Сучаснае мiжнароднае права характарызуецца дастаткова вялiкай колькасцю суб’ектаў. Некаторыя з iх з’яўляюцца агульнапрызнанымi, напрыклад, дзяржавы, нацыi і народнасці, якiя змагаюцца за сваю незалежнасць. Мiжнародная правасуб’ектнасць iншых усе яшчэ выклiкае спрэчкі памiж навукоўцамi-мiжнароднiкамi. Паводле артыкулу 3 Венскай Канвенцыi аб праве дамоў памiж дзяржавамi i мiжнароднымi арганiзацыямi цi памiж мiжнароднымi арганiзацыямi 1986 года да суб’ектаў мiжнароднага права адносяцца і мiжнародныя арганiзацыi. Аднак іх мiжнародна-прававы статус даволi неадназначны, то бок толькi мiжнародныя мiжурадавыя арганiзацыi з’яўляюцца паўнапраўнымi ўдзельнiкамi мiжнародных стасункаў.
Тым не менш, менавiта на мiжурадавыя арганiзацыi сучаснае мiжнароднае права ўскладае вялiкiя спадзяваннi, бо яны выконваюць функцыю каардынацыі шматбаковай дыпламатыі і зносін паміж краінамі, аб’ядноўваюць намаганні краін у палітычнай, эканамічнай, вайсковай, навукова-тэхнічнай, валютна-фінансавай, сацыяльнай і іншых галінах.
Адзін з слоўнікаў міжнароднага права6 дае наступнае тлумачэнне тэрміну “міжнародная міжурадавая арганізацыя”: гэта “аб’яднанне дзяржаваў, якое ствараецца на падставе добраахвотнага пагаднення і існуе на заўсёдным падмурку, мае пэўную арганізацыйную структуру, а таксама правы і абавязкі ў адпаведнасці з міжнародным правам”. Упершыню тэрмін “міжнародная міжурадавая арганізація” быў выкарыстаны ў дачыненні да Міжнароднага інстытута ўніфікацыі прыватнага права ў яго Статуце, які быў прыняты 15 сакавіка 1940г.
Мiжнародныя міжурадавыя арганiзацыi – даволі “малады” суб’ект міжнародных стасункаў. Яны “выраслі” з міжнародных канферэнцый і спачатку з’яўляліся толькі іх працягам. Развіцце міжнародных арганізацый пачалося пасля Другой сусветнай вайны і збольшага было абумоўлена неабходнасцю развіцця міжнароднага супрацоўніцтва, сумеснага вырашэння глабальных праблем, навукова-тэхнічнай рэвалюцыяй і іншымі фактарамі грамадска-палітычнага характару. Гэтаму спрыяла і дэмакратызацыя міжнародных зносін, якая ў сваю чаргу была выклікана змяненнем суадносінаў сіл у свеце, крахам капіталізму і іншымі прычынамі.
Сёння хуткі навукова-тэхнічны прагрэс, пашырэнне міжнародных сувязяў, асабліва ў галіне эканомікі і навукі, ствараюць падмурак для стварэння і існавання вялікай колькасці новых і аптымізацыі дзейнасці ўжо існуючых арганізацый.
На гэты момант iснуе больш за 600 мiжнародных мiжурадавых арганiзацый. Сярод іх вылучаюць універсальныя арганізацыі (напрыклад, ААН) і тыя, у якіх бяруць удзел толькі пэўныя групы краін ( Еўразвяз, СНД).
Навука міжнароднага права сцвярджае, што міжнародная правасуб’ектнасць складаецца з трох падставовых частак:
1. міжнародная праваздольнасць (здольнасць суб’екта мець прадугледжаныя міжнародным правам правы),
2. міжнародная дзеяздольнасць (здольнасць суб’екта рэалізоўваць гэтыя правы),
3. міжнародная дэліктаздольнасць (здольнасць суб’екта несці адказнасць за парушэнне міжнародных абавязкаў).
Кожны суб’ект міжнароднага права павінен валодаць гэтымі кампанентамі. Міжнародныя міжурадавыя арганізацыі не з’яўляюцца выключэннем. Сучасная навука вызнае міжнародныя арганізацыі ў якасці самастойнага суб’екта міжнароднага права, аднак толькі ў якасці вытворных суб’ектаў. Гэта звязана с тым, што іх правасуб’ектнасць не грунтуецца на суверэнітэце, у адрозненні ад правасуб’ектнасці дзяржаў. Арганізацыя ствараецца дзяржавамі, такім чынам, яна становіцца суб’ектам міжнароднага права толькі калі дзяржавы-стваральніцы надаюць ёй пэўныя міжнародныя правы і абавязкі. Калі правасуб’ектнасць дзяржаў не абмежаваная ні ў прадмеце прававога рэгулявання, ні аб’ёмам правамоцтваў, то пытанне аб правасуб’ектнасці арганізацыі, аб тым, якія правы і абавязкі ей надаць для самастойнага здзяйснення міжнародных зносін, - вырашаецца дзяржавамі ў залежнасці ад тых палітычных мэтаў і задач, якія стаяць перад такой арганізацыяй.
Зрабiўшы аналiз падставовых міжнародных арганізацый, напрыклад, ААН, МАГАТЭ, ЮНЭСКА, прыходзiм да высновы, што падмурак мiжнароднай правасуб’ектнасцi такіх арганiзацый складаюць наступныя прынцыпы:
- Міжурадавыя арганізацыі ствараюцца дзяржавамi, якiя фiксуюць свой намер ва ўстаноўчым акце-статуце альбо канвенцыi. Лiквiдацыя такой арганiзацыi таксама цалкам залежыць ад волi краін-удзельнiц. Аднак статут можа быць зменены пры згодзе на гэта ўсiх краiн-удзельнiц.
- Папраўкі да ўстаноўчага акта прымаюцца дзвюма трацінамі галасоў органа арганізацыі альбо спецыяльнай канферэнцыяй, дзе прадстаўлены ўсе дзяржавы-удзельніцы. Папраўка ўступае ў сілу толькі пасля ратыфікацыі дзвюма трацінамі ўдзельнікаў арганізацыі. Больш за тое, такія змяненні статута не з’яўляюцца абавязковымі для краін-удзельніц без іх згоды.
- Міжнародныя міжурадавыя арганізаціі iснуюць i дзейнiчаюць у межах статута, якi акрэслiвае iх статус і кампетэнцыю, што надае iх правасуб’ектнасцi, правам i абавязкам функцыянальны характар. Тым не менш, практыка iснавання мiжнародных арганiзацый паказвае, што некаторыя непадставовыя пункты статута могуць быць зменены пры наяўнасцi згоды усiх краiн-удзельнiц.
- У статуце адлюстроўваюцца адміністрацыйныя і бюджэтныя пытанні, усталёўваюцца нормы аб удзельніцтве, таксама акрэсліваюцца правы міжурадавай арганізацыі як юрыдычнай асобы, якія яна мае магчымасць рэалізаваць з улікам нацыянальнага заканадаўства краін-удзельніц?
- Арганізацыі з’яўляюцца заўсёдным аб’яднаннем, што адлюстроўваецца ў iх стабiльнай структуры i сiстэме органаў.
- Усе краіны-удзельніцы арганізацыі маюць права выхаду з яе, незалежна ад таго, ці прысутнічае палажэнне аб гэтым у статуце.
- Міжурадавыя арганізацыі заснаваны на прынцыпе суверэннай роўнасцi краiн-удзельнiц, пры гэтым краіны падпарадкоўваюцца пэўным правiлам, якiя характарызуюць удзел краiн у дзейнасцi органаў арганiзацый i iх прадстаўнiцтва пры арганiзацыях.
- Дзяржавы звязаныя рэзалюцыямi органаў арганiзацый, калі рэзалюцыі прынятыя ў межах кампетэнцыi адпаведных органаў, з улікам юрыдычнай сiлы гэтых рэзалюцый.
- Мiжнародным арганiзацыям належаць прывiлеi i iмунiтэты, якiя забяспечваюць іх дзейнасць як у месцы знаходжання штаб-кватэры, так i ў iншых дзяржавах падчас выканання арганізацыяй сваіх функцый. Імунітэты падзяляюцца на імунітэты самой арганізацыі і імунітэты яе службовых асобаў. Прывілеі і імунітэты міжнародных арганізацый акрэслены не толькі ў статутах арганізацый, але і ў шэрагу спецыяльных пагадненняў; іх існаванне з’яўляецца адной з найбольш значных рысаў правасуб’ектнасці міжурадавых арганізацый.
- У межах свайго статута мiжнародныя арганiзацыі маюць права браць удзел у нарматворчай дзейнасцi. Аднак на практыцы статут арганізацыі ўсталёўвае не толькі межы гэтай дзейнасці, але і яе характар. Так, найбольш шырокімі паўнамоцтвамі ў гэтай галіне валодаюць галоўныя органы ААН - Генеральная Асамблея і Рада Бяспекі. Яны маюць права прымаць пастановы, якія ўтрымліваюць нормы міжнароднага права. Для вырашэння пытання наконт таго, з’ўляецца пэўная пастанова Генеральнай Асамблеі альбо Рады Бяспекі ААН нормаўстаноўчай ці не, улічваюцца наступныя ўмовы:
1. Пастанова павінна ствараць нормы права (гэта значыць рэгуляваць зносіны паміж суб’ектамі права, мець агульны характар, з’ўляцца абавязковай для выканання).
2. Павінна быць прынята ў межах устаноўчага акта -- Статута арганізацыі (маецца на ўвазе наяўнасць у кожнага з органаў пэўных паўнамоцтваў і размежаванне кампетэнцыі паміж двума вышэйназванымі органамі).
Усе падставовыя пастановы міжнародных арганізацый маюць рэкамендацыйны характар, незалежна ад таго, пазначана гэта ў Статуце ці не.
- У межах свайго статута мiжнародныя арганiзацыі маюць права ўступаць у зносiны з дзяржавамі праз прадстаўнiцтва, iнстытуты мiжнароднага кантролю, прад’яўленне прэтэнзiй да iншых суб’ектаў мiжнароднага права і выкарыстанне санкцый з мэтай забеспячэння выканання нормаў.
- Міжнародныя міжурадавыя арганізацыі могуць несці міжнародную адказнасць. Такая адказнасць можа быць як самастойнай адказнасцю арганізацыі, так і салідарнай (т.б. падзеленай паміж дзяржавамі), аднак выкарыстоўваць салідарную адказнасць можна толькі ў тых выпадках, калі памер стратаў большы, чым магчымасці міжнароднай арганізацыі. Адказнасць можа наступаць і ў выпадку злоўжывання прывілеямі і імунітэтамі. Палітычная адказнасць мае месца у выпадку парушэння аганізацыямі сваіх функцый, невыканання пагадненняў з іншымі дзяржавамі і арганізацыямі.
Усе міжнародна-прававыя санкцыі, якія могуць ужываць міжнародныя арганізацыі, можна паддзяліць на дзве группы:
1. Санкцыі, выкарыстоўваць якія маюць права ўсе міждзяржаўныя арганізацыі (выключэнне з арганізацыі, скасаванне правоў і прывелеяў краін-удзельніц, скасаванне права на прадстаўніцтва, права на атрыманне дапамогі і абслугоўвання).
2. Санкцыі, паўнамоцтвы на выкарыстанне якіх маюць толькі пэўныя арганізацыі (яны залежаць ад мэтаў арганізацыі, ад функцый, якія на яе ўскладзены, - напрыклад, Рада Бяспекі ААН у пэўных выпадках мае права на выкарыстанне узброеных сілаў (арт. 41-42 Статута ААН)
Навука міжнароднага права ведае выпадкі здзяйснення правапераемства міжнародных арганізацый, пры якім дзеля падтрымання няспыннасці функцый перадаюцца некаторыя правамоцтвы ад арганізацыі, якая болей не існуе, да толькі ўтворанай арганізацыі. Напрыклад, ААН была пераемніцай правоў і абавязкаў Лігі Нацый па некаторых міжнародных дамовах.
На бягучы момант няма ніякіх стрэчак наконт таго, ці з’яўляецца міжнародныя міжурадавыя арганізацыі паўнапраўным суб’ектам міжнародных стасункаў і права. Дзейнасць гэтых арганізацый, пачатак якой быў пакладзены ў мінулым стагоддзі і працягваецца зараз, стварае спрыяльныя ўмовы для ўсебаковай інтэграцыі краін сусвету вакол найбольш значных і патрабуючых не толькі неадкладнага, але і еднаснага вырашэння пытанняў - пытанняў агульнай бяспекі, адзінай энергетычнай інфраструктуры, рэгулявання міграцыйных хваляў, стратэгічнага эканамічнага супрацоўніцтва, пытанняў экалогіі і барацьбы з міжнародным крыміналам. Як вядома, колькасць міжнародных арганізацый паступова павялічваецца, разам з гэтым да дзейнасці ўжо існуючых арганізацый далучаюцца новыя краіны сусвету, а ў непасрэднай дзейнасці міжурадавых арганізацый назіраецца тэндэнцыя выхаду за рамы статутаў і ажыццяўлення функцый, якія раней належылі толькі дзяржавам. Калі гэтая тэндэнцыя захаваецца, з цягам часу можна будзе казаць аб пераўтварэнні міжнародных міжурадавых арганізацый ў сапраўдныя наднацыянальныя органы кіравання, якія фактычна заменяць лакальныя ўрады. Працэс паступовай уніфікацыі міжнароднага права і адначасовая глыбокая каардынацыя нацыянальнага заканадаўства з нормамі міжнароднага права прывядзе да стварэння агульнай прававой сістэмы. Сёння гэта падаецца фантастычным, а заўтра? Ці здольныя міжнародныя арганізацыі разбурыць нацыянальныя межы, і, як вынік, стварыць падмурак асіміляцыі краін-удзельніц гэтых арганізацый у адзіную метадзяржаву? Нехта кажа, што пачатковыя крокі дадзенага працэсу ўжо назіраюцца на прыкладзе Эўразвязу. Пажывем – пабачым.
Спіс выкарыстанай літаратуры:
1. New horizons in international law, 2nd rev. ed. / by T.O. Elias. Dordrecht, Netherlands : Nijhoff, 1992. 395 p.
2. Rochester J. M. The rise and fall of international organizations as a field of study // Internаtional organizations.1986. №4
3. Seyersted F. The legal nature of international organizations. N.Y., 1982.
4. Венская Канвенцыя аб праве дамоў памiж дзяржавамi i мiжнароднымi арганiзацыямi цi памiж мiжнароднымi арганiзацыямi 1986 года - http://www.proobraz.ru/prawo/int-law/860321.htm
5. Международные организации системы ООН. / Отв. ред. В. Ф. Петровский. - М.: Международные отношения, 1990. – 192 с.
6. Словарь международного права. - М.: Международные отношения.1982. - 486с.
Рагажынская Аляксандра (нарадзілася ў 1983 годзе ў Менску) – навучаецца на ІІІ курсе аддзяленьня міжнароднага права факультэта міжнародных стасункаў БДУ. Галіна навуковых зацікаўленасьцяў – міжнароднае публічнае права, юрыдычныя аспэкты дзейнасьці міжнародных арганізацыяў, прававыя сыстэмы гішпанамоўных краінаў.
