных пазіцыях, але заканадаўства забараняе выбарцам гэта.

9. Здача падпісных лістоў у раённыя, гарадскія, раённыя ў гарадах камісіі (не пазней чым за 50 дзён да выбараў) – не пазней 27 студзеня 2006 г. На гэтым этапе праводзіцца праверка дакладнасці подпісаў выбарцаў. Калі больш за 15% правераных подпісаў прызнаецца несапраўднымі, то на наступным этапе ЦВК адмаўляе кандыдату ў рэгістрыцыі.

10. Пакладанне ў Цэнтральную камісію дакументаў, неабходных для рэгістрацыі кандыдата ў прэзідэнты – з 28 студзеня па 11 лютага 2006 г. Для прыняцця рашэння аб рэгістрацыі кандыдата ў прэзідэнты ў ЦВК пакладаюцца дакументы, прадугледжаныя ч. 4 арт. 68 ВК, а менавіта: пратаколы абласных і Мінскай гарадской камісіі па выбарах, якія падцвярджаюць наяўнасць не меней 100 тыс. подпісаў грамадзян за вылучэнне кандыдата, заява кандыдата аб згодзе балатавацца, біяграфічныя звесткі кандыдата і дэкларацыя аб даходах і маёмасці згодна з формай, зацверджанай Радай Міністраў.

11. Рэгістрацыя кандыдата ў прэзідэнты (пачынаецца за 35 дзён і сканчваецца за 25 дзён да выбараў) – з 12 па 21 лютага 2006 г. Закон (арт. 80 Канстытуцыі, ч. 1 арт. 57 Выбарчага кодэксу, арт. 5 закону «Аб прэзідэнце»[4]) усталёўвае, што прэзідэнтам можа быць выбраны грамадзянін Рэспублікі Беларусь паводле нараджэння, не маладзейшы ад 35 год, які валодае выбарчым правам і стала пражывае ў Беларусі не менш дзесяці год непасрэдна перад выбарамі.

Канстытуцыйны Суд выказаў сваю пазіцыю[5] адносна вызначэння панятку «грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які стала пражывае на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь», што выкарыстоўвае арт. 80 Канстытуцыі. Суд зазначыў, што пры вызначэнні месца сталага пражывання трэба ўлічваць не толькі месца фактычнага знаходжання асобы ў той ці іншы перыяд часу (у Беларусі ці за яе межамі), але і яго намеру мець гэта месца ў якасці свайго сталага пражывання. Сутнасць гэтага панятку вызначаецца мэтамі выезду за межы Беларусі: ці ёсць гэты выезд часовым, ці гэта выезд на сталае месца жыхарства ў іншую краіну. У якасці часовага выезда можа разглядацца выезд у службовую камандзіроўку, на вучобу, адпачынак, для лячэння ці па іншых уважлівых прычынах, што сведчаць об часовасці знаходжання за межамі Беларусі і захаванні Беларусі ў якасці месца сталага пражывання.

12. Рэгістрацыя давераных асобаў кандыдата ў прэзідэнты (арт.76 ВК) – пасля рэгістрацыі кандыдата і да дня выбараў. Кандыдат мае права зарэгістраваць да 30 давераных асобаў.

13. Правядзенне перадвыбарнай агітацыі (арт. 4547 ВК) – пасля рэгістрацыі кандыдата, сканчваецца за дзень да галасавання. ЦВК стварыла Назіральную Раду на перыяд выбараў прэзідэнта ў 2006 г. Рада назірае за выкананнем сродкамі масавай інфармацыі пры асвячэнні пытанняў падрыхтоўкі і правядзення выбараў нормаў Выбарчага кодэксу, Закону «Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі» і пры неабходнасці ўносіць прапановы на разгляд ЦВК. Акрамя таго Рада павінна забяспечваць роўныя магчымасці для перадвыбарных выступаў кандыдатаў на тэлебачанні, па радыё, у друку і правядзенні агітацыі, а таксама разглядаць спрэчкі, што ўзнікаюць падчас выкарыстання сродкаў масавай інфармацыі ў час падрыхтоўкі і правядзенні выбараў[6].

14. Складанне спісаў выбарцаў (арт. 19 ВК) – да 3 сакавіка 2006 г.

У выбарах удзельнічаюць грамадзяне Беларусі, якія дасягнулі 18 год. У выбарах не ўдзельнічаюць грамадзяне, прызнаныя судом недзеяздольнымі, асобы, якія ўтрымліваюцца па выраку суда ў месцах пазбаўлення волі. Акрамя таго, у галасаванні не прымаюць удзел асобы, да якіх у парадку, устаноўленым крымінальна-працэсуальным заканадаўствам, выбрана мера стрымання – утрыманне пад вартай.

15. Галасаванне (арт. 5054 ВК), у тым ліку датэрміновае галасаванне, якое пачынаецца не раней чым за 5 дзён да дня выбараў – 19 сакавіка 2006 г. (датэрміновае галасаванне пачынаецца 14 сакавіка 2006 г).

Па агульным правіле галасаванне адбываецца ў дзень галасавання на выбарчым участку з 8.00 да 20.00. На ўчастку маюць права прысутнічаць толькі выбарцы, сябры выбарчай участковай камісіі, наглядальнікі, у тым ліку міжнародныя, давераныя асобы кандыдатаў і іншыя асобы – у парадку, прадугледжаным ЦВК (арт. 13 ВК).

У мэтах забеспячэння таемнасці галасавання законам прадугледжана забеспячэнне выбарчых участкаў кабінамі ці пакоямі для таемнага галасавання. Ускоснае азначэнне панятку “таемнае галасаванне” дае арт. 9 ВК: “кантроль за волевыяўленнем выбарцаў у ходзе галасавання забараняецца”. Такім чынам, гэта норма-забарона, якая адносіцца да другіх асобаў, але для самога выбарца гэта норма-права і па сваім жаданні ён можа адмовіцца ад гэтага права, дазволіўшы, так бы мовіць, кантроль за сваім волевыяўленнем. Таму не будзе парушэннем, калі выбаршчык заходзіць у кабіну для галасавання са сваім сваяком ці сябрам ці галасуе, не заходзячы туды.

Што да мовы бюлетэня, то артыкул 72 ВК патрабуе, каб бюлетэнь друкаваўся на беларускай ці расейскай мове. Між тым, Закон “Аб выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь” ад 1994 г. патрабаваў, каб бюлетэнь друкаваўся толькі на беларускай мове (арт. 29 гэтага Закону).

15. Падлік галасоў (арт. 55 ВК) (у дзень галасавання пасля 20.00) – да 29 сакавіка 2006 г. Лічыцца, што выбары адбыліся, калі ў галасаванні ўзялі ўдзел больш паловы грамадзян, што ўключаны ў спісы для галасавання. Прэзідэнт лічыцца абраным, калі за яго прагаласавала больш за палову грамадзян, што прынялі ўдзел у галасаванні.

ЦВК 27 снежня 2005 г. зацвердзіла Пастанову аб парадку захоўвання дакументаў па выбарах прэзідэнта Беларусі ў 2006 г. Згодна з ім падпісныя лісты для збору подпісаў у падтрымку асоб, што прапануюцца для вылучэння кандыдатамі ў прэзідэнты, а таксама бюлетэні захоўваюцца выканаўчымі камітэтамі (адміністрацыямі) базавага ўзроўню на працягу шасці месяцаў пасля дня галасавання, а потым знішчаюцца[7].

16. Вызначэнне і апублікаванне вынікаў выбараў (арт. 82 Канстытуцыі, арт. 79 ВК). Не пазней чым праз 10 сутак пасля заканчэння галасавання ЦВК вызначае на сваім паседжанні вынікі выбараў, аб чым падпісваецца пратакол. Лічыцца, што выбары адбыліся, калі ў галасаванні прынялі ўдзел больш паловы грамадзян, уключаных у спіс выбарцаў. Прэзідэнт лічыцца абраным, калі за яго прагаласавала больш паловы грамадзян, што ўзялі ўдзел у галасаванні.

Акрамя абавязковых этапаў выбарчы працэс можа мець і факультатыўныя этапы. Імі ёсць:

17. Абскарджанне вынікаў (ч. 6 арт. 79 ВК): гэтае права належыць на працягу 10 дзён пасля падпісання ЦВК пратаколу аб выніках выбараў кандыдатам у прэзідэнты шляхам падачы скаргі ў Вышэйшы суд, рашэнне якога ёсць канчатковае.

18. Паўторны падлік галасоў (арт. 79 ВК). Заканадаўства не мае прамога ўказання на тэрмін, але можна падлічыць, што паўторны падлік галасоў павінен скончыцца не пазней чым праз 10 сутак пасля заканчэння галасавання, бо ў гэты тэрмін Цэнтральная камісія павінна ўстанавіць вынікі выбараў.

19. Другі тур галасавання (арт. 80 ВК) (на працягу 2 тыдняў пасля ўстанаўлення вынікаў выбараў). Выбары ў другім туры адбыліся, калі ў галасаванні прынялі ўдзел больш паловы грамадзян, што ўключаны ў спіс выбарцаў. Абраным лічыцца той кандыдат, які атрымаў у другім туры галасавання больш паловы галасоў выбарцаў, што прынялі ўдзел у галасаванні. Другі тур галасавання меў месца на прэзідэнцкіх выбарах у 1994 годзе.

20. Паўторныя выбары (арт. 81 ВК) – на працягу 3 месяцаў пасля асноўных выбараў.

Выбарчы працэс у Беларусі з праўнага гледзішча ёсць у першую чаргу вынікам праватворчасці дзяржаўных устаноў. Легітымнасць улады забяспечваюць свабодныя і дэмакратычныя выбары, паколькі толькі праз такія выбары выяўляецца воля народу. Правядзенне выбараў, вынікі якіх не аспрэчваюцца ні адным зацікаўленым бокам унутры краіны і прызнаныя міжнароднай супольнасцю, ёсць складнікам дэмакратычнага развіцця краіны і неабходнай умовай уступлення Беларусі ў Раду Еўропы[8].


[1] Нацыянальны рэестр праўных актаў Рэспублікі Беларусь, 2000 г., № 25, 2/145; № 64, 2/181.

[2] Афіцыйны сайт ЦВК http://www.rec.gov.by

[4] Ад 21.02.1995 № 3602-XII (апошняя рэдакцыя 9.07.1999 г.).

[5] Рашэнне Канстытуцыйнага суда ад 15.06.2001 г. N P-120/2001 “Аб праўнай пазіцыі Канстытуцыйнага суда адносна выкарыстанага артыкулам 80 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь панятку “грамадзянін Рэспублікі беларусь, які стала пражывае ў Рэспубліцы Беларусь”.

[6] Арт. 13 Пастановы Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў ад 27.12.2005 № 48. http://www.rec.gov.by

[7] Арт. 13 Пастановы Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў ад 27.12.2005 № 48. http://www.rec.gov.by

[8] Беларусь: сцэнары рэформаў. / Вайнер Р. і інш. Фонд імя С. Батуры. Варшава, 2004.

______________________________

Святлана Лакотка – бакалаўрка права, студэнтка аддзялення «Правазнаўства» юрыдычнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту і аддзялення філасофіі Беларускага Калегіуму. Праходзіць практыку ў Канстытуцыйным Судзе Беларусі.



   
© 2004-2007, Праўнік. Беларускі on-line часопіс юрыстаў і палітолягаў

Усе правы абароненыя. Пры цытаваньні ўрыўкаў матэр'ялаў актыўная спасылка на часопіс praunik.org і аўтара ёсьць абавязковымі!